Да малявання Міколу падахвочваў бацька, які быў чалавекам, здольным да ўсякага рамяства, а фарбы і пэндзаль набыла яму маці. Мікола скончыў Дварцоўскую васьмігодку, затым — сярэднюю школу ў Камянцы. Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у г. Міргарадзе (Украіна).
З дзяцінства, акрамя малявання, Мікола Маеўскі вельмі захапляўся морам. І гэтая мара прывяла яго ў Ленінградскую мараходную школу. Матросам хадзіў на гандлёвых суднах у краіны Еўропы, Азіі, Афрыкі, Амерыкі, пабываў і ў Аўстраліі. У марскіх паходах не разлучаўся з альбомам і фарбамі, занатоўваючы ўбачанае.
У 1975–1979 гг. Мікола Маеўскі вучыўся ў Ленінградскім мастацкім вучылішчы імя У. А. Сярова. Пасля заканчэння вучылішча вярнуўся ў Беларусь, пасяліўся ў г. Брэсце, уладкаваўся на працу ў мастацка-вытворчы камбінат. Для Пінскага ПТВ стварыў пано ў тэхніцы энкаўстыкі «Песняры Беларусі», на Бярозаўскай ДРЭС — маркетры «Поры года» i «Космас», роспісы «Касмічнае братэрства» ў бальніцы ў г. Луцку (Украіна), «З гісторыі Брэста» і «З сучаснасці Брэста» ў Брэсцкім ЦУМе.
Абласное аддзяленне Саюза мастакоў БССР выдзеліла майстэрню. Гэта надало яму, як творцу, упэўненасці ў сваіх сілах і мастацкіх здольнасцях. У 1987 г. Мікола Маеўскі стаў членам Саюза мастакоў БССР. У 1989–1991 гг. з’яўляўся старшынёй праўлення абласной арганізацыі саюза. У гэты час кола членаў творчага саюза пашырылася, у яго прынялі мастакоў Пінска, Баранавіч, Століна. Пры непасрэдным ўдзеле М. А. Маеўскага было наладжана плённае супрацоўніцтва і сяброўства з мастакамі Германіі і Польшчы, праходзілі міжнародныя пленэры.
У канцы 1980-х – сярэдзіне 1990-х гг. Мікалай Аляксеевіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, уваходзіў у грамадска-культурную сябрыну «Край». Ладзілі лекцыі, гутаркі аб гісторыі і культуры Беларусі, народныя святы «Каляды», «Гуканне вясны», «Сёмуха», якія абуджалі нацыянальную свядомасць, заклікалі да арганізацыі беларускамоўных класаў у школах. Мастак цікавіўся гісторыяй Беларусі, этнаграфіяй, археалогіяй, стварыў асабісты музей-майстэрню. Прыйшло захапленне народным мастацтвам — пляценнем з саломкі.
Працаваў у галіне станковага жывапісу і акварэлі, у жанрах лірычнага пейзажа і нацюрморта, у манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Спалучэнне экалагічнай, пленэрнай дзейнасці не магло не адбіцца на творчасці мастака. Арыгінальнай з’яўляецца манера пісьма, якую не пераблытаеш ні з чыёй іншай. Ён выпрацаваў свой стыль, ні на каго не арыентаваўся. Гэты манументальна-дэкаратыўны стыль прыцягваў увагу прыхільнікаў і аматараў мастацтва да яго твораў на кожнай выставе.
Шмат працуючы творча, Мікола Маеўскі стварыў цудоўныя серыі палотнаў, прысвечаных старажытнай Беларусі: «Камянец-Літоўскі», «Тураў», «Пінск», «Давыд-Гарадок», «Мірскі замак». Удалымі атрымаліся серыі «Хлябы Беларусі», «Беларусь мая шыпшына», «Нацюрморты з калоссем». Не мінуў і Чарнобыльскую тэму, стварыўшы шэраг запамінальных твораў: «Рэквіем», «Піраміда фараонаў», «Пустыні ў Палессі».
Плённымі ў мастацкім плане сталі вандроўкі разам з сябрам-мастаком Міхасём Кебецам на самаробным судне па Ясельдзе і Прыпяці, якія натхнілі на новыя творы: «Рачныя кветкі», «Мой прыяцель вецер», «Краіна Палессе-88», «Краіна блакітных азёр». Палессе зачаравала мастака не менш, чым яго родная пушча. З асноўных яго твораў — серыя пейзажаў: «Зіма. Белавежская пушча», «Вясна. Белавежская пушча», «Лета. Белавежская пушча», «Восень. Белавежская пушча»; серыя нацюрмортаў «Поры года»: «Зіма. Хлеб», «Вясна. Раннія кветкі», «Лета. Рачныя кветкі», «Восень. Збажына».
