Чацвер, 27 Чэрвень 2019 13:33

6 ліпеня 2019 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Сяргеевіча Палышэнкава (1949), дзяржаўнага дзеяча, Ганаровага грамадзяніна г. Брэста (2014)

Аляксандр Сяргеевіч Палышэнкаў нарадзіўся 6 ліпеня 1949 г. у вёсцы Залуззе Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Яго бацька, Сяргей Мікалаевіч, родам з Валагодчыны (Расія), скончыў Рыбінскі тэхнікум воднага транспарту, франтавік, пасля Вялікай Айчыннай вайны накіраваны на аднаўленне Дняпроўска-Бугскага канала. Вёска раскінулася на правым беразе ракі Мухавец, якая з’яўляецца часткай Дняпроўска-Бугскага канала, тут знаходзіцца адзін з яго гідравузлоў № 8.

У сям’і было пяцёра дзяцей, жылі небагата, у 1950-я гг. рады былі нават чорнаму хлебу. Аляксандр Палышэнкаў пасля восьмага класа паехаў вучыцца ў Ленінград, дзе скончыў рачное вучылішча (1968), якое таксама скончылі яго старэйшыя браты Мікалай і Генадзь. Працаваў на Дняпроўска-Бугскім канале старшым тэхнікам тэхучастка ў Пінску.

Служыў у Савецкай арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў на Брэстчыне ў будаўнічай галіне, паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага політэхнічнага інстытута, які скончыў у 1978 г. па спецыяльнасці «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». Прайшоў шлях ад майстра спецыялізаванай перасоўнай калоны ўпраўлення «Брэстсельбуда» да начальніка праектна-прамысловага будаўнічага аб’яднання «Палессежылбуд». Пасля Чарнобыльскай трагедыі (1986) быў накіраваны на ўзвядзенне жылля для чарнобыльскіх перасяленцаў.

З 1990 г. А. С. Палышэнкаў працаваў у органах выканаўчай улады. У 1990–2002 гг. выбіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў. З 2002 г. — у Брэсцкім гарвыканкаме. Спачатку з’яўляўся намеснікам старшыні гарвыканкама, з 2003 г. — першы намеснік старшыні, курыраваў пытанні будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. 27 кастрычніка 2004 г. назначаны на пасаду старшыні Брэсцкага гарвыканкама, якую займаў да 23 верасня 2014 г.

За гэтыя гады ў Брэсце было пабудавана шмат аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння. Горад стаў сучасным і камфортным для жыцця людзей. І ўсе гэтыя гады Аляксандр Сяргеевіч працаваў з поўнай самааддачай, жаданнем і энтузіязмам. Яго лічаць чалавекам кантанктным, які ўмее і пажартаваць, але як кіраўнік быў цвёрда патрабавальным за даручаную справу.

Пры непасрэдным удзеле А. С. Палышэнкава былі ўведзены ў эксплуатацыю: паўднёвы абход Брэста з рэканструкцыяй Гузнянскага моста цераз Мухавец; першая чарга Заходняга абхода Брэста з будаўніцтвам Берасцейскага моста цераз Мухавец; смеццеперапрацоўчы завод; цэнтральная гарадская бальніца; рэанімацыйны і аперацыйны блокі гарадской бальніцы хуткай дапамогі; гарадская паліклініка, будынак галоўнага абласнога ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь; сярэдняя школа № 1; вяслярны канал з інфраструктурай і зонай адпачынку; палац водных відаў спорту з чатырма басейнамі і дыспансерам спартыўнай медыцыны; спартыўны комплекс «Вікторыя»; лёгкаатлетычны манеж; картынгавы стадыён. Высокімі тэмпамі вялося будаўніцтва жылля: за 10 гадоў пабудавалі 2 млн 350 тыс. кв. м жылёвых памяшканняў, з’явіліся мікрараёны «Паўднёва-Захад-3», «Паўднёва-Захад-4», развіліся «Усход-5», «Усход-6», «Паўднёвы гарадок», «Паўночны гарадок».

Старшыня гарвыканкама садзейнічаў правядзенню маштабных штогадовых міжнародных фестываляў «Студзеньскія музычныя вечары» і «Белая Вежа», іншых падзей культурнага жыцця. Па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле Аляксандра Сяргеевіча быў спраектаваны і ўсталяваны помнік 1000-годдзя Брэста (2009). У 2013 г. адкрыты помнік Менахему Бегіну. З’явілася алея ліхтароў на вул. Гогаля.

Аляксандр Сяргеевіч працаваў у цесным тандэме са старшынёй аблвыканкама Канстанцінам Андрэевічам Сумарам. Куратарам Брэстчыны быў Пётр Пятровіч Пракаповіч, з якім таксама было паразуменне. Старшыня гарвыканкама стварыў моцную каманду саратнікаў і памочнікаў, сярод іх: старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Генадзь Сяргеевіч Масько, глава адміністрацыі Маскоўскага раёна Аляксандр Аляксеевіч Шышко, глава адміністрацыі Ленінскага раёна Міхаіл Паўлавіч Еўтух, намеснікі Вячаслаў Таліпавіч Хафізаў і Васілій Мікалаевіч Кавальчук, галоўны арпхітэктар горада Алег Васільевіч Ляшук, начальнік землеўпарадкавальнай службы Павел Іванавіч Міховіч і многія іншыя.

Аляксандр Сяргеевіч меў амаль 50 гадоў працоўнага стажу, перанёс сур’ёзнае захворванне і аперацыю. У час урачыстага адкрыцця ў новым будынку дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў імя В. Пагодзіна 26 ліпеня 2014 г. А. С. Палышэнкаў аб’явіў аб намеры пакінуць адказную пасаду. Адстаўка была прынята на вераснёўскай сесіі гарадскога Савета дэпутатаў.

