Аўторак, 22 Жнівень 2017 16:25

25 снежня 2017 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Таццяны Піліпаўны Заранок (1917–2007), драматычнай актрысы, народнай артысткі БССР (1967)

Таццяна Піліпаўна Заранок нарадзілася 25 снежня 1917 года на ст. Васілевічы Рэчыцкага павета Мінскай губерні (цяпер горад Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці) у сям’і чыгуначніка. З 1930 года вучылася на драматычных курсах у Мінску, дзе выкладчыкам быў Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч, які раскрыў талент юнай артысткі. Пасля заканчэння курсаў у 1931 годзе была накіравана ў Віцебск у Беларускі другі дзяржаўны тэатр, дзе працавала і вучылася. У 1933 годзе скончыла студыю БДТ-2, педагогамі былі М. А. Міцкевіч, А. К. Ільінскі.

 

У час Вялікай Айчыннай вайны разам з БДТ-2 Т. П. Заранок знаходзілася ў эвакуацыі ў г. Уральску Казахскай ССР, затым у г. Арэхава-Зуева Маскоўскай вобласці. У кастрычніку 1944 года тэатр вярнуўся ў Віцебск, у снежні таго ж года атрымаў назву «Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр імя Якуба Коласа». Таццяна Заранок удзельнічала ў тылавых работах, выступала з франтавымі брыгадамі. У 1951–1974 гадах працавала ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры імя ЛКСМБ.

Выканаўца вострахарактарных і камедыйных лірыка-драматычных роляў. Высокае прафесійнае майстэрства ў спалучэнні з арганічным адчуваннем псіхалагічнай праўды паводзін персанажа, разуменне жанравых і стылявых асаблівасцей драматургічных твораў, эмацыянальная напоўненасць унутранага жыцця створаных вобразаў характарызуюць Т. П. Заранок як самабытную актрысу. Вобразы ў класічным і сучасным рэпертуары вылучаліся грамадзянскай сталасцю артысткі.

Найбольш значныя ролі Таццяны Піліпаўны ў беларускім рэпертуары: Таццяна («Над Бярозай-ракой» П. Глебкі), Паўліна («Пяюць жаваранкі» К. Крапівы), Люба («Алазанская даліна» К. Губарэвіча і І. Дорскага), Зінка («Заложнікі» А. Кучара), Даша («Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А. Макаёнка). Сярод лепшых роляў: Надзея Канстанцінаўна Крупская («Фінал» П. Строгава, «Дзень цішыні» М. Шатрова, «Брэсцкі мір» К. Губарэвіча). З роляў класічнага і савецкага рэпертуару: Вольга («Тры сястры» А. Чэхава), Наташа, Глафіра («На дне», «Ягор Булычоў і іншыя» М. Горкага), Фаншэта («Жаніцьба Фігара» П. Бамаршэ), Марціна («Лекар паняволі» Ж. Мальера), Фані («Хаціна дзядзькі Тома» паводле Г. Бічэр-Стоу), Дунька («Любоў Яравая» К. Транёва) і інш.

У 1955 годзе Т. П. Заранок атрымала званне заслужанай артысткі БССР, у 1967 годзе ўдастоена звання народнай артысткі БССР. Узнагароджана Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1955, 1967), медалямi «За доблестный и самоотверженный труд в годы Великой Отечественной войны» (1945), «За доблестный труд» (1970), памятнымі медалямі ў гонар юбілеяў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Муж, Леанід Паўлавіч Валчэцкі (1913–1991), артыст, тэатральны дзеяч, заслужаны дзеяч культуры БССР (1963). Працаваў у Беларускім драматычным тэатры імя Якуба Коласа. У 1951–1974 гадах быў дырэктарам Брэсцкага абласнога драмтэатра імя ЛКСМБ, аўтар кнігі «Годы, спектакли, роли...» (1974). Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны». Іх дачка, Тамара Леанідаўна Валчэцкая, таксама стала актрысай, працавала ў Брэсцкім тэатры.

Т. П. Заранок памерла 18 лістапада 2007 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Заренок Татьяна Филипповна // Регионы Беларуси : в 7 т. Минск, 2012. Т. 3, кн. 1. С. 278.

  2. Заранок Таццяна Піліпаўна / Б. І. Бур’ян // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2002. Т. 1. С. 424–425.

  3. Заранок Таццяна Піліпаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1998. Т. 6. С. 537–538.

  4. Заранок Таццяна Піліпаўна : [карот. інфарм.] // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 621.

  5. Заранок Таццяна Піліпаўна / Б. І. Бур’ян // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 488–489.

  6. Заренок Татьяна Филипповна // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 237.

  7. Заранок Таццяна Піліпаўна / Т. Д. Арлова // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 500.

  8. Стэльмах, У. Таццяна Заранок / У. Стэльмах // Майстры беларускай сцэны : [зб. нарысаў]. Мiнск, 1978. Кн. 3. С. 86–90.

  9. Валчэцкі Леанід Паўлавіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2002. Т. 1. С. 200.

  10. Валчэцкі Леанід Паўлавіч // Энцыклапедыя лiтаратуры i мастацтва Беларусi : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 567.

  11. Перепелица, К.И. Галера святых и грешных... : воспоминания : [актёр Брестского областного театра драмы и музыки о коллегах и театре] / Константин Иванович Перепелица. – Брест : Изд-во С.Лаврова, 2002. – 321 с. – Из содерж.: Заренок Т. С. 244–247.

  12. Волчецкий, Л. П. Годы, спектакли, роли... : очерк о творческой деятельности Брестского областного драматического театра им. Ленинского комсомола Белоруссии / Леонид ПавловичВолчецкий. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1974. – 159 с., [6] л. фот. – Из содерж.: Т. Заренок. С. 72, 90, 91, 99, 100, 101, 116, 120, 124, 132, 136, 137.

  13. Шилова, Е. Её призвание — театр : [к 50-летию народной артистки БССР Т. Ф. Заренок] / Е. Шилова // Заря. 1967. 22 декабря.

  14. Маўзон, А. З трапяткім запалам : да 50-годдзя народнай артысткі БССР Т. Ф. Заранок / Аркадзь Маўзон // ЛіМ. 1967. 12 снежня.

Чытаць 2469 разоў Апошняя змена Чацвер, 08 Кастрычнік 2020 16:36