Пятніца, 21 Май 2021 09:20

28 мая 2021 г. — 50 гадоў з дня нараджэння Святланы Локтыш (Святланы Ануфрыеўны Курылік; 1971), журналіста, пісьменніка, паэта

Святлана Ануфрыеўна Курылік (у дзявоцтве Локтыш) нарадзілася 28 мая 1971 г. у вёсцы Люсіна Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Вёска знакаміта тым, што тут напачатку ХХ ст. настаўнічаў малады Якуб Колас, апісаў яе ў аповесці «У палескай глушы». У 1977 г. Святлана пайшла вучыцца ў СШ № 2 г. Ганцавічы. У 1983 г. разам з сям’ёй пераехала ў Цюменскую вобласць (Расія), на радзіму вярнулася ў 1988 г.

 

 

Святлана Локтыш завочна з адзнакай скончыла харавое аддзяленне Гродзенскага вучылішча мастацтваў (1991). Працавала мастацкім кіраўніком і дырэктарам Любашаўскага сельскага дома культуры, педагогам-арганізатарам Кукаўскай сярэдняй школы, кіраўніком гурткоў і выхавальнікам групы ў Ганцавіцкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці, метадыстам аддзела культуры райвыканкама.

 

У 1996 г. Святлана Локтыш паступіла на завочнае аддзяленне рэжысуры Беларускага ўніверсітэта культуры, якое скончыла з адзнакай у 2001 г. У 2004–2008 гг. працавала ў рэдакцыі ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе» карэспандэнтам, адказным сакратаром. Затым працавала ў газеце «Ганцавіцкі час» (2011–2012), на раённым радыё.

 

Праходзіла курсы навучання трэнерству ў беларускіх, украінскіх і польскіх трэнераў. Вяла курсы па падрыхтоўцы журналістаў, трэнінгі зносін і асабістага росту, кансультацыі і скайп-кансультацыі. У 2017 г. вяла анлайн-курсы пісьменніцкага майстэрства. Зараз працуе рэдактарам інтэрнэт-рэсурсу партал 1prof.by Выдавецкага дома «Проф-Прэс» г. Мінска.

 

З дзяцінства Святлана Локтыш захапляецца паэзіяй. Першы верш напісала ва ўзросце дванаццаці гадоў. З таго часу складае паэтычныя радкі на беларускай і рускай мовах. З шаснаццаці гадоў пачала друкавацца ў «раёнцы». Вершы друкаваліся ў абласной газеце «Заря», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Маладосць», альманасе «Гоман», у калектыўным зборніку «Паміж Бобрыкам і Ланню. Ганцаўшчына літаратурная» і іншых выданнях. Некаторыя яе матэрыялы былі агучаны на рэспубліканскім радыё.

 

Святлана Локтыш — аўтар паэтычнага зборніка «Вышыванка», які пабачыў свет у 2008 г. Паэтка піша пра ўласныя перажыванні. Чуйная да роднага слова, здольная знайсці ў акіяне моўных скарбаў асаблівыя залацінкі, Святлана Локтыш выяўляе сябе стараннай рупліўцай мастацкага, эстэтычнага пошуку. Перакананне творчага асэнсавання свету, рэчаіснасці — гэта цвёрдае следаванне аўтара лепшым традыцыям нацыянальнай паэзіі. У 2019 г. выйшаў другі зборнік вершаў, на гэты раз на рускай мове, «Письмо в прошлое».

 

Разам з мужам, Георгіем Анатольевічам Чыжыкам, які акампаніруе на гітары, на літаратурных вечарынах выконваюць свае аўтарскія песні, а таксама песні на словы Івана Лагвіновіча, Міхася Рудкоўскага, Васіля Праскурава і іншых беларускіх паэтаў. Прымалі ўдзел у музычна-спартыўным злёце бардаў «Жураўліны край» у Ганцавіцкім раёне. Г. А. Чыжык (псеўданім Георгій Толін) — аўтар зборніка паэзіі «Мой Южный Крест» (2017), рэдактарам якога выступіла С. Локтыш, а прадмову напісаў Віктар Гардзей.

