Чацвер, 09 Жнівень 2012 10:55

9 сакавiка 2012 г. – 65 гадоў з дня нараджэння М. Панасюка (1947, Драгічынскі р-н), пісьменніка-дакументаліста

Панасюк Мікола (Мiкалай Васiльевiч), беларускі публіцыст-дакументаліст, празаік нарадзіўся 9 сакавiка 1947 г. на хутары непадалёк ад в. Галоўчыцы Драгічынскага раёна ў сям’і селяніна.

{gcontent}Некранутая ў той час меліяратарамі прырода аказвала на фарміраванне светапогляду, характар хлопчыка надзвычай станоўчы ўплыў: сваё захапленне ён з ранніх гадоў спрабаваў выказаць мовай малюнкаў, у школьныя гады пачаў пісаць вершы. Многія з іх ён друкаваў у “Чырвонай змене”, “Сельскай газеце”, часопісе “Маладосць”, але сваё прызванне знайшоў у далейшым у дакументальнай прозе.

3 1965 г. працаваў літсупрацоўнікам, а потым адказным сакратаром Іванаўскай раённай газеты “Чырвоная звязда”. Тут ён заснаваў літаратурнае аб’яднанне “Ясельда”. Некаторы час працаваў у Драгічынскай раённай газеце “Запаветы Леніна”, у брэсцкай абласной “Заре”.

У тым жа годзе, калі пачаў працаваць у перыядычным друку, стаў вучыцца завочна на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. У кастрычніку 1969 г. яго нарыс “Барозны ніколі не канчаюцца” пра сельскага механізатара П. Л. Пернача надрукавала газета “Звязда”. А за нарыс “Кароль кавальскай справы”, дасланы на конкурс “Звязды” і Белсаўпрофа, Мікола Панасюк быў удастоены другой прэміі. Менавіта гэтыя, а таксама іншыя публікацыі ў рэспубліканскай прэсе і вызначылі яго далейшы лёс: з чэрвеня 1970 г. ён – уласны карэспандэнт “Звязды” па Брэсцкай вобласці.

3 гэтага часу і пачынаецца плённы перыяд у яго творчасці. У 1975 г. ён выдае адразу дзве кнігі – у выдавецтве “Народная асвета” зборнік дакументальных апавяданняў пра піянераў-падпольшчыкаў Заходняй Беларусі “Мужнелі ў барацьбе”, а ў выдавецтве "Беларусь" – пра лётчыка-касманаўта СССР П. Клімука “Арыенцір – сузор’е Арыён”. У 1977 г. у тым жа выдавецтве ўбачыла свет дапрацаванае і перакладзенае Уладзімірам Жыжэнкам на рускую мову другое выданне аповесці “К созвездням”. У ім апавядаецца не толькі пра першы (з В. Лебедзевым), але і пра другі, на гэты раз працяглы касмічны палёт П. Клімука з В. Севасцьянавым на каляземнай арбіце. Урыўкі з гэтай аповесці (“Чула маё сэрца”, “Мітынг у калгасе”, “У роднай хаце”, “Ізноў у палёце”) увайшлі ў двухтомнік “Беларускі савецкі нарыс” (“Мастацкая літаратура”, 1977).

Затым разам з Васілём Татунам і Сцяпанам Літвінчуком напісаў кнігу нарысаў пра старажылаў рэспублікі – “Шчодрае даўгалецце” (1980), разам з Васілём Татунам – “Крона вечного дерева” (1987) – пра дружбу беларусаў і палякаў, іх прыгранічныя сувязі.

Адна за адной выходзяць кнігі Міколы Панасюка, у якіх ён апавядае пра сваіх землякоў – людзей палескай вёскі: “Полесская целина” (1982), “Світальныя зоркі” (1987), “Зоркі над Бугам” (1990).

Плённай была ў яго праца і ў часопісе “Коммунист Белоруссии” са студзеня 1987 г. У гэты перыяд творчасці ўжо сталы аўтар многіх дакументальных твораў змяшчае на старонках часопіса шэраг матэрыялаў пра людзей удмурцкай нацыянальнасці, якія воляй лёсу былі закінуты ў Беларусь. Невялічкая дакументальная аповесць “Двое у родничка” змешчаная ў калектыўным зборніку “Вчера, сегодня, завтра Советской Удмуртии”, выдавецтва “Удмуртия” (1990). 3 1991 г. Мікола Панасюк уласны карэспандэнт часопіса “Беларуская думка” па Брэсцкай вобласці.

