25 ліпеня 2023 г. – 25 гадоў з дня адкрыцця музея гісторыі горада Брэста (1998), дзяржаўнай установы культуры
Музей гісторыі горада Брэста быў заснаваны 28 лютага 1990 г., адкрыты 25 ліпеня 1998 г. як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. З 1 студзеня 2007 г. музей стаў структурным падраздзяленнем аддзела культуры гарвыканкама. Дырэктар музея – Святлана Аляксееўна Тамчук.
Установа размешчана ў асабняку (вул. Леванеўскага, 3), пабудаваным у 1928 г. па праекту польскага архітэктара Юліяна Лісецкага (1881–1944). Будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (112Е000002). Прамавугольны ў плане цагляны будынак з невялікім прысядзібным пляцам. Об’ёмна-прасторавая кампазіцыя заснавана на кантрасце прыземістага паверха і высокага пластычнага даху. Бакавыя фасады і фігурны атык мезаніна дэкараваны лапаткамі, люкарнамі, сандрыкамі. На першым паверху – трохпакаёвая кватэра, у мансардзе – двухпакаёвая. Асобныя ўваходы ў кватэры размешчаны ў нішах галоўнага фасада. Нішы створаны дзвюма аркамі з вуглавой апорай, перакрыты крыжовымі сводамі.
1 чэрвеня 2023 г. – 70 гадоў з дня нараджэння Любоў Паўлаўны Аляксандравай (1953), журналіста, паэтэсы
Любоў Паўлаўна Аляксандрава (Мікіцюк) нарадзілася 1чэрвеня 1953 г. у в. Андронава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Дзед, Цiмафей Філіпавіч Сахарчук, у час нямецка-фашысцкай акупацыі дапамагаў партызанам, бабуля, Ганна Сямёнаўна, загiнула ў 1942 г. Бацька Любы, Павел Мікалаевіч Мікіцюк, на фронце быў з 1944 г., вярнуўся інвалідам, узнагароджаны медалямі «За взятие Берлина», «За победу в Великой Отечественной войне». Маці, Лізавета Цімафееўна, была сувязной партызанскага атрада імя Чапаева.
31 сакавіка 2023 г. – 55 гадоў з дня нараджэння Юрыя Вітольдавіча Шулейкі (1968), дзяржаўнага дзеяча
Юрый Вітольдавіч Шулейка нарадзіўся 31 сакавіка 1968 г. у г. п. Казлоўшчына Дзятлавіцкага раёна Гродзенскай вобласці. Бацька, Вітольд Балеслававіч Шулейка, працаваў майстрам-настаўнікам у мясцовым прафесійна-тэхнічным вучылішчы, вучыў карыстацца трактарам. Маці, Ядзвіга Уладзіміраўна, працавала бухгалтарам.
27 лістапада 2023 г. – 60 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Васільевіча Пашкевіча (1963), мастака
Аляксандр Васільевіч Пашкевіч нарадзіўся 27 лістапада 1963 г. у п. Першамайскі Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. З дзяцінства праявіў здольнасці ў выяўленчым мастацтве. Закончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя І. В. Ахрэмчыка (1982), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1989). Вучыўся ў народнага мастака Беларусі Г. Х. Вашчанкі.
Аляксандр Пашкевіч удзельнічае ў мастацкіх выстаўках з 1987 г. Працуе ў вобласці манументальна-дэкаратыўнага (вітражы, фрэскі, мазаікі) і станковага жывапісу. У 1991 г. быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР (Беларускі саюз мастакоў). Працаваў на брэсцкім мастацкiм камбінаце «Мастацтва». З 1994 г. узначальвае «Творчую майстэрню А. Пашкевіча».
24 ліпеня 2022 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Барыса Васілевіча Уксусава (1922–1998), акцёра, заслужанага артыста БССР (1955)
Барыс Васілевіч Уксусаў нарадзіўся 24 ліпеня 1922 г. у г. Варонежы ў сям’і служачых. Вучыўся ў Варонежскім тэатральным вучылішчы (1939–1941). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1944 г. яго запрасілі ў адзін з франтавых ансамбляў, дзе выступаў да канца вайны. З 1945 г. працаваў у тэатрах Адэсы, Крывога Рога, Днепрадзяржынска, Кастрамы, Арджанікідзе (1964–1965), Краснаярска (1972–1976).
Амаль дваццаць гадоў сваёй творчай дзейнасці Барыс Уксусаў прысвяціў Брэсцкаму абласному драматычнаму тэатру імя Ленінскага камсамола Беларусі, дзе служыў у 1951–1963, 1965–1970 гг. Адразу выдзеліўся сваім тэмпераментам, пластычнасцю, розумам і працаздольнасцю. Акцёр добра адчуваў своеасаблівасці характараў сваіх роляў і ярка паказваў іх на сцэне.
21 мая 2023 г. – 60 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Васільевіча Сухапара (1963), бібліятэчнага работніка, бібліёграфа, краязнаўца
Уладзімір Васільевіч Сухапар нарадзіўся 21 мая 1963 г. у г. Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці у рабочай сям’і. Першая настаўніца – Вольга Сцяпанаўна Плаўчанка, якая навучыла чытаць і пісаць. Вельмі любіў чытаць, добра пісаў сачыненні, якія хваліла настаўніца рускай мовы і літаратуры Тамара Іванаўна Турсіна. Пасылаў казкі, апавяданні ў піянерскую газету «Зорька», але публікацый не было. Класным кіраўніком быў франтавік, настаўнік гісторыі Міхаіл Анісімавіч Лукоўскі.
