Чацвер, 17 Сакавік 2016 15:22

8 лютага 2016 г. – 130 гадоў з дня нараджэння Васіля Данілавіча Друшчыца (1886–1937), вучонага-гісторыка, даследчыка гісторыі Беларусі, правадзейнага члена Інстытута беларускай культуры, педагога

Васіль Данілавіч Друшчыц нарадзіўся 8 лютага 1886 года ў вёсцы Блудзень Гродзенскай губерні (цяпер Першамайская Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у вялікай сялянскай сям’і. Бацька Васіля падчас руска-турэцкай вайны 1877–1878 гг. прымаў удзел у баявых дзеяннях на Балканах, штурме перавала Шыпка і яго абароне ў зімовы час. За ўдзел у гэтай кампаніі Д. І. Друшчыц быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.

Ужо з малых гадоў у Васіля праявілася цяга да ведаў. Дзе толькі было магчыма, здабываў ён кнігі, асабліва цікавілі народныя паданні і легенды, апавяданні аб мужных людзях і гераічным мінулым. У 1907 годзе Васіль Друшчыц скончыў школу. Дзякуючы таму, што царскія ўлады дазволілі дзецям удзельнікаў руска-турэцкай вайны вучыцца на льготных умовах, Васіль змог паступіць у Юр’еўскі ўніверсітэт (цяпер г. Тарту, Эстонія), які паспяхова скончыў у 1911 годзе і пачаў працаваць выкладчыкам гісторыі ў Літве.

У час Першай сусветнай вайны В. Друшчыц разам з сям’ёй апынуўся ў бежанцах. Вярнуўшыся, стаў выкладаць гісторыю ў Рэчыцкай і Бабруйскай гімназіях, чытаў лекцыі па гісторыі Беларусі на летніх настаўніцкіх курсах.

З 1922 года выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, з 1927 горда – прафесар БДУ. На пытанне анкеты «На якіх мовах, акрамя рускай, размаўляеце, чытаеце і пішаце?» прафесар, які ведаў шэсць моў, коратка адказаў: «Чытаю на польскай, нямецкай і лацінскай мовах». Васіль Данілавіч быў цікавым лектарам, добрым выкладчыкам. Сярод тых, хто з захапленнем слухаў яго лекцыі, былі будучыя вядомыя беларускія пісьменнікі і літаратуразнаўцы: Кузьма Чорны і Алесь Дудар, Язэп Пушча і Яўген Рамановіч, Андрэй Александровіч і Анатоль Вольскі.

Васіль Данілавіч пакінуў пасля сябе багатую навуковую спадчыну. І хоць не ўсе яго даследаванні былі апублікаваны, можна смела гаварыць аб значным укладзе вучонага ў развіццё беларускай навукі і культуры. Васіль Данілавіч вывучаў гісторыю беларускіх гарадоў у эпоху феадалізму. Сярод навуковых прац: «Места Мінск у канцы XV і пачатку XVI ст.» (1926), «Нарысы сацыяльна-эканамічнага жыцця места Навагрудка ў XVI ст.» (1927), «Войты і іх улада ў беларускіх гаспадарчых местах з майдэборскім правам» (1928). Васіль Друшчыц быў адным з першых беларускіх гісторыкаў, якія вывучалі становішча беларускага сялянства ў эпоху феадалізму і распрацоўвалі тэму класавай барацьбы. Некаторыя свае публікацыі падпісваў “Дружчиц”.

В. Д. Друшчыц прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці БДУ і ўсёй рэспублікі. Ён быў членам праўлення БДУ, узначальваў камісію Інбелкульта па гісторыі гарадоў. У 1933 годзе прыехаў у Маскву, дзе працаваў прафесарам кафедры гісторыі народаў СССР Літаратурнага інстытута імя А. І. Герцэна.

У 1937 годзе яго жыццё трагічна абарвалася ў выніку палітычных рэпрэсій. Васіль Данілавіч Друшчыц быў рэабілітаваны ў 1958 годзе.

Яго сын, Уладзімір Васільевіч Друшчыц (1916–1983), быў прафесарам палеанталогіі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Ламаносава, аўтарам кніг, манаграфій, падручнікаў. Дачка Васіля Данілавіча Ірына па адукацыі ўрач-неўрапатолаг. Яна перадала Бярозаўскаму гісторыка-краязнаўчаму музею фотаздымак бацькі і пісьмо з падзякай ад студэнтаў БДУ – удзельнікаў семінара па гісторыі Беларусі (1923–1927).



Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Логіс Аляксандра Генадзьеўна, гал. бібліёграф

 

  1. Дружчиц Василий Данилович // Память : ист.-докум. хроника Березовского р-на. 2-е изд., перераб. и доп. Минск : Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2014. С. 573.

  2. Дружчиц Василий Данилович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 354.

  3. Дружчиц Василий Данилович // Республика Беларусь: энциклопедия: в 6 т. Минск : БелЭн, 2006. Т. 3. С. 448.

  4. Друщиц Василий Данилович // Путешествие по Беларуси : В краю Нёмана, Западного Буга и Припяти / Е.Н. Мешечко. Брест: Брестская типография, 2012. С.286.

  5. Друшчыц Васіль Данілавіч : Знакамітыя людзі Бярозаўшчыны// Бяроза 530 гадоў. Брест : Альтернатива, 2007. С. 31.

  6. ДрушчыцВасіль Данілавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 289.

  7. Іофэ, Э. Летапісец айчыннай гісторыі / Эмануіл Іофэ // Гістарычная брама. 2000. № 1. С. 2–5.

  8. Іофэ, Э. Расстраляны ў Мінску… / Эмануіл Іофэ // Беларуская мінуўшчына. 1996. № 1. С. 42–43.

  9. Кабат, Т. Шлях вучонага / Т. Кабат, Г. Пуцыковіч // Прысуд адменены. Брест : Брэсцкае абластное аддзяленне беларускага фонду культуры, 1993. С. 222–230.

  10. Селеня, Е. Реставрация – это возрождение : [об архитекторе Сергее Александровиче Друщице, племяннике В. Д. Друщица] / Евгений Селеня // Маяк (Берёза). 2013. 5 июня.

  11. Русецкi, С. Асуджаны. Рэабілітаваны : [В. Д. Друшчыц] / С. Русецкі // Газета для вас (Iвацэвiчы). 2000. 14–20 красавіка. С. 2.

  12. Пуцыкович, А. Профессор В. Д. Друщиц : наши земляки / Анна Пуцыкович // Маяк коммунизма (Берёза). 1987. 7 мая. С. 2.

  13. Пуцыкович, А. Помнит Берёза профессора Друщица / Анна Пуцыкович // Заря. 1981. 1 апреля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2341 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Сакавік 2020 12:32