Чацвер, 09 Жнівень 2012 10:50

140 гадоў з часу заснавання Пінскага рэальнага вучылічша – першага рэальнага вучылішча на Беларусі (1872)

Рэальныя вучылішчы – сярэднія навучальныя ўстановы ў ХVIII – пачатку ХХ ст. З’явіліся першапачаткова ў Германіі.

{gcontent}На Беларусі першыя рэальныя вучылішчы адкрыты ў Пінску (1872), Мінску (1880), Магілёве (1885). Акрамя традыцыйных формаў выхавання тут выкарыстоўваліся і новыя, у тым ліку экскурсіі на заводы. У 1885 г. ў Пінскім рэальным вучылішчы навучаліся 185, у Мінскім – 132, у Магілёўскім – 142 юнакі. У 1890-х гг. у рэальных вучылішчах скасавана камерцыйнае аддзяленне (ствараліся асобныя камерцыйныя школы, нарыклад, у Мінску ў 1901 г.). У пачатку ХХ ст. выпускнікі рэальных вучылішчаў атрымоўвалі права паступаць і на фізіка-матэматычныя і медыцынскія факультэты ўніверсітэтаў (са здачай дадатковага экзамена па латыні). У 1915 г. было 10 рэальных вучылішчаў (3 прыватныя): у Беластоку, Вільні, Віцебску, Гродне, Дзвінску, Мінску, Магілёве, Пінску, Слоніме, Рагачове. Скасаваны ў 1915–1918 гг.

Пінскае рэальнае вучылішча заснавана ў 1872 г. на базе мужчынскай гімназіі; першае рэальнае вучылішча на Беларусі. Уваходзіла ў Віленскую навучальную акругу. Мела 7 класаў. На чале з дырэктарам працавалі 16 выкладчыкаў, 3 законанастаўнікі, інспектар. Выкладаліся руская, польская, нямецкая, і французская мовы, геаграфія, хімія, гісторыя, матэматыка, законазнаўства, касмаграфія, маляванне, чарчэнне, пачатковая ваенная навука, музыка, рамёствы, гімнастыка і інш. Выпускнікі мелі перавагу пры паступленні ў вышэйшыя тэхнічныя і сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы, на фізіка-матэматычныя факультэты ўніверсітэтаў. Сярод выкладчыкаў былі выхаванцы вучылішча, выпускнікі Мінскай духоўнай семінарыі, Віленскага настаўніцкага інстытута, універсітэтаў Масквы, Юр’ева, Кіева, Лейпцыгскай філалагічнай семінарыі і інш.

У 1915 г. вучылішча пераведзена ў Мазыр. У 1918 г. скасавана.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Пінскай гарадской цэнтральнай бібліятэкай. Баговіч Таццяна Канстанцінаўна, гал. бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

  1. Пінскае рэальнае вучылішча // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 12. С. 366.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 832 разоў Апошняя змена Серада, 28 Жнівень 2013 12:17