Пасля заканчэння СШ № 1 (1980) Уладзімір Сухапар працаваў паштальёнам, мастаком-афарміцелем у кінатэатры. Служыў у Савецкай арміі (1981–1983), быў сакратаром камсамола роты, закончыў школу камсамольскага актыву. Служыў у Падмаскоўі, удалося пабываць у славутых месцах Масквы: Крамлі, маўзалеі У. І. Леніна, на ВДНГ, Ваганькаўскіх могілках; пабачыць оперу ў Вялікім тэатры оперы і балета, канцэрт А. Б. Пугачовай у спарткомплексе «Алімпійскі».
19 сакавіка 2023 г. – 70 гадоў з дня прэм’еры спектакля «Брэсцкая крэпасць» (1953) Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра імя ЛКСМБ
Брэсцкая крэпасць стала сімвалам мужнасці савецкіх воінаў на пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Беларускі драматург Канстанцін Лявонавіч Губарэвіч (1907–1987) у 1949 г. напісаў п’есу ў 3-х актах 8-мі карцінах «Цытадэль славы», якая распавядала аб гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 г. Гэта быў адзін з першых мастацкіх твораў аб героях-абаронцах крэпасці. П’еса была пастаўлена рэжысёрам Канстанцінам Мікалаевічам Саннікавым у Беларускім драматычным тэатры імя Я. Купалы. Прэм’ера – 4 кастрычніка 1950 г. Аднак спектакль аказаўся незаўважаны крытыкамі і гледачамі, праз некалькі прадстаўленняў зняты з рэпертуару.
3 кастрычніка 2022 г. – 95 гадоў з дня нараджэння Валянціна Паўлавіча Расіхіна (1927–2012), журналіста, пісьменніка, паэта, краязнаўца
Валянцін Паўлавіч Расіхін нарадзіўся 3 кастрычніка 1927 г. у г. Ішым Цюменскай вобласці. Дзед па бацьку – перасяленец з Варонежскай вобласці. Бацька, Павел Іванавіч Расіхін, – чыгуначнік, маці, Фёкла Філатаўна, мелі вялікую сям’ю. Старэйшы сын, Кузьма Паўлавіч Расіхін (1914–1942), загінуў на фронце. Валянцін Расіхін на другі дзень свайго семнаццацігоддзя атрымаў павестку з ваенкамата, яго накіравалі на вучобу ў Цюменскае ваеннае вучылішча.
Пасля Вялікай Перамогі яго дэмабілізавалі, а бацьку перавялі на працу ў Брэст, так Валянцін Расіхін апынуўся ў Беларусі. Працаваў піянерважатым, камсоргам, інструктарам Брэсцкага абкама ЛКСМБ. Вучыўся ў Мінскай вышэйшай партыйнай школе на аддзяленні друку, радыё і тэлебачання.
5 студзеня 2022 г. – 115 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Лявонавіча Губарэвіча (1907–1987), драматурга, сцэнарыста, аўтара п’есы «Брэсцкая крэпасць» (1953)
Канстанцін Лявонавіч Губарэвіч нарадзіўся 5 студзеня 1907 г. у в. Радучы Чавускага павета Магілёўскай губерні (цяпер Чавускага раёна Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. У школе захапляўся мастацкай самадзейнасцю, наведваў драматычны гурток. У 1927 г. закончыў Магілёўскі педагагічны тэхнікум, настаўнічаў на Гомельшчыне, працаваў у газеце.
Пасля заканчэння сцэнарнага аддзялення Дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве (1931) Канстанцін Губарэвіч працаваў рэдактарам сцэнарнага аддзела кінастудыі «Белдзяржкіно» ў Ленінградзе (1931–1933), галоўным рэдактарам гэтага ж аддзела ў Мінску (1933–1938), галоўным рэдактарам студыі дакументальных фільмаў у Мінску (1938–1941). У час Вялікай Айчыннай вайны – рэдактар радыёстанцыі «Савецкая Беларусь». З 1944 г. загадваў аддзелам палітвяшчання і літаратурных перадач на Беларускім радыё, з 1949 г. узначальваў аддзел мастацтва ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў галоўным рэдактарам рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР (1962–1970).
20 ліпеня 2022 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Георгія Андрэевіча Волкава (1922–2000), акцёра, тэатральнага рэжысёра, народнага артыста БССР (1967)
Георгій Андрэевіч Волкаў нарадзіўся 20 ліпеня 1922 г. у Маскве ў сям’і рабочага. Удзельнічаў у школьнай мастацкай самадзейнасці. У МХАТе пабачыў спектаклі «Синяя птица» і «Анна Каренина» і назаўсёды захапіўся тэатрам. У 1941–1944 гг. вучыўся ў Маскоўскім гарадскім тэатральным вучылішчы.
У час Вялікай Айчыннай вайны Георгій Волкаў, не ўзяты ў армію па стану здароя, пайшоў у апалчэнне: капаў процітанкавыя равы пад Масквой, тушыў на дахах фашысцкія «зажыгалкі», быў начальнкіам аб’екта ППА, за што ўзнагароджаны медалём «За оборону Москвы». Тэатральнае вучылішча ў 1942 г. было рэаргінізавана ў тэатр-студыю. Георгій Волкаў не губляў сувязь са студыйцамі, часта выступаў перад вайскоўцамі, рабочымі, у шпіталях.