Аўторак, 07 Жнівень 2012 11:50

8 жніўня 2012 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Змітра Віталіна (Дзмітрыя Рыгоравіча Сергіевіча); 1912, Іванаўскі р-н – 2004), паэта, празаіка, журналіста

Змiтро Віталін (Дзмітрый Рыгоравіч Сергiевiч) нарадзіўся 8 жніўня 1912 года ў вёсцы Сухое Бродніцкай воласці Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласцi).

{gcontent}Бацька, Рыгор Паўлавіч, працаваў на чыгунцы. Маці, Ульяна Васільеўна, – дачка сельскага старасты Васіля Шурхая. У 1915 годзе, калі пачалося нямецкае наступленне, сям’я эвакуіравалася ўглыб Рассіі. Спачатку жылі ў Бранску, потым пераехалі ў Мелекес, у Заволжа. У 1919 годзе вярнуліся на радзіму, спыніліся на станцыi Калінкавічы.

У 1920 годзе Дзмiтрый Сергiевiч паступіў у першы клас вышэйшага пачатковага вучылішча. У 1929 годзе скончыў 8 класаў і паехаў у Мінск, працаваў на будоўлі. Затым паступіў на 5-месячныя курсы радыёманцёраў і пачаў працаваць у радыёмайстэрні Белрадыёцэнтра. А праз нейкі час перайшоў на працу ў рэдакцыю радыёвяшчання ў якасці літсупрацоўніка. Да таго часу адносяцца і публікацыі вершаў у “Чырвонай змене”. Працаваў у крычаўскай раённай газеце ў якасці адказнага сакратара. Вяртаецца ў Мінск і паступае на творчае аддзяленне Мінскага педагагiчнага інстытута. Адначасова працаваў у часопісе “Шляхі калектывізацыі”. Пісаў вершы і шырока друкаваўся ў рэспубліканскіх выданнях, здольны і ўжо досыць вядомы ў той час малады беларускі паэт.

Дэбютаваў вершамі на беларускай мове ў 1930 годзе пад псеўданiмам Змітро Віталін. Аўтар зборніка вершаў “Будзем жыць!” (1932). Змiтро Вiталiн услаўляў поспехi сацыялiстычнага будаўнiцтва, яго лiрыка была прасякнута матывамi захаплення жыццём, рамантыкай юнацтва.

У 1933 годзе быў арыштаваны і праз чатыры месяцы асуджаны на два гады папраўчых лагераў, якiя адбыў у Томску. Рэабiлiтаваны 24 жнiўня 1956 года. У 1935 годзе вярнуўся ў г. Калінкавічы Гомельскай вобласці. Працаваў на будоўлі. У 1936 годзе быў прызваны у Армію, гэта быў будбат – будавалi ваенныя гарадкi на Беларусi i ў Смаленскай вобласцi. Пасля дэмабілізацыі працаваў на фанернай фабрыцы ў Мазыры, у нарыхтоўчай канторы ў Лельчыцкім раёне. Затым была праца ў абласной газеце “Бальшавік Палесся”. Спачатку быў карэспандэнтам сельгасаддзела, а потым накіравалі ў горад Ельск куставым карэспандэнтам. У газеце прапрацаваў да самай вайны.

У Вялікую Айчынную вайну на фронце. Першыя два гады служыў радавым сувязістам на Волхаўскім і Ленінградскім франтах. Абараняў і вызваляў ад блакады горад на Няве. З восені 1943 года пачаў працаваць у якасці карэспандэнта дэвізійнай газеты “Вперед, за Родину!” Франтавыя дарогі правялі яго праз Наўгародчыну, Пскоўшчыну, Латвію, Літву, Польшчу, Германію, Чэхаславакію. Вызваляў ад акупантаў Венгрыю і Аўстрыю.

Пасля вайны стаў працаваць у штотыднёвай газеце “За честь Родины” Цэнтральнай групы войск, якая дыслацыравалася ў Вене. Прабыў там пяць гадоў. Вясной 1950 года ваенны журналіст Дзмітрый Сергіевіч быў пераведзены ў горад Адэсу, у акружную газету “Защитник Родины”. Тут працаваў паўтары гады, затым быў накіраваны на вучобу у Ленінград – на вышэйшыя курсы ўдасканалення палітсаставу Савецкай Арміі (1951–1952). Па заканчэнні курсаў вярнуўся ў Адэсу. З 1961 года звольніўся ў запас у званнi маёра (у 2001 годзе было прысвоена званне падпалкоўнiка) і пачаў займацца творчай працай.