З 1979 г. Мікола Маеўскі быў удзельнікам самых розных выстаў — абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных, замежных, міжнародных. Удзельнічаў у Міжнародным пленэры да юбілею Напалеона Орды, у прыватных пленэрах у Беларусі і Польшчы. Правёў дзве персанальныя выставы ў Германіі (2000, 2001). 15 сакавіка 2010 г. у выставачнай зале Брэсцкага АГКЦ была адкрыта яго персанальная выстава «Бліжэй да сонца».
Творы М. А. Маеўскага захоўваюцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), іншых музеях і галерэях Беларусі, у прыватных калекцыях у Германіі, Францыі, Польшчы, ЗША, Швецыі, Ізраіля, Японіі, Турцыі і інш. Карціны «Камянец-Літоўск», «Белавежская пушча» знаходзяцца ў Беларускім музеі ў Кліўлендзе (ЗША). Шмат сваіх прац мастак падарыў сябрам і вядомым асобам.
З канца 1990-х Мікалай Аляксеевіч часта пражываў у роднай вёсцы, дзе даглядаў хворую маці. У 2005 г. выйшаў з БСМ, у 2008 г. па сямейных абставінах пакінуў Брэст, абаснаваўся ў бацькоўскім доме ў Дварцах. Пра сваё жыццёвае крэда творца выказваўся так: «Мая Беларусь пачынаецца адсюль, з Камянеччыны, дзе ёсць два яркія сімвалы Радзімы: Белая Вежа — сімвал яе мужнай гісторыі, і Белавежская пушча — сімвал непераўзыдзенай красы яе прыроды».
Менавіта ў свае родныя Дварцы пад Камянцом мастак вярнуўся жыць у сталым узросце, падалей ад гарадскога тлуму, і дзе знайшоў свой апошні спачын. М. А. Маеўскі памёр 10 верасня 2017 г., пахаваны на могілках вёскі Вялікі Лес побач з магілай маці і сваякоў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Маеўскі Мікалай Аляксеевіч : [рэпрадукцыя «Беларусь мая шыпшына»] // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 341.
- Николай Маевский : [репродукция «В Беловежской пуще»] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск, 2002. С. 76–77.
- Николай Маевский : [репродукция «Августовские цветы»] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск, 1997. С. 56–57.
- Николай Маевский // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 649.
- Маеўскі Мікалай Аляксеевіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 510–511.
- Мікола Маеўскі : [альбом-каталог] / уступ. артыкул У. Барысюка ; на беларус. і англ. мовах. – [Б. м. : б. в.], 2010. – [63] с., [29] л. іл.
- Пракаповіч, М. Бліжэй да сонца : эсэ : [згадкі пра мастака М. Маеўскага] / Мікола Пракаповіч // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск, 2017. № 9. С. 166–169.
- Валасюк, Л. Палёт над пушчанскім гняздом : [пра жыццё і творчасць М. Маеўскага; рэпрадукцыі: «Камянец-Літоўскі», «Вясна. Кветкі», «Восень у Белавежскай пушчы», «Абуджэнне», «Беларусь мая шыпшына»] / Лявон Валасюк // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 40–43.
- Пракаповіч, М. Бліжэй да сонца : згадкі пра сябра-мастака [Міколу Маеўскага] / Мікола Пракаповіч // Новы час. 2018. 26 студзеня (№ 2). С. 16. (Літаратурная Беларусь ; № 1).
- Памёр мастак Мікола Маеўскі // Наша Ніва. 2017. 4 кастрычника (№ 10). С. 22.
- Мастак з Дварцоў : [памяці М. А. Маеўскага] // Навіны Камянеччыны. 2017. 23 верасня (№ 38). С. 22.
- Барысюк, У. Краiна фарбаў Мiколы Маеўскага / Уладзiмiр Барысюк // Раённыя буднi. Пружаны, 2010. 28 красавіка. С. 8.
- Валасюк, Л. Палёт над пушчанскім гняздом : [да 60-годдзя мастака М. Маеўскага] / Леанід Валасюк // Народная трыбуна. 2010. 6 сакавіка. С. 11.
- Барысюк, У. «Сонца ўсходзіць за Белаю вежаю…» : [да 60-годдзя мастака М. Маеўскага] / Уладзімір Барысюк // Навіны Камянеччыны. 2010. 27 лютага. С. 3.
- Барысюк, У. Дарога дадому, у Белавежу : [да 60-годдзя мастака М. Маеўскага] / Уладзімір Барысюк // Вечерний Брест. 2010. 26 февраля.
- Павлова, Л. Закольцованная судьба пущанского художника Николая Маевского / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2010. 25 февраля (№ 9). С. 10.
- Муха, Ф. Жил-был художник один... : [о творчестве брестских художников] / Федор Муха // Советская Белоруссия. 2001. 26 мая. С. 13.
- Аксенін, С. Чыстыя крыніцы : расказваем пра нашага земляка — мастака з вёскі Дварцы / С. Аксенін // Ленінец. Камянец, 1987. 7 мая. С. 3.