Ён заўсёды сярод людзей, у пастаянным дыялогу. Тыя шчырыя надзённыя дыялогі-інтэрв’ю з года ў год не зыходзілі са старонак абласной газеты “Народная трыбуна”, аформіліся ў асобную кнігу “Дыялог на мяжы стагоддзяў”, якая прынесла аўтару тытул “Берасцейская зорка – 2000” у намінацыі “Журналістыка”.

На мяжы двух стагоддзяў Мікалай Васільевіч вяртаецца да пошуку. Як вынік – кніга вершаў “Крык немаўляці”, якая вытрымала 7 выданняў. Аўтар удала спалучае як вершаваныя, так і гісторыка-дакументальныя радкі, ствараючы праўдзівы летапіс роднага краю, новага стагоддзя:

Шануй свой кут, нашчадак – Беларус,

Усё, што над зямлёй і на зямлі.

І самы доўгі вышыты абрус

На стол стагоддзяў мірных насцялі.

З кожнага паэтычнага твора можа атрымацца мілагучная песня – гімн роднаму краю, маленькай радзіме, сваім бацькам, да якіх аўтар адносіцца з незгасальнай любоўю:

Мая раённая сталіца –

Драгічын, ціхі гарадок …

Табе спяваць і весяліцца –

Дарог і радасці выток.

Тэматыка вершаў Міколы Панасюка шматгранная. Аўтара цікавяць самыя разнастайныя праблемы: складаная дэмаграфічная – “Штогод у хатах недарод”, экалагічныя катастрофы, запусценне ў вёсках, на некалі квітнеючых хутарах. Кола праблем, якія ўзнімае паэт у сваіх творах, надзвычай шырокае. Аднак у аснове яго творчасць жыццясцвярджальная. Людзі не вечныя, аднак куды больш працяглае жыццё іх спраў, якія яны пакідаюць пасля сябе, якія застаюцца, як запавет нашчадкам. Запавет паэта – ягонныя вершы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г. Драгiчынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Кобак Ніна Паўлаўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання i iнфармацыi

{/gcontent}

Творы М. Панасюка

  1. Арыенцiр – сузор’е Арыён / М. Панасюк. Мінск : Беларусь, 1975.
  2. Мужнелi ў барацьбе / М. Панасюк. Мінск : Народная асвета, 1975. 79 с.
  3. К созвездиям / Н. Панасюк. Минск : Беларусь, 1977. 208 с.
  4. Шчодрае даўгалецце / М. Панасюк. Мінск : Беларусь, 1980. 175 с.
  5. Полесская целина / Н. Панасюк. Минск : Беларусь, 1982. 174 с.
  6. Свiтальныя зоркi / М. Панасюк. Мінск : Ураджай, 1987. 64 с.
  7. Крона вечного дерева / Н. Панасюк. Минск : Беларусь, 1987. 127 с.
  8. Зоркi над Бугам / М. Панасюк. Мінск : Беларусь, 1990. 78 с.
  9. Без маленькой Удмуртии моей... : [очерки] / издание журнала “Беларуская думка” ; Н. Панасюк. Брест, 1994. 80 с. (Б-чка публициста; Вып. 3).
  10. Завет гражданину Республики Беларусь ХХI столетия : главная семейная книга : памятное издание-пожелание / авт.-сост.: Н. В. Панасюк, С. Н. Панасюк. Минск : Технопринт, 1998. 145 с.
  11. Завет гражданину ХХI столетия : главная семейная книга / авт.-сост.: С. Н. Панасюк, Н. В. Панасюк. Брест : Брест. тип., 2008. 50 с.
  12. Дыялог на мяжы стагоддзяў. 1999–2000. Мінск : Тэхнапрынт, 2000. 287 с.
  13. У новы век. Мінск : Тэхнапрынт, 2001. 83 с.
  14. Крык немаўляцi : старонкi з жыцця Пятра Клiмука. Вершы. У фотааб'ектыве Аляксея Скакуна / М. Панасюк ; прадм. А. Курца. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2004. 69 с.
  15. Не повторить сорок первый : страницы из жизни современника / М. Панасюк. Брест : Брестская типографія, 2009. 149 с.
  16. К созвездиям : к 70-летию со дня рождения Петра Ильича Климука / М. Панасюк. Брест : Брестская типографія, 2011. 15 с.
  17. Ад Камароўкі да Байканура / М. Панасюк // Беларуская думка. 2002. № 6. С. 15–22.
  18. Закіньце слоўца за культуру пракурору / М. Панасюк // Белорусская нива. 2003. 1 марта. С. 8.
  19. У лона чыстых крыніц / М. Панасюк // Беларуская думка. 2003. № 3. С. 61–67.
  20. З дыпломам ад Дзеда Мароза / М. Панасюк. // Народная трыбуна. 2004. 31 снеж. С. 1.
  21. Трэба пісаць сэрцам / М. Панасюк // Народная трыбуна. 2004. 9 кастр.
  22. З Гановера – з добрым настроем / М. Панасюк // Народная трыбуна. 2005. 19 ліст.
  23. 3 Лістапада – у горад над Бугам / М. Панасюк // Народная трыбуна. 2005. 3 снеж.
  24. Лепшыя радкі – пра аграгарадкі / М. Панасюк // Народная трыбуна. 2005. 24 снеж.
  25. На скрыжаванні творчых шляхоў, або Некалькі штрыхоў да творчага партрэта Уладзіміра Сітухі замест пасляслоўя да кнігі “Скакуны” / М. Панасюк // Драгiчынскi веснiк. 2005. 10 жн.; 17 жн.; 24 жн.
  26. Пад крылом улады / Мікола Панасюк // Народная трыбуна. 2005. 3 снеж.
  27. Са старонак “Народнай трыбуны” на старонкі кнігі / М. Панасюк // Народная трыбуна. 2005. 13 жн. С. 3.
  28. Святло бацькоўскіх хат / М. Панасюк // Белорусская нива. 2005. 6 мая.
  29. Чакала дадому сыноў... / М. Панасюк // Драгічынскі веснік. 2005. 18 мая.
  30. Бібліятэчцы – імя земляка / М. Панасюк // Белорусская нива. 2006. 31 янв.
  31. Бездзежскi фартушок / М. Панасюк // Народная трыбуна. 2006. 18 кастр.
  32. Дар ад продкаў / М. Панасюк // Белорусская нива. 2006. 6 июля. С. 4.
  33. Мастакi напярэдаднi юбiлею / М. Панасюк // Народная трыбуна. 2006. 6 студз.
  34. Деньги на ветер? Лучше – на сахар / Н. Панасюк // Белорусская нива. 2009. 14 мая. С. 1.
  35. Идти вперед и победить / М. Панасюк // Брестский вестник. 2009. 20 авг. С. 8.

