Панядзелак, 06 Чэрвень 2016 13:41

11 сакавіка 2016 года – 75 гадоў з дня нараджэння Мікалая Міронавіча Плескацэвіча (1941), вучонага ў галіне педагогікі, заслужанага работніка адукацыі Беларусі

Мікалай Міронавіч Плескацэвіч нарадзіўся 11 сакавіка 1941 года ў вёсцы Мінічы Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай (цяпер Брэсцкай) вобласці. У 1958 годзе закончыў Мядзведзіцкую сярэднюю школу.

У 1963 годзе Мікалай Плескацэвіч скончыў філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута А. М. Горкага. Малады настаўнік рускай мовы і літаратуры вярнуўся на Ляхавіччыну, дзе яму адразу прапанавалі пасаду намесніка дырэктара ў Куршынавіцкай школе.

У 1968 годзе Мікалай Плескацэвіч скончыў аспірантуру па спецыяльнасці «педагогіка» і ў 1969 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Эўрыстычная гутарка і яе роля ў навучанні». З 1968 па 1990 гады працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры педагогікі. Дзе б і на якой пасадзе ні працаваў Мікалай Міронавіч, заўсёды імкнуўся зацікавіць калег чарговай ідэяй і справай. Яшчэ студэнтам закончыў курсы экскурсаводаў і потым неаднойчы наладжваў студэнцка-выкладчыцкія паездкі. Паспытаў сябе і ў журналістыцы. На працягу 14-ці летніх змен працаваў у піянерскім лагеры.

У МДПІ імя А. М. Горкага М. М. Плескацэвіч працаваў намеснікам дэкана педагагічнага факультэта (1975–1985), загадчыкам кафедры педагогікі (1985–1986), дэканам музычна-педагагічнага факультэта (1986–1990).

З 1990 па 1993 гады быў начальнікам упраўлення ВНУ і педагагічнай адукацыі Міністэрства адукацыі БССР і Рэспублікі Беларусь; з 1993 па 1999 гады – першым прарэктарам БДПУ імя М. Танка; з 1999 па 2002 гады – начальнікам Рэспубліканскай дзяржаўнай інспекцыі сістэмы адукацыі РБ; з 2002 па 2006 гады – кансультантам упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі РБ. З 2006 года – прафесар кафедры педагогікі БДПУ імя М. Танка, затым – кафедры педагогікі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пад навуковым кіраўніцтвам М. М. Плескацэвіча былі абаронены 7 кандыдацкіх і 6 магістарскіх дысертацый, 29 дыпломных работ студэнтаў; рэцэнзент 28 кандыдацкіх дысертацый, афіцыйны апанент 12 кандыдацкіх дысертацый; у цяперашні час – навуковы кіраўнік двух аспірантаў.

Асноўнымі напрамкамі навукова-даследчай працы М. М. Плескацэвіча з’яўляюцца праблемы дыдактыкі, тэорыі і методыкі прафесійнай адукацыі. Пад яго кіраўніцтвам былі праведзены навуковыя даследаванні тэм: «Вучэбна-даследчы прынцып у сістэме падрыхтоўкі кадраў», «Навукова-метадычныя асновы функцыянавання педагагічнага комплексу», «Навукова-метадычныя асновы функцыянавання педагагічнага комплексу», «Навуковыя асновы кантролю ў сістэме адукацыі».

Аўтар 65-ці навуковых і вучэбна-метадычных работ, прысвечаных пытанням аптымізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў школе, лагічнай структуры вучэбнага матэрыялу, ўдасканаленню метадаў навучання, навукова-даследчаму прынцыпу ва ўмовах рознаўзроўневай падрыхтоўкі кадраў.

М. М. Плескацэвіч прачытаў цыкл лекцый па педагогіцы за мяжой: Фінляндыя (1985), Германія (1997), Куба (1989), Швецыя (1994, 1995), ЗША (2001). Распрацаваны і рэалізуюцца спецкурсы і спецсемінары на тэмы: «Інтэнсіфікацыя працэсу навучання», «Стратэгія падрыхтоўкі і паводзін сучаснага ўрока», «Актуальныя праблемы навучання і выхавання вучняў у сучаснай школе».

