Поспехам y сваім жыцці Фёдар Міхайлавіч быў абавязаны не радавітаму паходжанню, не вялікаму багаццю, a ўласнаму розуму і працавітасці. Выклікае здзіўленне той факт, што Ф. Еўлашоўскі быў самавукам, не вучыўся ў навучальных установах, але набыў значныя веды па матэматыцы, справаводстве і юрыспрудэнцыі. Навагрудская шляхта ў 1579 годзе абірае Ф. Еўлашоўскага паслом на Варшаўскі вальны сейм. Там яму разам з навагрудскім паслом А. Трызнам было даручана прыняць удзел y распрацоўцы тэксту «Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага».
У 1592 годзе Фёдар Міхайлавіч разам з чатырма іншымі кандыдатамі прэтэндуе на вакантнае месца падсудка ў навагрудскім земскім судзе. З усіх кандыдатаў кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III асабіста зацвердзіў на гэту пасаду Ф. Еўлашоўскага.
У гісторыю Беларусі Фёдар Еўлашоўскі ўвайшоў як чалавек, які першым напісаў успаміны пра сваё прыватнае жыццё. Яго нататкі “Мемуары падсудка навагрудскага” – самы ранні помнік з усіх вядомых твораў мемуарнага жанру ў беларускай літаратуры. Свае ўспаміны Фёдар Міхайлавіч пачаў пісаць y 1603 годзе, калі яму споўнілася 57 гадоў, абарваў у пачатку 1604-га. Пісаў ён на старабеларускай мове з моцным уплывам тагачаснай польскай мовы.
Фёдар Міхайлавіч пражыў змястоўнае жыццё. Многіх людзей давялося яму пабачыць, чые імёны ўвайшлі ў гісторыю нашай Бацькаўшчыны – маршалак вялікі і ваявода трокскі Мікалай Крыштоф Радзівіл, маршалак земскі і гетман ліфляндскі Ян Геранім Хадкевіч, ваявода кіеўскі і маршалак зямлі валынскай Канстанцін Астрожскі. Быў вядомы Ф. Еўлашоўскі і пры каралеўскіх дварах Жыгімонта II Аўгуста, Стэфана Баторыя, Жыгімонта III Вазы.
Ва ўспамінах Ф. Еўлашоўскага запісаны ўражанні пра грамадскія і палітычныя падзеі, створана цэлая галерэя літаратурных партрэтаў прадстаўнікоў дробнай і сярэдняй шляхты Вялікага Княства Літоўскага другой паловы XVI – пачатку XVII стст. Аўтар мемуараў раскрыў сацыяльную псіхалогію, норавы, забабоны і звычаі дробнай службовай шляхты, змясціў характарыстыкі многіх вядомых асоб ВКЛ.
Як адзначыў адзін з першых даследчыкаў тэксту дыярыуша Ф. Еўлашоўскага А. Ф. Коршунаў: «Успаміны – своеасаблівы гісторыка-мемуарны зборнік цікавых, месцамі сюжэтна разгорнутых бытавых навел, y цэнтры якіх жывы, рэальны чалавек з уласцівымі яму рысамі характару і псіхалогіяй. Перад чытачом паўстае выразны вобраз самога аўтара – узорнага шляхціца, цудоўнага сем’яніна, пяшчотнага сына, які паважае бацькоў, любіць сваіх дзяцей, перажывае за іх лёс, не шкадуе часу, энергіі і сродкаў, каб лепш уладкаваць іх дабрабыт, хоць гэта і перашкодзіла здзейсніць яго юнацкую мару – наведаць іншыя краіны, папоўніць там свае веды, авалодаць рознымі рамёствамі».
Успаміны Ф. Еўлашоўскага былі ўпершыню надрукаваны ў 1886 годзе ў часопісе “Киевская старина” гісторыкам У. Б. Антановічам. Рукапіс дыярыуша Фёдара Еўлашоўскага зберагаецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве (Польшча).
Дакладная дата смерці Фёдара Міхайлавіча Еўлашоўскага невядома. Паводле архіўных звестак жыў яшчэ ў 1616 годзе, па іншых – у першай палове 1619-га.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Ляхавіцкай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы.Шклянік Алена Анатольеўна, бібліятэкар-бібліёграф
-
Еўлашоўскі Фёдар Міхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 397.
-
Еўлашоўскі (Еўлашэўскі) Фёдар Міхайлавіч / Уладзімір Свяжынскі // Вялікае княства Літоўскае : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 619–620.
-
Еўлашоўскі Фёдар Міхайлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 357.
-
Еўлашоўскі Фёдар // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 432–433.
-
Еўлашоўскі (Еўлашэўскі) Фёдар Міхайлавіч / У. М. Свяжынскі //Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 419.
