Пятніца, 12 Красавік 2019 11:13

28 лютага 2019 г. — 25 гадоў з дня ўтварэння рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Прастыр» (Пінскі р-н; 1994)

Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Прастыр» размешчаны на тэрыторыі Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, утвораны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 115 ад 28 лютага 1994 г. 28 снежня 2005 г. рашэннем Пінскага райвыканкама была створана дзяржаўная прыродаахоўчая ўстанова «Рэспубліканскія ландшафтныя заказнікі „Сярэдняя Прыпяць“ і „Прастыр“». Змены па тэрыторыі заказніка «Прастыр», рэжыме яго аховы і карыстання адбываліся згодна з пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2008 г. і 2 лютага 2011 г. Пасля апошняга пераўтварэння яго плошча значна павялічылася і складае 9545 га.

З 2008 г. заказнік «Прастыр» мае статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння (Рамсарскай тэрыторыі) і тэрыторыі міжнароднага значэння, важнай для птушак. На поўдні заказнік мяжуе з Украінай і з’яўляецца часткай перспектыўнай трансгранічнай асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі «Прастыр – Прыпяць – Стаход» (Беларусь – Украіна).
Заказнік «Прастыр» уяўляе сабой апошні тыповы куток прыроды Заходняга Палесся, які захаваўся сярод змененых ландшафтаў. Уключае міжрэччы Прыпяці і Прастыры, поймы рэк Гнілая Прыпяць і Стыр. На тэрыторыі заказніка чаргуюцца забалочаныя лугі, адкрытыя асаковыя балоты, чаротавыя і трысняговыя зараснікі. Сярод гэтай забалочанай прасторы раскіданы невялікія сухія ўзвышэнні і цэлая сетка дробавых азёр і старыц. Тэрыторыя моцна абводнена, у выніку чаго нават у засушлівыя гады яна рэдка даступная, а пры высокай вадзе — зусім непраходная. Гідраграфічная сетка прадстаўлена рэкамі, а таксама шматлікімі пратокамі, каналамі і гістарычнымі азёрамі. Шырыня рэк Прыпяць і Прастыр у межах заказніка вагаецца ад 15 да 40 м (месцамі да 60 м).

Па структуры расліннасці заказнік «Прастыр» уяўляе сабой буйнае нізіннае пойменнае балота, значная частка тэрыторыі якога (каля 35 %) зарасла асакой i чаротам. Лугавая расліннасць займае каля 1/3 тэрыторыі, пры гэтым дамінуюць вільготныя пойменныя лугі, якія ў перыяд звычайнай паводкі затапляюцца на тэрмін да 2–3 месяцаў. Няпойменныя рознатраўна-зёлкавыя лугі размешчаны ў асноўным па нешматлікіх мінеральных «астравах». Каля чвэрці тэрыторыі занята хмызнякамі, сярод якіх пераважаюць вярбовыя зараснікі. У цэнтральнай частцы вярба прадстаўлена асобнымі курціннымі або адзінкавымі экзэмплярамі. Лясы, якія раней пакрывалі мінеральныя «выспы», у цяперашні час практычна зніклі. Захаваліся толькі невялікія ўчасткі чорнаальховых лясоў па левабярэжжы Прастыры і берагах Гнілой Прыпяці.

На тэрыторыі заказніка «Прастыр» выяўлена 11 тыпаў асабліва каштоўных раслінных супольнасцяў. Найбольшую каштоўнасць уяўляюць комплексы пойменных буйнаасаковых балот, а таксама ўчасткі карнявых балотных высокаўзроставых хваёвых лясоў, чорнаальховы лес на нізінных балотах, высокаўзроставыя дубровы на мінеральных «выспах» сярод балот, высокаўзроставыя грабавыя, ясеневыя, асінавыя і бярозавыя лясы, карэнныя высокаўзроставыя яловыя лясы за граніцай суцэльнага распаўсюджвання ёлкі.

Флора заказніка «Прастыр» з-за моцнай забалочанасці і абсалютнага дамінавання пойменных балот адрозніваецца невялікай краявіднай разнастайнасцю. Тут выяўлена 525 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. 8 відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: сальвінія плавучая, касач сібірскі, валдырнік ягадны, крапіва кіеўская, гарлачык белы, аднацветка аднацветкавая, зубніца клубняносная.

