Серада, 12 Красавік 2023 14:50

2023 г. — 120 гадоў з часу пабудовы Крыжаўзвіжанскай царквы ў в. Сухопаль (Пружанскі р-н; 1903), помніка архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю

Вёска Сухопаль Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці вядома з 1641 г. Жыхары ўдзельнчіалі ў падрыхтоўцы каралеўскіх паляванняў у Белавежскай пушчы. 14 жніўня 1680 г. каралеўскія камісары, пасланыя ў Белавежскае лясніцтва, далі дазвол на пабудову царквы на пэўным участку зямлі ў Сухопалі.

 

Верагодна, хутка пасля гэтай падзеі і з'явіўся ў Сухопалі храм і ўтварыўся новы прыход. Першы храм быў пабудаваны з сасновага бруса, дах пакрыты гонтам, на даху быў адзін купал і тры жалезныя крыжы. У царкоўна-адміністрацыйным дачыненні Сухопольская царква ўваходзіла ў склад Пружанскага благачыння. Першым настаяцелем храма быў святар Іосіф Васілеўскі.

 

Несумнеўным доказам праявы ў Сухопалі асаблівай Божай ласкі з'явіўся шануемы абраз Прасвятой Багародзіцы. Гэты абраз знаходзіўся ў алтары, па правы бок ад царскіх брамы, у багатай пасярэбранай, усланай залатымі зорачкамі, рызе, быў ва ўвесь час існавання Сухопольской царквы адной з самых важных яе святынь.

 

Колькі часу існавала гэтая царква, дакладна вызначыць не ўяўляецца магчымым. Вядома, што, будучы ўжо досыць спарахнелай, яна згарэла. Не паспелі выратаваць царкоўнае начынне і іншую царкоўную маёмасць. Асабліва шануемы абраз Божай Маці ўсе лічылі таксама знішчаным агнём. Але хутка пасля пажару адзін набожны чалавек па прозвішчы Казакевіч цудоўным чынам знайшоў на глыбіні аднаго метра некалькі абгарэлы абраз Прасвятой Багародзіцы. Урачыста падняўшы знойдзеную святыню, прыхаджане перанеслі яе ў спехам збудаваную на месцы згарэўшага храма капліцу.

 

Пасля пажару, прыхаджане прыступілі да пабудовы новай царквы за 30 м на паўднёва-ўсход ад месца ранейшай царквы. Царква будавалася на працягу сямі гадоў з дрэва, бязвыплатна адпушчанага з Белавежскай пушчы. Будаўнічыя работы праводзіліся пад кіраўніцтвам простага селяніна з Шарашова Пружанскага павета. Храм быў пабудаваны на каменным падмурку з дрэва, абчасанага ў брускі, і пакрыты гонтам, меў форму карабля і адрозніваўся вялікімі памерамі і параўнальна вялікай вышынёй. Акрамя шанаванага абраза Божай Маці, важнай святыняй новага храма была часціца Дрэва Крыжа Гасподняга, ахвяраваная нейкім Філіповічам у перыяд з 1794 па 1799 гг.Адначасова з храмам быў пабудаваны новы дом для настаяцеля, які праіснаваў да 1885 г.

 

Цяжкім цяжарам на храм і яго прыхаджан лягла вайна 1812 г. Праз Сухопаль і бліжэйшыя вёскі праходзіў шасцітысячны саксонскі атрад. Паводле падання, заваёўнікі абрабавалі, а потым хацелі спаліць храм, але арандатар Сухопольского маёнтка Энгельгардт упрасіў камандзіра атрада не дапускаць выканання гэтай задумы. У 1878 г. пажар моцна пашкодзіў царкоўны будынак, знішчыў царкоўны архіў.

 

На месцы старога драўлянага храма, заснаванага ў канцы XVII ст., у 1903 г. пабудавана з цэглы Свята-Крыжаўзвіжанская царква. Настаяцелем тады быў святар Міхаіл Вінаградаў. Храм асвячоны 26 кастрычніка 1903 г. З моманту асвячэння ніколі не зачыняўся.

