Чацвер, 18 Красавік 2019 08:34

28 лістапада 2019 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Сямёна Майсеевіча Крывашэіна (1899–1978), ваеннага дзеяча, удзельніка вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Героя Савецкага Саюза (1945)

Сямён Майсеевіч Крывашэін нарадзіўся 28 лістапада 1899 г. у Варонежы. Скончыў сем класаў гімназіі. З ліпеня 1918 г. служыў у Чырвонай арміі, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне: у баявых дзеяннях супраць А. Дзянікіна i П. Урангеля, у Савецка-польскай вайне (1920).

Скончыў курсы ўдасканалення каманднага саставу (1926), Ваенную акадэмію імя М. Фрунзэ (1931), назначаны начальнікам штаба механізаванага палка. З мая 1934 г. — камандзір 6-га маханізаванага палка 6-й казачай дывізіі Беларускай ваеннай акругі. У 1935–1936 гг. знаходзіўся ў службовых камандзіроўках у Чэхаславакіі і Францыі.

У 1936–1937 гг. палкоўнік С. М. Крывашэін прымаў удзел у Грамадзянскай вайне ў Іспаніі, дзе камандаваў танкавымі злучэннямі, абараняў Мадрыд. У ліпені 1937 г. генерал-маёр С. М. Крывашэін назначаны камандзірам 8-й асобнай механізаванай брыгады Кіеўскай ваеннай акругі. У 1938 г. быў накіраваны ў раён баёў ля возера Хасан у якасці прадстаўніка камісіі па раследаванні прычын няўдалых баявых дзеянняў. У кастрычніку 1938 г. яго брыгада пераўтворана ў 29-ю асобную лёгкатанкавую брыгаду і перадыслацыравана ў Беларускую ваенную акругу, знаходзілася ў складзе Слуцкай (Бабруйскай) групы, якая ў 1939 г. пераўтворана ў 4-ю армію.

У верасні 1939 г. С. М. Крывашэін удзельнiчаў у Вызваленчым (Польскім) паходзе ў Заходняй Беларусі. 20 верасня яго 29-я лёгкатанкавая брыгада падышла да Брэста, які з 14 верасня быў заняты нямецкімі войскамі.

22 верасня С. М. Крывашэін як старшы па чыне камандзір Чырвонай арміі прыняў Брэст ад генерала Г. Гудэрыяна, камандзiра ХIХ механізаванага корпуса вермахта. Г. Гудэрыян меў загад правесці сумесны нямецка-савецкі парад, але камбрыг праявіў сябе палітыкам і ўхіліўся ад сумеснага парада. С. М. Крывашэін згадзіўся толькі назіраць урачысты марш нямецкіх батальёнаў (пяхота, артылерыя, танкі), якія выходзілі з Брэста на захад. Там жа на плошчы (цяпер пл. Леніна) стаялі гледачамі байцы 4-га танкавага батальёна. Толькі пасля маршу немцаў і зняцця з флагштока флага са свастыкай (Гудэрыян пасля гэтага пакінуў горад), падняцця флага СССР, у цэнтр горада ўвайшлі падраздзяленні Чырвонай арміі, якіх горача сустракалі працоўныя. На плошчы адбыўся мітынг, было створана Часовае ўпраўленне. С. М. Крывашэін стаў першым камендантам Брэста.
Нацысцкай прапагандай адразу быў створаны міф аб «сумесным парадзе» ў Брэсце, які аказаўся вельмі жывучым. Яго падхапілі польскія палітыкі, каб абвінаваціць Савецкі Саюз у агрэсіі, захопе «крэсаў», чарговым падзеле Рэчы Паспалітай. У 1990-я гг. нацысцкі міф аб «сумесным парадзе» распаўсюдзілі расійскія ліберальныя крытыкі І. В. Сталіна, каб дыскрэдытаваць правадыра.

Камбрыг С. М. Крывашэін на чале 29-й асобнай механізаванай брыгады ўдзельнiчаў у Савецка-фiнляндскай вайне (1939–1940). 13 сакавіка 1940 г. перадавыя танкі брыгады першымі ўвайшлі ў Выбарг. 4 чэрвеня 1940 г. С. М. Крывашэіну было прысвоена званне генерал-маёра танкавых войск.
З сакавіка 1941 г. С. М. Крывашэін з’яўляўся камандзірам 25-га механізаванага корпуса Харкаўскай ваеннай акругі, дзе яго застала Вялікая Айчыннай вайна. З ліпеня 1941 г. корпус пад камандаваннем генерал-маёра С. М. Крывашэіна вёў баявыя дзеянні супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне гарадоў Рагачоў, Жлобін і Гомель, прымаў удзел у абароне Магілёва.

7 лютага 1943 г. С. М. Крывашэін назначаны камандзірам 3-га маханізаванага корпуса, які браў удзел у Курскай бітве, а затым у Белгародска-Харкаўскай наступальнай аперацыі. 21 жніўня 1943 г. С. М. Крывашэіну прысвоена званне генерал-лейтэнанта танкавых войск. 23 кастрычніка 1943 г. 3-i маханізаваны корпус пераўтвораны ў 8-ы гвардзейскі механізаваны корпус, які неўзабаве прыняў удзел у Жытомірска-Бярдычаўскай наступальнай аперацыі.

10 лютага 1944 г. генерал-лейтэнант С. М. Крывашэін назначаны камандзірам 1-га механізаванага корпуса, які прымаў удзел у Праскураўска-Чарнавіцкай, Беларускай, Люблінска-Брэсцкай, Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацыях. У ліпені 1944 г. 1-ы механізаваны корпус з баямі прайшоў на паўнач ад Брэста, чым садзейнічаў вызваленню горада.

