Пятніца, 29 Ліпень 2016 15:40

13 ліпеня 2016 г. – 150 гадоў з дня нараджэння Напалеона Казіміравіча Чарноцкага (1866–1937), публіцыста, перакладчыка

Напалеон Казіміравіч Чарноцкі нарадзіўся 13 ліпеня 1866 года ў маёнтку Нача Брынздоўская Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер вёска Нача Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Малодшы брат уладара маёнтка Нача Міхала Чарноцкага.

Навучаўся ў Слуцкай гімназіі, якую скончыў у 1987 годзе. У час вучобы ўваходзіў у тайны гурток самаадукацыі і цікавіўся беларускім фальклорам. Напалеон Чарноцкі ўваходзіў у групу, якая займалася перакладамі на беларускую мову. Удзельнічаў у перакладзе на беларускую мову і выданні на гектографе першага варыянта рэвалюцыйнай брашуры «Дзядзька Антон» (1885).

Напалеон Чарноцкі паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, увайшоў у інтэрнацыянальную студэнцкую арганізацыю. У 1890 годзе быў выключаны за ўдзел у падпольных гуртках і студэнцкіх хваляваннях. Быў прыгавораны да хатняга арышту пад наглядам паліцыі ў бацькоўскай сядзібе Нача. Праз год аднавіўся на факультэце, скончыў яго ў 1894 годзе, і пачаў працаваць урачом.

Перапісваўся з рускім пісьменнікам Уладзімірам Караленкам (1856–1921), пераклаў на польскую мову яго апавяданне «У дрэннай кампаніі» (каля 1887). Пераклаў на беларускую мову – п’есы А. Чэхава «Сватанне» і М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі» (1902), «Пашыліся ў дурні» (1908). У перакладзе вадэвіля Антона Чэхава Н. З. Чарноцкім рускія прозвішчы набылі беларускі каларыт: Сцяпан Сцяпанавіч Чубукоў стаў Сцяпанам Чыбухам, Іван Васільевіч Ломаў – Іванам Ламакай, Наталля Сцяпанаўна – Наталкай.

У 1904 годзе Напалеон Чарноцкі быў мабілізаваны ў Рускую армію і адпраўлены ў якасці ўрача на Руска-японскую вайну, трапіў на Манчжурскі фронт. Пасля вяртання ў 1905 годзе прадаў сваю частку спадчыны і ў 1908 годзе пераехаў у Канаду, дзе набыў надзел зямлі і працаваў звычайным фермерам. Застаўшыся амаль без грошай, у 1912 годзе вяртаецца на Радзіму. У час Першай сусветнай вайны зноў прызываецца ў Рускую армію.

З 1919 па 1920 гады Н. З. Чарноцкі прызначаны старшым рэферэнтам санітарнага аддзела Вільні ва ўрадзе Пілсудскага. Пасля Рыжскага падзелу (1921) займаўся ўрачэбнай практыкай і вывучэннем народнай медыцыны. У 1922 годзе ўступіў у Польскую сацыялістычную партыю. Працаваў урачом у Вільні, Іўі, Гродна, Навагрудку, у 1931–1936 годах жыў і працаваў у Лідзе. Паблізу вёскі Лебяда Вялікая Лідскага павета ў 1934 годзе заклаў плантацыю лекавых раслін. Пасля Вялікай Айчыннай вайны калгас вёскі Мажэйкава Лідскага раёна працягнуў справу гадавання лекавых раслін, зараз плантацыя займае 800 га.

У захаванні здароўя і лячэння хворых Н. З. Чарноцкі надаваў вялікае значэнне сілам прыроды. Неаднаразова на з’ездах урачоў і ў друку выдвігаў ідэі аб неабходнасці будаўніцтва на камерцыйнай аснове санаторыяў у сасновых барах для малазабяспечаных хворых. Аднак здзейсніць гэтыя праекты з-за матэрыяльных цяжкасцей не ўдалося.