 

Храм 4-часткавай падоўжана-весевай кампазіцыі, створанай 3-яруснай званіцай, прамавугольнай у плане трапезнай, кубападобнай малітоўнай залай, 5-граннай апсідай з бакавымі рызніцамі. У сілуэце дамінуюць цыбулепадобныя галоўкі гранёнага шатра званіцы (2 васьмерыкі над прамавугольным прытворам) і 8-граннага барабана над 4-схільным пакатым дахам асноўнага аб’ёму. Галоўны і бакавыя ўваходы ў выглядзе прытвораў пад 2-схільнымі дахамі аформлены вуглавымі лапаткамі, зубчастымі карнізамі, прамавугольнымі панэлямі. Лучковыя аконныя праёмы дэкарыраваны плоскімі ліштвамі. Аб’ёмы апаразаны прафіляванымі карнізамі, зубчастымі фрызамі, вуглавымі лапаткамі, слаістымі ў прасценках бакавых фасадаў асноўнага аб’ёму. Прастора трапезнай адкрыта ў малітоўную залу шырокім арачным прасветам. Апсіда вылучана драўляным 3-ярусным ікнастасам.

 

На тэрыторыі царкоўнага двара знаходзяцца пахаванні настаяцеляў храма, а таксама дзяцей айца Аляксандра Ражановіча, забітага ў 1900 г. і пахаванага непасрэдна ўнутры храма. Над месцам пахавання ўладкаваны ківот (бажніца) з абразом нябеснага апекуна свяшчэннапакутніка Аляксандра. Увогуле ў гэтым храме ў свой час працавалі і шчыра маліліся чатырнаццаць настаяцеляў. Самым вядомым з іх быў архімандрыд Афанасій (Кудзюк), былы настаўнік Мінскай духоўнай семінарыі і благачынны Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра (1978–1980). З 1984 г. да самай смерці (2002) ён узначальваў епіскапскую Пермскую і Салікамскую кафедру.

 

Сёння настаяцелем храма з’яўляецца протаіерэй Віталій Навасад. Да храма прыпісаны дзве капліцы: Свята-Аляксандра-Неўская ў в. Крыніца і Свята-Георгіеўская ў в. Роўбіцк. Свята-Крыжаўзвіжанская царква збірае пад сваім ценем сотні вернікаў з усёй акругі, якія яднаюцца ў малітоўным парыве. З’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю, занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных кашноўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 113Г000652).

 

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф АаіІ

 

  1. Сухопольская Крестовоздвиженская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 394395.
  2. Царква ў гонар Уздвіжання Крыжа Гасподняга : [в. Сухопаль] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 388.
  3. Свята-Крыжаўзвіжанская царква : [в. Сухопаль] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 190.
  4. Крестовоздвиженская церковь : [д. Сухополь]/ А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 374.
  5. Крыжаўзвіжанская царква : [в. Сухопаль] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобалсць. Мінск, 1984. С. 335.
  6. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: 1680, 1789, Сухопаль. С. 188–191.
  7. Ревностный служитель Божий : Павел Васильевич Балабушевич (1827–1889) : (священствовал в Сухопольском православном приходе с 1851 по 1889) / Пружанская центральная районная библиотека им. М. Засима ; Отдел библиотечного маркетинга ; ответств. за выпуск О. А. Макарчук. Пружаны, 2023. [55] с.
  8. Сухопаль : [Пружанскі раён] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 538.
  9. Село Сухополь (Гродненской губ. Пружанского уезда):церковно-историческое описаніе / сост. В. П. Балабушевичъ. Вильна, 1888. 84 с.
  10. Макарчук, В. Годны пастыр Павел Балабушэвіч : [у ЦРБ імя М. Засіма прайшла духоўна-музычная вечарына «Годны пастыр», прысвечаная памяці іерэя Паўла Балабушэвіча – святара Сухопальскай царквы ў 1851–1889 гг.] / Вольга Макарчук // Раённыя будні. Пружаны, 2023. 8 красавіка. С. 13.
  11. Зялевіч, А. Лёсавызначальная сустрэча : протаіерэй Віталій Навасад ужо 25 гадоў акармляе паству Крыжаўзвіжанскага храма ў Сухопалі / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 4 красавіка. С. 11.
  12. Зялевіч, А. Пад шатамі крыжа : [Свята-Крыжа-Узвіжанская царква аг. Сухопаль адзначае 115-годдзе] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2018. 2 чэрвеня. С. 11.
  13. Крыжаўзвіжанская царква ў в. Сухопаль // Раённыя будні. Пружаны, 2008. 7 чэрвеня. C. 12.
  14. Иванов, А. Мир вашему дому : [беседа с отцом Иулианом Германовичем, настоятелем Сухопольской Свято-Крестовоздвиженской церкви] / А. Иванов // Заря. 1992. 18 февраля.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 273 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Ліпень 2023 09:21