Панядзелак, 13 Лістапад 2017 11:04

26 верасня 2017 г. — 160 гадоў з дня нараджэння Платона Мікалаевіча Жуковіча (1857–1919), гісторыка, прафесара, члена-карэспандэнта Расійскай акадэміі навукм

Платон Мікалаевіч Жуковіч нарадзіўся 26 верасня (8 кастрычніка) 1857 года ў горадзе Пружанах Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкай вобласці) у шматдзетнай сям’і першага настаяцеля Свята-Аляксандра-Неўскага сабора Мікалая Жуковіча (1827–1906).Уплыў бацькі-святара быў вызначальным у лёсе яго дзяцей, асабліва Платона і Барыса.

 

Дзіцячыя гады Платон Жуковіч правёў на радзіме ў Пружанах. Пачатковую адукацыю атрымаў дома і ў мясцовай царкоўнапрыходскай школе. У 1867 годзе паступіў у Кобрынскае духоўнае вучылішча, якое закончыў у 1871. Потым была Віленская духоўная семінарыя — адна з вядучых устаноў краю, дзе давалі яшчэ і добрую свецкую адукацыю. Па заканчэнні семінарыі (1877) за «весьма хорошие успехи и благонравие» па семінарскай традыцыі быў узнагароджаны кнігамі.

Адразу паступіў на царкоўна-гістарычны факультэт Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Вялікі ўплыў на будучага вучонага аказалі яго настаўнікі, асабліва прафесар М. Каяловіч, які паходзіў з Беларусі і быў адным са стваральнікаў ідэалогіі «заходнерусізму». На трэцім курсе Платон Жуковіч абраў тэму для даследавання «Кардинал Гозий и польская церковь его времени», яна перарасла ў дысертацыю, якую абараніў у 1881 годзе і атрымаў ступень кандыдата багаслоўя.

Пасля заканчэння акадэміі П. М. Жуковіч выкладаў арыфметыку і геаграфію ў Полацкім духоўным вучылішчы. Так у яго жыцці пачаўся «беларускі перыяд». Настаўніцтва сумяшчаў з навуковай дзейнасцю. У1883 годзе атрымаў навуковую ступень магістра багаслоўя і запрашэнне на працу ў Кіеўскую духоўную акадэмію. Аднак вярнуўся ў Полацк, адкуль быў пераведзены на пасаду наглядчыка мужчынскага Віленскага духоўнага вучылішча, а ў 1884 г. пачаў выкладаць у Літоўскай духоўнай семінарыі.

Праца ў Вільні дала новы штуршок для навуковых пошукаў. П. М. Жуковіч заняўся вывучэннем гісторыі Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі, яе ўплыву на жыццё Беларусі. Яго даследаванні ў гэтай галіне і сёння застаюцца асноўнай крыніцай для вывучэння сістэмы духоўнай каталіцкай адукацыі ў Расійскай імперыі XIX ст. Пяру П. М. Жуковіча належаць і першыя працы па гісторыі ўніяцкай адукацыі ў Беларусі. Павага да вучонага была настолькі высокай, што 42-гі нумар «Литовских епархиальных ведомостей» за 1891 год поўнасцю прысвяцілі П. М. Жуковічу — адзіны выпадак у гісторыі Віленскай семінарыі і самога выдання.

З 1891 г. пачынаецца «пецярбургскі перыяд» жыцця і навуковай дзейнасці выхадца з Пружан. Пасля смерці загадчыка кафедры рускай грамадзянскай гісторыі Пецярбургскай духоўнай акадэміі М. Каяловіча яго пасаду прапанавалі Платону Жуковічу. Асноўным кірункам яго даследаванняў былі рэлігійныя адносіны ў Рэчы Паспалітай, палітыка Расійскай імперыі ў Беларусі. Як і большасць вучоных-гуманітарыяў таго часу, ён стаяў на пазіцыях афіцыйнай расійскай гістарыяграфіі і ідэалогіі «заходнерусізму».

У 1894 годзе П. М. Жуковіч атрымаў званне экстраардынарнага прафесара. У 1901 годзе ён абараніў доктарскую дысертацыю «Сеймовая борьба православного западно-русского дворянства с церковной унией до 1609 года», атрымаў доктарскую ступень і званне ардынарнага прафесара. У 1910 годзе выйшаў за штат, а ў 1912 абраны ганаровым членам Духоўнай акадэміі. З’яўляўся членам Рускага гістарычнага таварыства з 1914 года. Акрамя таго, з’яўляўся ганаровым членам Імператарскага Археалагічнага інстытута ў Санкт-Пецярбургу і Палтаўскай царкоўнай гісторыка-археалагічнай камісіі, пажыццёвым членам Уладзімірскай губернскай вучонай архіўнай камісіі.

