Серада, 19 Сакавік 2014 17:37

7 снежня 2013 г. – 60 гадоў з дня нараджэння Любы (Любові Канстанцінаўны) Тарасюк (1953–2006), паэтэсы, крытыка, літаратуразнаўцы

Любоў Канстанцінаўна Тарасюк нарадзілася 7 снежня 1953 года ў вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і рабочых. Бацька, Канстанцін Міхайлавіч, працаваў рабочым, загадчыкам гаспадарчай часткі на розных прадпрыемствах Пінска, маці, Надзея Паўлаўна, – у пінскай гасцініцы.

 

У 1970 годзе Любоў Тарасюк скончыла з залатым медалём Пінкавіцкую сярэднюю школу імя Якуба Коласа. Паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які закончыла с чырвоным дыпломам ў 1975 годзе. Працягвала вучобу ў аспірантуры, пасля заканчэння якой (1978) працавала выкладчыкам, у 1986 годзе стала дацэнтам БДУ. З 1993 года да верасня 2005 года працавала на кафедры гісторыі беларускай літаратуры. Выкладала гісторыю беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ ст. і вусную народную творчасць.

З самых значных дасягненняў можна адзначыць наступныя: кандыдат філалагічных навук (1980), член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1981), сябра рэдкалегіі часопіса “Маладосць”, а таксама рэспубліканскай Рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, узначальвала суполку філалагічнага факультэта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (1991–2005).

Цікавасць да паэтычнага слова ў Любы Тарасюк выявілася рана. Ужо ў 9–10-гадовым узросце складала першыя вершаваныя радкі пра вясну, восень. Упершыню ў друку яе вершы з’явіліся ў 1966 годзе ў газеце “Піянер Беларусі”. Аднак пачаткам літаратурнай дзейнасці паэтэса лічыла 1972 год, калі ў часопісе “Маладосць” была змешчана нізка яе вершаў. У 1983 годзе ў серыi “Першая кнiга паэта”выйшла кніга паэзіі “Смага ракі”. Некалькі прыкметных паэтычных нізак Любы Тарасюк былі змешчаны ў розны час на старонках часопіса “Маладосць” і штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, каля дваццаці яе вершаў уключаны ў кнігу “Галасы вёснаў” (1997), што выйшла ў серыі “Школьная бібліятэка”, анталогію беларускай паэзіі “Краса і сіла” (2003).

Любоў Канстанцінаўна даследавала паэтыку беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ ст. Акрамя гэтага Любоў Тарасюк – вядомы крытык і літаратуразнаўца, аўтар манаграфій “Вернасць вытокам: Фальклорныя традыцыі ў сучаснай беларускай паэзіі” (1985), “Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі ХІХ – пачатку ХХ ст.” (1999), навучальнага дапаможніка для школ, ліцэяў, гімназій, ВНУ “Беларуская літаратура: ХІ – пачатку ХІХ стст.” (1999; у суаўтарстве). Сваю апошнюю кнiгу “Апалогiя красы” Л. Тарасюк выдала ў 2003 годзе. У кнізе ўдумлівыя, тонкія назіранні над паэзіяй Н. Арсеньевай, Л. Геніюш, М. Багдановіча, А. Зязюлі, К. Сваяка – паэтаў, хто маліўся Красе.

Выток яе жыцця і творчае прычасце – беларускае Палессе, вёска Пінкавічы. Кожны верш Любы Тарасюк напоўнены любоўю да роднай старонкі, павагай да яе працавітых людзей. Вытокі свайго таленту яна бачыла ў радзінных каранях.

Любоў Тарасюк шмат зрабіла для нацыянальнай адукацыі і культуры як асветніца і педагог. За трыццаць гадоў працы ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце асабліва шмат часу аддавала стварэнню літаратуразнаўчых навукова-метадычных прац. Яе пяру іх належыць больш за 200.

