Серада, 08 Жнівень 2012 10:08

11 мая 2012 г. – 120 гадоў з дня нараджэння Альбіна Міхала Дзяконскага (1892-1940?), паэта

Альбін Міхал Дзяконскі нарадзіўся 28 красавіка (па новым стылю 11 мая) 1892 г. ў маёнтку Пятровічы Кобрынскага павета (цяпер Жабiнкаўскi раён).

{gcontent}Дзявочае прозвішча яго маці Ядвіга Ажэшка, яна была з далёкай раднi Элізы Ажэшкi, вядомай польскай пісьменніцы. Ядвіга выходзіць замуж за Альбіна Дзяконскага, чалавека адукаванага, паважанага і старэйшага за яе на 21 год. Бацька будучага паэта валодаў маёнткам Пятровічы, быў маршалкам дваранства Кобрынскага павета. Род Дзяконскіх меў свой герб.

У Дзяконскiх было чацвёра дзяцей, першынцам быў Альбiн. Пачатковую адукацыю Альбін Мiхал Дзяконскi атрымаў у хатніх настаўнікаў. Сярэднюю школу Альбін пачаў наведваць у Варшаве, затым прадоўжыў абучэнне ў Рыжскай гімназіі.

У 1910 г. Альбiна ўсынавiлi родзiчы па бацькоўскай лiнii Казiмiр i Стэфанiя Дзяконскiя, забралi ў свой родавы маёнтак Магiлёўцы, што на Пружаншчыне. Родзічы вырашылі накіраваць Альбіна на вучобу ў Бельгію, дзе ён штудзіраваў сельскаю гаспадарку. Рашэнне для навучання на факультэце сельскай гаспадаркі было лагічным: яго рыхтавалі ў спадкаемцы вялікага маёнтка. Але гаспадарка не вабіла Альбіна, і яго навучанне ў Бельгіі было нядоўгім. Пасля ён працягвае вучобу ў Лазанскім універсітэце на факультэце раманістыкі. У Лазані Альбін знаёміцца са сваёй будучай жонкай – Софіяй, дачкою віленскага адваката Максімільяна Малінскага і хросніцай Казіміра Дзяконскага.

Пачатак Першай сусветнай вайны прымушае Альбіна і Соф’ю вярнуцца на Радзіму. Альбін Дзяконскi не быў мабілізаваны, бо меў слабое здароўе. Ён застаўся ў Магілёўцах і займаўся справамі гаспадаркі. У верасні 1915 г. Аршанская паветная па воінскай павіннасці прысутнасць прызнала яго непрыгодным да службы ў войску. Аднак ён апынуўся ў падпарадкаванні асобаўпаўнаважанага па забеспячэнні прыпасамі бежанцаў і насельніцтва тылу арміі Паўночна-Заходняга фронту. Некаторы час Альбін служыў пры штабе ў Арле (Расiя), куды да яго прыехалі Соф’я і Стэфанія Дзяконская. Вясной 1917 г. у Арлоўскім рымска-каталіцкім прыходскім касцёле адбылося вянчанне Альбіна з Соф’яй. Пасля вайны маладая сем’я на некаторы час пасяляецца ў Варшаве, а ў 1920 г. назаўсёды пераязджае ў Магілёўцы. Спакойнае жыццё ў правінцыйных Магілёўцах, поўнае клопатаў аб гаспадарцы і паэтычнай творчасці, было раптоўна перарвана ў верасні 1939 г. Пасля таго, як Чырвоная армія заняла тэрыторыю Заходняй Беларусі, А. Дзяконскі быў арыштаваны і адпраўлены ў Мінск. Далейшы лёс яго не вядомы.

Няма звестак, у якім узросце Альбін Міхал пачаў пісаць вершы. У вершах Дзяконскага наогул вельмі мала аўтабіяграфічных звестак. Дом у Магілёўцах быў прытулкам, які паэт вельмі любіў. Менавіта тут нарадзілася большасць вершаў А. Дзяконскага. Першая кніга “Байкі” пабачыла свет у 1920 г. Гэта быў невялікі зборнік вершаваных баек, сярод якіх “Шпак”, “Алень”, “Ліс і барсук”, “Ваявода”, што часам складаліся ўсяго з некалькіх радкоў. Байкі добра ўдаваліся Дзяконскаму. Лаканічныя, кароткія, яны трапна выражалі пазіцыю аўтара. Мараль баек Дзяконскага – не нуднае павучанне, а канстатацыя фактаў: свет устроены вельмі недасканала, неідэальна.

На працягу 20–30-х гг. выходзяць наступныя зборнікі паэзіі Альбіна Дзяконскага: “Байкі. Сатыры. Лірыка” (1926), “Элегія” (1929), “Эклогі” (1931), “Гарадскія матывы” (1931), “На захад” (1932), “Два галасы” (1933), “Драма Люцыфера” (1934), “Падгледжаныя рэчы” (1936), з якіх толькі першы быў надрукаваны ў Вільні, астатнія ўсе – у Варшаве. Зборнiкi выходзілі невялікімі тыражамі – па некалькі сотняў экземпляраў.

Апошняя кніга “Зялёныя Магілёўцы” была выдадзена ў 1939 г. Многія вершы з яе напоўнены нейкім прадчуваннем, страхам. Адзін з вершаў так і называецца “Страх жыцця”. У вершы “Франтон дома” паэт гаворыць, што гуляючы вечарамі па парку, ён адчувае небяспеку, і толькі ступіўшы на ганак, трымаючыся за парэнчы, становіцца самім сабою. У яго апошніх вершах ёсць прадчуванне трагедыі, не ўсім зразумелыя туманныя летуценні.