Разам з асвятленнем царкоўнай гісторыі ў сферу інтарэсаў навукоўца ўваходзілі іншыя тэмы. Цікавіўся гісторыяй інвентарнага пытання, сялянскай рэформай 1861 года, адміністрацыйным кіраўніцтвам, судова-прававымі адносінамі, становішчам розных саслоўяў. У выніку з’явіліся працы: «О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России», «Смутное время и воцарение Романовых» (1913), «Управление и суд в Западной России в царствование Екатерины II» (1914), «Сословный состав населения Западной России в царствование Екатерины II» (1915), «Западная Россия в царствование императора Павла I» (1916) і інш.

Даследчык супрацоўнічаў з рознымі перыядычнымі выданнямі, друкаваўся ў «Литовских епархиальных ведомостях», «Виленском вестнике», «Христианских чтениях», «Историческом вестнике», «Записках Академии Наук по историко-филологическому отделению», «Журнале министерства народного просвещения». Перапісваўся з многімі дзеячамі, у тым ліку з рускім мовазнаўцам A. Шахматавым. Браў удзел у рэфармаванні Рускай праваслаўнай царквы, падрыхтоўцы і правядзенні Усерасійскага царкоўнага сабору 1917 года.

Рэвалюцыйныя падзеі 1917 года карэнным чынам змянілі жыццё П. М. Жуковіча. Ён выйшаў у адстаўку, а ў 1919 годзе ўладкаваўся на працу ў Дзяржаўную публічную бібліятэку. У гэты час адбыліся некаторыя змены ў яго поглядах. П. М. Жуковіч вітаў самавызначэнне беларусаў, рабіў крокі па навуковым абгрунтаванні іх дзяржаўнасці. У кастрычніку 1918 года ён разам з Я. Карскім увайшоў у склад кіраўніцтва Беларускага вольна-эканамічнага таварыства, арганізаванага ў Петраградзе пры садзейнічанні беларускіх секцый РКП(б). Таварыстваставіла сваёй мэтай працу па ўсебаковым развіцці роднага краю. Па яго даручэнні вучоны склаў падрабязную бібліяграфію гісторыі Беларусі, удзельнічаў у стварэнні ўніверсітэта ў Мінску.

Па прапанове акадэміка I. Пальмава 30 лістапада 1918 года быў абраны членам-карэспандэнтам Расійскай акадэміі навук. Дзейнасіць П. М. Жуковіча была важным крокам у вывучэнні канфесіянальнай і грамадзянскай гісторыі Беларусі і Расіі, станаўленні беларускага славяназнаўства. Аднак далейшым яго планам не наканавана было ажыццявіцца. Платон Мікалаевіч памёр 30 лістапада 1919 года ў Петраградзе.

Навуковая спадчына П. М. Жуковіча захоўваецца ў архіве Расійскай акадэміі навук (Санкт-Пецярбургскае аддзяленне), частка яго прыватнага кнігазбору — у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (была набыта Дзяржаўнай бібліятэкай БССР у 1921 г.).

Малодшы брат Барыс Жуковіч (27 ліпеня 1874 г. – пасля 1934 г.) таксама закончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію, выбраў шлях гісторыка-даследчыка, яго працы сёння знаходзяцца ў Дзяржаўным гістарычным архіве ў Пецярбургу. Але сталінскія рэпрэсіі не мінулі Б. М. Жуковіча. 22 снежня 1933 года яго арыштавалі па справе «еўлогіеўцаў», 25 лютага 1934 асудзілі да зняволення ў лагеры. Такі ж лёс напаткаў дачку Платона Мікалаевіча, Таццяну Жуковіч (нарадзілася ў 1891 г. у Вільні). Яна была арыштавана ў Ленінградзе ў канцы 1933 года, а ў лютым 1934 прыгаворана да зняволення.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, гал. бібліёграф

 

  1. Жуковіч Платон Мікалаевіч / В. В. Грыгор’ева // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 447.

  2. Жуковіч Платон Мікалаевіч / Валянціна Грыгор’ева // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 374.

  3. Жукович Платон Николаевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 382.

  4. Жуковіч Платон Мікалаевіч (26.09.1857–30.11.1919)// Асветнікі зямлі беларускай, X – пач. XX ст. : энцыкл. даведнік. Мінск, 2006. C. 166.

  5. Жуковіч Платон Мікалаевіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1995. С. 429–430.

  6. Жукович Платон// Словник Берестейщини / В. Леонюк. Львів, 1996. С. 131.