-
Еўлашоўскі, Ф. Успаміны/ Фёдар Еўлашоўскі // Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі ХVII ст. Мінск, 2005. С. 31–123.
-
Еўлашоўскі, Ф. Дыяруш / Фёдар Еўлашоўскі ; рэдпадрыхтоўка С. Л. Гараніна // Анталогія даўняй беларускай літаратуры : ХI – першая палова ХVІІІ ст. Мінск : Беларуская навука, 2003. С. 482–499.
-
Еўлашоўскі, Ф. Успаміны/ Фёдар Еўлашоўскі ; каментарый А. Ф. Коршунава // Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі ХVII ст. / укл. А. Ф. Коршунава ; рэд. В. В. Барысенка. Мінск : Навука і тэхніка, 1983. С. 31–64.
-
Еўлашэўскі, Ф. [Урыўкі з дзённіка] / Ф. Еўлашэўскі // Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мінск, 1959. С. 223–237.
-
Свяжынскі, У.М. “Гістарычныя запіскі” Ф. Еўлашэўскага / У. М. Свяжынскі. – Мінск : Навука і тэхніка, 1990. – 123 с.
-
Рублевская, Л. И. Летописец Золотого века. Фёдор Евлашовский (1546 – после 1616) // Рыцари и дамы Беларуси : исторические очерки / Людмила Рублевская. Минск : Мастацкая лiтаратура, 2013. С. 70–76.
-
Кавалёў, С. Мемуарная літаратура эпохі рэнесансу : [творчасць Ф. Еўлашоўскага] // Кавалёў, С. Літаратура Беларусі позняга Рэнесансу : жанры, творы, асобы / Сяргей Кавалёў. Мінск, 2005. С. 131–159.
-
Свяжынскі, У. Фёдар Еўлашоўскі / Уладзімір Свяжынскі // Славутыя імёны Бацькаўшчыны : зборнік. Мінск : Беларускі фонд культуры, 2000. Вып. 1. С. 78–87.
-
7 лютага – 450 год з дня нараджэння Ф. М. Еўлашоўскага (1546 – пасля 1616), грамадскага дзеяча і пісьменніка // Новыя кнігі : Па староеках беларускага друку. 1995. № 11. Памятныя даты Беларускага календара. С. 28–29.
-
Свяжынскі, У. Дыярыуш i Еўлашоўскі / Уладзімір Свяжынскі // Краязнаўчая газета. 2006. № 12, сакавік. С. 4.
-
Саверчанка, І. Фёдар Еўлашэўскі – класік мемуарыстыкі / І. Саверчанка // ЛіМ. 2006. 23 чэрвеня. С. 14.
-
Бельмач, С. Наш зямляк Фёдар Еўлашоўскі / С. Бельмач // Ляхавіцкі веснік. 2006. 11 лютага. С. 3.
-
Канстанцiнаў, А. Першы мемуарыст Фёдар Еўлашоўскі / А. Канстанцінаў // Заря. 2005. 29 марта.
-
Круков, И. Н. Первый мемуарист // Круков,И.Н. Брестчина: легенды, события, люди / И. Н. Круков. Минск,2005. С.60.
-
Дзівосныя прыгоды Ляхавіцкага шляхціца // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю. Баранавічы, 2004. С. 34–39.
-
Яновіч, М. Фёдар Еўлашоўскі: першы беларускі мемуарыст / М. Яновіч // Народная воля. 2001. 20 лютага.
-
Запіскі Фёдара Еўлашоўскага // Барэцкі, М. Гісторыя беларускай літаратуры. Мінск, 1992. С. 134–138.
-
Гарэцкі, М. І. Запіскі Фёдара Еўлашэўскага // Гарэцкі, М. І. Гісторыя беларускай літаратуры / М. І. Гарэцкі. Мінск, 1992. С. 134–138.
-
Свяжынскі, У. Першы беларускі мемуарыст / Уладзімір Свяжынскі // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 82–84.
-
Цвыд, А. Летописец из Ляховичей : [Ф. Евлошовский] / А. Цвыд // Заря. 1985. 4 жніўня.
-
Коршунаў, А.Ф. Новыя даныя аб Фёдары Еўлашоўскім / А. Ф. Коршунаў // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. 1983. № 1. С. 110–118.
-
Свяжынскі, У. Арыгінал [“Дзённіка” Еўлашоўскага] знойдзены [у Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве] / У. Свяжынскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1975. № 4. С. 48–49.
-
Ахрыменка, П. П. Фёдар Еўлашэўскі (1546–1604) і яго «Дзённік» // Ахрыменка, П. П. Старажытная беларуская літаратура / П. П. Ахрыменка, М. Р. Ларчанка. Мінск, 1968. С. 111–112.