У 1991 годзе М. М. Пляскацэвічу прысвоена званне «Заслужаны работнік адукацыі Беларусі», у 1996 годе ён стаў прафесарам.

Мікалай Міронавіч з вясковага настаўніка стаў вучоным у галіне педагогікі, якой прысвяціў больш чым паўстагоддзя свайго жыцця. І не проста прысвяціў, а ўзбагаціў, прынёс у яе свой уласны погляд на адукацыю і выхаванне, на асобу настаўніка. Яго вопыт бяруць за прыклад цэлыя аўдыторыі студэнтаў і сёння.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 годзе Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Маруцік Марына Мікалаеўна, бібліятэкар-бібліёграф

 

  1. Плескацэвіч Мікалай Міронавіч / І. УСаламевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 12. С. 23.

  2. Лапіч, А. Там, дзе плешчыцца месяц у Шчары-рацэ / Аліна Лапіч // Заря. 2016. 16 апреля. С. 7.

  3. Перапечка, Н. Педагог педагогаў : [да 75-годдзя М. М. Плескацэвіча] / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. 2016. 22 сакавіка.

  4. Плескацэвіч, М. М. Калі не ведаеш, як зрабіць, зрабі па-чалавечы / Мікалай Міронавіч Плескацэвіч ; гутарыла Галіна Сідаровіч // Настаўніцкая газета. 2016. 12 сакавіка (№ 27). С. 17.

  5. Бельмач, С. Плескацэвіч М. М. Прафесар з Мінічаў / Святлана Бельмач // Ляхавіцкі веснік. 2006. 25 сакавіка С. 4.

  6. Нікіценка, І. Ад прыёму дакументаў да залічэння : [гутарка з кансультантам упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Мікалаем Міронавічам Плескацэвічам] / Іна Нікіценка // Настаўніцкая газета. 2006. 14 сакавіка.

  7. Плескацевич, Н. М. Эвристическая беседа и ее роль в процессе обучения : (на материале предметов гуманитарного цикла в средних классах школы) : автореферат диссертации… кандидата педагогических наук : специальность 730 Теория педагогики / Н. М. Плескацевич. – Минск, 1969. – 23 с. : табл.

  8. Рогожинская, Т. А. К вопросу о выборе методов обучения старшеклассников : [исследование на базе средних школ г. Барановичи] / Т. А. Рогожинская, Н. М. Плескацевич // Содружество наук. Барановичи-2011 : материалы VII международной научно-практической конференции молодых исследователей, 19–20 мая 2011 г., г. Барановичи : в 2 ч. Барановичи, 2011. Ч. 2. С. 84–85.

  9. Грымаць, А. А. Вучэбна-даследчыцкі прынцып у сістэме шматузроўневай падрыхтоўкі педагагічных кадраў / А. А. Грымаць, М. М. Плескацэвіч, Л. Н. Ціханаў ; Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. – Мінск, 1999. – 205 с.

  10. Плескацэвіч, М. Педагагічны патэнцыял свіцязянскіх матываў у творчасці Адама Міцкевіча / М. Плескацэвіч // Дыханне стагоддзяў. Роля старажытнага Навагрудка і манастыроў, духоўнай культуры і прыгожага пісьменства ў лёсе людзей, у лёсе народаў : навук.-творч. канф. (г. п. Любча, 31 жніўня 1996 г.): тэзісы дакл. і выступленняў на 3-м Свяце беларускага пісьменства і друку / уклад. і рэд. Н. С. Загорскай. Мінск, 1996. С. 14–16.

  11. Ціханаў, Л. Н. Падрыхтоўка педагога-даследчыка ва ўмовах універсітэта / Л. Н. Ціханаў, А. А. Грымаць, М. М. Плескацэвіч ; Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. – Мінск, 1997. – 124 с. : табл.

  12. Плескацевич, Н. М. Каков он, современный процесс обучения : Из практики работы школ Белоруссии / Н. М. Плескацевич. – Минск: Об-во «Знание» БССР, 1990.

  13. Плескацевич, Н. М. Организация и воспитание ученического коллектива в профтехучилище / Н. М. Плескацевич, Г. П. Дубовская. – Минск : Об-во «Знание» БССР, 1982.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1180 разоў Апошняя змена Пятніца, 30 Красавік 2021 12:02