Панядзелак, 17 Снежань 2018 10:36

21 студзеня 2018 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Івана Архіпавіча Аношкіна (1928–2013), пісьменніка-сатырыка, гумарыста, журналіста, аўтара кніг для дзяцей

Іван Архіпавіч Аношкін нарадзіўся 21 студзеня 1928 г. у вёсцы Антонаўка Чавускага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Антонаўскай сямігодцы. У 1947 г. скончыў Суражскае педагагічнае вучылішча Бранскай вобласці. Пасля педвучылішча працаваў выхавацелем Далісіцкага дзіцячага дома на Браншчыне. Зімой 1947 г. адазваны райкомам партыі на пасаду адказнага сакратара рэдакцыі суражскай раённай газеты «Маяк коммуны».


Восенню 1948 г. Іван Аношкін пераехаў на Брэстчыну, працаваў загадчыкам Мышчыцкай пачатковай школы Жабінкаўскага раёна, адказным сакратаром рэдакцыі жабінкаўскай раённай газеты «Ленинский путь», карэспандэнтам абласной газеты «Заря». У рэдакцыі «Зари» сустрэў і пазнаёміўся з беларускім пісьменнікам Міколам Засімам. Знаёмства перарасло ў сяброўства. Так паступова з Берасцейшчыны пачынаўся шлях Івана Аношкіна ў літаратуру.


Пасля заканчэння Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ у 1956 г. быў рэдактарам чэрыкаўскай раённай газеты «Сацыялістычная перамога». У 1964 г. завочна закончыў гістарычны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута. З 1959 г. — літсупрацоўнік, з 1968 г. — загадчык аддзела абласной газеты «Магілёўская праўда».


Яшчэ вучнем школы Іван Аношкін пачаў складаць нататкі. Спачатку пісаў іх у школьную насценную, потым — раённую газету. Грунтоўна літаратурнай працай займаецца з 1951 г.: замалёўкі, фельетоны ў раённых газетах, часопісе «Вожык». З 1965 г. — член Саюза пісьменнікаў БССР і СП СССР. У 1981–1994 гг. — сакратар Магілёўскага абласнога аддзялення СП БССР. У 1989 г. Іван Архіпавіч быў сярод заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы ў Магілёве. Усё жыццё ён заставаўся абаронцам беларускага слова. Пісьменнік з’яўляўся актыўным удзельнікам літаратурнага клуба «Ветэран» пры Магілёўскім гарадскім савеце ветэранаў.


Аўтар зборнікаў гумарэсак і апавяданняў, у якіх высмейваюцца заганныя рысы ў характары людзей, празаічных зборнікаў, кніжак для дзяцей. Першую кніжку апавяданняў і гумарэсак «Лішні мінус» выдаў у 1959 г. Затым выйшлі зборнікі аповесцей і апавяданняў: «Старыя знаёмыя» (1963), «Брантазаўр» (1973), «Компас паказвае на захад» (1976), «Землякі» (1978). Аўтар зборнікаў апавяданняў і гумарэсак: «Херувім з чорнымі крыламі» (1984), «Курам не да смеху» (1985), аповесці «Чырвоная каліна стаяла…» (1985) пра барацьбу заходнебеларускіх сялян супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту ва ўмовах польскай акупацыі.


Аўтар кніг для дзяцей: «Навічок» (1966), «Алёнчын сакрэт» (1969), «Антонаў ясень» (1981), «Гори, наш костер!» (1989), «Дзве дзяўчынкі, дзве Ірынкі» (1992). У 2007 г. выдадзены зборнік гумарэсак і апавяданняў «Каханне з памялом». Друкаваўся таксама ў калектыўных зборніках. Пры яго актыўным удзеле ўдалося выдаць у 1991–1993 гг. два калектыўныя зборнікі магілёўскіх аўтараў: «Галасы Прыдняпроўя» і «Дняпрўскія хвалі».


Узнагароджаны медалём «За доблесную працу. У адзначэнне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна» (1970).


Памёр Іван Архіпавіч Аношкін 3 лютага 2013 г., пахаваны на Паўднёва-Усходніх могілках у Магілёве.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктароўна, бібліёграф

 