У заказніку ўстаноўлена пражыванне 40 відаў жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: 12 насякомых, 1 паўзун, 26 птушак, 1 млекакормячы. Сярод іх: казуркі — жужалі фіялетавыя, жужаль залацістаямчаты, жужаль Менетрые, Красацель бронзавы, жук-алень, Апалон чорны, пядзенікі прыгожыя, металавідка кровахлебкавая, саўка (лентачніца) мышастая, мядзведзіца-гаспадыня, блакітніца чарнаватая, чмель імховы; паўзуны — балотная чарапаха; птушкі — вялікі бугай, малы бугай, чорны бусел, змеяед, скапа, вялікі арлец, малы арлец, арлан-белахвост, палявы мышалоў, малы пагоныш, шэры журавель, вялікі вераценнік, дупель, малая чайка, шызая чайка, белашчокая крачка, пугач, зімародак, зялёны дзяцел, беласьпінны дзяцел, вяртлявая чаротаўка, белая лазораўка; млекакормячыя — арэшнікавая соня. Дзякуючы цяжкай праходнасці тэрыторыя заказніка мае важнае значэнне для лася, паколькі пойма служыць месцам летняга прытулку для самак з маладняком.

У складзе арнітафаўны зарэгістравана 133 віды птушак, сярод якіх 116 відаў гняздуецца на тэрыторыі заказніка. Найбольшае значэнне тэрыторыя заказніка мае для водна-балотных птушак. Тут гняздуюцца 4 віды птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення: вялікі арлец, дупель, вялікі вераценнік і вяртлявая чаротаўка. Акрамя таго, на тэрыторыі заказніка жыве значная частка нацыянальнай папуляцыі салаўінага цвыркуна, малога і звычайнага пагоныша, вялікай белай чаплі, малога бугая і пугача.

На рэгіянальнай выставе-кірмашы «Брэст. Садружнасць-2013» былі прадстаўлены турыстычныя магчымасці рэгіёна. Дыпломам за паспяховую работу па прасоўванні турыстычных паслуг узнагароджана ДПУ «Рэспубліканскія ландшафтныя заказнікі „Сярэдняя Прыпяць“ і „Прастыр“» (дырэктар Віктар Мікалаевіч Бяленка).

