Чацвер, 19 Сакавік 2020 08:53

6 чэрвеня 2020 г. — 70 гадоў з пачатку дзейнасці рачнога порта Брэст (філіял РТУП «Беларускае рачное параходства»; 1950)

Дняпроўска-Бугскі канал даўжынёй 196 км мае вялікае народнагаспадарчае значэнне. Горад Брэст — канцавы пункт водна-транспартнай магістралі Дняпроўска-Бугскага воднага шляху, значнага для развіцця воднага транспарту ўсёй Беларусі. У 1940 г. на правым беразе ракі Мухавец, на месцы, дзе быў лесазавод, пачалося ўзвядзенне порта і механічных майстэрняў. Са жніўня 1940 г. пачала працаваць прыстань, начальнікам якой быў назначаны Пётр Паўлавіч Канышаў. Але Вялікая Айчынная вайна перашкодзіла будаўніцтву порта Брэст.

 

Адразу пасля вызвалення Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, услед за фронтам прыбыла аператыўная група Дняпроўска-Бугскага ваенна-аднаўленчага ўпраўлення, якая пачала арганізацыйныя работы па аднаўленні канала і прыстані. Работам перашкаджалі тэрарыстычныя акты ўкраінскіх нацыяналістычных бандфарміраванняў. 30 кастрычніка 1944 г. былі забітыя пяць інжынераў і кіраўнікоў аднаўлення канала, пахаваныя ля гідравузла № 10 у г. Брэсце.

За два гады ў порце былі нанова пабудаваныя майстэрні, склад, кантора, падведзены чыгуначны пуць. Партовая гаспадарка была невялікая, сваёй рабочай сілы для выгрузкі не было, пагрузачныя работы выконвалі самі грузаатрымальнікі. Вялася толькі перавозка будаўнічых матэрыялаў, лесу. Меўся пасажырскі параход «Пяцігодка», які ў 1948 г. заменены на «Арменію», тры разы на тыдзень ажыццяўляліся пасажырскія перавозкі да в. Селішча Драгічынскага раёна, а ў 1950-я гг. цеплаходам «Резвый» да в. Булькова Жабінкаўскага раёна.

У 1950 г. закончылася рэканструкцыя Дняпроўска-Бугскага канала. Пачалася падрыхтоўка прыстані Брэст, якая тады падпарадкоўвалася Пінску, да перапраўкі вялікай колькасці грузаў з вады на чыгунку і з чыгункі на ваду. Першым начальнікам порта быў назначаны Уладзімір Мікалаевіч Харычкаў (1909–1979), які скончыў Кіеўскі рачны тэхнікум (1934), прымаў удзел у стварэнні рачных портаў у Кіеве, Гомелі, Пінску, ваяваў на фронце Вялікай Айчыннай вайны. Першыя 4 баржы па 150 т крыварожскай жалезнай руды (Днепрапятроўская вобласць) для перавалкі яе на чыгунку на экспарт у ГДР прыбылі 6 чэрвеня 1950 г., з гэтага дня пачалася актыўная работа порта.

Руду з барж насілі ў вагоны на насілках. Потым з Пінска прыгналі аўтакран на пантоне і гусенічны кран. Рашэннем Савета Міністраў СССР ад 20 лістапада 1950 г., загадам міністра рачнога флоту СССР З. А. Шашкова ад 9 снежня 1950 г. арганізаваны рачны порт 1-га разраду ў г. Брэсце з 1 студзеня 1951 г.

Партовыя краны тады працавалі на паравых рухавіках, асноўная маса грузаў перагружалася ўручную, умовы працы былі цяжкія. Працавалі ў тры змены. Рудавозы з рудой разгружаліся па двое-трое сутак. З кожным годам порт папаўняўся новымі механізмамі, умацоўваўся кадрамі, павялічваўся аб’ём перапрацоўкі грузаў, пашыралася капітальнае будаўніцтва берагавых збудаванняў, жылля для работнікаў, культурна-бытавых устаноў.

Да пачатку 1960-х гг. была праведзена мадэрнізацыя і перааснашчэнне рабочых плошчаў, электрыфікацыя і механізацыя работ. Брэсцкі порт стаў адным з буйнейшых портаў Беларусі, у ім ажыццяўлялася перавалка грузаў з воднага транспарту на чыгуначны для далейшай перавозкі за мяжу. З 1965 г. порт нарошчваў аб’ём перапрацоўкі грузаў для патрэб горада і вобласці. Старыя 5-тонныя краны «Ганц» былі замененыя 10-тоннымі «Кiраўцамі».

