Пятніца, 09 Люты 2018 08:50

22 лістапада 2018 г. — 75 гадоў з дня разгрому нямецка-фашысцкага гарнізона ў г. п. Дамачава (Брэсцкі р-н; 1943)

У час нямецка-фашысцкай акупацыі ў г. п. Дамачава (цяпер Брэсцкага раёна) Брэсцкай вобласці быў размешчаны гарнізон. Фашысцкія гарнізоны з’яўляліся ўвасабленнем палітыкі запалохвання і гвалту, былі апорнымі пунктамі бяспекі тылу войск, эканамічнага грабяжу. Каля 150 салдат вермахта размяшчаліся за 400 м ад пасёлка ў двухпавярховым школьным будынку з цэглы, прыстасаваным для кругавой абароны. Каля 100 салдат паліцыі і жандармерыі размяшчаліся ў найбольш моцных будынках у цэнтры пасёлка. На чыгуначнай станцыі Дамачава, якая за 3 км ад пасёлка, гітлераўцы ўзвялі ўмацаванні, добра яе ахоўвалі.

 

У ліпені 1943 года на базе атрадаў імя М. М. Чарнака і імя К. Я. Варашылава была створана партызанская брыгада імя І. В. Сталіна. Камандзірам быў назначаны Сумбат Хачатуравіч Арзуманян (1917–2003), камісарам — Карнiл Аляксеевiч Шкаварада, начальнікам штаба — Рыгор Мiкiтавiч Кіцьян.

Брыгада дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Жабінкаўскага, Кобрынскага, Брэсцкага, Дзівінскага i Маларыцкага раёнаў. Партызаны знішчылі 25 маёнткаў, разагналі паліцэйскія ўчасткі ў вёсках Чарняны, Азяты, правялі баі ля вёсак Радзеж, Арэхаўскія Хутары і інш. Удзельнічалі ў разгроме варожых апорных пунктаў, рабілі дыверсіі на шашы Брэст – Ковель, наносілі ўдары па чыгуначных участках Брэст – Ковель, Брэст – Уладава. У ноч на 15 лістапада 1943 года партызаны атрада імя Г. К. Жукава (камандзір Віктар Уладзіміравіч Каткоў) брыгады імя Сталіна, зрабіўшы імклівы пераход на 50 км, разграмілі буйны гарнізон у пасёлку Шацк Валынскай вобласці (Украiнская ССР).

У межах аперацыі «Рэйкавая вайна» ў ноч на 23 кастрычніка 1943 года партызаны атрадаў імя Варашылава (камандзір В. М. Грэбенеў) і імя Жукава (камандзір В. У. Каткоў) брыгады імя Сталіна зрабiлi напад на таварную станцыю Дамачава. Узарвалі ўзведзеныя ўмацаванні, разбурылі станцыйнае абсталяванне, спалілі эшалон (25 вагонаў) з жытам і бульбай, які быў прызначаны для адпраўкі ў Германію. Знішчылі 18 гітлераўцаў.

Падрыхтоўка да разгрому гарнізона ў Дамачава вялася каля трох тыдняў. Вялікая заслуга ў зборы разведінфармацыі належыць Аляксандру Сямёнавічу Гасюку, жыхару вёскі Дубіца. У аперацыі ўдзельнічаў атрад імя Варашылава пад камандаваннем Васіля Мікалаевіча Грэбенева. У ноч на 22 лістапада 1943 года групы прыкрыцця перакрылі шашу Брэст – Уладава на перакрыжаванні дарог з вёсак Ляплёўка і Дубіца, зрабілі засады на дарогах з боку вёсак Тамашоўка і Славацічы. А 4-й гадзіне ночы па сігналу белай ракеты скоўваючая група (рота Р. П. Шупікава) шчыльным агнём паралізавала праціўніка ў будынку школы. Штурмавыя групы (роты Л. С. Гуляева, І. Д. Калугіна, Л. Карнелюка, С. А. Сарабаева) імклівым кідком захапілі жандармерыю, паліцэйскі ўчастак і ўмацаваныя ўстановы акупантаў (млын, лазня). Да 6-й гадзіны раніцы партызаны авалодалі пасёлкам.

У выніку бою былі знішчаны памяшканні гарнізона, у якіх згарэла зброя (5 кулямётаў, 4 аўтаматы, 15 вінтовак, патроны). Захоплены зброя (кулямёт, 20 вінтовак), абмундзіраванне, 200 галоў буйной жывёлы, харчаванне, якое акупанты нарабавалі ў насельніцтва. Партызаны вывелi са строю 55 (з іх 33 забіты) гітлераўцаў, страцілі двух чалавек забітымі і трох параненымі.