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц.
Анцімонік Кацярына Міхайлаўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Прастыр / П. І. Лабанок // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 21.
  2. Простырь // 50 уникальных заповедных территорий Беларуси / Н. А. Юргенсон [и др.]. Минск : БелЭн, 2017. С. 266–268.
  3. Простырь / П. И. Лобанок // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 275–276.
  4. Простырь / П. И. Лобанок // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 300–301.
  5. Простырь // Туристские регионы Беларуси : Минск : БелЭн, 2008. С. 90–91.
  6. Простырь // Заповедные территории Беларуси / сост.: П. И. Лобанок. – Минск : БелЭн, 2008. – С. 320–323.
  7. Простырь // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск : БелЭн, 2007. С. 472.
  8. Транскордонна Рамсарська територія «Прип’ять – Стохід – Простир»: розвиток спільноϊ природоохоронноϊ діяльності Украϊни і Республіки Білорусь. – [Б. м. : б. в.], 2010. – 53 с. : iл.
  9. Заказнікі Піншчыны : методыка-бібліяграфічныя матэрыялы / склад. Т. В. Савіловіч. – Пінск, 2002. – 18 с.
  10. Бойко, В. И. Редкие и охраняемые виды флоры республиканского заказника «Простырь» / В. И. Бойко, Ю. Ф. Рой // Проблемы оценки, мониторинга и сохранения биоразнообразия : сборник материалов региональной научно-практической экологической конференции, Брест, 3 декабря 2015 г. Брест : БрГУ, 2016. С. 109–112.
  11. Пуховец, И. В. Охраняемые растения республиканского заказника «Простырь» / И. В. Пуховец // Природа, человек и экология : сборник тезисов докладов 3-й региональной научно-практической конференции молодых ученых, Брест, 21 апреля 2016 г. Брест, 2016. С. 92.
  12. Бойко, В. И. Растительность республиканского заказника «Простырь» / В. И. Бойко, Ю. Ф. Рой // Вучоныя запіскі Брэсцкага ўніверсітэта : зборнік навуковых прац. Вып. 10, ч. 2 : Прыродазнаўчыя навукі. Брэст, 2014. С. 47–58.
  13. Особо охраняемые природные территории Беларуси : справочник / Н. А. Юргенсон [и др.] ; ГНПО «Научно-практический центр НАН Беларуси по биоресурсам». – Минск : ГУ «БелИСА», 2012. – 204 с. : ил.
  14. Я отдыхаю в Беларуси : экотуризм / сост. Е. Л. Волох. – Минск : Междунар. центр интеграц. информ., 2008. – 111 с. : ил. – Из содерж.: Республиканский ландшафтный заказник «Простырь». С. 82–83.
  15. Волосюк, С. С. Стоимостная оценка экосистемных услуг в контексте разработки плана управления ландшафтного заказника «Простырь» / С. С. Волосюк, О. Н. Беляцкая, Б. В. Яминский // Эколого-экономический механизм сохранения биоразнообразия особо охраняемых природных территорий Республики Беларусь : материалы I междунар. науч.-практ. конф. (Беловежская пуща, 27–28 апреля 2006 г.). Брест : Академия, 2006. C. 116–118.
  16. Скарбы прыроды Беларусі : тэрыторыі, якія маюць міжнароднае значэнне для захавання біялагічнай разнастайнасці / аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. – 2-е выд., перапрац., дап. – Мінск : Беларусь, 2005. – 215 с. : іл.
  17. Ягоўдзік У. Нацыянальныя паркі і запаведнікі Беларусі : нарысы : для малод. і сярэд. шк. узросту / Уладзімір Ягоўдзік. – Мінск, 2004. – 32 с.
  18. Мешечко, Е. Н. Рамсарские болотные экосистемы Беларуси и их роль в сохранении ландшафтного и биологического разнообразия : [в т. ч. заказник «Простырь»] / Е. Н. Мешечко, С. А. Михайловский // Геаграфія. Серыя «У дапамогу педагогу». 2018. № 6. С. 36–42.
  19. Лемешевский, В. О. Характеристика растительности и флоры заказника «Простырь» / В. О. Лемешевский // Веснік Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна. 2017. № 2. С. 31–34.
  20. Гнедько, Н. «Зелёный туризм» — бренд пинского Полесья : [о заказниках «Простырь» и «Средняя Припять»] / Наталья Гнедько // Полесская правда. Пинск, 2017. 18 октября. С. 4.
  21. Гнедько, Н. Сохранить дикую природу / Наталья Гнедько // Полесская правда. 2016. 5 марта. С. 10.
  22. Громова, Е. Новое в «водном» законодательстве / Екатерина Громова, Виктор Беленко // Пінскі веснік. 2015. 22 мая. С. 11.
  23. Качук, И. Болота — легкие планеты : [о ландшафтных заказниках на Пинщине] / Иван Качук, Павел Селивон // Полесская правда. Пинск, 2015. 31 января. С. 4.
  24. Радюк, Е. Туристическими тропами природы Беларуси : Брестская область : [в т. ч. заказник «Простырь»] / Екатерина Радюк // Родная прырода. 2014. № 5. С. 25–40.
  25. Ильенков, В. На Полесье зацвели орхидеи : [заказники «Средняя Припять», «Простырь», «Тырвовичи», «Ступское», «Изин», «Кончицы», «Ермаки», «Подмост»] / Вячеслав Ильенков // Пiнскi веснiк. 2009. 24 красавiка. С. 1.
  26. Кучко, М. Рай для зверя, птицы, рыбы : [о республиканских ландшафтных заказниках «Средняя Припять» и «Простырь»] / Михаил Кучко // Рэспублiка. 2008. 5 жніўня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1224 разоў Апошняя змена Панядзелак, 01 Люты 2021 11:31