Панядзелак, 22 Ліпень 2013 11:00

Вечар партрэтаў “Жыццё нашых землякоў”

7 ліпеня 2013 года ў бібліятэцы пасёлка Ленінскі Жабінкаўскага раёна быў праведзены вечар партрэтаў, прысвечаны 45-годдзю з дня заснавання пасёлка. Гасцямі мерапрыемства сталі Прасмыцкі Мікалай Аляксандравіч – першы старшыня калгаса “Рагазнянскі”, сын Мікалая Аляксандравіча Прасмыцкага – Аляксандр Мікалаевіч, Святлана Пятроўна Раманюк – мясцовая паэтэса, галоўны рэдактар серыйнага ілюстраванага выдання “МЫ и ХХІ век” Мікола Панасюк, супрацоўнік газеты “Сельская праўда” Анатоль Бензярук.

Праграму мерапрыемства распачаў Мікалай Аляксандравіч Прасмыцкі, які расказаў аб вытоках стварэння пасёлка Ленінскі, аб сваёй працы дырэктарам саўгаса “Рагазнянскі”, старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама, загадчыкам сельгасаддзела Брэсцкага абкома партыіі і сакратаром Лунінецкага райкома. За высокія вынікі работы ён быў узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі і ордэнам Леніна. Мікалай Аляксандравіч не толькі добры гаспадарнік, але і вельмі творчая асоба: з’яўляецца аўтарам дзесяці кніг. Пісьменнік чытаў уласныя вершы, адказваў на шматлікія пытанні прысутных. У фонд бібліятэкі Мікалай Аляксандравіч падараваў свае кнігі “Солнце в колосьях” і “Из ада к родникам”.

Далей госці мелі магчымасць пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам мясцовай паэткі Святланы Пятроўны Раманюк, паслухаць яе вершы ва ўласным выкананні, задаць пытанні аўтарцы.

Вялікую цікавасць у прысутных вызвала краязнаўчая электронная прэзентацыя “Мой родны край”, падрыхтаваная бібліятэкарам М. П. Лучыц. Былі прэзентаваныя слайды аб гісторыі і сучасным жыцці аграгарадка.

Заключным акордам вечара прагучала міні-паэма “Посёлок Ленинский” жабінкаўскай паэткі Светламіры Васілюк.

У рамках мерапрыемства дзейнічала кніжная выстава “Жыццё нашых землякоў”, на якой экспанаваліся кнігі Мікалая Аляксандравіча Прасмыцкага, рукапісныя зборнікі Святланы Пятроўны Раманюк, Герасіма Козіча – ветэрана Вялікай Айчынай вайны, Яніны Альшэўскай і Поўх Ірыны.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 6494 разоў