 

Аб жыцці і творчасці пісьменніка

  1. Гарифулин, И. Не повторить сорок первый / И. Гарифулин // Чырвоная звязда (Іванава). 2007. 22 чэрв. С. 7.
  2. Гармель, І. Крык немаўляці – крык душы... : [пра кнiгу М. Панасюка “Крык немаўляці”] / Іна Гармель // Белорусская нива. 2005. 2 марта.
  3. Грышкевіч, Т. Дарог і радасці выток!.. : [аб новым выданні М. Панасюка “Крык немаўляці”] / Т. Грышкевіч // Драгічынскі веснік. 2005. 1 чэрв.
  4. Грышкевіч, Т. Мілыя сэрцу вобразы : [прэзентацыя кнігі М. Панасюка “Крык немаўляці” у Драгічынскай центральнай бібліятэцы] / Т. Грышкевіч // Народная трыбуна. 2002. № 16. С. 3.
  5. Крэйдзіч, А. Акрылены, узнёслы, апантаны… : пісьменніку-дакументалісту – 60 / А. Крэйдзіч // Драгічынскі веснік. 2007. № 20–21. С. 5.
  6. Крэйдзіч, А. Акрылены, узнёслы, нястомны… : пісьменніку-дакументалісту – 60 / А. Крэйдзіч // Белорусская нива. 2007. № 54–55.
  7. Курэц, А. Паэтычны пошук на мяжы стагоддяў : прадмова // Панасюк М. Крык немаўляці / М. Панасюк. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2002. С. 3–5.
  8. Мікола Панасюк // Ляшук В. Я. Літаратурная Берасцейшчына : краязнайчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Мінск : Литература и Искусство, 2008. С. 271–297.
  9. Мікола Панасюк : біяграфічная даведка // Ясельда : юбілейны зборнік Іванаўскага літаб’яднання. Іванава, 2006. С. 76.
  10. Мікола Панасюк : жыццёвы і творчы шлях // Памяць : гісторыка- дакументальная хроніка Драгічынскага раёна. Мінск : БЕЛТА, 1997. С. 443–444.
  11. Шануй свой кут : да 60-годдзя з дня нараджэння М. Панасюка / укл. Н. П. Кобак. Драгічын, 2007. 5 с.
Чытаць 1366 разоў Апошняя змена Серада, 28 Жнівень 2013 12:16