 

З 2015 г. Святлана Ануфрыеўна часта звяртаецца і да жанру прозы: напісала шмат апавяданняў, працуе над аповесцю. Апавяданне «Цыркачы» (2017), дасланае на конкурс газеты «Звязда», найперш звяртае на сябе ўвагу сацыяльнай і маральнай завостранасцю. Пісьменніца з’яўляецца суаўтарам некалькіх калектыўных зборнікаў апавяданняў і зборнікаў паэзіі «Волшебная скалочка» (2017), «Серёжки с топазами» (2017), «Калейдоскоп», «Только живи».

 

Член творчых грамадскіх аб’яднанняў — Саюза пісьменнікаў Беларусі (2011) і Беларускага саюза журналістаў. Дэлегат ІІІ з’езда СПБ (2016).

 

27 мая 2016 г. супрацоўнікі Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В. Ф. Праскурава правялі з С. Локтыш літаратурны дыялог «Мне сніліся вершы...». На вечарыну сабраліся прыхільнікі творчасці паэткі, тыя, хто любіць роднае слова і літаратуру.

 

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя В. Ф. Праскурава. Кулан Алена Юр’еўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

 

Творы С. А. Локтыш

 

  1. Письмо в прошлое : сборник стихов / Светлана Локтыш. – [Б. м.] : Издательские решения, 2019. – 82 с.
  2. Вышыванка : зборнік паэзіі / Святлана Локтыш ; [прадмова А. Крэйдзіча]. – Брэст : Альтернатива, 2008. – 41 с.
  3. Салаўіныя ночы ; «Падары мне залаты пярсцёнак...» ; «Падкажы мне, срэбнатвары...» ; «Ну вось, ты састарэла, восень...» ; Куцця : [вершы] / Святлана Локтыш // Літаратурная прастора Брэстчыны : анталогія твораў сяброў Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Брэст, 2018. С. 210–213.
  4. «А ці Сонца заплюшчыла вочы ў бядзе...»; Куцця : [вершы] / Святлана Локтыш // Жырандоля. Брэст , 2013. № 5. С. 144–146.
  5. [Вершы] / Святлана Локтыш // Пралескавы край : зборнік вершаў удзельнікаў літаратурнага аб’яднання «Пралеска», якое дзейнічае пры газеце «Ганцавіцкі час». Ганцавічы, 2012. С. 49–55.
  6. «Мне сніліся вершы — такія сапраўдныя!..» : [вершы] / Святлана Локтыш // Паміж Бобрыкам і Ланню : Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка. Мінск, 2007. С. 339–342.
  7. Я знаю край адным — адзіны ў свеце... : [зб. вершаў і песень, прысвечаных Ганцаўшчыне; у т. л. вершы С. Локтыш / паслясл. А. Трафімчык]. – Ганцавічы : ЦРБ імя В. Ф. Праскурава, 2004. – 63 с.
  8. Гімн маці : [артыкул пра сваю маці, Марыю Міхайлаўну Локтыш] / Святлана Локтыш // Алеся. 2018. № 3. С. 4.
  9. Цыркачы : [апавяданне] / Святлана Локтыш // Звязда. 2017. 1 красавіка. С. 12.
  10. «Блакітнае мора чароўных ільноў...» ; Сніцца лета ; Салаўіныя ночы : [вершы] / Святлана Локтыш // Літаратура і мастацтва. 2017. 31 сакавіка (№ 13). С. 8.
  11. «А мамины руки, как птицы, летают…» ; «Не зови меня неземною…» ; «Что делаю я здесь и почему?..» : [стихи] / Светлана Локтыш ; [пер. Валерия Гришковца] // Нёман. 2011. № 6. С. 99–100.
  12. «А мамины руки, как птицы, летают…» ; «Не зови меня неземною…» ; «Что делаю я здесь и почему?..» : [стихи] / Светлана Локтыш // Белой вежи свет : сборник поэзии Брестчины / сост. и пер. с белорус. Валерия Гришковца. Минск, 2010. С. 123–124.
  13. «Так свята хочацца…» ; «У вёску» ; «Ціха вакол…» : [вершы] / Святлана Локтыш // Літаратура і мастацтва. 2010. № 50. С. 8.
  14. «У вёску» : [верш] / Святлана Локтыш // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2010. 25 жніўня. С. 4.
  15. «Алеська вывучыў рэкламы…» : [верш] / Святлана Локтыш // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2010. 18 жніўня. С. 5.
  16. «Прымарозіла зноў пасля доўгай адлігі» : [верш] / Святлана Локтыш // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2010. 28 красавіка. С. 5.
  17. «У гарачых вугельцах вачэй згараю…» ; «Няхай банальна: прыцемак густы…» ; «Пазабіралі дзяцей гарады» ; «А давай мы махнём на Кіпр» ; «Над струнамі лёталі ўмелыя пальцы…» : [вершы] / Святлана Локтыш // Літаратура і мастацтва. 2010. 23 красавіка. С. 8.
  18. «Хамелеон» : [вершы] / Святлана Локтыш // Маладосць. 2009. № 11. С. 66.
  19. «Проста я цябе чакала…» ; Малітва ; У суніцах : [вершы] / Святлана Локтыш // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2009. 7 кастрычніка. С. 5.
  20. «Падары мне залаты пярсцёнак…» ; «Якія крохкія імгненні…» ; «Не чакаю ужо тэлефоннага клічу…» : [вершы] / Святлана Локтыш // Заря. 2008. 18 декабря. С. 17.
  21. Ты маё дзіцятка, мама… / Святлана Курылік (Локтыш) // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2004. 13 кастрычніка. С. 2.
  22. «Моцнай» палове : [верш] / Святлана Локтыш // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2001. 31 сакавіка. С. 4.
  23. Мяне завуць мама : [нарыс] / Святлана Локтыш // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2001. 7 сакавіка.

