Пятніца, 29 Ліпень 2016 15:00

11 сакавіка 2016 г. – 450 гадоў з часу існавання Берасцейскага ваяводства, адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў Вялікім Княстве Літоўскім (1566–1795)

Берасцейскае ваяводства – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. Было створана 11 сакавіка 1566 года рашэннем Віленскага сойма ў ліку 13-ці ваяводстваў ВКЛ. Для новай адзінкі са складу Падляшскага ваяводства, якое было створана ў 1513 годзе, былі вылучаны Берасцейскі, Камянецкі і Кобрынскі паветы.

Выдзяленне Берасцейскага ваяводства ў ходзе адміністрацыйнай рэформы 1565–1566 гадоў звязваюць з падрыхтоўкай да Люблінскай уніі 1569 года, па якой Падляшскае ваяводства было ўключана ў склад Польскай Кароны. Стварэнне Берасцейскага ваяводства было накіравана на захаванне гэтых земляў у складзе ВКЛ.

Цэнтрам новага ваяводства стаў – горад Берасце (цяпер Брэст), гэтым самым значна павысіўшы свой адміністрацыйны статус. Плошча ваяводства складала 40.600 кв. км. Герб ваяводства ўяўляў сабой чырвоны шчыт з блакiтным рыцарам на срэбраным кані (варыянт герба «Пагоня»).

На чале ваяводстваў стаялі ваяводы і каштяляны. Першым ваяводай у 1566–1576 гадах быў Юрый Васільевіч Тышкевіч (1518–1576), прадстаўнік знатнага роду. Да пачатку ХVІІ ст. берасцейскімі ваяводамі былі: Габрыель Гарнастай (1576–1588), Мікалай Паўлавіч Сапега (1588), Кшыштаф Зяновіч (1588–1614). Першым кашталянам ваяводства ў 1566–1575 гадах быў Ян Мікалаевіч Гайка (Хайка). Кашталяны берасцейкія: Богдан Паўлавіч Сапега (1580–1585), Кшыштаф Юр’евіч Зяновіч (1585–1588), Адам Львовіч Тышковіч (Іпацій Пацей; 1588–1593), Рыгор Война (1593 – каля 1603).

Адной з асноўных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, паводле рэформы, быў павет. Берасцейскае ваяводства было створана ў складзе двух узбуйненых паветаў – Берасцейскага і Пінскага. Берасцейскі павет складзены з земляў Берасцейскага, Камянецкага і Кобрынскага паветаў Падляшскага ваяводства. У складзе новага павета былі гарады з магдэбургскім правам: Камянец, Кобрын, Пружаны (Дабучын); мястэчкі: Высокае, Гарадзец, Дзівін, Мальча, а таксама Бяроза, Ваганаў, Воўчын, Сялец, Уладава, Чарнаўчыцы, Шарашоў, Янаў і інш. У канцы ХVІІ ст. у сувязі з новай назвай горада Брэст-Літоўск Берасцейскі павет перайменаваны ў Брэст-Літоўскі.

У склад Пінскага павета ўвайшлі тэрыторыі Пінскага, Гарадзецкага і Тураўскага паветаў Трокскага ваяводства, Дубровіцкага княства, часткі Навагрудскага ваяводства. У Пінскім павеце былі гарады Пінск, Тураў, Давыд-Гарадок.

Берасцейская зямля жыла бурным палітычным жыццём. У Берасці праходзілі ваяводскія соймікі. Асноўнымі пытаннямі, якія раглядаліся на сойміках, былі ўнутраная бяспека ў ваяводстве, раскладка падаткаў, тэрміны і спосабы іх збірання, выбары фіскальных суддзяў, падатковых зборшчыкаў, камісараў, соймавых паслоў, соймікавых маршалкаў і іншых асоб, размеркаванне падатковых сум; складанне падатковых тарыфаў, узнагароды служачых, нагляд за правільнасцю манеты і г. д. Акрамя таго, соймікі разглядалі і надзвычайныя пытанні, звязаныя з унутранымі і знешнімі падзеямі. Ваяводскія соймікі насілі розныя назвы: рэляцыйных (на якіх заслухоўваліся пасольскія рэляцыі), фіскальных (на якіх выбіраліся фіскальныя суддзі), папісных (на якіх складалася паспалітае рушэнне), перасоймавых, гаспадарскіх, лімітацыйных і г. д. Пасяджэнні звычайна праходзілі ў касцёлах, паколькі спецыяльнага памяшкання не было.

Ваяводства ў амаль нязменным выглядзе праіснавала да канца ХVІІІ ст., калі ў 1791 годзе былі выдзелены асобныя Кобрынскі і Пінска-Зарэчны паветы. У 1792 годзе Пінска-Зарэчны павет з цэнтрам ў Плотніцы быў перайменаваны ў Запінецкі павет, а яго цэнтрам стаў Столін.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) усходняя частка Брэст-Літоўскага ваяводства – Пінскі павет – была ўключана ў склад Мінскага намесніцтва Расійскай імперыі. У 1795 годзе па трэцяму падзелу Рэчы Паспалітай ваяводства было скасавана, большая частка яго тэрыторыі ўвайшла ў Слонімскую губерню Расіі.