Альбiн Дзяконскі вельмі рэдка публікаваў свае вершы ў тагачасных часопісах. Захаваўся часопіс “Naokolo swіata” 1939 г. № 183 за ліпень месяц, у якім быў апублікаваны верш А. Дзяконскага “Lіlіе”. Хутчэй за ўсё, гэта была апошняя публікацыя паэта перад арыштам.

Апошні зборнік вершаў А. Дзяконскага быў надрукаваны ў Варшаве ў 1985 г. На беларускай мове да гэтага часу былі выдадзены толькі некалькі баек. Творчасць паэта не стала тэмай глыбокага літаратурнага аналізу. Зразумела, што даследчыкаў у савецкія часы не магла прывабіць такая тэма: памешчык-паэт буржуазнай Польшчы. Аднак мастацкія якасці твораў Дзяконскага несумненныя: уся паэзія напоўнена любоўю да навакольнага свету, ён меў здольнасць бачыць і перадаваць прыгажосць звычайных, штодзённых, знешне непрыкметных рэчаў, ніколі не апускаўся да павучэнняў. Вершы Дзяконскага пазбаўленны сацыяльнай ці палітычнай актуальнасці, у іх ёсць і гумар, і подых вельмі складанага часу, сынам якога быў паэт Альбін Дзяконскі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктароўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі.

{/gcontent}

Творы А. Дзяконскага

  1. Wybor poezji : [wierszе] / A. Dziekoński . Warszawa : Panstwowy Instytut Wydawniczy, 1985. 328 s.
  2. Камар; Воўк і ляснік : вершы / А. Дзяконскi; пер. Р. Бензярук // Сельская праўда (Жабінка). 1994. 30 ліп.
  3. Сіла і спакой : верш / А. Дзяконскi; пер. Р. Бензярук // Сельская праўда (Жабінка). 2002. 27 крас.
  4. Bajki : wierszе / A. Dziekoński . Warszawa, 1920.
  5. Bajki. Satyry. Liryka : wierszе / A. Dziekoński . Warszawa, 1926.
  6. Dwa glosy : [wierszе] /A. Dziekoński . Warszawa, 1933. 46 s.
  7. Dramat Lucyfera: [poemat] / A. Dziekoński . Warszawa, 1934.
  8. Eklogi : wierszе / A. Dziekoński . Warszawa, 1931.
  9. Elegje : [wierszе] / A. Dziekoński . Warszawa, 1929. 32 s.
  10. Zielone Mogilowce : [wierszе] / A. Dziekoński . Warszawa, 1939.
  11. Lilie : wiersz / A. Dziekoński // Naokolo swіata. 1939. № 183 (lipiec). S. 28.
  12. Motywy z miasta : [wierszе] /A. Dziekoński . Warszawa, 1931. 49 s.
  13. Na zachod : [wierszе] / A. Dziekoński. Warszawa, 1932. 39 s.
  14. Rzeczy podejrzane : [wierszе] / A. Dziekoński. Warszawa, 1936.

 

Аб жыцці і творчасці паэта

  1. Папко, В. М. Паэт Альбін Дзяконскі (1892–1940) і кніжны збор роду Быхаўцаў / В. М. Папко // Берасцейскія кнігазборы : матэрыялы мiжнар. навук.-практыч. канф. “Берасцейскiя кнiгазборы: праблемы, перспектывы, даследаваннi”, Брэст, 30-31 кастр. 2008 г. / Брэсц. аблвыканкам; абл. б-ка імя М. Горького. Брэст : Паліграфіка, 2010. С. 137–152.
  2. Dziekoński Аlbin // Sljownіk wspolczeesnych pіsarzy polskіch. Tom pіerwszy, a – і / pod red. Ewy Korzenіewskіej. Warszawa : Panstwowe wydawnіctwo naukowe, 1963. S. 479–480.
  3. Dziekoński Аlbin // Litaratura Polska : przewodnik encyklopedyczny. Warszawa, 1984. T. 1. S. 226–227.
  4. Dziekoński Аlbin // Nowa encyklopedia powszechna PWN. Warszawa, 1998. T. 2. S. 169.
  5. Бензярук, Р. Слова пра Альбіна Дзяконскага / Р. Бензярук // Народная трыбуна. 2002. 27 крас.
  6. Альбiн Дзяконскi // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ Брэсцкая друкарня, 2008. С. 201–203.
  7. Альбiн Дзяконскi // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Жабінк. р-на / уклад. Р. Я. Смірнова. Мінск : Ураджай, 1999. С. 138–139.
  8. Папко, В. Лёсы паноў Дзяконскіх з маёнтка Пятровічы / В. Папко // Сельская праўда (Жабінка). 2011. 5 кастр. С. 2.
  9. Папко, В. Пятровіцкая галіна роду Дзяконскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў ХІХ–ХХ стст. / Вольга Папко // Беларускі гістарычны часопіс. 2009. № 9. С. 30–41.
  10. Папко, В. Род Дзяконскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў ХІХ–ХХ стст. / Вольга Папко. Брэст : Альтернатива, 2009. С. 81–91.
  11. Церахава, В. Паэт Альбін Дзяконскі : да 110-годдзя з дня нараджэння / В. Церахава // Сельская праўда (Жабінка). 2002. 27 крас.
  12. Терехова, В. Поэт, который не искал славы / Вера Терехова // Заря. 1997. 20 нояб.
Чытаць 1328 разоў Апошняя змена Серада, 28 Жнівень 2013 12:31