За дасягнутыя поспехі порт Брэст неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі, пераходнымі Чырвонымі сцягамі, грашовымі прэміямі ЦК КПСС, ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа. У. М. Харычкаў узнагароджаны ордэнамі Леніна (1953), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966). Старшаму кранаўшчыку Івану Іванавічу Сегенчуку прысвоена званне заслужанага работніка транспарту (1976). У 1972–1987 гг. начальнікам порта быў І. А. Грыгарэнка, галоўным інжынерам — П. В. Мінік, потым — Іван Рыгоравіч Шасцюк, які ў 1988–2010 гг. узначальваў порт.

Па канале бесперапынным патокам ішлі баржы з рудой, каменным вугалем, лесаматэрыяламі, пяском. У 1991 г. спынілася перавозка руды для ГДР. Колькасць рабочых порта склала 356 чалавек. У 1992 г. у сувязі с развалам эканомікі рэзка скарацілася здабыча і перавозка пяску. Порт пачаў працаваць у цяжкіх эканамічных умовах, аб’ём перавозак грузаў у параўнанні з мінулым годам скараціўся на 36 %. У далейшым працягваўся спад вытворчасці. У 1995 г. аб’ём грузаў склаў толькі 463,6 тыс. т, у 16 разоў менш, чым перапрацоўвалася ў 1991 г. Працавалі 84 рабочых.

З 1996 г. пачалося паступовае павялічванне вытворчасці. У 1998 г. аб’ём перапрацоўкі грузаў склаў 793,3 тыс. т, колькасць рабочых узрасла да 130, працавала 5 кранаў. Ва ўсходняй частцы горада быў абсталяваны прычал «Гузні» для забяспечвання арганізацый мінеральна-будаўнічымі грузамі. Прагулачныя рэйсы па рацэ Мухавец з 1980 г. здзяйсняе цеплаход «Гродна» (праект Р-51Э), яго першы капітан Міхаіл Пятровіч Занько. Працуюць 5 буксірных цеплаходаў (праект 570), 12 барж, 3 земмашыны, 1 плаўкран. Брэсцкі порт — філіял РТУП «Беларускае рачное параходства».

