Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Мастакі

Мікалай Пятровіч Кузьміч нарадзіўся 28 лістапада 1950 г. у вёсцы Патрыкі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Калі Мікалаю споўнілася 11 гадоў, бацька вырашыў перавезці сям’ю ў Расію.Наступныя 10 гадоў прайшлі ў данской станіцы. Маці даіла кароў, бацька даглядаў за жывёламі. Мікалай, закончыўшы прафтэхвучылішча па спецыяльнасці «Трактарыст-машыніст», паспеў паспрабаваць сябе ў якасці калгаснага механізатара. Сюды ж вярнуўся пасля службы на Паўночным флоце. Пасля смерці бацькі ўсёй сям’ёй, з маці і сёстрамі, вярнуўся на радзіму,у Беларусь.

Уладзіслаў Эдуардавіч Куфко нарадзіўся 8 лістапада 1955 г. у г. Брэсце ў сям’і мастака. Бацька, Эдуард Станіслававіч Куфко, быў асобай, вядомай не толькі ў Брэсце, але, і ва ўсёй Беларусі, не толькі сваёй творчасцю, але і складаным лёсам. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, трапіў у нямецкі палон, зведаў жахі нацысцкага лагера смерці, быў вызвалены Савецкай арміяй, але стаў вязнем ГУЛАГа. У 1953 г. быў вызвалены, у 1956 г. — рэабілітаваны. Перажытае Эдуард Станіслававіч адлюстроўваў у сваіх творах, у канкрэтных і сімвалічных вобразах.

Аляксей Васільевіч Кузьміч нарадзіўся 1 чэрвеня 1945 г. у вёсцы Махро Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацька пасля вяртання з фронту неўзабаве памёр. Маці, Аляксандра Максімаўна, выхоўвала семярых дзяцей адна. Аляксей рана пачаў маляваць. На фарміраванне асобы мастака аказалі ўплыў блізкія людзі — родныя сёстры, стрыечны брат Сцяпан, самабытны мастак, а таксама выкладчык малявання ў мясцовай школе Анатоль Паўлавіч Рубановіч.

Валерый Аляксандравіч Міхайлюк нарадзіўся 16 кастрычніка 1950 г. у г. Брэсце. Яго бацька, Аляксандр Іванавіч Міхайлюк (1926–1998), ураджэнец Саратаўскай вобласці, з 1944 г. ваяваў у складзе 1050-га стралковага палка 301-й дывізіі 5-й арміі, вызваляў Польшчу. У Берліне бранебойшчык Аляксандр Міхайлюк удзельнічаў у штурме будынка гестапа, быў паранены; узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі. Служыў у арміі да пачатку 1950-х гг., пасля адстаўкі працаваў мастаком-афарміцелем у Пералюбскім аддзеле культуры Саратаўскай вобласці, узначальваў Пералюбскі раённы дом культуры.

Віктар Фёдаравіч Малажавы нарадзіўся 10 верасня 1955 г. у г. Камянцы Брэсцкай вобласці. Яшчэ вучнем пачатковай школы ён намаляваў Камянецкую вежу, работа атрымала першую прэмію на Усесаюзнай выстаўцы дзіцячага малюнка ў Маскве. Для хлопчыка гэта была першая буйная ўзнагарода за ўменне адлюстраваць мастацкімі сродкамі сваю любоў да малой радзімы і якая вызначыла яго далейшы лёс.

Марыя Мікалаеўна Кулецкая нарадзілася 26 лістапада 1950 г. у вёсцы Навасёлкі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. У сям’і настаўнікаў Мікалая Рыгоравіча і Еўдакіі Мікітаўны Клімашэвічаў заўсёды панавала атмасфера творчасці, прыгожых узаемаадносін, любові і павагі да мастацтва. Марыя вучылася ў Бабруйскім мастацкім прафесійным вучылішчы, стала спецыялістам па афармленні інтэр’ераў (1969). У 1980 г. скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, працавала бібліятэкарам Пружанскай дзіцячай бібліятэкі.

Віктар Мікалаевіч Сагановіч нарадзіўся 23 ліпеня 1960 г. у г. п. Целяханы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Бацька працаваў поварам-кандытарам, перамагаў у конкурсах па афармленні тортаў. Віктар з дзяцінства любіў спорт, іграў у футбольнай і баскетбольнай камандах. З шостага класа займаўся ў школьнай мастацкай студыі пад кіраўніцтвам настаўніка Аляксея Канстанцінавіча Сідзюка.

Мікалай Іосіфавіч Бусько нарадзіўся 30 верасня 1940 г. у вёсцы Пагарэлка Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Іосіф Несцеравіч Бусько, у час Вялікай Айчыннай вайны дапамагаў партызанам, з ліпеня 1944 г. — на фронце, удзельнічаў у штурме Кёнігсберга; быў вядомым на ўсю ваколіцу цесляром і сталяром. З жонкай, Марыяй Дзмітрыеўнай (Скок), выгадавалі чатырох дзяцей; завіхаліся і клапаціліся як маглі, але жылі бедна. Мікола, самы малодшы, з дзяцінства захапляўся маляваннем, хадзіў за 7 км у школу ў в. Турэц.

Леанід Фёдаравіч Глушко нарадзіўся 20 жніўня 1940 г. у вёсцы Курыцічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Ён быў чацвёртым, самым малодшым дзіцём у сям’і. Бацька, Фёдар Глушко, старшыня калгаса «Бальшавік», арганізаванага ў Курыцічах, пакінуў сваю сям’ю яшчэ да нараджэння малодшага сына. У 1943 г. ён загінуў пад Ленінградам. З вялікай цеплынёю паэт заўсёды гаворыць пра сваю маці, Аксінню Максімаўну Глушко (у дзявоцтве Бондар). Яшчэ ў самым пачатку вайны за сувязь з партызанамі немцы спалілі частку вёскі і хутар Забалоцце, дзе жыла Аксіння Максімаўна з дзецьмі. Разам з астатнімі жыхарамі вёскі яны пайшлі ў лес, пабудавалі зямлянкі і жылі ў іх да самага канца вайны.

Аляксандр Аляксандравіч Грыгор’еў нарадзіўся 19 мая 1955 г. у вёсцы Мазуркі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Да шасці гадоў пражываў у в. Мядзведзічы. У 1962 г. Грыгор’евы пераязджаюць у г. Жабінку, дзе бацькі, Аляксандр Уладзіміравіч і Ганна Данілаўна, уладкаваліся працаваць на цукровы завод, гадавалі чатырох дзяцей.

Старонка 1 з 10