Першая кніга на рускай мове – аповесць “На голубом Дунае” – выйшла ў 1955 годзе ў Адэскім абласным кнiжным выдавецтве. У Адэсе пад сваім прозвішчам на рускай мове выдаў кнігі прозы пераважна на ваенную тэматыку: “Первый бой” (1957), “Привет из юности” (1964), “Тревожная осень” (1966), “Высокий остров” (1969), “Маршевая рота” (1971), “Гроза на рассвете” (1973), “Сосны посреди поля” (1975), “Добрые приметы” (1978), “Нет последних рубежей” (1982) і інш. Выходзiлi кнiгi раманаў, аповесцей i апавяданняў таксама ў выдавецтвах Кiева i Масквы. Па яго сцэнарыю ў канцы 1960-х быў пастаўлены тэлевiзiйны спектакль “Твердыня души” аб абароне горада-героя Адэсы.

Лёс Дзмiтрыя Рыгоравiча склаўся не проста. Пасля вайны згубiў сувязь з Беларуссю, нават у даведнiках да пачатку 1990-х гадоў пiсалi, што З. Вiталiн “прапаў без вестак на фронце”. Але нарэшце сувязi лiтаратара аднавiлiся, у 1994 годзе часопiс “Полымя” надрукаваў падборку яго вершаў, а штотыднёвiк “Лiтаратура i мастацтва” змясцiў артыкул аб яго жыццёвым i творчым шляху.

У 1978 годзе адзiная дачка Дзмiтрыя Рыгоравiча з’ехала ў ЗША, гэта па тых часах прынесла пiсьменнiку шмат клопатаў: выключылi з КПСС, забаранiлi друкавацца. Потым, праўда, кнiгi апавяданняў i аповесцей зноў выходзiлi. У 2000 годзе памерла жонка, Дзмiтрый Сергiевiч стаў зусiм адзiнокi, не мог самастойна выйсцi на вулiцу, яму патрыбны быў пастаянны дагляд.

Змітро Віталін (Д. Р. Сергiевiч) памёр 4 лістапада 2004 года і пахаваны ў Адэсе.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Іванаўскай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пуцыковіч Ірына Пятроўна, гал. бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

Творы Д. Р. Сергіевіча

  1. Будзем жыць! : вершы / Змiтро Вiталiн. Мiнск, 1932.
  2. Адпомсцiцца; Будбат; Бурундук; Цемната; Пачатак верша; Суп “рататуй”; Мова, мацi мая; Вызваленне; Што за дзiўнае уладкаванне; Мальвiна : [вершы 1935–1938 гг.] / Змiтро Вiталiн ; уступ. арт. С. Законнiкава // Полымя. 1994. № 12. С. 50–57.
  3. На голубом Дунае : повесть / Д. Сергиевич. Одесса : Областное издательство, 1955. 204 с.
  4. Первый бой : рассказы о солдатах / Д. Сергиевич. Одесса : областное издательство, 1957. 100 с.
  5. Мы служим родине : рассказы / Д. Сергиевич. Москва : Воениздат, 1962. 255 с. Содерж.: Ветер в степи; Когда вырастают крылья; Горячий денёк; Платочек; Вечерняя заря; Четыре минуты нового года; Девушка с “Онеги”; Чтобы пчёлы жужжали в лесах; Чутьё; В полях.
  6. Привет из юности : рассказы / Д. Сергиевич. Одесса : Маяк, 1964. 220 с.
  7. Тревожная осень : повесть / Д. Сергиевич. Одесса : Маяк, 1966. 216 с.
  8. Начало легенды : рассказы / Д. Г. Сергиевич. Москва : Воениздат, 1966. 48 с. (Б-ка журнала “Советский воин”; № 18).
  9. Десять дней отпуска : повести и рассказы / Д. Г. Сергиевич. Москва : Воениздат, 1967. 296 с. Содерж.: Первый бой; Начало легенды; Одна ночь; Друг; Камень любви; Висла, река польская; Кузнец не боится дыма; Прощание с Веной; Николай и Миклош; Ветер в степи; Новый агитатор; Четрые минуты нового года.
  10. Высокий остров : роман / Д. Сергиевич. Одесса : Областное издательство, 1969. 204 с.
  11. Маршевая рота : повесть / Д. Сергиевич. Одесса : Маяк, 1971. 196 с.
  12. Товарищи огненных лет : повесть и рассказы / Д. Г. Сергиевич. Москва : Воениздат, 1972. 414 с.; 1 л. портр.
  13. Гроза на рассвете : роман : [Венгрия в 1956 г.] / Д. Сергиевич. Одесса : Маяк, 1973. 357 с.
  14. Сосны посреди поля : рассказы / Д. Сергиевич. Одесса : Маяк, 1975. 408 с.
  15. Добрые приметы : рассказы, очерки, повести / Д. Сергиевич. Одесса : Маяк, 1978. 230 с. Содерж.: Лучшие годы; Личная война; Илья Каплунов, бронебойщик; Привет из юности; Дорога через лес; Такое наше дело; Горячий денёк; Солдаты идут вперёд; Прапорщик : рассказы и очерки; Кузьма Плахин, солдат; Показания свидетеля защиты : повести.
  16. Нет последних рубежей : повесть / Д. Сергиевич. Одесса : Маяк, 1982. 247 с.
  17. Личная война : рассказы и повести / Д. Сергиевич. Киев : Радяньская школа, 1983. 270 с. Содерж.: На крутоярье; Явка с повинной : повести; Первый день; У морской пристани; Не все вернёмся; День рождения; Продолжение жизни; Софья Петровна : рассказы.
  18. Личная война : рассказы и повести / Д. Сергиевич. Одесса : Астропринт, 2004. 100 с.

