Чацвер, 11 Ліпень 2019 10:59

20 кастрычніка 2019 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Іванавіча Герасімава (1919–1971), аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху на Палессі, старшыні Іванаўскага райвыканкама (1944–1953)

Міхаіл Іванавіч Герасімаў нарадзіўся 20 кастрычніка 1919 г. у вёсцы Старына Валдайскага павета Наўгародскай губерні (Расія) у сялянскай сям’і. У 1936 г. скончыў сярэднюю школу ў г. Валдай і паступіў у Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію імя С. М. Кірава, але яе не закончыў: у 1939 г. студэнта прызвалі ў Чырвоную армію.

Міхаіл Герасімаў стаў курсантам палкавой школы, затым старшынёй асобнага батальёна 55-й стралковай дывізіі інжынерных войскаў, служыў непадалёк ад граніцы пад Мінскам. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў цяжкіх абарончых баях батальён панёс вялікія страты. У адным з баёў 8 ліпеня 1941 г. М. І. Герасімаў быў паранены, трапіў у палон. Спачатку ўтрымліваўся ў лагеры каля Мінска, потым яго перавялі ў Кобрын, там ён падабраў групу для ўцёкаў.

Група з 15 ваеннапалонных на чале з Міхаілам Герасімавым на пачатку вясны 1942 г. знішчыла ахоўнікаў, захапіла зброю і ўцякла з лагера, дабралася ў Антопальскі раён, пачаўся адлік партызанскага жыцця. Група М. І. Герасімава ўвайшла ў склад мясцовай партызанскай групы, якой камандаваў былы оперупаўнаважаны НКУС Мікалай Цімафеевіч Шыш (1908–1942). Утвораны атрад рашылі назваць імем Чкалава, а М. І. Герасімава назначылі начальнікам штаба атрада, камісарам — Дзмітрыя Карпавіча Удовікава (1917–2000). У адным з баёў ля в. Дзеткавічы 26 чэрвеня 1942 г. камандзір атрада быў забіты. Байцы выбралі камандзірам Міхаіла Герасімава, назваўшы атрад імем М. Ц. Шыша.

Партызанскі рух на Беларусі разгортваўся, атрад імя М. Ц. Шыша граміў нямецкія гарнізоны на Палессі. Вельмі малады і вельмі строгі Міхаіл Герасімаў устанавіў сапраўдную армейскую дысцыпліну. Сачыў за паводзінамі партызан не толькі ў баі, але і на адпачынку. Пад яго камандаваннем атрад здзейсніў гераічны рэйд на тэрыторыі Брэсцкай і Пінскай абласцей на ўсход, а вясной 1943 г. вярнуўся ў Сварынскі лес. Атрад разграміў немцаў у Парэччы, Бастыні, Гаўрыльчыцах, каля Баранняй Гары.

12 верасня 1942 г. раптоўным ударам партызаны Піншчыны разграмілі гарнізон немцаў і паліцаяў у раённым цэнтры Ленін (цяпер у Жыткавіцкім раёне). Была вызвалена рэштка яўрэйскага гета (14 жніўня фашысты расстралялі 1850 вязняў). Сярод 28 уцалелых вязняў гета была і будучая жонка Міхаіла Герасімава, васемнаццацігадовая Роза Абрамаўна Юлевіч (1924–2012); разам яны былі ўсю вайну, пажаніліся пасля Перамогі.

Адной з найбольш значных аперацый, праведзеных партызанамі атрада імя М. Ц. Шыша, быў разгром чыгуначнай станцыі Сінкевічы 30 кастрычніка 1942 г. У аперацыі ўдзельнічала каля 200 партызан з атрадаў імя М. Ц. Шыша і А. П. Савіцкага. Кіраваў аб’яднанымі атрадамі М. І. Герасімаў, які распрацаваў план аперацыі, мэтай якой быў зрыў руху цягнікоў па чыгунцы Брэст – Гомель. Бой пачаўся раніцай нападам на паліцэйскі ўчастак. Адначасова партызаны знішчылі ахову лесапільнага завода і спалілі яго. Разграмілі немцаў на чыгуначнай станцыі, дзе ў той час стаяў эшалон з боепрыпасамі, які і падпалілі народныя мсціўцы. Ад выбухаў снарадаў і бомбаў быў знішчаны будынак станцыі і чыгуначнае палатно. Таксама партызаны атакавалі і знішчылі ахову маста ў дзотах. 70-метровы мост цераз раку Лань быў падарваны, рух па чыгунцы на доўгі час спыніўся. У выніку аперацыі былі забіты 74 салдаты ворага. Сярод партызан былі 3 чалавекі забітыя і 4 параненыя.

