Серада, 08 Жнівень 2012 09:52

20 лютага 2012 г. – 60 гадоў з дня нараджэння Н. В. Гарагляд (1952), паэткі і пісьменніцы

Асноўнае месца ў творчасці Ніны Гарагляд займае паэзія. Яе вершы спавядальна-шчырыя, поўныя жаночай добрыні і спагады, еднасці з роднай зямлёю і напісаны на беларускай мове.

{gcontent}Ніна Васiльеўна Гарагляд нарадзілася 20 лютага 1952 года ў мнагадзетнай сям’і на хутары Паўлінава Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Рана засталася без бацькі, выхоўвалася ў Целяханскім дзіцячым доме. У 1969 годзе скончыла Лышчанскую сярэднюю школу. Працавала піянерважатай Лышчанскай СШ. У 1970 годзе паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут на філалагічны факультэт. 3 1972 годзе працавала ўчотчыкам пісьмаў на Брэсцкім тэлебачанні і радыё, затым два гады настаўнічала на Камянеччыне. У 1974 г. стала працаваць літсупрацоўнікам у камянецкай раённай газеце “Навіны Камянеччыны”. У 1976 годзе Ніна Гарагляд была прызначана загадчыцай аддзела пісьмаў і сацыяльных праблем, у 1996 годзе – намеснікам рэдактара, а з 2003 па 2008 год – рэдактарам. Пры раённай газеце яна была кіраўніком літаб’яднання “Пушчанка”, дзе разглядала і крытыкавала творы маладых паэтаў Белавежскага краю. Шмат артыкулаў і апавяданняў Н. Гарагляд пісала ў раздзеле “Літаратурная старонка”.

Ніна Гарагляд піша вельмі лірычныя і рамантычныя вершы. Галоўныя іх тэмы: каханне, шчырая любоў да Радзімы і вобраз маці. Яе вершы адметныя моцным пачуццём, непадробнасцю і прастатой выказвання. Захапляюць сваёй незвычайнасцю і цікавасцю яе артыкулы па паўсядзённых тэмах, аб сацыяльных і штодзённых праблемах, аб жыцці літаратуры і мастацтва, аб народным календары, аб гарадскіх святах і талентах горада Камянца і Камянецкага раёна.

Паступова ў творчасці Н. Гарагляд адбыўся пераход да прозы, які пачаўся з маленькіх замалёвак, больш падобных на вершы ў прозе. Першыя апавяданні, абразкі Ніны Гарагляд былі апублікаваны ў часопісах “Маладосць”, “Беларусь”. Друкавалася таксама ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Рэспубліка”, “Заря”, “Чырвоная змена” і іншых выданнях. У 1979 годзе яе вершы былі змешчана ў зборніках “Нашчадкі”, “Дзень паэзіі”. У 1995 годзе самыя адметныя з ранейшых і нешматлікіх новых вершаў Ніны Гарагляд былі змешчаны ў самастойным зборніку вершаў “Матчына песня”.

У 2002 годзе Н. Гарагляд была прынята ў Саюз беларускiх пiсьменнiкаў. У 2006 годзе яна была прынята ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Нiна Васiльеўна з’яўляецца членам Саюза журналістаў Беларусі.

Кожны дотык да невычарпальнага свету творчасці Ніны Гарагляд дадае штосьці патаемнае, што абагаціць ўнутранае, духоўнае жыццё, зробіць яго багацей і радасней. Паэтка аддае свайму чытачу самае вялікае, што ў яе ёсць – саму сябе, свае думкі, пачуцці, сэрцам пражытыя дні жыцця.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2011г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Лось Ірына Уладзіміраўна, гал. бiблiёграф, Андрайчук Ніна Сцяпанаўна, бiблiёграф 1 к.

{/gcontent}

 

Творы Н. В. Гарагляд

  1. Вершы / Н. Гарагляд // Гаспадыня. 2006. № 5. С. 37.
  2. Вершы / Н. Гарагляд // Песні Белавежы : Камянеччына літаратурная : проза, паэзія, публіцыстыка / уклад. З. Дудзюк. Мінск : Мастацкая літаратура, 2005. С. 191–195.
  3. Восень у горадзе : вершы / Н. Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2000. 16 жн.
  4. Вясновыя радкі : вершы / Н. Гарагляд // Маладосць. 2006. № 11. С. 89.
  5. Душа мая босая… : вершы / Н. Гарагляд. Камянец, 2004. 33 с.
  6. Камянецкі вальс : [верш] / Н. Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2008. 6 верас.
  7. Матчына песня: вершы / Н. Гарагляд // ЛіМ. 2005. 18 ліст. С. 8
  8. Новыя вершы / Н. Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2001. 26 мая.
  9. Новыя вершы / Н. Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2003. 16 ліп.
  10. Партызанская матуля : вершы / Н. Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2001. 8 мая.
  11. Першае каханне: вяснянка на вуліцы / Н. Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2001. 7 сак.
  12. Родная мова : верш / Н. Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2008. 6 верас. С. 4.
  13. Родная мова ; Камянецкі вальс ; У пушчанскіх вальерах : [вершы] / Н. Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2008. 6 верас.
  14. У пушчанскіх вальерах : верш / Н. Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2008. 6 верас. С. 4.
  15. Матери : [стихотворение] / Н. Горегляд // Навіны Камянеччыны. 2008. 26 лют.
  16. Новыя вершы Ніны Гарагляд / Н. Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2003. 16 ліп.

 

Аб жыцці і творчасці пісьменніцы

  1. Ніна Гарагляд // Ляшук, В. Я. Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Мінск, 2008. С. 255.
  2. Ніна Гарагляд (Дзякава) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2008. С. 475–476.
  3. “І святкуе душа мая босая…” / Навіны Камянеччыны. 2007. 21 лют. С. 1. Аўтарская вечарына Н. Гарагляд у Камянецкай раённай бібліятэцы.
  4. Горегляд Нина Васильевна // Кто есть Кто в Республике Беларусь. 2004. Минск : Энциклопедикс, 2004. С. 73.
  5. Нарэйка, Н. “Душа мая босая…” / Н. Нарэйка // Навiны Камянеччыны. 2012. 10 сак. С. 6.
  6. З песняй матчынай : Ніне Гарагляд – 50 // Заря. 2002. 19 февр. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 3861 разоў Апошняя змена Пятніца, 20 Сакавік 2020 10:30