Чацвер, 29 Сакавік 2018 11:35

11 красавіка 2018 г. — 210 гадоў з дня нараджэння Леана Зянковіча (1808–1870), польскага паэта, публіцыста, мемуарыста

Леан Зянковіч (LeonZienkowicz) нарадзіўся 11 красавіка 1808 года ў маёнтку Ляхі Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер вёска Ляхі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і дробнага шляхціча. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, там жа навучаўся яго брат Павал (Павел) Зянковіч.

 

З 1827 года Леан Зянковіч вывучаў права ў Варшаўскім універсітэце. Як і многія прадстаўнікі шляхецкага саслоўя, што былі незадаволены скасаваннем польскай дзяржаўнасці пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай, марыў аб адраджэнні незалежнасці шматпакутнай Бацькаўшчыны. Яшчэ ў час вучобы ў Свіслацкай гімназіі, а потым ва ўніверсітэце, яго можна было бачыць сярод удзельнікаў тайных вучнёўскіх таварыстваў, якія актыўна абмяркоўвалі прыгнечаны лёс свайго народа і шляхі паляпшэння яго долі.

Аднак такія небяспечныя сходкі даволі хутка выкрываліся расійскімі паліцэйскімі ўстановамі, а іх члены жорстка караліся. Тым не менш, гэта не спыніла вызваленчы рух на землях былой Рэчы Паспалітай. Яркім прыкладам гэтага стала ўзброенае шляхецкае нацыянальна-вызваленчае антырасійскае паўстанне 1830–1831 гадоў у Польшчы, Літве і Беларусі. Не могаказацца ўбаку ад гэтых падзей і Леан Зянковіч. Ён быў ад’ютантам камандзіра ганаровай гвардыі кіраўніка паўстання, а потым паручнікам 9-га палка ўланаў, у складзе якога ўдзельнічаў у баявых дзеяннях супраць расійскай рэгулярнай арміі.

Пасля паражэння выступлення Леан Зянковіч быў вымушаны пакінуць родныя мясціны — эмігрыраваць у Францыю, каб пазбегнуць пакарання, таму што не пажадаў прыносіць прысягу вернасці расійскаму імператару Мікалаю І. Падзеі не скарылі патрыёта, змірыцца з прыгнечаным становішчам сваёй краіны ён усё роўна не мог, таму ў 1833 годзе Л. Зянковіч стаў адным з арганізатараў паўстанцкіх атрадаў з былых інсургентаў (паўстанцаў) у эміграцыі, якія мелі на мэце аднаўленне ўзброенай барацьбы супраць расійскіх улад за незалежнасць Рэчы Паспалітай.

Удзельнікі гэтых аб’яднанняў збіралі зброю, адзенне, прадукты і праводзілі ваенныя вучэнні. Аднак спроба патрыётаў вярнуцца на радзіму правалілася. Пасля гэтага наш суайчыннік застаўся ў Кракаве і прыняў непасрэдны ўдзел у стварэнні тайнай дэмакратычнай арганізацыі «Саюз польскага народу». Там у 1835 годзе пачаў выдаваць на польскай мове «PowszechnyPamiętnikNaukiUmiejętności»(«Усеагульны часопіс навук і рамёстваў»).

У 1837 годзе Леан Зянковіч далучыўся да польскага эмігранцкага Дэмакратычнага таварыства ў Францыі, якое ўзначальваў адзін з былых кіраўнікоў паўстання Адам Чартарыйскі. У парыжскім палацы А. Чартарыйскага «Атэль Ламбер» неаднаразова збіраліся тыя, каму быў неабыякавы лёс пакінутай Радзімы. Як прадстаўнік гэтай арганізацыі, Л. Зянковіч патаемна наведваў радзіму, каб тут наладзіць сувязі з патрыятычнымі сіламі і сумесна весці барацьбу за свае ідэі.