 

Аб жыцці і творчасці

  1. Лякiн, У. Тры жыццi Змiтро Вiталiна / Уладзiмiр Лякiн. Мазыр : Белы вецер, 2012.
  2. Крэйдзiч, А. Тры жыццi забытага пiсьменнiка-земляка / Анатоль Крэйдзiч // Чырвоная звязда (Iванава). 2012. 27 лiп. С. 6.
  3. Рублевская, Л. Переплетение судеб и стихов : [о книге: Лякiн, У. “Тры жыццi Змiтро Вiталiна”] / Людмила Рублевская // Советская Беларусь. 2012. 13 июля. С. 16.
  4. Лякин, В. Сквозь столетия: история станции Мозырь – Калинковичи : [об автобиографической повести Д. Сергиевича “Старые годы”] / Владимир Лякин // Железнодорожник Белоруссии. 2010. 28 авг. С. 14.
  5. Сергіевіч Зміцер Рыгоравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 2002. Т. 14. С. 348.
  6. Віталін Змітро // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва : у 5 т. Мiнск, 1984. Т. 1. С. 629.
  7. Віталін Змітро (сапр. Сергіевіч Дзмітрый Рыгоравіч; нар. у в. Сухое Іванаўскага р-на, паэт) // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мiнск : БелЭН, 1993. Т. 2. С. 13–14.
  8. Змітро Віталін // Беларускія пісьменнікі : даведнік. Мiнск, 1994. С. 102.
  9. Ладутько, К. В поисках утраченного : [Змитро Виталин (Д. Г. Сергиевич) родился в д. Сухое Ивановского р-на] / Кирилл Ладутько // Советская Белоруссия. 2009. 31 июля. С. 16.
  10. Пруднікаў, П. Абарваная струна : успамiн пра сябра [паэта З. Вiталiна] / Павел Пруднiкаў // Чырвоная змена. 1985. 17 кастр.; Далёкае, але не забытае : успамiны / Павел Пруднiкаў. Мiнск, 1988. С. 143–148.
  11. Пруднікаў, П. Другая маладосць паэта : [аб жыцці і творчасці З. Віталіна (сапр. Д. Р. Сергіевіч)] / Павел Пруднiкаў // Першацвет. 1996. № 3. С. 61–64.
  12. Пруднікаў, П. Уваскрэшанне : вяртанне з палону страху : [пра пiсьменнiка З. Віталіна (Д. Р. Сергiевiча)] / Павел Пруднiкаў // ЛiМ. 1994. 25 лют. (№ 8). С. 5, 12.
  13. Пруднікаў, П. Уваскрэшанне : [пра Д. Р. Сергіевіча, пісьменніка з в. Сухое Iванаўскага р-на] / Павел Пруднiкаў // Чырвоная звязда (Iванава). 1994. 22 сак. С. 3–4.
  14. Смоліч, Г. [75 гадоў з дня нараджэння Змiтра Віталіна : бiяграфiчная нататка] / Г. Смолiч // Полымя. 1985. № 7. С. 223.
  15. Через годы, через расстояния… : Дмитрию Сергиевичу – 90! // Одесские новости. 2003. 8 авг. (№ 143 (2718)).

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2281 разоў Апошняя змена Аўторак, 24 Сакавік 2020 10:03