Атрад імя М. Ц. Шыша вясной 1943 г. быў накіраваны за Дняпроўска-Бугскі канал для развіцця партызанскага руху. У красавіку 1943 г. увайшоў у створаную брыгаду імя В. М. Молатава Пінскага партызанскага злучэння. М. І. Герасімаў стаў камандзірам брыгады, камісарам — Фёдар Сямёнавіч Кунькоў (1900–1969), начальнікам штаба — Д. К. Удовікаў. У брыгаду ўваходзілі 10 атрадаў, налічвалася каля 4 тыс. партызан. Разбілі гарнізоны ў Любяшове і Камень-Кашырскім. У 1943 г. вывелі са строю Дняпроўска-Бугскі канал і адбілі ўсе спробы немцаў аднавіць яго. Наладзілі сувязь з украінскімі партызанамі і падраздзяленнямі Чырвонай арміі, дастаўку зброі і боепрыпасаў, эвакуацыю раненых партызан. Брыгада злучылася з часткамі Чырвонай арміі 30 сакавіка 1944 г.

Увосень 1943 г. брыгаду наведаў сакратар ЦК ЛКСМБ Кірыл Мазураў, які пасля напісаў пра М. І. Герасімава: «... Хударлявы, сярэдняга росту, цёмнавалосы, з жывымі шэрымі вачамі, ён прыцягваў да сябе ўвагу. Малады камандзір карыстаўся ўсеагульнай павагай. Партызаны верылі яму, любілі за адвагу і розум. Сяляне і байцы звалі атрад любоўна: «атрад Мішы».

Пасля вызвалення Іванаўскага раёна Міхаіл Герасімаў быў накіраваны на працу старшынёй Іванаўскага райвыканкама. Пад яго кіраўніцтвам хутка ўзнаўлялася разбураная гаспадарка раёна. Выбіраўся дэпутатам Пінскага абласнога Савета. У 1954 г. пачынае працаваць дырэктарам будаўніча-мантажнага ўпраўлення № 6 у Пінску. Завочна вучыўся ў Маскоўскім інстытуце лёгкай прамысловасці, які скончыў з адзнакай у 1960 г. Затым яго пераводзяць у сталіцу. У Мінску працаваў на пасадах намесніка начальніка, начальніка ўпраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва, старшыні планавай камісіі Мінскага гарвыканкама, у сістэме працоўных рэсурсаў. На любой працы Міхаіл Іванавіч прымяняў свае арганізатарскія здольнасці, заўсёды яго шанавалі і паважалі людзі.

За баявыя і працоўныя заслугі М. І. Герасімаў быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга (1949), Айчыннай вайны I ступені (1945), польскім ордэнам Грунвальда II ступені, шматлікімі медалямі.

З Розай Абрамаўнай выгадавалі двух сыноў. Гады партызанскай вайны і раненні не прайшлі дарма: Міхаіл Іванавіч Герасімаў заўчасна памёр 5 лістапада 1971 г.

