Паэзія Алены Ігнацюк — гэта неўтаймаваная фантазія душы, пераплаўленая ў гранічныя формулы слоўных метафар, якія ніхто ніколі не чуў і без яе ніколі б не пачулі. Фантазія для яе — рэчаіснасць, стан існавання. Уменне злавіць няўлоўнае, зразумець невыказнае — гэта дар Алены Ігнацюк, яе багацце, яе трывогі, праблемы.
Новая кніга паэзіі Алены Ігнацюк “Будзе ўсё наадварот” выйшла ў свет у 2016 годзе. Кніга адметная не толькі сваёй паліграфічна-выканальніцкай формай, але і мастацка-эстэтычным зместам. З яе старонак на нас глядзіць лірычны герой — інтэлігент, які на ўлонні прыроды назірае за воблакамі і разважае пра сутнасць поглядаў Сакрата і Мандэльштама. У вершах новай кнігі рэальнасць трапляе ў свет фантазіі лірычнай гераіні і набывае адваротны змест, нечаканыя формы.
На мерапрыемства прыйшлі родныя Алены Аляксандраўны, сябры, калегі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі… Вядучыя пазнаёмілі прысутных з біяграфіяй і творчасцю паэткі. Дырэктар дзяржаўнай установы культуры “Пінская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” А. І. Анташук павіншавала Алену Аляксандраўну з юбілеем, які адбыўся напярэдадні мерапрыемтва. Сваімі думкамі пра творчасць Алены Ігнацюк падзяліліся калегі, супрацоўнікі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта — загадчык кафедры гуманітарных навук, філасофіі і права Уладзімір Уладзіміравіч Макарушка, дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій Аляксандр Львовіч Ільін, магістр бізнес-адміністравання Ала Віктараўна Марэцкая, а таксама былы старэйшы выкладчык кафедры турызму і гасціннасці Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Хвагіна Таццяна Аркадзьеўна. Добрыя словы ў адрас паэткі прагучалі ад таварышаў па пяру, членаў клуба літаратараў Піншчыны “Пінчукі”, а менавіта Валерыя Грышкаўца, Анатоля Шушко, Марыі Ляшук, Міхаіла Башчука.
Цудоўным дапаўненнем прэзентацыі стаў канцэрт у выкананні Пінкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.
Загадчык аддзелам бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ імя Яўгеніі Янішчыц, К. Л. Міхалевіч