Панядзелак, 30 Лістапад 2020 09:41

7 лістапада 2020 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Дзмітрыя Ануфрыевіча Лейчыка (1900–1972), генерал-маёра інжынерных войск, удзельніка Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў

Дзмітрый Ануфрыевіч Лейчык нарадзіўся 7 лістапада 1900 г. у вёсцы Ясіноўка Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). У сям’і Ануфрыя Еўстаф’евіча і Домны Міхайлаўны Лейчыкаў было трое сыноў і дачка. Бацькі займаліся сельскай гаспадаркай і гадавалі дзяцей, ствараючы ўсе ўмовы для іх навучання. Дзмітрый вучыўся ў Вярховіцкай школе, скончыў чатыры класы.

 

Калі пачалася Першая сусветная вайна, старэйшых сыноў — Максіма і Васіля — прызвалі ў Рускую армію, абодва яны загінулі на фронце. У 1915 г. немцы пачалі наступленне і Лейчыкі з сынам Дзмітрыем і дачкой Пелагеяй падаліся ў бежанства ў Расію. Спыніліся ў сяле Калышкіна Самарскай губерні (цяпер Старапалтаўскага раёна Валгаградскай вобласці). Ануфрый Еўстаф’евіч, каб неяк пракарміць сям’ю, батрачыў. Пачалася Грамадзянская вайна з яе нястачамі, голадам, хваробамі. У 1920–1921 гг. бацька, маці і сястра памерлі.

Шукаючы лепшай долі, Дзмітрый Лейчык з Калышкіна паехаў у Петраград, уладкаваўся на галоўным паштамце спачатку конюхам, затым, пасля заканчэння курсаў у 1917 г., шафёрам.

У кастрычніку 1918 г. уступіў добраахвотнікам у Чырвоную армію. Ваяваў на розных франтах Грамадзянскай вайны, праявіў сябе як здольны салдат і камандзір. Быў камандзірам узвода, памочнікам камандзіра эскадрона. Удзельнічаў у баях каля Слоніма, Баранавіч, Мінска — параўнальна непадалёку ад родных мясцін, але Ясіноўку наведаць не давялося. У 1919 г. накіраваны ў Крым на барацьбу з Урангелем, ваяваў на Паўднёвым і Заходнім франтах.

У 1922 г. Дзмітрый Лейчык скончыў 5-ю Елізаветградскую кавалерыйскую школу і разведвальнае аддзяленне пры курсах удасканалення каманднага саставу Ленінградскай ваеннай акругі. Пасля завяршэння навучання ў кавалерыйскай школе, у кастрычніку 1922 г. прызначаны камандзірам узвода 20-га кавалерыйскага палка 4-й кавалерыйскай дывізіі. З красавіка 1923 г. — намеснік начальніка разведкі палка.

З красавіка 1925 г. Дзмітрый Лейчык удзельнічаў у барацьбе з басмачамі на Туркестанскім фронце. Служыў памочнікам начальніка штаба кавалерыйскага палка 8-й кавалерыйскай дывізіі. З 1926 г. — камандзір эскадрона 77-га кавалерыйскага палка, са студзеня 1929 г. — камандзір эскадрона 77-га кавалерыйскага палка 11-й кавалерыйскай дывізіі.

У 1936 г. Д. А. Лейчык скончыў на выдатна Ваенна-інжынерную акадэмію імя В. У. Куйбышава і застаўся працаваць у акадэміі. У студзені 1937 г. капітан Д. А. Лейчык прызначаны інжынерам лабараторыі, з лютага 1937 г. — начальнікам аддзялення прыкладной электратэхнікі. У студзені 1938 г. атрымаў званне маёра. У жніўні 1938 г. стаў начальнікам інжынерна-каманднага факультэта. 29 лістапада 1939 г. яму было прысвоена званне палкоўніка.