  7. Жуковіч Платон Мікалаевіч / М. І. Камінскі // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 423–424.

  8. Нiкалаеў, М. В. Беларускі Пецярбург / Мікола Нікалаеў. – Санкт-Пецярбург : Агентство «ВиТ-принт», 2009. – 535 с. : iл. – Са зместу: Платон Мікалаевіч Жуковіч. С. 48.

  9. Теплова, В. А. Платон Николаевич Жукович (1858–1919): неисследованная страница белорусской историографии / В. А. Теплова // Научные труды Республиканского института высшей школы. Исторические и психолого-педагогические науки : сборник научных статей : в 2 ч. Минск : РИВШ, 2010. Ч. 1. С.198–206.

  10. Теплова, В. А. Платон Николаевич Жукович (1857–1919 гг.): забытое имя / В. А. Теплова // Материалы 1-ой Международной ежегодной летней школы молодых ученых «Русский язык: горизонты сотрудничества» : сборник научных трудов. Архангельск : Фонд Русский мир, 2011. С. 103–132.

  11. Жукович, П. Н. О неизданных сочинениях Иосафата Кунцевича / П. Н. Жукович. Санкт-Петербург : Типография Императорской Академии наук, 1910. 33 с.

  12. Жукович, П. Н.Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией [Микроформа] / проф. П. Жукович. Минск : Госбиблиотека БССР, 1984.

  13. Жукович, П. Н.Брестский собор 1591 года [Микроформа] : (по новооткрытой грамоте, содержащей деяния его) / П. Н. Жукович. Минск : Госбиблиотека БССР, 1976. 1 микрофильм рулонный.

  14. Жукович, П. Н.Протестация митрополита Иова Борецкого и других западнорусских иерархов, [составленная 28 апреля 1621 года] / П. Н. Жукович. Санкт-Петербург : Типография Императорской Академии наук, 1909. [2], 19 с.

  15. Жукович, П. Н.  Смутное время и воцарение Романовых / проф. П. Жукович. Москва : Типография Т-ва И. Д. Сытина, 1913. 111 с.

  16. Жукович, П. Н.Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией / проф. П. Жукович. – Санкт-Петербург : Типография Главного управления уделов, 1901–1912.

  17. Сядова, І. Там, дзе няма ні болю, ні смутку, ні плачу... Сапраўдны хрысціянін, сапраўдны пастыр : мітрафорны протаіерэй Мікалай Жуковіч (10.01.1827–29.07.1906) / Ірына Сядова // Раённыя будні. Пружаны, 2015. 17 кастрычніка. С. 15.

  18. Пракаповіч, Н. Ён марыў пра дзяржаўнасць… : [Платон Мікалаевіч Жуковіч] / Наталля Пракаповіч // ЛіМ. 2013. 16 жнiўня (№ 32). С. 15.

  19. Пракаповіч, Н. Царкоўны гісторык з Пружаншчыны : [пра Платона Мікалаевіча Жуковіча і яго брата Барыса] / Наталля Пракаповіч // Брестские епархиальные ведомости. 2012. № 4. С. 59–61.

  20. Пракаповіч, Н. На ніве духоўнасці : 155-годдзе з дня нараджэння вучонага-гісторыка, архівіста, педагога, царкоўнага і грамадскага дзеяча Платона Мікалаевіча Жуковіча / Наталля Пракаповіч // Раённыя будні. Пружаны, 2012. 3 кастрычніка. С. 5.

  21. Цяплова, В. Платон Мікалаевіч Жуковіч / В. Цяплова // Царкоўнае слова. 2007. № 38. C. 10–11.

  22. Арсяновіч, А. Царкоўны гісторык і грамадскі дзеяч Платон Жуковіч / А. Арсяновіч // Раённыя будні. Пружаны, 2007. 10 кастрычніка. С. 6.

  23. Теплова, В. Платон Николаевич Жукович (1857–1919 гг.) : к 150-летию со дня рождения / В. Теплова // Брестские епархиальные ведомости. 2007. № 4. С. 44–45.

  24. Носко, М. Протоиерей Николай Жукович : [к 180-летию со дня рождения; родился в Дивине Кобринского уезда, служил в Пружанах] / М. Носко // Брестские епархиальные ведомости. 2007. № 2. С. 50–52.

  25. Головин, К. В. Дело «евлогиевцев» / К. В. Головин // Санкт-Петербургские епархиальные ведомости. 2001. Вып. 24. С. 136–146.

  26. Жыў Жуковіч Платон… // ЛіМ. 1997. 17 кастрычнiка (№ 42). С. 12.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 261 разоў