16 красавіка 1945 г. 1-ы механізаваны корпус прарваў некалькі рубяжоў абароны на подступах да Берліна. 20 красавіка авалодаў горадам Бернау, 21 красавіка танкі корпуса ўварваліся ў прадмесці Берліна. Да 2 мая корпус вёў цяжкія вулічныя баі, ачысціў раён Шарлоценбург і завяршыў штурм у цэнтральнай частцы Берліна.

За ўмелае камандаванне корпусам і асабістую мужнасць С. М. Крывашэіну 29 мая 1945 г. прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кутузава І ступені (1945), Суворава ІІ ступені (1943), Чырвонай Зоркі (1935) і іншымі ордэнамі і медалямі.

Пасля вайны генерал-лейтэнант С. М. Крывашэін выкладаў у акадэміі імя М. Фрунзэ, быў начальнікам бранятанкавых войск Адэскай ваеннай акругі. У 1952 г. праслухаў курсы пры Вышэйшай ваеннай акадэміі імя К. Варашылава. У маі 1953 г. выйшаў у запас. Аўтар кніг успамінаў «Сквозь бури» (1959), «Ратная быль» (1962), «Междубурье» (1964), «Чонгарцы» (1975). 27 чэрвеня 1974 г. яму прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Брэста».

Крывашэін С. М. памёр 16 верасня 1978 г. у Краснагорску, пахаваны ў Маскве на Кунцаўскіх могілках (участак 9-3). Імем героя названы вулiцы ў Брэсце (1979), Пружанах, Варонежы. У Брэсце на вул. Крывашэіна, 3 устаноўлена мемарыяльная дошка (1980). Музей абароны Брэсцкай крэпасці захоўвае экспанаты аб жыцці і дзейнасці героя.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Крывашэін Сямён Майсеевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 495.
  2. Крывашэін Сямён Майсеевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 268.
  3. Крывашэін Сямён Майсеевіч // Памяць. Брэст : гіст-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 641.
  4. Кривошеин Семён Моисеевич // Почетные граждане белорусских городов : биогр. справочник / Б. Д. Долготович. Минск : Беларусь, 2008. С. 9–10.
  5. Крывашэін Сямён Майсеевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945. Мінск, 1990. С. 276–277.
  6. Кривошеин Семён Моисеевич // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 321.
  7. Кривошеин Семён Моисеевич. Кривошеина улица // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 241.
  8. Кривошеин, С. М. Чонгарцы : [докум. повесть о 6-й Чонгарской кавалерийской дивизии Первой Конной армии] / С. М. Кривошеин ; лит. запись И. Л. Френкель. – Москва : Советская Россия, 1975. – 272 с.
  9. Кривошеин, С. М. Междубурье : воспоминания / С. М. Кривошеин. – Воронеж : Центрально-Черноземное книжное издательство, 1964. – 279 с. : ил. и карт.
  10. Кривошеин, С. М. Ратная быль : записки командира механизированного корпуса / С. М. Кривошеин. – Москва : Советская Россия, 1962. – 254 с.
  11. Кривошеин, С. М. Сквозь бури : воспоминания о Первой Конной / С. М. Кривошеин. – Москва : Молодая гвардия, 1959. – 253 с.
  12. Мартиросян, А. Б. Сталин и Великая Отечественная война / А. Б. Мартиросян. – Москва : Вече, 2014. – 480 с. – Из содерж.: Миф о парадах в Бресте и Львове. С. 139–165.
  13. Иоффе, Э. Г. Боевая деятельность советских военачальников В. Я. Колпакчи и С. М. Кривошеина в ходе освобождения Беларуси (1943–1944 гг.) / Э. Г. Иоффе // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Серыя 2. Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. 2014. № 2. С. 4–8.
  14. Бяссонаў, Г. У. У верасні 1939-га / Г. У. Бяссонаў, С. С. Самойленка // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 278–285.
  15. Строцкая, Г. Забытый парад непримиримых врагов / Галина Строцкая // Беларускі час. 2015. 20 лютага (№ 7). С. 19.
  16. Сарычев, В. В поисках утраченного времени : Семён Кривошеин – Гейнц Гудериан / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2006. 3 февраля. С. 8.
  17. Малашевский, В. Кривошеин против Гудериана / В. Малашевский // Советская Белоруссия. 1980. 24 августа.
  18. Имени героя : [о присвоении имени С. М. Кривошеина пассажирскому теплоходу на подводных крыльях] // Заря. 1980. 14 августа.
  19. Михнюк, В. Имени героя : [о присвоении имени С. М. Кривошеина одной из улиц Бреста] / В. Михнюк // Советская Белоруссия. 1979. 1 ноября.
  20. Жуковский, А. Наступала грозная броня : [о С. М. Кривошеине] / А. Жуковский // Заря. 1975. 7 мая.
  21. Припотнев, А. Слушай, время, слушайте, века! : [о присвоении звания Почётного гражданина г. Бреста С. М. Кривошеину] / А. Припотнев, И. Аграновский // Заря. 1974. 1 июля.
  22. Орач, О. Генерал танковых войск : [С. М. Кривошеин] / Ольга Орач, Людмила Орач, Лариса Гурина // Заря. 1971. 9 апреля.
  23. Вайнруб, Я. Гісторыя адной сустрэчы : [аб сустрэчы савецкага камбрыга С. М. Крывашэіна з гітлераўскім генералам Г. Гудэрыянам; 1939 г.] / Я. Вайнруб // Звязда. 1969. 23 верасня.
Чытаць 1541 разоў Апошняя змена Панядзелак, 01 Люты 2021 11:09