Каб вызваліць цэнтр абласнога горада ад прамысловых прадпрыемстваў, у 2013 г. было прынята рашэнне аб пераносе порта на новае месца — паміж вёскамі Ямна і Шэбрын Брэсцкага раёна. Праект распрацавалі ў ААТ «Брэстпраект». На месцы забалочанай нізіны была зроблена акваторыя, пабудаваны прычал даўжынёй 600 м, узведзеныя электрастанцыя, гараж, адміністрацыйны будынак, газавая кацельня. У 2019 г. рачны порт пакінуў старую абжытую тэрыторыю, на якой адразу зрабілі прыгожую набярэжную і месца адпачынку «Гарадскі сад».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Речной порт Брест // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 201.
  2. Купцова, В. Р. Рачны порт Брэст / В. Р. Купцова // Памяць. Брэст : гіст-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 508–511.
  3. Речной порт // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 320–321.
  4. Рачны транспарт / А. Г. Карчэўскі // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 9. С. 140–141.
  5. Харичкова, Л. В. Начальный период истории Брестского речного порта : [биография В. Н. Харичкова, его воспоминания о речном порте Брест] / Л. В. Харичкова // Берасцейскі хранограф : зб. навук. прац. Брэст, 2004. Вып. 4. С. 373–385.
  6. Купцова, В. Р. Гісторыя Дняпроўска-Бугскага канала / В. Р. Купцова // Памяць. Брэст : гіст-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 511–517.
  7. Узнагароджаны ордэнам Леніна: Харычкаў Уладзімір Мікалаевіч (1953). Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга: Харычкаў Уладзімір Мікалевіч (1967) // Памяць. Брэст : гіст-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 620–621.
  8. Заслужаныя работнікі транспарту: Сегенчук Іван Іванавіч, старшы кранаўшчык рачнога порта (1976) // Памяць. Брэст : гіст-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 628.
  9. Могилы строителей канала : [г. Брест] / А. С. Борисовец // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 75.
  10. Можаровская, Е. У причаластроители сначала : [о строительстве речного порта у д. Ямно Брестского района] / Елена Можаровская // Вечерний Брест. 2017. 21 апреля. С. 7.
  11. Гофман, Т. С. И на воде не быть беде : [беседа с гл. инженером речного порта Брест в сфере охраны труда] / Татьяна Сергеевна Гофман ; [беседовала] Марта Мартынюк // Транспортный вестник. 2016. 12 мая (№ 19). С. 4.
  12. Кухарчук, Д. Речная магистраль : [о работе речного порта Брест] / Дмитрий Кухарчук // Брестский вестник. 2016. 4 февраля (№ 5). С. 4.
  13. Рубашевский, Ю. «Суэцкий» канал обмелел финансово : перенос речного порта в Ямно откладывается / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2015. 28 октября. С. 2.
  14. Михович, С. Речник — это звучит гордо : [о работе речного порта Брест] / Светлана Михович // Брестский вестник. 2014. 3 июля (№ 27). С. 13.
  15. Жук, Е. Порт меняет прописку : [Брестский порт перенесут в д. Ямно] / Елена Жук // Вечерний Брест. 2014. 27 июня. С. 12.
  16. Шатило, И. Брестский порт уберут из исторической части города / Ирина Шатило // Брестская газета. 2013. 29 ноября (№ 48). С. 2.
  17. Рекуц, С. Речная телепортация : Брестский речной порт планируют перенести за черту города в район между деревнями Ямно и Шебрин / Сергей Рекуц ; фото Валерия Короля // Заря. 2013. 11 июля. С. 4.
  18. Петровский, В. По водной глади с ветерком / В. Петровский // Брестский вестник. 2007. 28 июня. С. 14.
  19. «Но мы — в тельняшках!» — заявляют брестские портовики : Брестский речной порт сегодня // Брестский курьер. 2004. 8 июля. С. 3.
  20. Можаровская, Е. И пойдут бурлаки бечевой? : [о проблемах речного порта Брест] / Е. Можаровская // Вечерний Брест. 2000. 29 марта. С. 4.
  21. Шаблінская, С. Порт, здаецца, выплывае... / С. Шаблінская // Народная трыбуна. 1998. 28 лютага.
  22. Карпик, В. Фундамент оптимизма конкретный результат / В. Карпик // Транспортный вестник. 1997. 2 июля. С. 8.
  23. Шестюк, И. Все мы заложники нестабильной экономики / Иван Шестюк // Транспортник Беларуси. 1995. 21 октября.
  24. Леонтьев, М. Живет порт или доживает?.. : [о проблемах речного порта Брест] / М. Леонтьев // Заря. 1995. 7 сентября.
  25. Кукса, М. Покидают порт капитаны / М. Кукса // Заря. 1992. 6 октября.
  26. Зиненко, В. Почин нашел поддержку : [о передовых речниках г. Бреста] / В. Зиненко // Советская Белоруссия. 1984. 14 августа.
  27. Чаусов, Л. Рукопожатие на границе : [о дружбе брестских портовиков с Польшей] / Л. Чаусов // Правда. 1984. 23 июня.
  28. Кукса, М. Идут по реке теплоходы / М. Кукса // Заря. 1983. 2 июля.
  29. Лапин, В. Навигация : [о речниках порта Брест] / В. Лапин // Знамя юности. 1982. 10 октября.
  30. Сусиков, П. Докеры Бреста металлургам ГДР / П. Сусиков // Заря. 1982. 26 мая.
  31. Рупеко, И. Ветераны : [Брестский речной порт] / И. Рупеко // Заря. 1981. 9 января.
  32. Григоренко, А. Каждый и все вместе / А. Григоренко // Заря. 1980. 5 июля.
  33. Коструб, И. Впереди чистый фарватер / И. Коструб // Заря. 1978. 1 июля.
  34. Гудович, В. Не только кран, но и бульдозер : [о работе речного порта Брест] / В. Гудович // Промышленность Белоруссии. 1977. № 10. С. 65.
  35. Лисковец, Е. Крупнейший в республике : [о работе речного порта Брест] / Е. Лисковец // Заря. 1977. 9 июля.
  36. Чабанюк, А. Здесь мой причал... : [о комплексной бригаде В. Козловского Брестского речного порта] / А. Чабанюк, З. Янковская // Заря. 1977. 1 мая.
  37. Каплан, Я. По методу ильичевцев : [о создании постоянных комплексных бригад в Брестском речном порту] / Я. Каплан // Заря. 1977. 14 января.
  38. Теличко, Н. В Брестском порту : [стихи] / Н. Теличко // Заря над бугом. Брест, 1971. 27 мая.
  39. Михнюк, В. Рабочая летопись : [о написании М. Ф. Николаевым и В. И. Красько истории Брестского речного порта] / В. Михнюк // Заря. 1967. 25 марта.
  40. Николаев, М. Отрадные перемены : [о работе речного порта Брест] / М. Николаев // Заря. 1966. 19 февраля.
  41. Харичков, В. На основе механизации : [о работе речного порта Брест] / В. Харичков // Водный транспорт. 1965. 21 октября.
  42. Платыгін, Н. Працаваць яшчэ лепш : [аб калектыве Брэсцкага рачнога порта] / Н. Платыгін // Зара. 1962. 20 кастрычніка.
  43. Платыгін, М. Рачнікі ў вялікім паходзе / М. Платыгін // Зара. 1962. 21 ліпеня.
  44. Морозов, М. Брест — крупнейший речной порт Белоруссии / М. Морозов // Советская Белоруссия. 1956. 18 октября.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 920 разоў