Творы І. А. Аношкіна

1.    Каханне з памялом : гумарэскі і апавяданні / Іван Аношкін. – Магілёў : Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова, 2007. – 193 с.
2.    Дзве дзяўчынкі, дзве Ірынкі / Іван Аношкін. – Мінск : Юнацтва, 1992. – 72 с.
3.    Гори, наш костёр! / Иван Аношкин. – Москва : Детская литература, 1989. – 109 с.
4.    Курам не да смеху : апавяданні, гумарэскі / Іван Аношкін. – Мінск : Выдавецтва ЦК КПБ, 1985. – 47 с.
5.    Чырвоная каліна стаяла… : аповесць / Іван Аношкін. – Мінск : Юнацтва, 1985. – 125 с.
6.    Херувім з чорнымі крыламі : гумарэскі, апавяданні / Іван Аношкін. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. – 133 с.
7.    Антонаў ясень : апавяданні / Іван Аношкін. – Мінск : Юнацтва, 1981. – 80 с.
8.    Землякі : аповесць і апавяданні / Іван Аношкін. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. – 173 с.
9.    Компас паказвае на захад : аповесць : для сярэд. шк. узросту / Іван Аношкін. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. – 204 с.
10.    Брантазаўр : гумарэскі / Іван Аношкін. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1973. – 92 с.
11.    Алёнчын сакрэт : апавяданні : для мал. узросту / Іван Аношкін. – Мінск : Беларусь, 1969. – 56 с.
12.    Навічок : апавяданні : для сярэд. узросту / Іван Аношкін. – Мінск : Беларусь, 1966. – 76 с.
13.    Старыя знаёмыя : апавяданні і гумарэскі / Іван Аношкін. – Мінск : Дзяржвыд БССР, 1963. – 99 с.
14.    Лішні мінус : гумарэскі / І. А. Аношкін. – Мінск : Звязда, 1959. – 39 с.
15.    Скарачэнне штатаў : лясная казка ; Камень на дарозе : гумарэска / Іван Аношкін // Галасы Прыдняпроўя. Магілёўшчына літаратурная. Мінск : Мастацкая літаратура. 1991. С. 312–317.
16.    Юшка на Падліпаўскіх плёсах : апавяданне / Іван Аношкін // Галасы Прыдняпроўя. Магілёўшчына літаратурная. Мінск : Мастацкая літаратура. 1991. С. 190–207.
17.    Мае рабінавыя ночы : [аўтабіяграфія] / Іван Архіпавіч Аношкін // Вытокі песні : аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў / [складанне Янкі Казекі]. Мінск : Мастацкая літаратура, 1973. С. 13–18.
18.    Верце хлусу! : гумарэска / Іван Аношкін // Вожык. 2011. № 1. С. 80.
19.    Жыве яго слова : Аркадзю Кандрусевічу было б 80 / Iван Аношкін // Вестник Могилёва. 2009. 11 сентября.
20.    Перапёлка ў смятане : гумарэска / Іван Аношкін // Вожык. 2008. № 1. С. 80.
21.    Усё жыццё і адна ноч : быль / Іван Аношкін // Іскра. 2004. 19 чэрвеня. С. 2.
22.    Плямачка : гумарэска / Іван Аношкін // Іскра. 1998. 24 студзеня. С. 4.

 

Аб жыцці і творчасці І. А. Аношкіна

1.    Аношкін Іван Архіповіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 357.
2.    Іван Аношкін // Літаратурная карта Берасцейшчыны / [уклад. А. Крэйдзіч]. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2008. С. 206.
3.    Іван Аношкін // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / [склад. А. К. Гардзіцкі]. Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. С. 21.
4.    Аношкін Іван // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1992. Т. 1. С. 86–90.
5.    Аношкін Іван Архіповіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 121–122.
6.    Аношкин Иван Архипович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 19.
7.    Комлев, Н. Меткое слово Ивана Аношкина / Николай Комлев // Могилёвская правда. 2018. 18 января.
8.    Искров, Л. Он не ушел, он — с нами / Л. Искров // Веснік Магілёва. 2014. 5 лютага. С. 3.
9.    Памяти товарища // Веснiк Магiлёва. 2013. 6 лютага. C. 2.
10.    Памяти товарища // Могилёвская правда. 2013. 8 февраля.
11.    Івану Аношкіну — 85 // Веснiк Магiлёва. 2013. 23 студзеня. C. 9.
12.    Клімуць, Я. Талент чалавечнасці / Яраслаў Клімуць // Могилёвская правда. 2013. 18 января. C. 15.
13.    Бензярук, Р. Берасцейскія карані Івана Аношкіна / Расціслаў Бензярук // Сельская праўда. 2003. 26 лютага. С. 2.
14.    Самойлава, В. Сустрэча на радзіме пісьменніка / В. Самойлава // Іскра. 1998. 2 лютага. С. 2.
15.    Івану Аношкіну — 70! // Могилёвская правда. 1998. 20 января. С. 4.
16.    Бордиловский, В. Его произведения просты, как хлеб и соль / В. Бордиловский // Магілёўскія ведамасці. 1998. 20 студзеня. С. 5.
17.    Дуктаў, У. Шчодры талент : Івану Аношкіну — 70! / У. Дуктаў // Магілёўская праўда. 1998. 20 студзеня. С. 4.
18.    Атрашкевіч, В. Зорка пісьменніка : Аношкіну Івану — 60 год / В. Атрашкевіч // Магілёўская праўда. 1988. 21 студзеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2133 разоў Апошняя змена Пятніца, 05 Люты 2021 15:20