Пятніца, 29 Ліпень 2016 15:07

2016 г. – 740 гадоў з пачатку будавання Камянецкай вежы (1276–1288), помніка абарончага дойлідства, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь

Камянецкая вежа (летапісная назва «столп камен») – унікальны помнік старажытнага дойлідства сусветнага значэння, узор ваенна-інжынернага мастацтва канца XIII ст. Яна адзіная, якая захавалася з групы так званых валынскіх вежаў і служыла месцам апошняй абароны і ўкрыцця пры нападзе ворага.

Гісторыя вежы цесна звязана з Камянцам, які ўзнік як горад-крэпасць на паўночных межах Уладзіміра-Валынскага княства. Упершыню горад Камянец і вежа ўпамінаюцца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1276 годзе, дзе запісана, што валынскі князь Уладзімір Васількавіч, занепакоены частымі набегамі ворагаў на землі яго княства, адправіў свайго градаруба Алексу знайсці месца для пабудовы горада. Алекса з мясцовымі жыхарамі адправіўся ўверх па рацэ Лясной і аблюбаваў стромкі бераг з узвышэннем, дзе і быў узведзены Каменец.

Пра ўзвядзенне вежы ў гэтым жа летапісе за 1289 годам узгадваецца: «Князь же Володимеръ въ княжении своем многы городы зруби по отци своем. Зруби Берестий. И за Берестиемъ зруби город на пустом месте, нарицаемем Лестне, и нареч имя ему Каменецъ… Създаж въ нем столпъ каменъ… подобенъ удивлению всем зрящим нань…».

Узвядзенне вежы на рацэ Лясной было старанна прадумана. Наяўнасць умацавання дазваляла кантраляваць праходзячыя тут гандлёвыя і ваенна-стратэгічныя шляхі. За правоз тавараў тут бралі мыту. Новы горад быў з трох бакоў акружаны земляным валам і абарончым рвом, а з чацвёртага – яго надзейна ахоўвала рака Лясная. У цэнтры знаходзілася вежа-данжон, якая стаяла асобна ад іншых замкавых умацаванняў і была разлічана на кругавы абстрэл ворагаў, мела памяшканні для жылля і запасаў правіянту.

У плане вежа круглая, яе вонкавы дыяметр складае 13,6 м, таўшчыня сцен – 2,5 м. Агульная вышыня вежы (ад фундамента да верху зубцоў) – 30 м. Стаіць на магутным падмурку з бутавага каменю. Сцены складзены з двухколернай цэглы. У іх звонку і ўнутры – вялікая колькасць прамавугольных адтулін і байніц. Усе пяць ярусаў вежы злучаны паміж сабой драўлянымі лесвіцамі. З пятага яруса наверх вядуць цагляныя ўсходы на баявую пляцоўку, акружаную 14 зубцамі. Паводле Іпацьеўскага летапісу вежа ўзводзілася з 1276 па 1288 гады.

На абарончую долю вежы выпала нямала выпрабаванняў. Яе сцены бачылі нямецкіх крыжаносцаў і татар, літоўскіх і польскіх воінаў. Камянецкі стоўп мог вытрымаць любую асаду, у тым ліку з прымяненнем цяжкіх сценабітных прыладаў. Яе абарончага патэнцыялу хапіла не на адно стагоддзе. Але з цягам часу Камянецкая вежа страціла сваё абарончае значэнне і стала паступова руйнавацца. У 1899 годзе вежу даследаваў і абмераў акадэмік архітэтуры У. В. Суслаў. У ХХ ст. помнік неаднаразова рэстаўрыравалі. У 1903–1905 гадах была праведзена значная работа паводле праекта У. В. Суслава. Рэстаўрацыяй кіраваў архітэктар П. П. Пакрышкін. Для правядзення земляных і цагляных работ быў запрошаны майстар А. Арцішэўскі з Гродна.

У пасляваенныя гады Камянецкая вежа была ўзята пад ахову дзяржавы. У 1960 годзе помнік перададзены Брэсцкаму абласному краязнаўчаму музею. 21 красавіка 1969 года рашэннем аблвыканкама ўтвораны музей «Камянецкая вежа», філіял абласнога краязнаўчага музея. Была створана гістарычная экспазіцыя, якая прыцягнула ўвагу многіх тысяч турыстаў, савецкіх і замежных. У 1970 годзе ля вежы праведзены археалагічныя раскопкі, якімі кіраваў М. А. Ткачоў.

У пачатку ХХI ст. праведзена чарговая рэстаўрацыя вежы. У 2005 годзе музейная экспазіцыя была адноўлена, адкрыта 4 верасня да рэспубліканскага Дня беларускага пісьменства. Аўтар навуковай канцэпцыі Галіна Дзюрыч. Дэманструюцца 350 экспанатаў у экспазіцыйных залах на пяці ярусах вежы. 28 гадоў (1974–2002) музеем загадвала «гаспадыня вежы» Галіна Канстанцінаўна Тарасевіч, якая за сваю адданую асветніцкую дзейнасць была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны (1998). З 2002 года музей «вядзе» Таццяна Мікалаеўна Казулька.

Камянецкая вежа абвешчана помнікам гісторыі і культуры. Яе штогод наведваюць турысты з усіх куткоў свету. У 2004 годзе вежа ўключана ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА як помнік абарончага дойлідства.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Каменецкая башня // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 437.

  2. Камянецкая вежа // Археалогія Беларусі : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2009. Т. 1. С. 412–413.

