Серада, 10 Снежань 2014 10:29

4 кастрычніка 2014 г. – 270 гадоў з дня нараджэння Міхала Францішка Карповіча (1744–1803), палітычнага і царкоўнага дзеяча, багаслова-асветніка, удзельніка паўстання 1794 г.

Міхал Францішак Карповіч – вядомая постаць, наш «беларускі Радзішчаў», якім можа ганарыцца Камянецкі край. Нарадзіўся будучы асветнік, тэолаг і палітычны дзеяч 4 кастрычніка 1744 года ў Камянцы Берасцейска-Літоўскага ваяводства (цяпер горад Камянец Брэсцкай вобласці) у дробнашляхецкай сям’і.

У 1751–1761 гадах Міхал Карповіч вучыўся ў Берасцейскім езуіцкім калегіуме. Тут ён атрымаў бліскучую адукацыю, сфарміраваліся яго погляды, акрэслілася поле яго дзейнасці. Пасля заканчэння вучобы М. Карповіч падаўся ў Варшаву, дзе 29 ліпеня 1761 года ўступіў у аб’яднанне Крыжа Місіянерскага. Да 1766 года Міхал Карповіч служыў клірыкам у касцёле Святога Крыжа.

З 1767 года займаў пасаду прафесара філасофіі ў Варшаўскай духоўнай семінарыі. Але філасофія М. Карповіча мела рэлігійны ўхіл і ў 1771 годзе асветніцкія шляхі прыводзяць яго ў Кракаў, дзе ён выкладаў тэалогію. З 1772 па 1774 год выкладаў тэалогію і царкоўную гісторыю ў Віленскай епархіяльнай семінарыі пры касцёле св. Казіміра. Тут М. Карповіч актыўна ўключыўся ў грамадска-палітычную дзейнасць. Спробы асветніка па-іншаму зірнуць на духоўныя пытанні, дастасаваць вальнадумства да рэлігійнага аскетызму былі заўважаны грамадскасцю. У 1774 годзе М. Карповіч быў абраны дэлегатам правінцыйнага канвента ў Варшаве. У 1775 годзе, дзякуючы падтрымцы віленскага біскупа І. Масальскага, стаў пробашчам у Гражышках на Сувальшчыне.

Нягледзячы на тое, што Міхал Карповіч быў перш за ўсё асветнікам вышэйшых колаў грамадства Рэчы Паспалітай, ён адным з першых на тэрыторыі тагачаснай Беларусі распачаў крытыку прыгоннага права, як гуманіст выступаў супраць жорсткага абыходжання паноў з сялянамі. Літаратурная творчасць М. Карповіча была скіравана на актывізацыю патрыятычных пачуццяў сучаснікаў. Ён пісаў панегірычныя вершы, аднак асаблівым паэтычным талентам не вызначаўся. Славу М. Карповічу як пісьменніку прынеслі трыбунальскія і юбілейныя казанні. Ён аўтар двухтомнай кнігі «Kazania» («Казанні», 1776–1778). Пафас большасці казанняў – пратэст супраць бяспраўя і беспарадкаў, свавольства і амаральнасці сацыяльных вярхоў. Погляды М. Карповіча сустрэлі падтрымку рэфарматараў і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1776 годзе М. Карповіч атрымаў пасаду архідыякана смаленскага, у 1778 годзе – пробашча прэнскага, а ў 1783 годзе – каноніка познанскага. У 1778 годзе кароль узнагародзіў яго медалём “Merentibus”.

Міхал Карповіч быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 мая 1791 года, накіраванай на ліквідыцыю феадальнай анархіі, палітычнае і эканамічнае ўмацаванне Рэчы Паспалітай. У час паўстання 1794 года ўвайшоў у паўстанцкі ўрад – Найвышэйшую літоўскую раду, пасля – у Найвышэйшую нацыянальную раду. Пасля падаўлення паўстання М. Карповіч быў звольнены з пасады, царскія ўлады выдалі загад на яго арышт. Пэўны час хаваўся ў Варшаве, паўлегальна жыў у маёнтку Грыжашкі. Сабраў там багатую бібліятэку. Пазней М. Карповічу было вернута прафесарскае званне.

У 1797 годзе прускімі ўладамі ён быў прызначаны біскупам віграўскім. У Віграх (цяпер у Падляскім ваяводстве) Міхал Карповіч, нягледзячы на свае сціплыя заробкі, займаўся рамонтам мясцовага касцёла, арганізаваў капітулу, заснаваў духоўную семінарыю, у якой сам выкладаў.

Міхал Карповіч памёр 5 лістапада 1803 года ў Баржніках пад Сейнамі, пахаваны ў Віграх.

Пасля смерці дзеяча выйшлі выданні яго казанняў: “Kazaniawróżnychokolicznościahmiane” (Кракаў, 1806, т. 1–3); “Kazaniaiinnedzieła” (Варшава, 1807–1808, т. 1–3), “Kazania” (Варшава, 1808–1814, т. 1–8).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У.М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,
гал. бібліёграф

 

  1. Карповіч, М. Казанне на пяты чацвер посту ў калегіуме Святога Яна ў Варшаве 1775 года 30 сакавіка : Пра шкоду страціць збавенне / Міхал Карповіч ; пер. У. Сухапара // Песні Белавежы : Камянеччына літаратурная : проза, паэзія, публіцыстыка / уклад. З. Дудзюк. Мінск : Мастацкая літаратура, 2005. С. 23–25.

  2. Карпович Михал Франтишек // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск : БелЭн, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 449.

  3. Міхал Карповіч // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2008. С. 289–291.

  4. Карповіч Міхал Францішак // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск : БелЭн, 2007. Т. 2. С. 55.

  5. Карповіч Міхал Францішак // Асветнікі зямлі беларускай : энцыкл. даведнік / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мінск : БелЭн, 2001. С. 210–211.

  6. Карповіч Міхал Францішак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск : БелЭн, 1997. Т. 4. С. 126.

  7. Карповіч Міхал Францішак // Мысліцелі і асветнікі Беларусі : энцыкл. даведнік / гал. рэд. Б. І. Сачанка і інш. Мінск : БелЭн, 1995. С. 224.

  8. Rabowich, E.Karpowicz Michał Franciszek / EdmundRabowich // Polski Słownik Biograficzny / Polska Akademia Nauk. Instytut Historii. Wrocław – Warszawa – Kraków, 1966–1967. Т. 12. S. 117–121.

  9. Карлюкевіч, А. М. «…Дзе і раку завуць Лясною» / А. Карлюкевіч // Карлюкевіч, А. Радзімазнаўства. Мясціны. Асобы / А. Карлюкевіч. Мінск, 2010. С. 79.

  10. Дубовік, С. Беларускі Радзішчаў : [Міхал Францішак Карповіч] / Сяргей Дубовік // ЛіМ. 2005. 2 верасня. С. 6.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2291 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Красавік 2020 11:55