Серада, 14 Студзень 2015 13:12

25 верасня 2015 г. – 250 гадоў з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага (1765–1833), дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, кампазітара, пісьменніка, удзельніка паўстання Т. Касцюшкі 1794 г.

Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся 25 верасня 1765 года ў Гузаве каля Варшавы ў высокаадукаванай шляхецкай сям’і. Княжацкі род Агінскіх належаў да вышэйшых арыстакратычных колаў Рэчы Паспалітай.

М. К. Агінскі атрымаў бліскучую адукацыю. Яго бацька, ваявода троцкі, мечнік ВКЛ Анджэй Агінскі (1740–1787), узяў для выхавання сына Жана Ралея, аднаго з лепшых рэпетытараў Еўропы, які перад тым займаўся выхаваннем будучага аўстрыйскага імператара Леапольда ІІ. Міхалу ўжо ў сямігадовым узросце выкладалі еўрапейскія мовы і розныя навукі – ад матэматыкі да палітычнай эканоміі. 

Фартэпіяннай ігры Міхал вучыўся ў прыдворнага музыканта Восіпа Казлоўскага, скрыпічнай – у Дж. Б. Віёці. Для фарміравання музыканта вялікае значэне мелі знаходжанні ў г. Слоніме – рэзідэнцыі яго дзядзі Міхала Казімежа Агінскага (1730–1800), дзе былі вялікі тэатр і капэла. Яго дзядзя быў не толькі дзяржаўным дзеячам і вайскоўцам, але і вялікім аматарам мастацтва, музыкі і паэзіі, іграў на некалькіх музычных інструментах, сачыняў оперы, паланезы, мазуркі, песні.

Палітычнай дзейнасцю М. К. Агінскі заняўся ў 1786 годзе, калі быў абраны дэпутатам на сойм Рэчы Паспалітай. Быў камісарам Скарбовай камісіі ВКЛ (1988), мечнікам вялікім літоўскім (1789–1793). У 1790–1791 гадах – пасол Рэчы Паспалітай у Галандыі, з 1791 года – на дыпламатычнай місіі ў Лондане. За мяжой меў магчымасць пазнаёміцца таксама з музычным жыццём. Быў знаёмы з Ф. І. Гайднам і В. А. Моцартам, браў урокі ў славутых выканаўцаў, слухаў Нікола Паганіні і іншых віртуозаў.

У 1791 годзе мусіў прысягнуць Кацярыне ІІ, каб захаваць свае маёнткі ва ўсходняй частцы сучаснай Беларусі. У 1793–1794 гадах – падскарбій (міністр фінансаў) Вялікага Княства Літоўскага.

Актыўна ўдзельнічаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі на тэрыторыі Беларусі (1794). Увайшоў у Нацыянальны савет у якасці віленскага дэлегата і ў складзе аднаго з вайсковых фарміраванняў, створаных на яго ўласныя сродкі, змагаўся на баку паўстанцаў. Пасля заняцця рускімі Вільні, праз Галіцыю М. К. Агінскі выехаў у Аўстрыю, эмігрыраваў у Канстанцінопаль, дзе стаў актыўным дзеячам эміграцыі, затым пераехаў у Парыж, жыў у Вене, Венецыі. За ўдзел у паўстанні расійскія ўлады канфіскавалі яго маёнткі. Пасля аслаблення надзей на аднаўленне незалежнасці Польшчы і аб’яўленай амністыі пасля смерці Паўла І вярнуўся ў Расію.

З 1802 года М. К. Агінскі жыў у сваім маёнтку Залессе каля Смаргоні. Ён ажаніўся другі раз, займаўся гаспадаркай. Залессе пераўтварылася ў культурны цэнтр, жыццё якога поўнілася музычнымі падзеямі.

У 1810 годзе М. К. Агінскі пераехаў у Санкт-Пецярбург і стаў сенатарам Расійскай імперыі, атрымаў чын тайнага саветніка (генерал-лейтэнанта). У 1810–1812 гадах – давераная асоба імператара Аляксандра І, сустракаўся з ім часта, у тым ліку ў Вільні, Магілёве, Віцебску. У маі 1811 года прапанаваў таму праект стварэння Вялікага Княства Літоўскага на правах аўтаноміі ў складзе Расійскай імперыі, які быў адхілены.

