Пятніца, 31 Студзень 2020 09:36

2 лютага 2020 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Аляксандравіча Пранько (1935), кінааператара, тэлеаператара, лаўрэата Дзяржаўнай преміі БССР (1966)

Уладзімір Аляксандравіч Пранько нарадзіўся 2 лютага 1935 г. у вёсцы Дамашы Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1938 г. бацька з усёй сям’ёй эмігрыраваў у Парагвай (Паўднёвая Амерыка) у пошуках лепшай долі. Аляксандр Нікадзімавіч і Праскоўя Ігнацьеўна Пранько з трыма дзяцьмі доўга блукалі на чужыне, пакуль нарэшце не аселі ў Аргенціне. У Буэнас-Айрэсе знайшліся землякі, якія далі прытулак і дапамаглі пачаць новае жыццё.

 

Другая сусветная вайна ўнесла свае карэктывы ў жыццё эмігрантаў-беларусаў. Яны чым маглі дапамагалі сваёй Радзіме: адпраўлялі пасылкі, збіралі грошы. Бацька быў сапраўдным патрыётам, ён заўсёды верыў, што вернецца на радзіму, таму прывіваў сваім дзецям любоў да беларускай культуры. Бацька шмат працаваў і змог даць Уладзіміру добрую адукацыю: у 1948–1953 гг. ён вучыўся ў адной з лепшых гімназій з медыцынскім ухілам.

Напачатку 1950-х гг. жыццё пачало наладжвацца. Уладзімір паступіў у медыцынскі інстытут. Адначасова працаваў у выдавецтве, створаным на сродкі славянскіх зямляцтваў у Буэнас-Айрэсе. Выдавалі і распаўсюджвалі ў Аргенціне творы савецкіх пісьменнікаў. У хуткім часе Уладзімір Пранько зразумеў, што медыцына — не яго жыццёвы шлях, паступіў у Аргенцінскі нацыянальны інстытут кінематаграфіі, у 1955 г. атрымаў дыплом кінамеханіка.

Вясной 1956 г. сям’я Пранько вярнулася на радзіму. У маі Уладзімір Пранько ўладкаваўся на кінастудыю «Беларусьфільм» асістэнтам кінааператара. Працаваў у вядомага кінааператара Андрэя Аляксандравіча Булінскага (1909–1984), лаўрэата Сталінскай прэміі другой ступені (1949). Гэта была сапраўдная школа прафесійнага майстэрства. Уладзімір Пранько з энтузіязмам акунуўся ў культурнае жыццё сталіцы, наведваў тэатры, кінатэатры, цырк, шмат чытаў.

Праз год перайшоў на Беларускае тэлебачанне, якое было зусім маладым — пачало працаваць з 1 студзеня 1956 г. 3 красавіка 1957 г. прыняты на пасаду аператара, асвойваў новыя творчыя прынцыпы аператарскага майстэрства. Ужо 1 жніўня 1958 г. назначаны галоўным аператарам студыі. Практыкаваліся выступленні і інтэрв’ю ў студыі, прамыя рэпартажы з сустрэч і вытворчасці. Тады ўсё на тэлебачанні было першым. Першыя спектаклі, фільмы, першыя выхады БТ на ўсесаюзны экран (1961), на Інтэрбачанне. І ўсюды У. А. Пранько прымаў актыўны ўдзел, умеў аб’яднаць людзей ў агульнай творчай рабоце.

У 1958 г. здымаў першы ў гісторыі БТ эксперыментальны гульнявы фільм «Матчына благаславенне». Стаяў ля вытокаў першых тэлежурналаў: «Гартаючы каляндар», «Для вас, жанчыны», «Фізкультура і спорт», «Мастацтва», «Мінск музычны». Умеў практычна безпамылкова працаваць у экстрымальных умовах.