Яна была надзвычай прыгожым чалавекам, знешне і ўнутрана, далікатным, эмацыянальным; баялася пакрыўдзіць каго-небудзь несправядлівым словам, учынкам, а сама цяжка перажывала крыўды. Люба Тарасюк не ўмела змагацца за сябе, але смела кідалася ў бойку, калі несправядліва абыходзіліся з чалавекам. Для яе вызнавальным было слова “справядлівасць”. Любоў Канстанцінаўна была патрыётам сваёй Бацькаўшчыны, клапацілася пра развіццё беларушчыны. Была шчаслівым чалавекам, бо займалася любімай справай, надзвычай была прывязана да роднага дома, бацькі і маці, да Палесся.

Любоў Канстанцінаўна Тарасюк заўчасна, пасля працяглай хваробы памерла 16 чэрвеня 2006 года ў Пiнкавiчах.

Творчасць Любы Тарасюк успыхнула ярка і непаўторна, каб у самым росквіце нечакана абарвацца. Яе аднавяскоўцы ганарацца сваей таленавітай зямлячкай і плацяць ёй незабыўнай памяццю. У 2010 годзе на доме, дзе яна нарадзілася, ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Станкевіч Клаўдзія Аляксандраўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы i працы Л. К. Тарасюк

1.     Смага ракі : вершы / Л. Тарасюк ; рэц. А. Вольскі. Мінск, 1983. 58 с. (Першая кніга паэта).

2.     Імя Айчыны : [верш] / Люба Тарасюк // Белорусская нива. 2012. 10 февр.

3.     Крыніца ў Ракуцёшчыне : [верш] / Люба Тарасюк // Максім Багдановіч. Песняр чыстае красы : успаміны, артыкулы, прысвячэнні. Мінск : Мастацкая літаратура, 2011. С. 331–332.

4.     “Равнинная полесская душа…; Не отпускай меня, не отпускай; Я все иду непознанной дорогой : [стихи] / Люба Тарасюк // Белой вежи свет : сборник поэзии Брестчины / сост. и пер. с бел. Валерия Гришковца. Минск : Літаратура і Мастацтва, 2010. С. 49–50.

5.     Апалогія красы : кніга пра беларускую паэзію / Л. К. Тарасюк. Мінск, 2003. 141 с.

6.     Загадка аўтарства “Пінскай шляхты” / Л. Тарасюк // Працы кафедры гісторыі беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта : нав. зб. Мінск, 2002. Вып. другі. С. 84–89.

7.     “Быў гэта сон…” : лірыка кахання Янкі Купалы / Л. Тарасюк // Купала, Я. Явар і каліна : паэзія кахання : для дзяцей сяр. i ст. шк. узросту / Янка Купала ; уклад. С. Панізнік. Мінск : Юнацтва, 2000. С. 6–12.

8.     Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі ХІХ – пачатку ХХ ст. : вучэб. дапам. для студэнтаў філал. фак. / Л. К. Тарасюк. Мінск, 1999. 72 с.

9.     Беларуская паэзiя пачатку 20 ст. у кантэксце еўрапейскіх мастацкіх плыняў: да пастаноўкі праблемы / Люба Тарасюк // Беларусіка. Мінск, 1997. Т. 6. С. 181–184.

10.                       “Мой бераг родны…” ; Парашутны шоўк ; Будаўнікі Езуіцкага калегіума ў Пінску. XVIIст. : (З цыкла “Маналогі стагоддзяў”) ; Распадаецца сэрца на долі : [вершы] / Люба Тарасюк // Анталогія беларускай паэзіі : у 3 т. Вершы і паэмы. Мінск, 1993. Т. 3. С. 556–559.

11.                       Жэня ; Да этнагенезу беларусаў ; Воран і голуб ; Не адпускай мяне, не адпускай ; “Яшчэ пад зоркай чысціні…” ; Вавель ; Пілігрымы : [вершы] / Люба Тарасюк // Маладосць. 1991. № 2. С. 5–7.

12.                       Хацелася быць пачутымі : (Вяртанне паэтычнай класікі) / Люба Тарасюк // Дзень паэзіі – 89. Мінск, 1989. С. 265–271.

13.                       Вернасць вытокам : Фальклорныя традыцыі ў сучаснай беларускай паэзіі / Л. К. Тарасюк. Мінск, 1985. 126 с.