У часы буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1848–1849 гадоў у Аўстрыйскай імперыі Леан Зянковіч па ўласнай ініцыятыве адправіўся ў Галіцыю, каб удзельнічаць у барацьбе ўкраінскага насельніцтва за свае правы, а потым аказаўся ў Кракаве, дзе яго абралі кіраўніком своеасаблівага «міністэрства» Аддзела ўнутраных спраў і паліцыі ў мясцовым нацыянальным камітэце — органе рэвалюцыйнай улады ў горадзе.

Пасля паражэння рэвалюцыі Л. Зянковіч, як «неблаганадзейная асоба», не мог знаходзіцца ў Аўстрыі і выехаў у Англію. Аднак пастаянным месцам жыхарства сталі для яго Францыя і Швейцарыя. Тут ён працягваў займацца актыўнай грамадскай дзейнасцю.

Леан Зянковіч вядомы таксама як выдавец, літаратар і даследчык гісторыі. Такая яго дзейнасць звязана ў першую чаргу з эміграцыяй. У 1839–1844 гадах ён рэдагаваў у Парыжы і Страсбургу сатырычна-палітычны часопіс на польскай мове «Pszonka» («Пшонка»), які меў шырокі грамадскі рэзананс. Выступіў таксама як аўтар шэрага вершаваных твораў «Узнагарода за нявернасць», «Роздум», гісторыка-краязнаўчых і літаратурных прац «Польскі народ, ці Дакладнае апісанне звычаяў, нораваў, адзення яго і г. д.» (1842), «Палітычны агляд пісьменства польскай эміграцыі» (1847), «Палітычны агляд гісторыі Польскай дзяржавы» (1864–1865; т. 1–4), «Палітычны агляд гісторыі польскай літаратуры»(1867; т. 1–2). У гэтых творах Леан Зянковічадводзіў асаблівую ўвагу апісанню і вывучэнню жыцця палешукоў, неаднаразова называў сябе палешуком.

Найбольшую вядомасць набыў яго мемуарны твор, у якім знайшлі адлюстраванне ўласныя думкі і погляды, — «WieczoryLachazLachówczyliopowiadaniaprzykominkustaregoliteratapolskiego» («Вечары Ляха з Ляхаў, ці Гутаркі пры каміне старога польскага літаратара»). У ім захаваліся ўспаміны аб бацьках і дзяцінстве на Пружаншчыне, гадах вучобы ў Свіслачы і Варшаве. Тут маюцца таксама разважанні пра выхаванне і адукацыю моладзі на Беларусі, аповед аб цяжкай долі мясцовага прыгоннага сялянства. Твор прасякнуты перадавымі ідэямі сваёй эпохі — распрыгоньванне і пашырэнне адукацыі сярод простага народа.

Леан Зянковіч памёр 12 снежня 1870 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф

 

  1. Леан Зянковіч// Асветнікі зямлі беларускай, X – пачатак XX ст. : энцыкл. даведнік. Мінск, 2006. C. 185.

  2. Зянковіч (Zienkowicz) Леан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 391.

  3. Зянковіч (Zienkowicz) Леан / А. І. Мальдзіс // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 545–546.

  4. Раманаў, С. Выкладчыкі і вучні Свіслацкай гімназіі : [ХІХ ст.] / Сяргей Раманаў // Свіслацкая газета. 2013. 4 мая. С. 9 ; 16 мая. С. 6 ; 22 мая. С. 6 ; 29 мая. С. 6.

  5. Пракаповіч, Н. Леан Зянковіч : гісторыя нашага земляка — «ляха з Ляхоў» / Наталля Пракаповіч // Газета для вас. Івацэвічы, 2010. 20 жніўня. С. 16.

  6. Пракаповіч, Н. Гісторыя «Ляха з Ляхоў» : [Леан Зянковіч] / Наталля Пракаповіч // Раённыя будні.Пружаны,2008. 15 сакавіка. С. 9.

  7. Пружаншчына літаратурная : [в. Ляхі Пружанскага сельсавета — радзіма Леана Зянковіча] // Раённыя будні. Пружаны, 1998. 26 мая. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 512 разоў