Разгром гарнізонаў звужаў аператыўна-тактычную прастору праціўніка, зрываў ваенныя і эканамічныя планы, меў вялікае значэнне для папаўнення партызанамі запасаў зброі, боепрыпасаў і харчавання. У барацьбе з варожымі гарнізонамі партызаны праяўлялі выключную мужнасць і адвагу.

У 1965 годзе ў 2 км ад в. Макраны Маларыцкага раёна насыпаны Курган Славы ў гонар подзвігаў партызан брыгады імя Сталіна. На месцы дыслакацыі атрада імя Варашылава ў 5 км ад в. Гвозніца Маларыцкага раёна ўстаноўлены абеліск. Былы камандзір брыгады імя Сталіна С. Х. Арзуманян напісаў кнігу ўспамінаў «Земля пылала» (1974), у якой расказаў аб подзвігах партызан на Брэстчыне, аб разгроме гарнізона ў Дамачаве.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Дамачаўскія баі, 1943 // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 27.

  2. Домачевские бои, 1943 // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 334.

  3. Домачевские бои, 1943 // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 419.

  4. Дамачава ; Дамачаўскі раён / Мікалай Камінскі.Дамачаўскія баі, 1943 / Уладзімір Пасэ // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 201.

  5. Дамачова / У. М. Якубоўскі. Дамачоўскія баі, 1943 / У. С. Пасэ // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 185.

  6. Партызанская брыгада імя І. В. Сталіна // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 439.

  7. Аб разгроме варожага гарнізона ў пас. Дамачава сіламі партызанскай брыгады імя І. В. Сталіна Брэсцкай вобласці // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 232–233.

  8. Шацкі бой, 1943 / У. С. Пасэ // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 637.

  9. «Рэйкавая вайна» / Уладзімір Лемяшонак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 168.

  10. Арзуманян Сумбат Хачатуравіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 40.

  11. Арзуманян Сумбат Хачатурович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 29.

  12. Арзуманян Сумбат Хачатуравіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 34–35.

  13. Место дислокации партизанского отряда имени К. Е. Ворошилова : [д. Гвозница Малоритского района] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 298–299.

  14. Гарнізоны нямецка-фашысцкія / У. С. Пасэ // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 156.

  15. Братская могила советских воинов и партизан : [Малорита; упоминается разгром гарнизона в Домачево] / М. Н. Козловская, Л. Г. Лапцевич // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 295.

  16. Курган славы : [д. Мокраны Малоритского района] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 302.

  17. Героическая Брестчина / сост. С. Ф. Омелюсик. – Брест : Брестская типография, 2015. – 300 с. – Из содерж.: Бригада им. И. В. Сталина. С. 113–114.

  18. Рапорт командования партизанской бригады им. И. В. Сталина Брестской области командиру соединения С. И. Сикорскому о нападении партизанских отрядов им. К. Е. Ворошилова и им. Г. К. Жукова на железнодорожную станцию Домачево 23 октября 1943 г. // Всенародное партизанское движение в Белоруссии в Великую Отечественную войну (июнь 1941 – июль 1944) : документы и материалы : в 3 т. Минск, 1978. Т. 2, кн. 2. С. 350–351.

  19. Из истории партизанских бригад им. И. В. Сталина Брестской обл. О разгроме партизанами гарнизона противника в гор. поселке Домачево 23 ноября 1943 г. // Всенародное партизанское движение в Белоруссии в Великую Отечественную войну (июнь 1941 – июль 1944) : документы и материалы : в 3 т. Минск, 1978. Т. 2, кн. 2. С. 674–676.

  20. Из истории партизанского отряда им. К. Е. Ворошилова бригады им. И. С. Сталина Брестской обл. О бое партизан с гитлеровцами на шоссе Брест – Домачево, в районе дер. Дубица Домачевского района 20 ноября 1943 г. // Всенародное партизанское движение в Белоруссии в Великую Отечественную войну (июнь 1941 – июль 1944) : документы и материалы : в 3 т. Минск, 1978. Т. 2, кн. 2. С. 687–688.

  21. Арзуманян, С. Х. Земля пылала : [о партизанском движении в Полесской и Брестской областях] / Сумбат Хачатурович Арзуманян ; рис. на переплете П. В. Калинина. – Минск : Беларусь, 1974. – 283 с., [8] л. ил. – (Мемуары). – Из содерж.: Под ударами вражеские гарнизоны в Шацке и Домачево. С. 180–186.

  22. Белуго, З. Партизанская хроника : [о разгроме партизанами станции Домачево 22 октября 1943 г.] / З. Белуго // Железнодорожник Белоруссии. 1992. 9 мая.

Чытаць 590 разоў