Сярод лепшых тэлеспектакляў: «Сем крыкаў у акіяне» паводле А. Касоны (1958), «Якаў Багамолаў» паводле М. Горкага (1959), «Вялікае сэрца» паводле К. Чорнага (1960), «Сэрца на далоні» (1964) і «Трывожнае шчасце» (1968) паводле І. Шамякіна, «Ткачы» (1969) паводле Г. Гаўптмана; мастацкія тэлефільмы «Матчына благаславенне» (1958), «І смех, і бяда» (1973), «Трубач ваеннага аркестра» (1979), «Атланты і карыятыды» паводле І. Шамякіна (1980), «Госць» (1980), «Бусляня» (1980), «Купальская ноч» паводле «Прымакоў» Янкі Купалы (1982) і фільм-канцэрт «Фантазія на тэму» паводле песень беларускіх кампазітараў (1982), дакументальныя стужкі «Дзеці Краіны Саветаў» (1974), «Сачыненне ў 3 В“», «Салдаты Перамогі» і «Ад з’езда да з’езда» (1975) і інш.

У 1965 г. У. А. Пранько ўдзельнічаў у працы над трохсерыйным тэлефільмам «Людзі на балоце» паводле рамана Івана Мележа, удастоенага за гэты твор Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962). Рэжысёрам экранізацыі быў Аляксандр Захаравіч Гутковіч (1920–1989), сцэнарыстам — Эдуард Герасімовіч. На БТ гэта пастаноўка стала першым па-сапраўднаму маштабным творам. Тэлефільм пачынаўся з карцін прыроды Палесся, так выразна, са смуткам і любоўю апісанага празаікам. Гэта быццам востраў, але аб яго не плёскаюцца ні марскія, ні азёрныя хвалі. Востраў — мікракосм жыцця, працы, чалавечай душы — апісаны пісьменнікам і паказаны на тэлеэкране з любоўю. Уладзімір Аляксандравіч разам з творчай групай стужкі «Людзі на балоце» быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР (1966).

З 1967 г. У. А. Пранько становіцца галоўным тэлеаператарам БТ. Член Саюза кінематаграфістаў Беларускай ССР. У 1980-я гг. адначасова выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

У 2000 г. У. А. Пранько з рэжысёрам Уладзімірам Арловым здымаў дакументальны тэлефільм «Мсціслаўль». У аснову сюжэта было пакладзена паэтычнае эсэ «Мсціслаў – Мсціслаўль» Уладзіміра Караткевіча, апублікаванае ў 1985 г. Старажытны беларускі горад нібы ўбачаны закаханымі вачыма паэта і гісторыка. Творчая група «транспаніравала» аўтарскі паэтычны маналог у выявы сучаснага Мсціслаўля, які захаваў прыкметы гістарычнай памяці.

У. А. Пранько працаваў на БТ да 2002 г. Пошук арганічнага адзінства аператарскага і рэжысёрскага вырашэння, жыццёвая верагоднасць і прастата пры стварэнні выразных псіхалагічных партрэтаў герояў — характэрныя рысы творчасці Уладзіміра Аляксандравіча.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы. Прытульчык Рыма Уладзіміраўна, бібліятэкар-бібліёграф

 

  1. Пранько Уладзімір Аляксандравіч / А. А. Карпілава // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 13 14.
  2. Пронько Владимир Александрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 275.
  3. Пронько Владимир Александрович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 296–297.
  4. Пранько Уладзімір Аляксандравіч / А. А. Карпілава // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 375.
  5. Пронько Владимир Александрович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 514.
  6. Пранько Уладзімір Аляксандравіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 490–491.
  7. Курков, И. Н. Жизнь в работе : [очерк о В. А. Пронько] / Игорь Курков // Белтелерадиокомпания. Мир живого эфира / Игорь Курков. Минск, 2007. С. 184–205.
  8. Мельнікаў, Э. Рэалізаваць сябе : [кінааператар У. А. Пранько] / Эдуард Мельнікаў // Ёсць край такі... : гіст.-літ. хроніка. Баранавічы, 2003. С. 418–421.
  9. Мельнікаў, Э. Рэалізаваць сябе : [кінааператар У. А. Пранько] / Эдуард Мельнікаў // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 436–438.
  10. Гісторыя кінамастацтва Беларусі. У 4 т. Т. 3. Тэлевізійнае кіно, 1956–2002 гг. – Мінск : Беларуская навука, 2004. – 374 с. : іл. – Са зместу: У. Пранько. С. 7, 8, 87, 94, 95, 151, 163, 231.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1003 разоў Апошняя змена Аўторак, 16 Люты 2021 15:33