  3. «Камянецкая вежа» / Т. М. Казулька ; «Каменецкая башня» / Т. Н. Козулько // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси : на бел. і рус. мовах. Мiнск, 2008. С. 273–276.

  4. Каменецкая башня // Туристическая энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. Минск, 2007. С. 233.

  5. Камянецкая вежа // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2006. Т. 2. С. 28.

  6. Каменецкая башня // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 853. «»

  7. Камянецкая вежа // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 79.

  8. Каменецкая башня : научно-популярное издание / автор концепции и текста А. М. Суворов. Брест : Полиграфика, 2009. 35 с. : ил.

  9. Камянецкая вежа = Каменецкая башня = Kamenetstower : навукова-папулярнае выданне / рэд. Ю. А. Паўлюкевіч ; тэкст А. А. Ярашэвіча ; фота А. П. Дрыбаса, Д. М. Раманюка. – Мінск : Беларусь, 2005. – 65 с.

  10. Каменецкая башня (Белая вежа) // ЮНЕСКО и Беларусь 60 лет сотрудничества / сост. Н. Ю. Карасёва. Минск, 2014. С. 90–92.

  11. Кушнярэвіч, А. М. Камянецкая вежа // Кушнярэвіч, А. М. Мураваная дабастыённая фартыфікацыя Вялікага княства Літоўскага / А. М. Кушнярэвіч. Мінск : Беларуская навука, 2014. С. 70–77.

  12. Тарасевіч, Г. Камянецкая вежа / Г. Тарасевіч // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Камянецкага раёна. Мінск, 1997. С. 22–27.

  13. Несцярчук, Л. М. Камянецкая вежа // Несцярчук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны / Л. М. Несцярчук. Мінск, 1997. С. 18–20.

  14. Ткачев, М. А. Каменецкая башня // Ткачев, М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. Минск, 2007. С. 6–10.

  15. Каменецкая башня / М. А. Ткачев // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 219–220.

  16. Ярошевич, А. Каменецкая башня / А. Ярошевич // Беларусь замковая. Минск, 2015. С. 17–31.

  17. Сівіцкі, У. М. Белая вежа – фальклорна-культуралагічныя рэмінісцэцыі : этна-культурны феномен Камянецкай вежы / У. М. Сiвiцкi // Камянецкія чытанні : Матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі (Камянец, 4 верасня 2005 года). – Мiнск, 2006. C. 55–63.

  18. Курков, И. Н. Созданье старины глубокой : [Каменецкая башня] // Курков, И. Н. Брестчина: легенды, события, люди / И. Н. Курков. Минск, 2005. С. 10–12.

  19. Гармель, Е. Каменецкая башня: путешествие в средневековье / Елена Гармель ; фото Валерия Короля // Заря. 2014. 26 июля. С. 8.

  20. Казулька, Т. Тут Вежа непарушна высiцца... : [пра 50-годдзе музея «Камянецкая вежа»] / Таццяна Казулька // Навiны Камянеччыны. 2010. 1 мая. С. 4.

  21. Литвинович, Е. Удаль молодецкая – где вежа каменецкая : [об областном фестивале средневековой культуры и традиций «Каменецкая вежа» (Камянец, 27–28 июня)] / Евгений Литвинович // Заря. 2009. 30 июня. С. 1, 8.

  22. Іоў, А. Пад ценем Камянецкай вежы : [аб археалагічных раскопках у Камянцы] / А. Іоў // Мастацтва. 2008. № 7. С. 25.

  23. Бутэвіч, А. Камянецкая вежа / Анатоль Бутэвіч // Народная газета. 2008. 16 лютага. С. 9.

  24. Казулька, Т. Пяць ярусаў музея : [пра экспазiцыю музея «Каменецкая вежа»] / Таццяна Казулька // Навiны Камянеччыны. 2008. 6 верасня. С. 3.

  25. Мусевіч, Г. Пра мінулае Камянецкага стаўпа / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2007. 21 ліпеня.

  26. Данилов, А. Каменецкая крепость : Непокоренной твердыне на берегу р. Лесной – 730 лет / А. Данилов // Белорусская военная газета. 2007. 17 января. С. 4.

  27. Кушнярэвiч, А. Гісторыка-архітэктурная тыпалогія мураванага дынастычнага абарончага дойлідства ВКЛ : [у т. л. Камянецкая вежа] / А. Кушнярэвiч // Беларускi гiстарычны часопiс. 2005. № 12. С. 34–45.

  28. Свинтилова, Н. Пять ярусов истории. О новой экспозиции музея «Каменецкая вежа» / Наталья Свинтилова // Вечерний Брест. 2005. 13 апреля. С. 11.

  29. Парафенюк, Е. Каменецкая башня предстанет обновленной : [о реставрации музея «Каменецкая башня»] / Евгений Парафенюк // Вечерний Брест. 2005. 23 марта. С. 2.

  30. Казулька, Т. «Сустракаю турыстаў з хваляваннем» : [загадчыца музея «Каменецкая вежа» пра сваю працу] / Т. Казулька ; гутарыла Г. Новiк // Навiны Камянеччыны. 2002. 11 верасня.

  31. Парафянюк, А. Гаспадыня вежы : [пра загадчыцу музея «Камянецкая вежа» Галіну Канстанцінаўну Тарасевiч] / Алена Парафянюк // Навiны Камянеччыны. 2002. 5 чэрвеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1624 разоў Апошняя змена Аўторак, 09 Чэрвень 2020 10:06