У лютым 1941 г. палкоўніка Д. А. Лейчыка прызначылі начальнікам аддзела інжынерных войск 14-й арміі Ленінградскай ваеннай акругі. Войскі 14-й арміі прыкрывалі на поўначы мяжу з Фінляндыяй, абараняючы напрамак да Мурманска, Кандалакшы і Ухты. Ужо ў сярэдзіне ліпеня 1941 г. праціўнік быў спынены і войскі сталі ўдасканальваць абарону. З канца 1941 г. 14-я армія абараняла толькі Мурманскі напрамак Карэльскага фронту.

Дзейнасць інжынерных войск зводзілася да інжынернага забеспячэння баявых дзеянняў радоў войск і ўключала будаўніцтва абарончых рубяжоў, маскіроўку пунктаў упраўлення, будаўніцтва і рамонт дарог і мастоў, будаўніцтва жылля і складскіх сховішчаў, майстраванне несапраўдных ваенных аб’ектаў. Прыфрантавы Мурманск, які меў стратэгічнае значэнне, больш за 40 месяцаў стрымліваў націск ворага.

За гэтую складаную работу ў лістападзе 1944 г. Д. А. Лейчыка прадставілі да ордэна Леніна. У наградным лісце адзначана: «В проведённой операции под его личным руководством инженерные войска армии обеспечили подготовку и прорыв сильно укреплённой полосы противника. В период боя инженерные войска обеспечили соединение наших дорог с дорогами противника, проложив и улучшив свыше 30 км колонных путей и дорог».

Дзень Перамогі Дзмітрый Лейчык сустрэў у званні генерал-маёра інжынерных войск, якое яму было прысвоена 2 лістапада 1944 г. У кастрычніку 1945 г. прызначаны начальнікам інжынерных войск 2-й Ударнай арміі. З красавіка 1946 г. — начальнік інжынерных войск Архангельскай ваеннай акругі, з лютага 1948 г. — начальнік інжынерных войск Далёкаўсходняй ВА, з лютага 1952 г. — начальнік інжынерных войск Адэскай ВА.

Дзмітрый Ануфрыевіч ўзнагароджаны ордэнамі Леніна (1944, 1945), Чырвонага Сцяга (1943, 1944, 1949), медалямі «XXлет РККА» (1938), «За оборону Советского Заполярья» (1944), «За победу над Германией в Великой Отечественной войне
1941–1945 гг.» (1945), «30 лет Советской Армии и Флота» (1948), «40
 лет Вооруженных Сил СССР» (1957).

Генерал-маёр Д. А. Лейчык быў звольнены ў запас 10 студзеня 1961 г., застаўся жыць у Адэсе. Памёр у 1972 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, 

бібліёграф кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі 

 

  1. Лейчик Дмитрий Онуфриевич // Твои сыновья, Беларусь : маршалы, генералы (адмиралы) — белорусы и уроженцы Беларуси в годы Великой Отечественной войны / [сост.: Б. Д. Долготович, А. А. Коваленя]. Минск, 2019. С. 418.
  2. Лейчик Дмитрий Онуфриевич //Военачальники земли белорусской : энциклопедический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2005. С. 198.
  3. Лейчык Дзмітрый Ануфрыевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 297.
  4. Уладзіміраў, І. Генерал родам з Ясіноўкі / І. Уладзіміраў // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 272.
  5. Лейчик, Д. О. [Воспоминания] / Д. О. Лейчик // Пишу исключительно по памяти... : командиры Красной Армии о катастрофе первых дней Великой Отечественной войны : в 2 т. / сост. С. Л. Чекунов. Москва, 2017. Т. 1. С. 46–55.
  6. Щербаков, В. И. Заполярье — судьба моя : [воспоминания командующего 14-й армией Карельского фронта] / Владимир Иванович Щербаков. – Мурманск : Книжное издательство, 1994. – 214 с. : портр.
  7. Фралоў, П. Генерал з вёскі Ясіноўка / П. Фралоў // Ленінец. Камянец, 1986. 9 лістапада. С. 3.
Чытаць 793 разоў