Аўторак, 22 Студзень 2013 14:44

30 лістапада 2012 г. – 120 гадоў з дня нараджэння П. В. Саевіча (1892–1956), дзяржаўнага дзеяча

Платон Васiльевiч Саевiч нарадзiўся 18 (па-новаму стылю 30) лiстапада 1892 года ў сялянскай сям'i ў в. Раматова Брэсцкага павета, цяпер Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласцi.

{gcontent}Вучыўся ў народным вучылiшчы в. Вялiкарыта. Закончыў Свiслацкую настаўнiцкую семiнарыю ў 1911 годзе, настаўнiчаў у в. Рыбнае Кобрынскага павета.

З 1913 года – у царскай армii. Пачынаў службу сувязiстам ў сапёрным батальёне, якi размяшчаўся ў Брэсцкай крэпасцi. Потым – франтавыя шляхi Першай сусветнай. Вызначыўся як староннiк рэвалюцыйных пераўтварэнняў. Член РСДРП(б) з мая 1917 года. Удзельнiк Кастрычнiцкай рэвалюцыi ў Вiцебскай губернii, камiсар Двiнскага чыгуначнага вузла. З чэрвеня 1918 года на савецкай рабоце ў г. Барысаглебску Тамбоўскай губернii, у лiпенi – дэлегат Усерасiйскага з'езда бежанцаў-беларусаў у Маскве. З сакавiка 1919 года – у Чырвонай Армii, камiсар сувязi на Паўднёвым i Каўказскiм франтах. У 1921 годзе П. В. Саевiч залiчаны студэнтам у Камунiстычны ўнiверсiтэт iмя Я. М. Свярдлова (Масква), якi закончыў у 1924 годзе i быў накiраваны на партыйную работу ў Нiжагародскую губернiю.

З 1925 года П. В. Саевiч працаваў у Беларусi: дэкан рабфака i рэктар Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii, рэктар Камунiстычнага ўнiверсiтэта Беларусi. З красавiка 1932 года – дырэктар Iнстытута гiсторыi партыi i Кастрычнiцкай рэвалюцыi пры ЦК КП(б)Б. З мая 1933 года – загадчык кафедрай Вышэйшай камунiстычнай сельскагаспадарчай школы Беларусi. З 1939 года – выкладчык партыйных курсаў пры ЦК КП(б)Б. Удзельнiк Вялiкай Айчыннай вайны: камiсар палка, намеснiк начальнiка палiтупраўлення, начальнiк аддзела фронту. Быў палiтычным саветнiкам дэлегацыi ў савецка-амерыканскай камiсii па Карэi. У 1946 годзе – у ЦК КП(б)Б. У 1947–1951 гадах – мiнiстр асветы БССР. Член ЦК КП(б)Б (1932–1934, 1949–1951). Член ЦВК БССР (1929–1931). Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1950–1951). Узнагароджаны ордэнамi Ленiна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступенi, Чырвонай Зоркi, медалямi.

У маi 1951 года П. В. Саевiч неабаснавана арыштаваны органамi НКУС. 28 лiстапада таго ж года прыгавораны да 25 гадоў выпраўленча-працоўных лагераў. У 1954 годзе вызвалены, рэабiлiтаваны i цяжка хворым чалавекам вярнуўся ў Мiнск.

Памёр Платон Васiльевiч Саевiч 28 верасня 1956 года i пахаваны ў Мiнску.

Iмя П. В. Саевiча нададзена Вялiкарыцкай сярэдняй школе Маларыцкага раёна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Маларыцкай цэнтральнай раённай бiблiятэкай. Кучына Галiна Уладзiмiраўна, загадчыца аддзела бiблiятэчнага маркетынгу

{/gcontent}

  1. Саевіч Платон Васілевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 80.

  2. Саевич Платон Васильевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 558.

  3. Корнилович, Э. А. Беларусь : Созвездие политических имён / Э. А. Корнилович. Минск : ФУАинформ, 2010. С. 169.

  4. Мощик, С. Подарок от министра : В Малоритском районе помнят земляка, бывшего министра просвещения Платона Саевича / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2007. 23 нояб. С. 5.

  5. Почанин, С. «Партия должна знать всё» / Степан Почанин // Правда истории: память и боль / сост. Н. М. Жилинский. Минск : Беларусь, 1991. С. 91–112. Содерж.: [о министре просвещения БССР П. В. Саевиче]. С. 105–110.

  6. Саладков И. Противостояние : [о деятеле культуры и образования БССР П. В. Саевиче] / И. Саладков, П. Лапец // Коммунист Белоруссии. 1989. № 5. С. 24–28.

  7. Асмалоўскі, У. П. Вучоны, партыі баец : [да 95-годдзя з дня нараджэння П. В. Саевіча, удзельнiка Грамадзянскай вайны, выдатнага дзяржаўнага і партыйнага дзеяча] / У. П. Асмалоўскі // Сельскае жыццё. 1987. 28 лістап.

Чытаць 1593 разоў Апошняя змена Серада, 28 Жнівень 2013 12:10