Кампазітарскую дзейнасць М. К. Агінскі пачаў у 1790-я гады стварэннем шматлікіх маршаў і баявых песень, пашыраных сярод паўстанцаў 1794 года. У асноўным займаўся музыкай у залескі перыяд. У гэты час напісаны славуты паланез “Развітанне з Радзімай”, які стаў польскім нацыянальным гімнам. Галоўнае ў творчасці Міхала Агінскага – фартэпіянныя п’есы (перш-наперш паланезы, а таксама мазуркі, маршы, вальсы) і рамансы, адметныя славянскімі, асабліва польскімі, меладычнымі і рытмічнымі зваротамі, багаццем настрояў. Аўтар оперы “Зеліда і Валькур, або Банапарт у Каіры” на ўласнае лібрэта, 4-х тамоў мемуараў (выдадзены ў 1826–1827 гг. у Парыжы) , трактата “Лісты пра музыку” (1828).

У 1817 годзе пераехаў у Вільню. У 1822 годзе пакінуў радзіму, жыў у Італіі.

Міхал Клеафас Агінскі памёр 15 кастрычніка 1833 года ў Фларэнцыі.

Асоба кампазітара, рамантычныя абставіны яго жыцця, сувязі з Беларуссю прыцягваюць да Агінскага дзеячаў сучаснага беларускага мастацтва. У г. Маладзечна (тут быў маёнтак старажытнага роду Агінскіх) Мінскай вобласці каля музычнага каледа імя М. К. Агінскага 1 верасня 2001 года адкрыты помнік кампазітару і грамадска-палітычнаму дзеячу (скульптар Валерый Янушкевіч). 12 снежня 2013 года ў Маладзечне адбылася прэм’ера оперы кампазітара Алега Залётнева “Міхаіл Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт”.

2015 год ЮНЕСКА абвясціла Годам М. К. Агінскага.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Агінскі Міхал Клеафас // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2010. Т. 1. С. 40–41.

  2. Агінскі Міхал Клеафас // Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Х–ХІХ стіагоддзі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1995. С. 167–168.

  3. Огиньский Михаил Клеофас // Музыкальная энциклопедия : в 6 т. Москва, 1976. Т. 3. С. 1082–1083.

  4. Агінскі, М. К. Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1794 года // Міхал Клеафас Агінскі ; пер. з фр. Вольга Рамановіч ; камент. Аляксандра Пашкевіча // ARCHE – Пачатак. 2011. № 6. С. 461–722.

  5. Агінскі, М. К. Мая біяграфія зь дзяцінства па 1788 г., эпоху, калі пачынаюцца мае мемуары / Міхал Клеафас Агінскі ; пер. Т. Кляшчонак і А. Рабцавай // Спадчына. 1998. № 5. С. 81–99; № 6. С. 226–237.

  6. Грыцкевіч, А. Памятныя запіскі Міхаіла Клеофаса Агінскага Аляксандру І у 1811 годзе / Анатоль Грыцкевіч // Адраджэнне : гіст. альманах. Мінск, 1995. Вып. 1. С. 195–223.

  7. Шмігельскіце-Стукене, Р. Нарысы палітычнай і дыпламатычнай дзейнасці Міхала Клеафаса Агінскага (ад Варшаўскага сойма 1786 г. да Гарадзенскага сойма 1793 г.) / Р. Шмігельскіце-Стукене // ARCHE – Пачатак. 2014. № 6. С. 229–267.

  8. Верамейчык, С. Міхаіл Клеафас Агінскі. 1765–1833 : продкі, жыццё ў Залессі, нашчадкі (спроба храналогіі) / Сяргей Верамейчык. Мінск : Кавалер, 2008. 127 с.

  9. Залуский, И. Ген Огинского / Иво Залуский ; пер. с англ. Минск : Четыре четверти, 2006. 239 с. : [8] л. фото.

  10. Залуский, А. Время и музыка Михаила Клеофаса Огинского / Анджей Залуский ; вступ. ст. В. Счастного, А. Мальдиса ; послесл. Л. Анцух ; пер. с англ. В. Плютова. Минск : Четыре четверти, 1999. 190 с. : ил.

