Серада, 27 Май 2020 10:29

23 лютага 2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Захара Ашэравіча Зімака (1920–2013), педагога, кандыдата філасофскіх навук

Захар Ашэравіч Зімак нарадзіўся 23 лютага 1920 г. у прадмесці Варшавы ў вялікай і беднай яўрэйскай сям’і. З дзяцінства праявіў здольнасці да вучобы, атрымаў падтрымку ад польскіх структур для бясплатнага навучання. Да лета 1939 г. скончыў 4 класы гімназіі і першы курс ліцэя прыродазнаўчых навук. Вучыўся старанна, засвоіў французскую, англійскую і нямецкую мовы, латынь і эсперанта.

 

Пасля акупацыі Польшчы гітлераўцамі з патокам бежанцаў апынуўся ў Беларусі паблізу Косава (цяпер у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці). У 1940 г. яго накіравалі на курсы настаўнікаў, дзе вывучыў рускую мову, затым працаваў настаўнікам матэматыкі і нямецкай мовы ў вясковай школе. Яго знайшла сяброўка па варшаўскім ліцэі Аляксандра Маджэўская, яны пажаніліся. Аляксандра Хільеўна таксама працавала настаўніцай.

У час нямецка-фашысцкай акупацыі Беларусі З. А. Зімака з жонкай і 4500 яўрэяў загналі ў Косаўскае гета. Умаль усіх вязняў да лета 1942 г. нацысты знішчылі. Дзякуючы партызанам пад камандаваннем П. В. Пранягіна, 1 жніўня 1942 г. каля 200 уцалелых вязняў гета былі выратаваныя, а Захар і Аляксандра Зімак далучыліся да партызан атрада імя Кутузава брыгады імя Леніна Пінскага злучэння. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з захопнікамі, З. А. Зімак узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, медалямі «За боевые заслуги», «Партизану Отечественной войны» I ступені і інш.

Пасля вызвалення Беларусі З. А. Зімак каля дзесяці гадоў працаваў дырэктарам школы, дырэктарам дзіцячага дома ў Пагост-Загародску Лагішынскага (цяпер Пінскага) раёна. Выхаванцаў аб’ядналі ў «сем’і» па 12–14 дзяцей ад 5 да 14 гадоў. Дзеці займаліся грамадска-карыснай і вытворчай працай: дапамагалі інвалідам вайны і састарэлым, працавалі на агародзе, шылі, сталярнічалі. Пасляваенны час быў неспакойны, дырэктару давялося быць членам камісіі па барацьбе з бандытызмам, хадзіць са зброяй. У 1953–1958 гг. З. А. Зімак завочна вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. І. Леніна. З жонкай выхоўвалі ўласных трох дзяцей: Тамару, Веніяміна, Міраславу. У 1960 г. дзіцячы дом быў расфарміраваны, сотні яго выхаванцаў сталі паспяховымі людзьмі.

У 1961–1970 гг. З. А. Зімак узначальваў Целяханскую школу-інтэрнат, дзе выхоўваліся каля 400 сірат. Дзяцей трэба было накарміць, забяспечыць адзеннем і абуткам, пасцеллю, адрамантаваць памяшканні, нарыхтаваць паліва для ацяплення, набыць кнігі для бібліятэкі. На пачатку 1960-х З. А. Зімак лічыўся ў раёне адным з ваяўнічых атэістаў, спецыялістам па атэістычным выхаванні дзяцей і моладзі. Творча асэнсаваўшы ідэі выдатных педагогаў Я. Корчака, А. Макаранкі, В. Сухамлінскага (з ім быў знаёмы асабіста, перапісваўся), Захар Ашэравіч выпрацаваў сваю аб’ёмную сістэму вучэбна-выхаваўчай работы, на яе здзяйсненне арганізаваў увесь калектыў школы-інтэрната. Упершныю ўвёў у некаторыя перыяды самакіраванне школай самімі вучнямі.

З сярэдзіны 1960-х асноўным напрамкам работы школы было ваенна-патрыятычнае выхаванне. За перадавым вопытам сюды прыязджалі дэлегацыі з усяго Савецкага Саюза, дырэктар выступаў на розных педагагічных канферэнцыях, у т. л. у Маскве. Захар Ашэравіч вадзіў выхаванцаў у паходы па месцах партызанскай славы, адпраўляў на экскурсіі ў гарады-героі. Стварыў у школе-інтэрнаце музей Героя Савецкага Саюза В. З. Харужай, у 1968 г. арганізаваў сустрэчу дэлегацый піянерскіх дружын, якія насілі імя В. З. Харужай, у 1971 г. школе-інтэрнату было прысвоена яе імя.

