Панядзелак, 29 Чэрвень 2020 11:17

1 ліпеня 2020 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Антонавіча Крываля (1935–1996), паэта, празаіка, парадыста, журналіста

Сцяпан Антонавіч Крываль нарадзіўся 1 ліпеня 1935 г. у вёсцы Гутка Косаўскага павета Палескага ваяводства (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Бацька, Антон Рыгоравіч, і маці, Кацярына Дзмітрыеўна, з гэтай жа вёскі, тут жылі іх бацькі, дзяды і прадзеды. У сялянскай сям’і было чацвёра дзяцей. Бацька, старэйшыя брат Уладзімір і сястра Надзя ў час Вялікай Айчыннай вайны былі сувязнымі партызанскага атрада імя Баруцкага.

 

Сярэднюю адукацыю Сцяпан Крываль атрымаў у школе в. Краі, затым працаваў у калгасе. Адслужыў у Савецкай арміі ў Абхазіі (1954–1957), працаваў у роднай школе выкладчыкам дапрызыўнай падрыхтоўкі і фізкультуры (1958–1960). Пасля жаніцьбы ў 1960 г. пераехаў у г. Маларыту Брэсцкай вобласці, уладкаваўся ў рэдакцыю раённай газеты «Сцяг Перамогi» (з 1965 г. «Сельскае жыццё»), дзе працавалі літаратары Яраслаў Пархута, Мікола Купрэеў, Аляксей Філатаў. Акрамя работы ў газеце, адказваў за раённае радыё, узначальваў літаратурнае аб’ядананне.

Працу ў рэдакцыі Сцяпан Крываль спалучаў з завочнай вучобай на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. У час вучобы пазнаёміўся з пісьменнікам Сяргеем Дзяргаем, які дапамог апублікавацца ў «Вожыку», з будучымі пісьменнікамі Васілём Якавенкам, Васілём Макарэвічам, Янкам Сіпаковым, з якімі ўстанавіліся таварыскія адносіны.

На трэцім курсе Сцяпан Крываль вымушаны быў прыпыніць вучобу. Па стане здароўя (інваліднасць другой групы па зроку) даводзілася часта мяняць месца працы: рэдактар, старшы рэдактар на Брэсцкай абласной тэлестудыі і абласным радыё (1962–1966), карэспандэнт-арганізатар Жабінкаўскага радыё (1966–1967), рабочы на чыгунцы ў Брэсце, супрацоўнік рэдакцыі талачынскай газеты «Сцяг Ільіча» (1968–1969) і інш.

З дзяцінства Сцяпан Крываль захапляўся літаратурнай творчасцю. Школьнікам пісаў вершы, якія друкаваліся ў «раёнцы». У час службы ў арміі яго вершы змяшчаліся ў дывізіённай газеце. Першае гумарыстычнае апавяданне «Рэвізор» было апублікавана ў брэсцкай абласной газеце «Заря» 29 красавіка 1962 г. і адзначана прэміяй літаратурнага конкурсу.

Пісьменнік шмат пісаў і актыўна друкаваўся ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Беларусь», «Вожык», газетах «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газета», «Чырвоная змена». Яго творы публікаваліся ў калектыўных зборніках «Дзень паэзіі» (1977, 1981, 1983), «Перасветы» (1979), «Осёл на именинах» (1989). Апавяданні, вершы, байкі часта гучалі на рэспубліканскім радыё. Апавяданне «Медаль за адвагу» (1985) было iнсцэніравана на тэлебачанні (1987).

У аснову многіх апавяданняў Сцяпана Крываля пакладзены анекдатычныя жыццёвыя выпадкі. Якую б тэму ні браў, на першым плане ў яго маральна-псіхалагічны стан чалавека, яго ўнутранае жыццё з усімі супярэчнасцямі і падзеямі, падчас жахлівымі і непрадсказальнымі. Аўтар умела выкарыстоўвае багаты лексічны арсенал свайго палескага рэгіёна. Мова яго апавяданняў дасціпная, афарыстычная. Меркамі народнай маралі ў творах С. А. Крываля вымяраюцца дзеянні і ўчынкі герояў. Аўтар асуджае тых, у каго нячыстае сумленне, хто «вока чым-небудзь заткне, каб у душу не прасачыўся чалавечы сорам».