 

 

 

Аб жыцці і творчасці С. А. Локтыш

 

  1. Локтыш Святлана (Курылік Святлана Ануфрыеўна) // Творчы партрэт пісьменніцкай суполкі : біябібліяграфічны даведнік Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Брэст, 2018. С. 115–117.
  2. Локтыш Святлана // Паміж Бобрыкам і Ланню : Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка. Мінск, 2007. С. 411.
  3. Целяшук, В. Планка прыгожага пісьменства : [газета «Звязда» ўшанавала пераможцаў конкурсу апавяданняў, сярод іх С. Белаяр і С. Локтыш] / Вікторыя Целяшук // Звязда. 2018. 7 ліпеня. С. 14.
  4. Заляценка, М. Літаратурны дыялог са Святланай Локтыш : [літаратурная вечарына з паэткай у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя В. Ф. Праскурава] / Марыя Заляценка ; фота Юліі Варанец // Ганцавіцкі час. 2016. 2 чэрвеня (№ 22). С. 16.
  5. Душа— у ручніку-вышыванцы : [рэцэнзія на кнігу паэзіі С. Локтыш «Вышыванка»] // Народная газета. 2009. 12 сакавіка. С. 12.
  6. Пупач, Г. Спеўным словам вышытыя ўзоры : [у Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя В. Ф. Праскурава адбылася прэзентацыя першага паэтычнага зборніка С. Локтыш «Вышыванка»] / Галіна Пупач // Літаратура і мастацтва. 2008. 27 чэрвеня (№ 26). С. 5.
  7. Пупач, Г. Паэтычная вышыванка : [выйшаў зборнік паэзіі С. Локтыш «Вышыванка»] / Галіна Пупач // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2008. 7 чэрвеня. С. 7.
  8. Крэйдзiч, А. Паэтычная «Вышыванка» : [пра першую кнігу паэтэсы С. Локтыш «Вышыванка»] / Анатоль Крэйдзіч // Літаратура і мастацтва. 2008. 2 мая. С. 5.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1555 разоў