Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Мастакі

Мікалай Іосіфавіч Бусько нарадзіўся 30 верасня 1940 г. у вёсцы Пагарэлка Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Іосіф Несцеравіч Бусько, у час Вялікай Айчыннай вайны дапамагаў партызанам, з ліпеня 1944 г. — на фронце, удзельнічаў у штурме Кёнігсберга; быў вядомым на ўсю ваколіцу цесляром і сталяром. З жонкай, Марыяй Дзмітрыеўнай (Скок), выгадавалі чатырох дзяцей; завіхаліся і клапаціліся як маглі, але жылі бедна. Мікола, самы малодшы, з дзяцінства захапляўся маляваннем, хадзіў за 7 км у школу ў в. Турэц.

Леанід Фёдаравіч Глушко нарадзіўся 20 жніўня 1940 г. у вёсцы Курыцічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Ён быў чацвёртым, самым малодшым дзіцём у сям’і. Бацька, Фёдар Глушко, старшыня калгаса «Бальшавік», арганізаванага ў Курыцічах, пакінуў сваю сям’ю яшчэ да нараджэння малодшага сына. У 1943 г. ён загінуў пад Ленінградам. З вялікай цеплынёю паэт заўсёды гаворыць пра сваю маці, Аксінню Максімаўну Глушко (у дзявоцтве Бондар). Яшчэ ў самым пачатку вайны за сувязь з партызанамі немцы спалілі частку вёскі і хутар Забалоцце, дзе жыла Аксіння Максімаўна з дзецьмі. Разам з астатнімі жыхарамі вёскі яны пайшлі ў лес, пабудавалі зямлянкі і жылі ў іх да самага канца вайны.

Аляксандр Аляксандравіч Грыгор’еў нарадзіўся 19 мая 1955 г. у вёсцы Мазуркі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Да шасці гадоў пражываў у в. Мядзведзічы. У 1962 г. Грыгор’евы пераязджаюць у г. Жабінку, дзе бацькі, Аляксандр Уладзіміравіч і Ганна Данілаўна, уладкаваліся працаваць на цукровы завод, гадавалі чатырох дзяцей.

Анатоль Іванавіч Жалудко нарадзіўся 4 красавіка 1960 г. у вёсцы Сабалі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацька, Іван Антонавіч Жалудко, нарадзіўся ў Сабалях, працаваў у Расіі, двойчы ездзіў на цаліну. Маці, Ганна Антонаўна, займалася гаспадаркай, працавала ў калгасе, выхавала траіх дзяцей. Анатоль скончыў Рэвяціцкую сярэднюю школу. З дзяцінства захапляўся маляваннем.

Фёдар Віктаравіч Шастак нарадзіўся 4 студзеня 1945 г. у вёсцы Харошча Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце ў Т. М. Паражняка, В. Г. Гаўрылава. З 1973 г. пачаў прымаць удзел у мастацкіх выстаўках. У 1974 г. скончыў інстытут і прыехаў працаваць на Івянецкую фабрыку мастацкай керамікі і вышыўкі. Распрацаваў шэраг эталонаў мастацкіх вырабаў, за што быў узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР (1977).

Марат Рыгоравіч Клімаў нарадзіўся 28 лютага 1940 г. у вёсцы Выганашчы Целяханскай гміны Косаўскага павета (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Вёска сярод балот Беларускага Палесся, побач з возерам Выганашчанскае, цяпер там гідралагічны заказнік «Выганашчанскае». Пэўна, маляўнічыя родныя мясціны і натхнілі Марата на цікавасць да выяўленчага мастацтва.

Вера Ільінічна Гаўрылюк (у дзвявоцтве Карпюк) нарадзілася 15 ліпеня 1904 г. у вёсцы Старасельцы Беластоцкага ваяводства (цяпер Польшча), непадалёк ад Белавежскай пушчы, у сялянскай сям’і. Калі Веры было дзевяць гадоў, памёр бацька, пакінуўшы дзевяць дзяцей. З дзяцінства асвоіла матчыны ўрокі народных промыслаў (прасці, ткаць, вышываць), дзякуючы якім абшывала і апранала ўсю сям’ю, рабіла ўтульным дом і лічылася майстрыхай на ўсё наваколле.

Галіна Мікалаеўна Рабава нарадзілася 8 ліпеня 1969 г. у г. Брэсце. У 1987 г. скончыла Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка. У 1990–1995 гг. вучылася ў Беларускай акадэміі мастацтваў.

Валянціна Іванаўна Цехановіч нарадзілася 5 мая 1949 г. у горадзе Навагрудку Гродзенскай вобласці. Пачатковую мастацкую адукацыю атрымала ў свайго бацькі, Івана Сцяпанавіча Ганчарова, школьнага настаўніка малявання. Навагрудчына — край, дзе Валянціна выгадавалася, сфармiравалася як мастак. У 1977 г. скончыла Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. I. Мухінай.

Уладзімір Уладзіміравіч Кожух нарадзіўся 7 сакавіка 1953 года ў г. Драгічыне Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Яшчэ школьнікам пачаў цікавіцца выяўленчым мастацтвам. Гэтаму спрыяла маці, якая добра малявала і прыгожа вышывала. Валодзя Кожух наведваў студыю выяўленчага мастацтва Дома піянераў, якой кіраваў Валерый Дабраквашын. Дзіцячае захапленне перайшло ў рашэнне вучыцца жывапісу і пасля заканчэння школы прывяло ў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава. Выкладчыкі Ю. Выхадцаў і А. Малішэўскі навучылі прафесійнаму майстэрству малюнка і кампазіцыі.

Старонка 2 з 11