У Брэсце рэгулярна наведваў пасяджэнні літаратурнага аб’яднання. Прыслухаўшыся да парады вядомага крытыка Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, Сцяпан Крываль болей займаўся прозай, стаў пісаць апавяданні, навелы. Пазней яны былі аб’яднаны ў два зборнікі: «Аднойчы летам» (1990) і «Чмяліная вясна» (1996). З чэрвеня 1993 г. — член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Першая кніга з чатырнаццаці апавяданняў «Аднойчы летам» была заўважана крытыкай і прыхільна сустрэта чытачамі. У зборніку пераважаюць творы пра вясковае жыццё, каханне, пра лёс тых, каму выпала прайсці праз суровыя гады ваенных выпрабаванняў. У кожным апавяданні можна знайсці найперш услаўленне лепшых маральных якасцей чалавека, якія не губляюцца ні пры якіх умовах.

Другога свайго зборніка апавяданняў «Чмяліная вясна» пісьменнік, на жаль, не ўбачыў. 5 верасня 1996 г. Сцяпан Антонавіч Крываль заўчасна памёр, калі яго кніга рыхтавалася да выдання ў «Мастацкай літаратуры» ды так і не выйшла. Пахаваны ў Маларыце на новых гарадскіх могілках, на помніку змешчана выява вокладкі кнігі «Аднойчы летам».

У Інтэрнэце можна паслухаць апавяданне Сцяпана Крываля «У даждлівую ноч», якое чытае народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч (запіс зроблены ў 1992 г.). У краязнаўчым музеі Маларыцкай раённай гімназіі ёсць куток, прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніка. Тут знаходзяцца некаторыя рукапісы Сцяпана Антонавіча, яго фотаздымкі, пішучая машынка і стол, за якім пісаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы С. А. Крываля

  1. Аднойчы летам : апавяданні / Сцяпан Крываль. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. – 189 с. – (Першая кніга празаіка).
  2. Сенька-інвалід : [апавяданне] / Сцяпан Крываль // …І нараджалася Слова : зборнік літаратурных твораў супрацоўнікаў тэлерадыёкампаніі «Брэст», 1961–2011 гг. / уклад. М. Пракаповіч. Брэст, 2012. С. 21–26.
  3. Рукзак для сына : [апавяданне] / Сцяпан Крываль // Жырандоля. Мінск, 2015. № 7. С. 107–112.
  4. Сенька-інвалід : апавяданне / Сцяпан Крываль // Жырандоля. Брэст, 2010. С. 17–20.
  5. Шыбенікі ; Там... больш волі! : апавяданні / Сцяпан Крываль // Маладосць. 1995. № 11. С. 135–147.
  6. Мудрое решение : [басня] / Степан Криваль // Осёл на именинах : белорусские басни. Минск, 1989. С. 158–159.
  7. Дзяржаўныя пазычнікі : апавяданне / Сцяпан Крываль // Берасцейскія карані : гісторыка-краязнаўчы і літаратурны зборнік. Брэст, 1993. С. 166–171.
  8. Спраўляюць людзі шматгалоса… : [верш] / Сцяпан Крываль // Дзень паэзіі – 83. Мінск, 1983. С. 292.
  9. Выручу радасць сам… : [верш] / Сцяпан Крываль // Дзень паэзіі – 81. Мінск, 1981. С. 270.
  10. Пехатою — на Парнас : пародыі і мініяцюры / Сцяпан Крываль // Перасветы : зб. паэзіі. Мінск, 1979. С. 57–70.

 