За сваю працоўную дзейнасць А. С. Палышэнкаў узнагароджаны ордэнам «Знак Почёта», медалём «За воинскую доблесть. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина», граматамі Савета Міністраў і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. 23 верасня 2014 г. за значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё і ўдасканальванне інфраструктуры Брэста яму прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Брэста».

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Палышенков Александр Сергеевич // Кто есть кто в Республике Беларусь. Деловой мир СНГ. 2006. Минск : Энциклопедикс, 2006. С. 279.
  2. Кто и как руководил Брестом : [1988–2014 гг.] // Вечерний Брест. 2014. 15 октября. С. 3.
  3. Григорьев, В. «Есть фундамент, на котором можно дальше развивать Брест» : [о сессии городского Совета, где чествовали Почётного гражданина г. Бреста А. С. Палышенкова] / В. Григорьев // Брестский вестник. 2014. 23 октября (№ 43). С. 3.
  4. Гринчик, Т. О труде без опасности и помощи трудовым людям : [о сессии городского Совета, где А. С. Палышенкову присвоено звание Почётного гражданина г. Бреста] / Тамара Гринчик // Брестский вестник. 2014. 25 сентября (№ 39). С. 1–2.
  5. Ракукин, В. Мэр уйдет, «Макдональдс» придет? : [А. Палышенков уходит с поста председателя горисполкома] / Владислав Ракукин // Брестская газета. 2014. 1 августа (№ 31). С. 1–2.
  6. Палышенков, А. С. Александр Палышенков: «Я всегда буду брестчанином!» / А. С. Палышенков ; [записал] Виктор Василевский // Брестский вестник. 2014. 24 июля (№ 30). С. 12–13.
  7. Палышенков, А. С. «Счастья в каждый дом!» / А. С. Палышенков ; беседовал Владимир Шпарло // Вечерний Брест. 2014. 1 января (№ 1). С. 3–5.
  8. Палышенков, А. С. «Пусть в каждом доме будет достаток» / А. С. Палышенков ; беседовал Виктор Василевский // Брестский вестник. 2013. 27 декабря (№ 52). С. 3.
  9. Палышенков, А. Выход к крепости будет под мостом / А. Палышенков ; беседовал Виктор Василевский // Брестский вестник. 2013. 12 декабря (№ 50). С. 1, 7.
  10. Палышенков, А. С. Праздник, который всегда с тобой / А. С. Палышенков ; [беседовала] Марина Лазарчук // Брестский вестник. 2013. 25 июля (№ 30). С. 12–13.
  11. Палышэнкаў, А. Самы цудоўны горад у свеце / А. Палышэнкаў ; гутарыла С. Таболіч // Народная трыбуна. 2009. 25 ліпеня. С. 3.
  12. Палышенков, А. Мэр просит потерпеть и обещает вложить 17 миллиардов рублей в ремонт улиц с толком, а не в грязь / А. Палышенков ; [беседовал] Александр Кульбака // Вечерний Брест. 2013. 3 апреля. С. 1, 3.
  13. Палышенков, А. «Не надо заигрывать с людьми, они должны знать, что происходит» / А. Палышенков ; [беседовала] Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 2013. 24 мая. С. 2.
  14. Палышенков, А. Болевые точки города помогли нащупать мэру Бреста читатели «Вечерки» : [ответы А. Палышенкова на вопросы жителей Бреста, заданные во время прямой телефонной линии] / Александр Палышенков // Вечерний Брест. 2013. 20 марта (№ 23). С. 1, 5 ; 22 марта (№ 24). С. 3.
  15. Палышенков, А. «У горожан должен быть выбор: куда пойти, где отдохнуть, где совершить покупки» / А. Палышенков // Вечерний Брест. 2009. 13 февраля. С. 1, 3.
  16. Палышенков, А. «Брест — это моя жизнь!» / А. Палышенков ; беседовал М. Лазарчук // Брестский вестник. 2009. 9 июля. С. 3.
  17. Рекуц, С. Брест превратим в конфетку всего за пятилетку / С. Рекуц // Брестский вестник. 2008. 4 сентября. С. 2.
  18. Палышенков, А. «Мы не остановимся в начале пути» / А. Палышенков ; интервью вёл М. Лазарук // Брестский вестник. 2008. 24 июля (№ 30). С. 2.
  19. Палышенков, А. «Брестчане оценят новый облик города» : в канун Дня города мэр Бреста поделился с «Вечеркой» своими мыслями о городе, его прошлом и будущем / А. Палышенков ; беседовал Ю. Рубашевский // Вечерний Брест. 2007. 27 июля. С. 2.
  20. Палышенков, А. Важно чувствовать себя горожанином... / А. Палышенков ; беседовал М. Лазарчук // Брестский вестник. 2007. 26 июля. С. 3.
  21. Палышенков, А. Диалог с городом : «прямая линия» с председателем Брестского горисполкома / А. Палышенков // Вечерний Брест. 2007. 17 января. С. 4.
  22. Палышенков, А. Человек пограничья. И — Бреста... / А. Палышенков ; [беседовала] М. Лазарук // Брестский вестник. 2006. 27 июля. С. 2.
  23. Палышенков, А. «Мой стиль — открытость» : мэр Бреста обещает горожанам аквапарк / А. Палышенков ; беседовала А. Хокимова // Вечерний Брест. 2005. 29 июля. С. 2.
  24. Палышенков, А. Город, который всегда будет лицом Беларуси / А. Палышенков // 7 дней. 2005. 21 июля. С. 8.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1415 разоў Апошняя змена Субота, 16 Студзень 2021 12:15