Н. З. Чарноцкі з’яўляўся аўтарам брашуры «Як будзе з зямлёй?» (СПб., 1907), дзе прапагандаваў ліберальныя погляды на вырашэнне пытання з зямельнымі надзеламі. У артыкуле «Да пытання пра беларускую народную школу» (Минский курьер. 1908. 10 апр., № 64) абгрунтоўваў права беларускага народа на развіццё сваёй нацыянальнай культуры і школы, з прыязню пісаў пра творчасць Якуба Коласа, паказаў добрае веданне беларускага фальклору, выказаў думку, што прыйшла пара заснаваць легальнае «Таварыства сяброў беларускай школы». Аўтар нарыса «Аб адбудове гістарычнай Літвы», шэрагу публікацый з успамінамі пра рэвалюцыйны рух, пра М. Абрамовіча ў газетах «Наша ніва» і «Вольная Беларусь». У «Нашай ніве» 21 чэрвеня 1912 года з’явіўся допіс Н. Чарноцкага «З Канады». У 1928 годзе напісаў артыкул «Батлейкі з ваколіц Начы», дзе распавядае пра свае дзіцячыя гады і апісвае батлеечнае прадстаўленне.

Н. З. Чарноцкі быў чалавекам вялікіх здольнасцей, кіпучай энергіі, з шырокім колам грамадскіх зацікаўленняў. Доктар па прафесіі, Н. З. Чарноцкі меў, несумненна, здольнасці літаратара, акцёра, рэжысёра. Быў пастаноўшчыкам і рэжысёрам асобных аматарскіх спектакляў. Перакладзеныя творы Марка Крапіўніцкага доўгі час былі акрасай і беларускай савецкай сцэны. Ён унёс пэўны ўклад у развіццё не толькі беларускага тэатра, але і беларускай нацыянальнай асветы, выступаў і як літаратурны крытык.

Пасля 1934 года Напалеон Казіміравіч сыходзіць з медыцынскай працы і пераязджае ў свой маёнтак Вялікая Лебяда каля станцыі Скрыбаўцы (сучасны Шчучынскі раён). Апошнія гады жыцця правёў у маёнтку, вырошчваў зёлкі, даследаваў наваколле.

Напалеон Казіміравіч Чарноцкі памёр 14 лютага 1937 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Шклянік Алена Анатольеўна, бібліятэкар-бібліёграф

 

  1. Напалеон Чарноцкі // Літаратурная карта Берасцейшчыны / рэд., укл. А. М. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 362–364.

  2. «Пераклаў Н. Чарноцкі…» ; З ліста Н. Чарноцкага ў рэдакцыю газеты “Наша ніва”, напісанага з Канады // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 116.

  3. Чарноцкі Напалеон Казіміравіч / В. У. Скалабан // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 513.

  4. Скалабан, В. Напалеон Чарноцкі (1866–1937) / В. Скалабан // Славутыя імёны Бацькаўшчыны : зборнік : вып. 2 / уклад.: У. А. Гілеп і інш. Мінск : Беларускі фонд культуры, 2003. С. 227–294.

  5. Чарноцкі, Н. Батлейкіз ваколіц Начы / Напалеон Чарноцкі // Народны тэатр : 2-е выд., выпр. і дапрац. / укал. і камент. М. А. Каладзінскага. Мінск : Беларуская навука, 2004. С. 354–357.

  6. «Дзядзька Антон» / В. У. Скалабан // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 303–304.

  7. Карлюкевіч, А. СадыФлер’янова // Карлюкевіч, А. Радзімазнаўства / Алесь Карлюкевіч. Мінск, 2010. С. 103–106.

  8. Лiхадзедаў, У. Знічкі Айчыны : [гісторыя гарадоў Беларусі ў старых паштоўках, знакамітыя ўраджэнцы; у т. л. Н. Чарноцкі] / У. Ліхадзедаў, А. Карлюкевіч. Мінск : Литература и Искусство, 2008. С. 262.

  9. Александровіч, С. Х. Пуцявіны роднага слова : Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы XIX – пачатку XX ст. / С. Х. Александровіч. – Мінск : БДУ, 1971. – Са зместу: [Н. Чарноцкі]. – С. 152, 160, 182–183.

  10. Кабржыцкая, Т. В. Карані дружбы : Беларуска-украінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку ХХ ст. / Т. В. Кабржыцкая, В. П. Рагойша. – Мінск : Выдавецтва БДУ імя У. І. Леніна, 1976. – 256 с. – Са зместу: [перакладчык Н. Чарноцкі]. – С. 186–190.

  11. Карнялюк, С. Нашы знакамітыя землякі : [у т. л. Н. З. Чарноцкі; кароткая біяграфія] / С. Карнялюк // Ляхавіцкі веснік. 1997. 13 снежня (№ 97). С. 2.

  12. Скалабан, В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» / В. Скалабан // Голас Радзімы. 1983. 18 жніўня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1561 разоў Апошняя змена Аўторак, 02 Чэрвень 2020 15:18