14.                       “Спакойнай стомай дыхаюць палі…” ; “Бяссоннаю істотай пачуцця…” : [вершы] / Люба Тарасюк // Дзень паэзіі – 82 / [уклад. П. Макаль ; рэдкал. : В. Зуенак (гал. рэд.) і інш.]. Мінск, 1982. С. 211.

 

Аб жыцці і творчасці Л. К. Тарасюк

1.     Тарасюк Любоў Канстанцінаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15.С. 439.

2.     Тарасюк Любоў Канстанцінаўна // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 245.

3.     Гарэлік, Л. М. Тарасюк Любоў / Л. М. Гарэлік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / Ін-т імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь. Беларус. Энцыкл. ; пад рэд. А. В. Мальдзіса. Мінск, 1995. Т. 6. С. 67–68.

4.     Тарасюк Любоў Канстанцінаўна // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пінскага раёна. Мінск, 2003. С. 491–492.

5.     Тарасюк Любоў Канстанцінаўна // Ученые Пинщины :[справ. издание] / авт.-сост. И. А. Кибак, П. Н. Синкевич. Минск, 2003. С. 110.

6.     Памяці Любы Тарасюк (1953–2006) ; Пра Любу… / Iгар Запрудскі, Мікола Хаўстовіч, Людміла Сінькова, Ніна Рашэтнікава, Ірына Бурдзялёва, Віктар Каратай, Сяргей Кавалёў ; Публікацыі Любы Тарасюк [1966–2006] // Працы кафедры гісторыі беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта : нав. зб. Мінск : ВТАА “Права і эканоміка”, 2006. Выпуск сёмы. С. 3–22.

7.     Скобла, М. Люба Тарасюк : [памяцi паэтэсы, выкладчыка] / Міхасць Скобла // Наша ніва. 2006. 21 ліп.

8.     Булгаков, В. История белорусского национализма : Памяти Любы Тарасюк (1953–2006) / Валер Булгаков. Вильнюс : Институт белорусистики, 2006. 331 с.

9.     Любоў Тарасюк // Літаратурная карта Берасцэйшчыны / укл. Анатоль Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 369.

10.                       Тарасюк Любоў // Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Мінск, 2008. С. 59, 270, 274, 276, 303.

11.                       Гришковец, В. Она воспевала эту землю… : [об открытии мемориальной доски Л. К. Тарасюк в д. Пинковичи] / Валерий Гришковец // Заря. 2010. 11 дек. С. 10.

12.                       В Пинковичах открыли мемориальную доску, посвященную местной уроженке Любови Константиновне Тарасюк // Полесская правда (Пинск). 2010. 15 дек.

13.                       Гришковец, В. “Мой бераг родны…” : [о поэтэссе Любови Тарасюк] / Валерий Гришковец // Пінскі вестнік. 2009. 27 лістап.

14.                       Бельскі, А. Паўнаводная рака творчасці : Літаратурны і навуковы плён Любові Тарасюк / Алесь Бельскі // Роднае слова. 2003. № 12. С.11–14.

15.                       Тарасюк Любовь Константиновна // Пинская неделя. 1997. 29 авг.

16.                       Гук, У. “Я любові тваёй галінка…” : [аб паззіі Любы Тарасюк]/ Уладзімір Гук // Пинская неделя. 1999. 9 апр.

17.                       Любоў Тарасюк // Паэтычныя галасы Брэстчыны : бібліягр. паказальнік у дапамогу настаўніку беларускай мовы і літаратуры пры вывучэнні сучаснай паэзіі і для пазакласнай работы па літаратуры. Брэст, 1991. С. 44–45.

18.                       Бондар, Т. “Пра ўсё сказаць прыйшла пара…” : Маладая беларуская паэзія, год 1983. Літаратурны агляд : [аб паззіі Любы Тарасюк]/ Таіса Бондар // Маладосць. 1984. № 3. С. 160–166.

19.                       Гарадніцкая, Я. Вяртанне ў працяг / Я. Гарадніцкая // ЛіМ. 1983. 28 кастр.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 673 разоў