Пятніца, 27 Сакавік 2020 16:13

4 студзеня 2020 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Фёдара Віктаравіча Шастака (1945), мастака дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (кераміка)

Фёдар Віктаравіч Шастак нарадзіўся 4 студзеня 1945 г. у вёсцы Харошча Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце ў Т. М. Паражняка, В. Г. Гаўрылава. З 1973 г. пачаў прымаць удзел у мастацкіх выстаўках. У 1974 г. скончыў інстытут і прыехаў працаваць на Івянецкую фабрыку мастацкай керамікі і вышыўкі. Распрацаваў шэраг эталонаў мастацкіх вырабаў, за што быў узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР (1977).

 

У 1979 г. Фёдар Шастак быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР (Беларускі саюз мастакоў). З 1979 г. — загадчык Навукова-даследчай мастацка-эксперыментальнай лабараторыі ў Мінску. На лабараторыю былі ўскладзеныя задачы распрацоўкі высокамастацкіх узораў новых вырабаў, аказання прадпрыемствам навукова-метадычнай дапамогі, павышэння кваліфікацыі творчага саставу промыслаў, вывучэння і ўкаранення перадавых прыёмаў і метадаў работы мастакоў і народных майстроў.

У 1983–2002 гг. Фёдар Шастак працаваў на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва (з 2000 г. камбінат дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя А. М. Кішчанкі). Камбінат выпускае дэкаратыўную ўтылітарную кераміку (сувеніры, вазы, кашпо) і іншыя мастацкія вырабы. Па заказах на камбінаце створаныя мастацкія керамічныя пліткі, дэкаратыўныя вазы для інтэр’ераў грамадскіх будынкаў у Мінску, Барысаве, Талачыне, Шаркоўшчыне і інш.

Сярод асноўных твораў Фёдара Шастака: дэкаратыўная скульптура «Певень», дэкаратыўна-керамічнае пано «Ураджай»; трыпціхі «Край мой родны», «Івянецкія майстры», «Зубр», «Ікар», «Пегас» (1976), «Да зорак», «Марына»; дэкаратыўная кампазіцыя «Хваля» (1978–1979); дэкаратыўныя талеркі «Футбол» і «Варатар» (1975), «Чалавек і прырода» (1977), камплекты дэкаратыўных ваз «Квітнеючы сад», «Бабіна лета», «Салют» (1978–1979), талеркі, свяцільні для інтэр’ера рэстарана ў Талачыне Віцебскай вобласці (1982). Творам Фёдара Віктаравіча характэрна арганічнае спалучэнне традыцыйных і сучасных форм.

Афармляў інтэр’еры кафэ Магілёўскага праектна-канструктарскага інстытута машынабудоўлі, Палаца культуры ў Светлагорску, універмага ў Жодзіна (1985), сталовай шклозавода Барысава і інш. Аўтар пластоў «Магілёў», «Гомель» для залы пасяджэнняў рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; камінаў і пячэй для музея-сядзібы А. Міцкевіча ў Завоссі Баранавіцкага раёна (1998); электракаміна для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (2006).

Працы Фёдара Віктаравіча ўпрыгожваюць інтэр’еры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Вырабіў дзесяць шыкоўных кашпо на калонах у Палацы Незалежнасці (2013). Станковыя творы мастака-кераміста знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах БСМ, прыватных калекцыях.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Русак Таццяна Сяргееўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Шастак Фёдар Віктаравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 385.
  2. Шестак Фёдор Викторович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 469.
  3. Шастак Фёдар Віктаравіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 611.
  4. Шастак Фёдар Віктаравіч / Л. Ф. Салавей // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 558–559.
  5. Шастак Фёдар. Шестак Федор. ShastakFedar // Сучаснае беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. ХХІ стагоддзе / аўт. тэксту, склад., пер. на беларус. мову К. С. Аксёнава. Мінск, 2013. С. 196–199.
  6. Сахута, Я. М. Беларуская народная кераміка / Я. М. Сахута. – Мінск : Полымя, 1987. – 112 с., [16] л. іл. – Са зместу: Ф. Шостак. С. 66, 71.
  7. Жук, В. И. Современная белорусская керамика: тенденции развития / В. И. Жук. Минск : Наука и техника, 1984. 168 с. : ил. Из содерж.: Ф. Шестак. С. 107, 110, 121, 138, 167.
  8. Кераміка мастацкая : [узгадваецца Ф. Шостак] / В. І. Жук // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 6. С. 33–35.
  9. Барысаўскі камбінат прыкладнога мастацтва / І. Я. Дабрадзееў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 306.
  10. Чалей, Н. Творения рук борисовчан украшают Дворец Независимости : [упомянут Ф. В. Шестак] / Николай Чалей // Единство. Борисов, 2013. 31 декабря. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1083 разоў