Панядзелак, 18 Верасень 2017 10:17

24 лютага 2017 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Івана Маркавіча Хвораста (1902–1983), беларускага танцоўшчыка, балетмайстра, збіральніка беларускага харэаграфічнага фальклору

Іван Маркавіч Хвораст нарадзіўся 24 лютага 1902 года ў вёсцы Кацёлкі Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці). Яго маці, Захвея Васілеўна Хвораст (1875–1944), была вядомай на ўсё наваколле спявачкай, глыбокім знаўцам народнай песні. Стрыечны брат, Рыгор Раманавіч Шырма (1892–1978), запісаў ад яе шмат беларускіх народных песень, якія потым увайшлі ў рэпертуар Дзяржаўнага ансамбля песні і танца БССР пад яго кіраўніцтвам.

 

Сваю адукацыю Янка Хвораст набываў спачатку ў польскай гімназіі. У 1926 годзе паступіў у Віленскую беларускую гімназію, якая давала грунтоўныя веды, дапамагала моладзі ў вызначэнні далейшага жыццёвага шляху. Акрамя вучэбных заняткаў Янка Хвораст з цікавасцю наведваў гімназійныя гурткі, удзельнічаў у тэатральных пастаноўках, спяваў у хоры, якім кіраваў Р. Р. Шырма, але юнака ўсё больш вабіла мастацтва танца. Захапленне танцамі, жаданне зразумець азы харэаграфіі, вывучыць яе законы прывяло ў прыватную балетную школу, дзе ён займаўся ўвесь вольны ад вучобы час. З 1928 года быў салістам танцавальнай групы хору Славянскай песні Віленскай беларускай гімназіі.

Па заканчэнні гімназіі І. М. Хвораст у 1929 годзе паступіў на філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Ва ўніверсітэце, як і ў гімназіі, арганізаваў і кіраваў студэнцкім танцавальным гуртком. У 1935 годзе, атрымаўшы дыплом магістра філасофіі, на працягу амаль трох гадоў ніяк не мог уладкавацца на працу. Толькі ў 1938 годзе пашчасціла атрымаць месца настаўніка польскай і лацінскай моў, а таксама настаўніка псіхалогіі і логікі ў Вілейскай гімназіі.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР па даручэнні беларускага ўрада Р. Р. Шырма ў Беластоку стварыў Беларускі ансамбль песні і танца. Арганізацыя танцавальнай групы ансамбля была даручана І. М. Хворасту, які адначасова стаў яе салістам і балетмайстрам. У Вялікую Айчынную вайну І. М. Хвораст быў удзельнікам франтавых канцэртных брыгад. У канцы 1943 года ансамбль вярнуўся ў Беларусь, у вызваленую ад ворага Навабеліцу. Іван Маркавіч у складзе ансамбля і як саліст выступаў на заводах і фабрыках, у ваенных шпіталях, на перадавой і ў партызанскіх атрадах.

Балетмайстар І. М. Хвораст сістэматычна пашыраў рэпертуар ансамбля, прыдумваючы ўсё новыя і новыя пастаноўкі танцаў, з энтузіязмам займаўся падборам новых маладых кадраў, адточваў сваю ўласную танцавальную тэхніку і клапаціўся пра прафесіянальны ўзровень сваіх калег. У выніку 10-гадовай працы ў гэтым калектыве Іван Маркавіч распрацаваў і паставіў звыш 60 танцаў, танцавальных кампазіцый, мініяцюр. У 1951 годзе танцавальная група ансамбля спыніла сваё існаванне.

У 1953 годзе І. М. Хвораста запрасілі ў якасці саліста балета ў Беларускую дзяржаўную філармонію, дзе да 1960 года ён уваходзіў у склад балетнай групы эстраднага ансамбля.