Аб жыцці і творчасці С. А. Крываля

  1. Сцяпан Крываль (1935–1996) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 265–266.
  2. Крываль Сцяпан Антонавіч // Памяць. Маларыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 486–487.
  3. Сцяпан Крываль // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 448.
  4. Крываль Сцяпан / Л. А. Бялевіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1995. Т. 6. С. 625–626.
  5. Смаль, В. М. «Я б хацеў калыхаць эфір звонам песні» : жыццёвымі пуцявінамі Сцяпана Крываля / В. М. Смаль // Гісторыка-тэарытычныя актуаліі сучаснай філалогіі : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю з дня нараджэння вучонага-літаратуразнаўцы, педагога, прафесара А. А. Майсейчыка. Брэст, 2008. C. 114–118.
  6. Фiлатаў, А. Страла жыцця : мініяцюры, апавяданні, народны гумар, аповесць, вершы / Аляксей Філатаў. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2007. – 247 с. – Са зместу: Падвышаць душу : успамiны пра С. Крываля. С. 69–72.
  7. Навумчык, М. «Буду журналістам, а можа, пісьменнікам» / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2015. 1 ліпеня. С. 8 : фат.
  8. Славін, В. Матуліны казкі : 1 ліпеня споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння вядомага берасцейскага пісьменніка Сцяпана Крываля / Віктар Славін // Народная трыбуна. 2015. 3 ліпеня (№ 27). С. 11.
  9. Шляжко, Н. «Я всегда говорил и писал правду...» : [о жизни и творчестве писателя СКриваля] / Наталья Шляжко // Заря. 2015. 30 июля. С. 8.
  10. Кажадуб, С. «Я дасягну сваіх мар» : [пра жыццё і творчасць С. Крываля] / Святаслаў Кажадуб // Заря. 2010. 4 верасня. С. 8.
  11. Кажадуб, С. «Я дасягну сваіх мар» : [пра жыццё і творчасць С. Крываля] / Святаслаў Кажадуб // ЛiМ. 2010. 13 жніўня (№ 32). С. 13.
  12. Кажадуб, С. Сцяпан Крываль: «Я дасягну сваіх мар» / Святаслаў Кажадуб // Івацэвіцкі веснік. 2010. 29 чэрвеня ; 16 ліпеня ; 3 жніўня ; 17 жніўня ; 24 жніўня ; 7 верасня.
  13. Філатаў, А. «Бяры мае акуляры!..» : [успаміны пра журналіста і пісьменніка С. Крываля] / Аляксей Філатаў // Народная трыбуна. 2010. 20 лютага. С. 11.
  14. Лубкова, М. Гутка моя — деревенька-красавица / М. Лубкова // Івацэвіцкі веснік. 2006. 22 жніўня.
  15. 70 гадоў з дня нараджэння (1935) Крываля Сцяпана Антонавіча // Полымя. 2005. № 7. С. 234.
  16. Мошчык, С. «Я заўсёды пісаў праўду…» : успаміны пра пісьменніка Сцяпана Крываля / Сяргей Мошчык // Голас часу. Маларыта, 2003. 20 верасня. С. 4 ; 24 верасня. С. 4.
  17. Данілюк, У. Памяці С. Крываля : [верш] / У. Данілюк // Голас часу. Маларыта, 1997. 14 мая.
  18. Сцяпан Крываль : [некралог] // ЛіМ. 1996. 27 верасня. С. 15.
  19. Сцяпан Антонавіч Крываль : [некралог] // Заря. 1996. 26 сентября.
  20. Гусько, І. Пісьменнік адзначыў юбілей : Сцяпану Крывалю — 60 / І. Гусько // Голас часу. Маларыта, 1995. 8 ліпеня.
  21. Філатаў, А. Паднаўляць душу : Сцяпану Крывалю — 60 / Аляксей Філатаў // Заря. 1995. 29 июня.
  22. Крываль, С. «Я заўсёды пісаў праўду аб убачаным і пачутым» / Сцяпан Крываль ; інтэрв’ю ўзяла Н. Свіцюк // Голас часу. Маларыта, 1995. 28 чэрвеня.
  23. Наш зямляк член Саюза пісьменнікаў : [С. А. Крываль] // Голас часу. Маларыта, 1993. 23 чэрвеня.
  24. Киевляне изучают Степана Криваля : [о книге «Аднойчы летам»] // Брестский курьер. 1992. № 2. С. 2.
  25. Майсейчык, А. На вачах сумлення : [пра кнігу С. Крываля «Аднойчы летам»] / А. Майсейчык // Народная трыбуна. 1991. 16–22 верасня. С. 6.
  26. Калянковіч, І. «Да добрай душы і бяда не прыстае» : [пра кнігу С. Крываля «Аднойчы летам»] / І. Калянковіч // Заря. 1991. 15 февраля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1111 разоў