Законшчыўшы завочна аспірантуру пры БДУ, З. А. Зімак абараніў дысертацыю «Коммунистическое мировоззрение и его формирование у подрастающего поколения» і атрымаў ступень кандыдата філасофскіх навук (1970). Затым працаваў у Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце, быў дацэнтам кафедры фаласофіі. Напісаў шэраг навуковых прац, брашур, артыкулаў па педагагічных і філасофскіх тэмах. Няспынна працаваў над тым, каб са студэнтаў выраслі сапраўдныя патрыёты сваёй Айчыны. Выйшаў на пенсію ў 1986 г.

Захар Ашэравіч займаўся даследаваннем тэмы ўдзелу яўрэяў у партызанскім руху на Палессі, стаяў ля вытокаў адраджэння яўрэйскай абшчыны ў Брэсце. Упершыню падняў перад уладамі праблемы, звязаныя з трагедыяй Брэсцкага гета. Пры яго ўдзеле быў устаноўлены помнік 50 тыс. вязняў, расстраляным ва ўрочышчы Бронная гара (Бярозаўскі раён). У 1993 г. З. А. Зімак выехаў на жыхарства ў Ізраіль. Дзякуючы яго ініцыятыве ў Іерусаліме з’явілася Алея імя П. В. Пранягіна.

З. А. Зімак памёр 4 кастрычніка 2013 г. у Ізраілі. На надмагіллі выгравіраваны словы: «Какой светильник разума угас! Какое сердце биться перестало!».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Працы З. А. Зімака

  1. Формирование атеистической убежденности школьников : книга для учителя / З. О. Зимак. – Минск : Народная асвета, 1985. – 112 с.
  2. Формирование классовой направленности интересов учащейся молодежи : методические советы лектору / [сост. З. О. Зимак ; ред. К. Г. Смолин]. – Брест : БГПИ, 1984. – 18 с.
  3. Идейно-политическая и нравственная направленность атеистического воспитания молодежи : материал в помощь лектору / З. О. Зимак ; Правление о-ва «Знание» БССР. – Минск : [б. и.], 1982. – 18 с.
  4. Атеистическое воспитание в семье : материал в помощь лектору / З. О. Зимак ; Правление о-ва «Знание» БССР. – Минск : [б. и.], 1976. – 18 с.
  5. Формирование коммунистического мировоззрения учащихся / З. О. Зимак. – Минск : Народная асвета, 1974. – 136 с.
  6. Коммунистическое мировоззрение и его формирование у подрастающего поколения : автореферат диссертации ... кандидата философских наук / З. О. Зимак. – Минск : БГУ, 1968. – 20 с.
  7. Атеистическое воспитание школьников : из опыта работы Телеханской школы-интерната Ивацевичского района Брестской области / З. О. Зимак. – Минск : Народная асвета, 1966. – 23 с.

 

Аб жыцці і дзейнасці З. А. Зімака

  1. Стрелец, М. Зимак Захар / Михаил Стрелец // Еврейское сопротивление нацизму на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны, 1941–1944 гг. Минск, 2011. С. 143–145.
  2. Смиловицкий, Л. Л. Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941–1944 гг. / Леонид Смиловицкий. – Тель-Авив : Библиотека Матвея Черного, 2000. – 432 с.
  3. Стрелец, М. Человек с большой буквы : [к 100-летию со дня рождения З. О. Зимака] / Михаил Стрелец // Івацэвіцкі веснік. 2020. 26 лютага (№ 16). С. 6.
  4. Ребковец, Л. Педагогика сердца : [к 100-летию со дня рождения З. О. Зимака] / Людмила Ребковец // Аргументы и факты. 2020. 18 февраля (№ 7). С. 22 : фот.
  5. Стрелец, М. Партизан, педагог, учёный : [к 95-летию со дня рождения З. О. Зимака] / Михаил Стрелец // Брестский вестник. 2015. 19 февраля (№ 8). С. 12.
  6. Стрелец, М. По азимуту совести : к 90-летию педагога и ученого Захара Зимака / Михаил Стрелец // Брестский курьер. 2010. 5 марта (№ 10). С. 7.
  7. Стрелец, М. Операция «Гетто» : [освобождение узников Коссовского гетто партизанским отрядом им. Н. Щорса, руководитель П. В. Пронягин] / Михаил Стрелец // Брестский курьер. 2008. 8 мая (№ 19). С. 8.
  8. Шапиро, С. Аллея Павла Пронягина в Иерусалиме : [партизанскому командиру П. В. Пронягину присвоено звание «Праведник мира» института катастрофы «Яд Ва-Шем»] / Семен Шапиро // Заря. 2002. 16 июля.
Чытаць 882 разоў Апошняя змена Панядзелак, 22 Люты 2021 15:50