Па заканчэнні сцэнічнай кар’еры І. М. Хвораст больш увагі змог удзяліць педагагічнай і шэфскай дзейнасці. Некаторы час працаваў выкладчыкам у Мінскім харэаграфічным вучылішчы, кансультантам Рэспубліканскага Дома народнай творчасці, аказваў значную дапамогу самадзейным калектывам: народнаму ансамблю песні і танца імя Агінскага (Смаргонь), народнаму ансамблю песні і танца «Свіцязь» (Навагрудак), «Маладосць» (Ваўкавыск), «Лянок» (Дзятлава), «Лідчанка» (Ліда) і інш. За значны ўклад у развіццё беларускага танцавальнага мастацтва быў узнагароджаны медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, а ў 1977 годзе яму было прысвоена званне заслужанага работніка культуры Беларускай ССР.

І. М. Хвораст быў нястомным збіральнікам беларускага танцавальнага фальклору. Ён запісаў і паставіў дзясяткі народных танцаў, якія часткова ўвайшлі ў зборнікі «Беларускія танцы» (1974, 1977), «Танцы Янкі Хвораста» (1991). Стварыў шэраг сцэнічных варыянтаў многіх традыцыйных беларускіх танцаў: «Таўкачыкі», «Мікіта», «Падушачка», «Козачка», карагодаў: «Пойдзем, пойдзем лугам», «Дзявочы», «Лірычны», «Вішанька» і інш.

І. М. Хвораст пайшоў з жыцця 1 ліпеня 1983 года. Асабісты архіў майстра захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі пад № 27 і складаецца з 357 аддзінак захавання.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна,

гал. бібліёграф

 

  1. Хвораст Іван Маркавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 17. С. 5.

  2. Хворост Иван Маркович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 441.

  3. Иван Маркович Хворост // Республика Беларусь: энциклопедия : в 7 т.Минск, 2008. Т. 7. С. 409410.

  4. Хвораст Захвея Васілеўна / В. Д. Ліцьвінка. Хвораст Іван Маркавіч / М. А. Козенка // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2006. Т. 2. С. 691–692.

  5. Хвораст Іван Маркавіч / В. М. Яшчанка // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 444.

  6. Іван Маркавіч Хвораст // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 419.

  7. Калеснік, У. Песні Захвеі : [Захвея Васілеўна Хвораст] / У. Калеснік, Л. Мухарынская // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 408.

  8. Хворост, И. М. Белорусские танцы / Иван Маркович Хворост. Минск : Беларусь, 1977. – 150 с. : ил., ноты.

  9. Хворост, И. М. Белорусские танцы / Иван Маркович Хворост. Минск : Беларусь, 1974. 96 с. : ил., ноты.

  10. Хвораст Іван Маркавіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння : грамадска-літаратурны даведнік / Іван Здановіч. Пружаны, 2003. С. 131–132.

  11. Ліцьвінка, В. Д. Хвораст Захвея : [фалькларыст, збіральніца народных песень, маці І. М. Хвораста, цётка Р. Р. Шырмы] // Крыніца народнай мудрасці : з літаратурнай спадчыны / Васіль Ліцьвінка. Мінск, 2012. С. 348–350.

  12. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР імя Р. Р. Шырмы / Г. І. Цітовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 310–311.

  13. Ліс, М. Дзесяць тузінаў танцаў і вобразаў з фонду, створанага Хворастам / Марына Ліс, Таццяна Жук // Культура. 2012. 10 сакавіка (№ 10). С. 14.

  14. Ліс, М. Жыццё ў танцы / Марына Ліс, Таццяна Жук // ЛіМ. 2012. 9 сакавіка (№ 10). С. 22.

  15. Котаў, М. Адзін з першых : [творчы шлях танцоўшчыка, балетмайстра, збіральніка беларускага харэаграфічнага фальклору І. М. Хвораста] / Мікола Котаў // Голас Радзімы. 2002. 8–15 мая (№ 19/20). С. 8.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2178 разоў Апошняя змена Пятніца, 30 Кастрычнік 2020 15:45