Серада, 19 Май 2021 16:55

«Вёска Рубель на Століншчыне»: прэзентацыя гісторыка-краязнаўчага нарыса

18 мая 2021 г. у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага адбылася прэзентацыя новай кнігі — гісторыка-краязнаўчага нарыса «Вёска Рубель на Століншчыне» доктара гістарычных навук, прафесара, загадчыка кафедры гісторыі славянскіх народаў БрДУ імя А. С. Пушкіна А. Вабішчэвіча.

 

Аляксандр Мікалаевіч — аўтар звыш 300 навуковых и вучэбна-метадычных прац, надрукаваных у Беларусі і за мяжой. Даследуе гісторыю Заходняй Беларусі і Польшчы 1921–1939 гг., беларуска-польскія адносіны, гістарычнае краязнаўства, пытанні міжкультурнай камунікацыі. З 2000 г. з’яўляецца ганаровым чытачом бібліятэкі.

Супрацоўнікі аддзела да мерапрыемства падрыхтавалі кніжную выставу «Аляксандр Вабішчэвіч — гісторык, даследчык, краязнаўца». У першым раздзеле экспазіцыі «Рубель» змяшчаліся матэрыялы пра гісторыю і сёняшні дзень вёскі. У «Весніках Брэсцкага ўніверсітэта» за 2020 г. апублікаваны артыкулы А. Вабішчэвіча «Рубельский православный приход на Столинщине» і «Сацыяльна эканамічнае развіццё в. Рубель на Століншчыне». Матэрыялы пра Свята-Міхайлаўскую царкву в. Рубель можна знайсці ў наступных выданнях: Кулагін А. «Праваслаўныя храмы Беларусі» (Мінск, 2007), Габрусь Т. В. «Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі» (Мінск, 2020), Мароз В. В. «Драўляныя і сакральныя помнікі Берасцейшчыны» (Мінск, 2018) і інш. Паходжанне назвы вёскі адлюстравана ў кнізе «Брэстчына: назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў» (Мінск, 1995). Прадстаўлены асобныя выданні творчых прац пісьменніка і навукоўца, ураджэнца в. Рубель Мікалая Іванавіча Пашкевіча.

Другі раздзел выставы «Творчасць» распачынаўся біябібліяграфічнымі даведнікамі, дзе ў шэрагу іншых навуковых біяграфій можна было азнаёміцца і з біяграфіяй Аляксандра Вабішчэвіча. Прысутныя маглі паглядзець і аўтарскія выданні: аўтарэфераты дысертацый, вучэбна-метадычныя матэрыялы «Гісторыя культуры Беларусі» (Брэст, 1997), «Культура Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.)» (Брэст, 1996), «Гісторыя культуры Беларусі» (Брэст, 2016); манаграфіі «Асвета ў Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.)» (Брэст, 2004) і «Нацыянальна-культурнае жыццё Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.)» (Брэст, 2008).

Мадэратар мерапрыемства, загадчык кафедры гісторыі Беларусі БрДУ імя А. С. Пушкіна, доктар гістарычных навук, прафесар Уладзімір Васільевіч Здановіч адзначыў, што нягледзячы на заяўлены навукова-папулярны характар, прэзентуемая кніга па сутнасці з’яўляецца паўнавартаснай манаграфіяй.

Сам аўтар выступіў з відэаматэрыяламі, якімі праілюстраваў падрыхтоўку і асноўныя этапы працы над выданнем. Сярод выступоўцаў былі таксама: доктар гістарычных навук, прафесар А. А. Гарбацкі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт А. М. Свірыд, кандыдат гістарычных навук, дацэнт А. І. Пашковіч.

Аляксандр Вабішчэвіч падараваў бібліятэцы прэзентуемую кнігу з аўтографам, шэраг унікальных перыядычных выданняў міжваеннага часу рэлігійнай тэматыкі, выдадзеных у Варшаве.

 

Жэлянгоўская Ірына Іванаўна,

заг. аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79


Дадатковая інфармацыя

Чытаць 916 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Чэрвень 2021 15:25