Існаванне Берасцейскага ваяводства на працягу больш чым 200 гадоў, развіццё эканамічных і грамадскіх стасункаў у межах гэтай тэрыторыі стала прыступкай для стварэння ў 1954 годзе сучаснай Брэсцкай вобласці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Берасцейскае ваяводства / Вячаслаў Пазднякоў // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 314–315.

  2. Берасцейскае ваяводства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 18.

  3. Брэсцкае ваяводства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 87–88.

  4. Брэст-Літоўскае ваяводства ; Брэсцкае ваяводства(Берасцейскае)/ М. І. Алексяюк // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 421.

  5. Берасцейскі павет / Вячаслаў Пазднякоў // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 321.

  6. Берасцейскі павет / М. І. Камінскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 18.

  7. Брэсцкі (Берасцейскі) павет // Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён : дадатак да 6-томнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» / аўтар тэкста Л. І. Языковіч. Мінск, 2004. С. 32–33.

  8. Пінскі павет / Вячаслаў Насевіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. : 2-е выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 437.

  9. Бярэсце ў складзе Рэчы Паспалітай / У. У. Здановіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 62–72.

  10. Казлоў, Л. Р. Старажытная картаграфія Беларусі / Л. Р. Казлоў. – Мiнск : Арты-Фэкс, 2005. – Вып. 1. – 45 с. : iл. – Са зместу: Ваяводствы ВКЛ: Навагародскае, Берасцейскае і частка Мінскага. – С. 12–13.

  11. Любавский, М. К. Очерк истории Литовско-русского государства от Люблинской унии включительно : [XIV–XVI в.] / Матвей Кузьмич Любавский. – СПб. : Наука, 2004. – 311 с. – (Русская библиотека).

  12. Фоменко, И. К. Появление Бреста в европейской картографии (60-е гг. XVI в.) / И. К. Фоменко, Е. И. Щербакова // Берасцейскія кнігазборы. Брэсцкая Біблія – унікальны помнік культуры ХVІ стагоддзя. Брэст, 2014. С. 224–229.

  13. Анищенко, Е. К. Шляхта Брестского воеводства : список XVIII ст. / Е. К. Анищенко. – Минск : Хурсик, 2011. – 235 с.

  14. Міхалюк, Д. Памежныя спрэчкі паміж Каронай і Вялікім Княствам Літоўскім у 16–17 стст. на прыкладзе Мельніцкай і Берасцейскай земляў / Дарота Міхалюк (Торунь) // Гістарычны альманах. Гародня, 2001. Т. 5. С. 23–53.

  15. Спірыдонаў, М. Ф. Завяршэнне фарміравання Пінскага павета ў 1566 г. / М. Ф. Спірыдонаў // Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 1998. № 4. С. 42–50.

  16. Спиридонов, М. Ф. Из истории административно-территориального деления Великого княжества Литовского во второй половине XVI в. / М. Ф. Спиридонов // Проблемы исторической географии России. Выпуск 1. Москва, 1982. С. 97106.

  17. Чупрыс, М.К. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на тэрыторыі Беларусі ў ХVІ ст. / М. К. Чупрыс // Сборник работ 68-й научной конференции студентов и аспирантов Белорусского государственного университета: в 3-х ч. Мінск :БГУ, 2011. Ч. 2. С. 280–283.

  18. Чупрыс, М. К. Змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле Беларусі ў XVI ст. / М. К. Чупрыс // Правовое обеспечение инновационного развития общества и государства: материалы международной научной конференции студентов, магистрантов и аспирантов. Минск, 29–30 октября 2010 г. Минск, 2011. С. 89.

  19. Протест сенаторов, городских и земских должностных лиц и шляхты против присоединения к Польше части территории Брестского воеводства (Брест, 1617 г.) // История Беларуси в документах и материалах / авт.-сост.: И. Н. Кузнецов, В. Г. Мизец. Минск : Амалфея, 2000. С. 87–88.

  20. Голубович, А. К. История Берестейской земли в актовых книгах судов ХVI – нач. XX в. в фондах НИАБ / А. К. Голубович // Берасцейскія кнігазборы: матэрыялы міжнар. навук.-практ. канф. «Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання», Брэст, 3031 кастрычнiка 2008 г. / Брэсц. абл. б-ка. Мiнск, 2010. С. 347–352.

  21. Комиссарова, Е. В. Берестейские воеводы в книжных связях / Е. В. Комиссарова // Берасцейскія кнігазборы. Мiнск, 2010. С. 353–358.

  22. Мацук, А. У. Пазіцыя шляхты Брэсцкага ваяводства ў пытанні каралеўскіх выбараў у Рэчы Паспалітай у 1733 г. / А. У. Мацук // Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2016. № 2. С. 35–43.

  23. Яцкоўскі, І. Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды : [мастацкі твор, дзеянне якога адбываецца на тэрыторыі Берасцейскага ваяводства] / І. Яцкоўскі // Arche. 2008. № 7–8. С. 924–1066.

  24. Ляховский, И. Брестский каштелян и его время : [жизнь и деятельность государственного деятеля ВКЛ Мартина Матушевича, который в 1768–1773 гг. был каштеляном берестейским] / И. Ляховский // Брестский вестник. 2007. 22 ноября. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1568 разоў Апошняя змена Серада, 08 Ліпень 2020 11:13