Панядзелак, 09 Ліпень 2012 01:00

Прэзентацыя кнігі “На абпаленых крылах”.

22 чэрвеня Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага ладзіла прэзентацыю кнігі ўспамінаў непаўналетніх вязняў фашызму “На абпаленых крылах”, выдадзеную ў гэтым годзе ў мінскім выдавецтве “Кнігазбор”.

Адметнасцю кнігі з’яўляецца тое, што лёс усіх аўтараў тым ці іншым чынам звязаны з Берасцейшчынай. Сама ж кніга – своеасаблівы дапоўнены і аздоблены новымі звесткамі і фатаздымкамі працяг выдадзенай дванаццаць год таму кнігі “Асколкі болю”, укладальнікам якой таксама з’яўляўся берасцейскі пісьменнік Леанід Філатаў. Акрамя згаданага спадара Філатава, да выдання кнігі “На абпаленых крылах” спрычыніліся старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі былых непаўналетніх вязняў фашызму Людміла Пятроўна Раманенка, даведачны матэрыял і ілюстрацыі збіраў берасцейскі краязнаўца Ігар Бараноўскі. Ён жа займаўся вёрсткай кнігі і падборам асобных матэрыялаў. На жаль, кніга выйшла зусім невялікім тыражом – усяго 250 асобнікаў, а хацелася б, каб яна дайшла ў кожную навучальную ўстанову, да кожнага чытача, які цікавіцца мінуўшчынай.
Вядучая вечарыны, загадчыца цэнтра Уладзіміра Калесніка БрДУ імя А. Пушкіна Святлана Варонік, прадставіла гасцей: аўтараў, літаратуразнаўцаў і вядомых пісьменнікаў Берасцейскага краю. Жывыя сведкі жахлівых падзеяў Вялікай Айчыннай вайны ўзгадвалі мінулае: старшыня рэспубліканскай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашызму, былы малалетні вязень фашыстскіх канцлагераў Аушвіц і Тухінген Лыч Ніна Анатольеўна, старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі былых непаўналетніх вязняў фашызма, знаходзіўся ў працоўным лагеры пад Кёльнам, Крываблоцкі Аляксей Віктаравіч, старшыня Столінскай раённай арганізацыі былых непаўналетніх вязняў фашызму, непаўналетні вязень працоўнага лагера ў Берліне Тарасевіч Ніна Каленікаўна і шмат іншых выступоўцаў. У кожнага з іх свая гісторыя, але аб’ядновае іх адно – яны, тады яшчэ дзеці, спазналі на сабе ўвесь жах канцэнтрацыйнах і працоўных лагераў. Некаторыя з іх падвяргаліся медычным эксперыментам, у іх браліся заборы крыві для нямецкіх салдат.
На прэзентацыі прысутнічалі вядомыя берасцейскія пісьменнікі і літаратуразнаўцы. Слова мелі: Леанід Філатаў, Алесь Каско, Іван Мельнічук, Анатоль Гарай, Генадзь Праневіч, Ніна Борсук. Саюз беларускіх пісьменнікаў прадстаўляў паэт і бард з Мінску Эдуард Акулін. Узгадваліся такія вядомыя імёны, звязаныя з нашым краем і прадстаўленыя ў кнізе, як Алесь Разанаў, Васіль Сёмуха, Мікола Засім.
Супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі да прэзентацыі была падрыхтавана кніжная выстава “На абпаленых крылах”, на якой можна было пабачыць выданні на беларускай, рускай, польскай і нямецкай мовах. У першым яе раздзеле была прадстаўлена лiтаратура пра нямецка-фашысцкую акупацыю на тэрыторыі Беларусі, лагеры і гета на тэрыторыі Польшы, Германіі, Аўстрыі. У другім раздзеле “Памяць Берасцейшчыны” – лiтаратура пра раёны Брэсцкай вобласці, якія найбольш пацярпелі ад фашысцкіх здзекаў. Хочацца ўзгадаць, што амаль ва ўсіх 16-ці раёнах вобласці знаходзілася нямецкае гета. На выставе можна знайсці інфармацыю па растрэлу дзяцей Дамачаўскага дзіцячага дому, Баранавіцкаму канцлагеру “Лясная”, халакосту ў Пінску… Апошні раздзел прысвечаны непасрэдна творам непаўналетніх вязняў фашызму – складальніку кнігі “На абпаленых крылах”, члену Саюза беларускіх пісьменнікаў Леаніду Філатаву і непаўналетняму вязню лагера Лясная у Баранавіцкім раёне, пісьменніку Мікалаю Прасмыцкаму. Завяршаецца выстава кнігамі з асабістай бібліятэкі Людмілы Пятроўны Раманенкі, старшыні Брэсцкай абласной арганізацыіі непаўналетніх вязняў фашызму, былога непаўналетняга вязня канцлагера ў Азарычах.
На працягу лiпеня з выставай можна будзе азнаёміцца  ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.

Тэлефон для даведак: + 375 (162) 23 22 04 І. І. Жалянгоўская

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 7327 разоў