Для ўшанавання памяці М. І. Герасімава яго імем названы вуліцы ў г. Іванава і в. Махро Іванаўскага раёна. У 1965 г. на будынку Іванаўскага райвыканкама ўстаноўлена мемарыяльная дошка воінам і партызанам.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.
Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Герасімаў Міхаіл Іванавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 160.
  2. Герасимов Михаил Иванович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 145.
  3. Герасімаў Міхаіл Іванавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 160.
  4. Герасімаў Міхаіл Іванавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 3. С. 435.
  5. Равінец, У. Л. Камбрыг : [М. І. Герасімаў] / У. Л. Равінец // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 209–211.
  6. Партызанская брыгада імя В. М. Молатава // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 436.
  7. Бригада им. В. М. Молотова. Отряд им. Н. Т. Шиша // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 251–252.
  8. Брыгада імя В. М. Молатава. Атрад імя М. Ц. Шыша // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 163–165.
  9. Кунькоў Фёдар Сямёнавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 282.
  10. Шыш Мікалай Цімафеевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 644.
  11. Равінец, У. Л. Жыццё ў барацьбе : [пра М. І. Герасімава] / У. Л. Равінец. Іх вадзіла маладосць : з успамінаў К. Т. Мазурава, былога сакратара ЦК ЛКСМБ і ўпаўнаважанага ЦК КП(б)Б і ЦШПР // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 172–175.
  12. Жылко, В. Атрад імя Шыша на Лунінеччыне / Вадзім Жылко // Памяць. Лунінецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1995. С. 362–364.
  13. Не ратавацца, а змагацца : з успамінаў былой партызанкі брыгады імя Молатава Пінскага злучэння Розы Абрамаўны Герасімавай (Юлевіч), ураджэнкі в. Лахва // Памяць. Лунінецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1995. С. 329–331.
  14. Великая Отечественная война и партизанское движение // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц, А. А. Горбацкий, Т. М. Тохиян и др.]. Брест, 2017. С. 374–379.
  15. О подвигах, о доблести, о славе... / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; сост. М. П. Горупа ; реценз.: пред. район. Совета депутатов, пред. районной организ. Белорусского фонда мира К. М. Ваврук, историк-краевед Н. В. Жук. – Иваново : Ивановская районная типография, 2015. – 349 с.
  16. Михаевич И. Деревня моя, деревенька ты дальняя... / И. Михаевич. – Минск : ООО «Азбука Инфо», 2010. С. 19–20.
  17. Нордман, Э. Б. Не стреляйте в партизан… : [воспоминания партизана Пинского соединения] / Эдуард Болеславович Нордман. – Минск : Беларусь, 2007. – 200 с., [6] л. ил.
  18. Литвинчук, В. А. Там, за Днепро-Бугом / Василий Андриянович Литвинчук – 3-е изд., испр. и доп. – Брест : ОАО «Брестская тиография», 2008. – 492 с. : ил. – Из содерж.: Побег : [о побеге из лагеря военнопленных группы М. Герасимова]. С. 76–79.
  19. Наша земля — наша биография : материалы торжественного собрания, посвящённого 60-летию образования Ивановского района / Ивановский районный исполком ; сост. М. П. Горупа. – Иваново, 2000. – 52 с.
  20. Кирейшин, Н. В. Мемориальная доска воинам-освободителям и партизанам : [г. Иваново] / Н. В. Кирейшин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 190.
  21. Філімоненкаў, М. У. Сінкевіцкая аперацыя 1942 / М. У. Філімоненкаў // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 561.
  22. Бенько, В. В. Место боя партизан : [д. Синкевичи] / В. В. Бенько // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 277.
  23. Дорогокупец, Н. Н. Много ты видела и помнишь, наша главная площадь Иванова! / Н. Н. Дорогокупец // Янаўскі край. Іванава, 2018. 28 жніўня. С. 4.
  24. Павлюкович, А. Слуга господа : [о военных событиях в Осовцах и роли иерея Антона Олехновича в спасении деревни; упоминается М. И. Герасимов] / Александр Павлюкович // Драгічынскі веснік. 2017. 2 снежня. С. 12, 14.
  25. Удовиков, М. Ровесник Октябрьской революции : [воспоминания о Д. К. Удовикове его сына Михаила; упоминается М. И. Герасимов] / Михаил Удовиков // Заря. 2017. 4 ноября. С.6–7.
  26. Павлюкович, А. Забытый дзот : [о партизанском движении и боевых действиях в южной части Брестской и Пинской областей в феврале – марте 1944 г. — «40-дневная оборона Днепровско-Бугского канала»] / А. Павлюкович // Драгічынскі вестнік. 2016. 23 студзеня. С. 14.
  27. Паўлюковіч, А. Партызанская вайна камбрыга Герасімава. Сам Васіль Корж прадстаўляў яго да ганаровага звання / Аляксандр Паўлюковіч // Звязда. 2014. 20 жніўня. С. 3.
  28. Сяргей, А. Гарэла зямля пад нагамі акупантаў / А. Сяргей // Драгічынскі веснік. 2011. 26 сакавіка.
  29. Алёшын, С. Любімчык партызан / Сяргей Алёшын // Драгічынскі веснік. 2010. 8 лістапада.
  30. Равінец, В. Жыццё ў барацьбе : [аб жыццёвым шляху камандзіра партызанскай брыгады імя Молатава М. І. Герасімава] / В. Равінец // Чырвоная звязда. Іванава, 1990. 4 студзеня. С. 4.

Чытаць 1222 разоў Апошняя змена Панядзелак, 15 Люты 2021 15:16