  11. Цеханавецкі, А. Міхаіл Клеафас Агінскі і яго “Сядзіба музаў” у Слоніме / Анджэй Цеханавецкі ; пер. з ням. мовы У. Сакалоўскага ; навук. рэд. пер. і тэкст прадм. А. Мальдзіса. Мінск : Беларусь, 1993. 176 с. (Свет пра Беларусь).

  12. Трэпет, Л. В. Там, дзе гучалі паланезы / Л. В. Трэпет. Мінск : Полымя, 1990. 34 с.

  13. Бэлза, И. Ф. Михаил Клеофас Огиньский / Игорь Федорович Бэлза. 2 изд. Москва : Музыка, 1974. 127 с. : [9] л. ил.

  14. Караткевіч, У. Песня Паўночных Афін : эсэ : [упершыню апублікавана ў 1965 г.] // Караткевіч, У. Збор твораў у васьмі тамах / Уладзімір Караткевіч. Мінск, 1991. Т. 8, кн. 2. С. 146–150.

  15. Мальдис, А. И. Соотечественники : очерки о белорусах и уроженцах Беларуси, обогативших мировую культуру : [ХV–ХХ вв.] / Адам Мальдис. Минск : Звязда, 2013. 335 с. Из содерж.: Михал Клеофас Огиньский: мифы и реальность. С. 130–143.

  16. Нікалаеў, М. Беларускі Пецярбург / Мікола Нікалаеў. Санкт-Пецярубрг : Агентсво «ВиТ-принт», 2009. 535 с. : іл. Са зместу: Міхал Клеафас Агінскі. С. 102.

  17. Рубашевский, Ю. Эхо “Полонеза” под сводами Ватикана : [о работе брестского историка Л. М. Нестерчука в архивах Флоренции и Рима в поисках материалов для монографии об М. К. Огиньском] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2014. 29 янв. С. 1, 16.

  18. Михаил Клеофас Огинский / подгот. В. В. Ковалив // Пачатковае навучанне. 2014. № 3. С. 78–79.

  19. Мальдис, А. Полонез Огинского: мифы и реальность / Адам Мальдис ; авториз. пер. с белорус. Идалии Кононец // Нёман. 2013. № 11. С. 217–222.

  20. Берасцень, С. Агінскі. Разбурэнне стэрэатыпаў : [прэм’ера нацыянальнай оперы “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт” кампазітара Алега Залётнева] / Святлана Берасцень // ЛіМ. 2013. 13 снеж. (№ 49). С. 13.

  21. Янушкевич, В. И. Памятник М. К. Огинскому. 2001. Бронза, гранит / Валерий Янушкевич // Сучасная беларуская скульптура. ХХІ стагоддзе. Мінск, 2012. С. 337.

  22. Шумская, И. М. Роль творческого наследия М. Огинского и С. Монюшко в культурном пространстве Польши и Беларуси / И. М. Шумская // Веснік Брэсцкага універсітэта. Серыя 2. Гіст орыя. Эканоміка. Права. 2010. № 1. С. 57.

  23. Верабей, А. Уладзімір Караткевіч і Міхаіл Клеафас Агінскі / А. Верабей // Роднае слова. 2010. № 8. С. 42–43.

  24. Бунцэвіч, Н. Зборы Паўночных Афінаў / Н. Бунцэвіч // Культура. 2009. № 36. С. 20.

  25. Трафілава, І. Таямніцы старажытнага архіва : [пра архіў М. К. Агінскага] / І. Трафілава // Беларусь. 2008. № 3. С. 32–33.

  26. Зайкоўская, Д. Міхаіл Клеафас Агінскі: 240 гадоў з дня нараджэння / Д. Зайкоўская // Наша слова. 2005. 12 кастр. (№ 39). С. 8.

  27. Дадзіёмава, В. У. Міхал Клеафас Агінскі // Дадзіёмава, В. У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі / В. У. Дадзіёмава. Мінск, 2001. С. 88–103.

  28. Немагай, С. Міхал Клеафас Агінскі і яго эпоха ў “Лістах пра музыку” / Святлана Немагай // Мастацтва. 1997. № 9. С. 12–16; № 10. С. 59–61; № 11. С. 56–59.

Чытаць 1836 разоў Апошняя змена Серада, 14 Красавік 2021 15:24