Чацвер, 11 Красавік 2019 09:09

2019 г. — 430 гадоў з часу стварэння Брэсцкай эканоміі, гаспадарчай адзінкі Вялікага Княства Літоўскага (1589)

У Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім у ХVІ–ХVІІІ стст. эканоміі з’яўляліся феадальнымі гаспадаркамі, дзяржаўным зямельным уладаннем. На каранацыйным сойме 1588 г. для забеспячэння караля і вялікага князя Жыгімонта ІІІ Вазы былі ўстаноўлены сталовыя эканоміі: Аліцкая, Берасцейская, Гарадзецкая, Камянецкая, Кобрынская, Магілёўская, Шавельская. У ВКЛ раздзяленне паміж каралеўскай і дзяржаўнай маёмасцю адбылося ў 1589 г.

У 1589–1590 гг. былі выдзелены эканоміі з каралеўскіх і вялікакняжацкіх уладанняў для задавальнення патрэб двара (стала) караля і вялікага князя і прыдворнай казны. Эканоміі мелі ўласнае адміністрацыйна-гаспадарчае кіраванне, падначаленае надворнаму падскарбію ВКЛ. У склад эканоміі ўваходзілі гарады і воласці, якія падзяляліся на войтаўствы на чале з войтам. На Беларусі існавалі Брэсцкая, Гродзенская, Кобрынская, Магілёўская, Лідская, Пінская і Слонімская эканоміі.
Брэсцкая (Берасцейская) эканомія была арганізавана ў 1589 г. з дзяржаўных маёнткаў. З’яўлялася асобнай адміністрацыйна-гаспадарчай адзінкай, яе маёнткі здаваліся ў арэнду. Даходы ішлі на ўтрыманне каралеўскага двара (стала). Сталовыя эканоміі звычайна аддаваліся ў трыманне з падданымі, якія абавязаны былі выконваць на карысць новага гаспадара ўсе павіннасці і выплачваць усе падаткі, вызначаныя адпаведнымі «ўставамі».

У гэты час (канец ХVІ ст.) у ВКЛ канчаткова фактычна і юрыдычна аформілася прыгоннае права. На сацыяльна-эканамічнае жыццё ў ХVІІ ст. уплывалі шматлікія войны, з-за якіх у сярэдзіне гэтага стагоддзя колькасць насельніцтва скарацілася больш чым у два разы. Пасля руска-польскай вайны 1654–1667 гг. пуставала больш паловы ворных земляў. Толькі ў канцы ХVІІ ст. гаспадарка пачала аднаўляцца, ажыўляліся рамёствы і гандаль.

У пачатку ХVІІІ ст. Брэсцкая эканомія аб’яднана з Кобрынскай у Брэсцка-Кобрынскую эканомію. Разам яны паказаны ў інвентарах, рэвізіях, кантрактах, маюць агульную адміністрацыю. З 1742 г. Брэсцкая і Кобрынская эканоміі знаходзіліся ў трыманні графа Юрыя Флемінга. У 1757 г. Ежы Флемінг атрымаў Брэсцка-Кобрынскую эканомію ў трыманне на 6 гадоў. У тым жа годзе замест падзелу на воласці і войтаўствы адбыўся падзел на губерні і ключы, да якіх дапісваліся яшчэ асобныя вёскі, фальваркі і інш. Ваенныя дзеянні, агульны гаспадарчы заняпад, палітычнае пагаршэнне сітуацыі ў Рэчы Паспалітай не далі станоўчых вынікаў у развіцці эканоміі.

Асноўныя эканамічныя рэформы ў Еўропе ХVІІІ ст. заключаліся ў працэсе ўдасканалення сельскай гаспадаркі, стварэнні дзяржаўных мануфактур і паляпшэнні гандлю. На сойме 1764 г. было прынята рашэнне перадаць каралеўскія эканоміі ў дзяржаўнае кіраванне. У другой палове ХVІІІ ст. надворным падскарбіем графам Антоніем Тызенгаўзам у каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ была праведзена эканамічная рэформа, якая адначасова ахоплівала сельскую гаспадарку, прамысловасць і гандаль.

Брэст і Кобрын з’яўляліся цэнтрамі каралеўскіх сталовых эканомій, але не сталі важнымі прамысловымі асяродкамі. Некалькі вылучаецца Брэст, у прадмесці якога было створана 5 мануфактур, вялася актыўная забудова горада. У Брэсце ў 1770 г. адкрылася каралеўская суконная мануфактура, якая мела 7 ткацкіх станкоў і 12 калаўротаў. У выніку страты гарадамі і мястэчкамі Магдэбургскага права ў 1776 г., становішча іх яшчэ больш ускладнілася (у Брэсце магдэбургія засталася).

Узмацненне павіннаснага абкладання сялянства, хоць на першым часе і павялічыла грашовыя паступленні ў скарб, у выніку прывяло да пагаршэння эканамічнага становішча феадальна залежнага насельніцтва і страты далейшай перспектывы эканамічнага развіцця. У 1777 г. А. Тызенгаўз быў змешчаны з пасады адміністратара каралеўскіх уладанняў, але стаў трымальнікам эканомій, пакуль канчаткова не страціў давер у 1780 г.

У выніку ўзмацнення эксплуатацыі сялян і інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці даходнасць Брэсцка-Кобрынскай эканоміі пад канец ХVІІІ ст. у параўнанні з ХVІІ ст. павялічылася ў 8 разоў. Падаткава-павіннасны ціск павялічваўся як на сялян, так і на мяшчан. Большасць сялян эканоміі — цяглыя, за карыстанне паловы валокі адраблялі штогод 208 дзён паншчыны, выконвалі розныя павіннасці — згоны, шарваркі, падводную, вартавую і інш. Жорсткае прыгнятанне неаднойчы было прычынай сялянскіх хваляванняў. У 1778 г. у Брэсцка-Кобрынскай эканоміі адбыўся сялянскі бунт, які быў задушаны войскамі.

Паводле інвентару 1783 г. Брэсцка-Кобрынская эканомія мела 5 «губерняў» (у якія ўваходзілі 45 ключоў), 17 фальваркаў, 8 гарадоў, 223 вёскі, усяго 5745 валок (1 валока — 21,3 га) зямлі, уключала таксама Белавежскую пушчу. На адну сялянскую гаспадарку прыходзілася 0,58 валокі. У 1780-я гг. колькасць насельніцтва эканоміі — 47 тыс. чалавек.

Пасля далучэння да Расійскай імперыі (1795) уладанні Брэсцка-Кобрынскай эканоміі былі раздадзены ці прададзены прыватным асобам. Дзівінскі і Пружанскі ключы былі падораны генерал-фельдмаршалу Пятру Румянцаву-Задунайскаму, Кобрынскі ключ — генерал-фельдмаршалу Аляксандру Сувораву.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Берасцейская эканомія // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 108.
  2. Брестская экономия // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 515.
  3. Берасцейская эканомія / Якаў Мараш // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 317.
  4. Брэсцкая эканомія / Я. Н. Мараш // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 99.
  5. Брестская экономия // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 127–128.
  6. Брестская экономия / Я. Н. Мараш // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 105.
  7. Кобрынская эканомія / Леў Казлоў // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. 2-е выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 117.
  8. Кобрынская эканомія / Л. Р. Казлоў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 369.
  9. Кобринская экономия // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 297.
  10. Кобрынская эканомія / М. І. Камінскі // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 44.
  11. Эканомія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 6, кн. 2. С. 252.
  12. Экономии // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 737.
  13. Эканомія // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 417.
  14. Казлоў, Л. Р. Кобрынская эканомія / Л. Р. Казлоў // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : БЕЛТА, 2002. С. 44–45.
  15. Тызенгаўз Антоній ; Тызенгаўза рэформа // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. 2-е выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 677–679.
  16. Гардзееў, Ю. Рамантык эпохі асветніцтва. Антон Тызенгаўз / Юры Гардзееў. – Мінск : Тэхналогiя, 2008. – 67 с. – (Нашы славутыя землякi).
  17. Вашкевіч, А. Апошні план паратунку Рэчы Паспалітай: чаму ўсё пайшло не так : [эканамічная рэформа А. Тызенгаўза] / А. Вашкевіч // Наша гісторыя. 2018. № 1. С. 30–33.
  18. Кітурка, І. Інвентар 1742 г. Брэсцкай і Кобрынскай эканомій як унікальная крыніца па эканамічнай гісторыі Беларусі / Ірына Кітурка // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. Bialystok, 2013. № 40. S. 31–52.
  19. Кітурка, І. Асветніцтва і аграрныя рэформы ў Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове XVIII ст. / Ірына Кітурка // ARCHE. Пачатак. 2011. № 6. С. 203–230.
  20. Кітурка, І. Спробы мадэрнізацыі эканомікі ВКЛ у другой палове XVIII cт. / Ірына Кітурка // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. Bialystok, 2003. № 20. S. 33–48.
  21. Кітурка, І. Нескарыстаная альтэрнатыва развіцця Берасцейскай і Кобрынскай эканомій у другой палове 18 ст. / Ірына Кітурка // Гістарычны альманах. 2001. Т. 5. С. 68–77.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1328 разоў Апошняя змена Серада, 14 Красавік 2021 15:40