Чацвер, 29 Верасень 2016 11:37

7 студзеня 2016 г. – 90 гадоў з дня нараджэння Івана Андрэевіча Паліўкі (1926–1975), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Сацыялістычнай Працы (1966), заслужанага меліяратара БССР

Іван Андрэевіч Паліўка нарадзіўся 7 студзеня 1926 года ў вёсцы Пераруб Драгічынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Рудскага сельсавета Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1934–1939 гг. вучыўся ў польскай школе вёскi Хомiчава, якая за 3 км ад дома, за Дняпроўска-Бугскiм каналам, з 1939 года ў той жа школе, але з савецкімі настаўнікамі.

І. А. Паліўка – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, на фронце са жніўня 1944 года, быў сапёрам. 

Пасля дэмабілізацыі ў 1950-м Іван Паліўка атрымаў прафесію шафёра, працаваў на грузавіку. Затым закончыў Пінскае сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, з 1951 года працаваў машыністам экскаватара Дняпроўска-Бугскага тэхнічнага ўчастка ў Пінску. З 1952 года меліяратар Іванаўскай машынна-меліярацыйнай станцыі, першым месцам працы было балота Няслуха, потым – рака Вісліца. У 1961–1974 гадах – машыніст, старшы машыніст экскаватара Іванаўскага будаўніча-мантажнага ўпраўлення меліярацыі трэста «Брэстводбуд» (з 1972 года Іванаўскае БМУ ў трэсце «Пінскводбудмеханізацыя»).

У сярэдзіне 1950-х у Іванаўскаім БМУ былі тры старыя экскаватары, шэсць трактараў, ужо праз некалькі гадоў матэрыяльная база меліяратараў значна вырасла. На пачатку 9-й пяцігодкі Іван Андрэевіч першым у арганiзацыi засвоіў новую мадэль экскаватара Э-652, экіпаж якога быў сваеасаблівай творчай лабаратораяй перадавога вопыту. Гусенiчны экскаватар Э-652 меў дызельны рухавiк магутнасцю 80 к. с., коўш абъёмам 0,65 куб. м, вугал паварота платформы – 360 градусаў.

Сярод вучняў І. А. Паліўкі Аляксей Ткачук, Рыгор Лагодзіч, Пётр Мінзер, Міхаіл Філіпаў, Іван Мярэчка і інш. За выдатную прафесійную падрыхтоўку моладзі Іван Андрэевіч быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1974).

У 1954 годзе Беларускім дзяржаўным інстытутам праектавання воднай гаспадаркі пры ўдзеле АН БССР складзена, а ў 1969 годзе ўдакладнена схема асушэння і асваення зямель Палескай нізіны БССР. Знакавай падзеяй, якое вырашала лёс Палесся, былі рашэнні майскага 1966 года Пленума ЦК КПСС, у адпаведнасці з якімі маліярацыйныя работы на Беларускiм Палессі атрымалі небывалы размах. У выніку было асушана каля 2 млн га забалочаных земляў, якія сталі выкарыстоўвацца для сельска-гаспадарчай вытворчасці.

І. А. Паліўка – заслужаны меліяратар Беларускай ССР (1964), гэта ганаровае званне, устаноўленае ў 1963 годзе, ён атрымаў адным з першым у рэспубліцы. Званне Героя Сацыялістычнай Працы яму прысвоена 30 красавіка 1966 года за выдатныя поспехі ў вытворчасці і нарыхтоўках сельска-гаспадарчых прадуктаў. Высокіх узнагарод тады былі ўдастоены таксама іншыя работнікі Іванаўскага БМУ. Машыніст экскаватара Мікалай Якаўлевіч Зялінскі ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, майстар Расціслаў Уладзіміравіч Клеша, начальнік будаўніча-мантажнага ўпраўлення Віктар Мяфодзьевіч Майстрэнка, машыністы экскаватара Васіль Іосіфавіч Новік і Аляксандр Мікалаевіч Серадзінскі – ордэнам «Знак Пашаны», трактарыст Іван Паўлавіч Брыгадзін – медалём «За працоўную доблесць», прараб Давыд Пятровіч Данілаў – медалём «За працоўную адзнаку».

Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 8-га склікання (1970–1974). На ХХVІІ з’ездзе КПБ І. А. Паліўка абраны членам ЦК, якім з’яўляўся ў 1971–1975 гадах, у гэты час сакратаром быў Пётр Міронавіч Машэраў.

І. А. Паліўка ўзнагароджаны двума ордэнамі Леніна, сям’ю медалямі, у тым ліку медалямі ВДНГ СССР. Іван Андрэевіч з Кацярынай Канстанцінаўнай выгадавалі трох сыноў: Андрэя, Міхаіла і Уладзіміра. Андрэй Іванавіч Паліўка працягнуў справу бацькі, пасля службы ў Савецкай арміі сеў на экскаватар, працаваў добра, перавыконваў план.

Іван Андрэевіч Паліўка пасля цяжкай і працяглай хваробы памёр 18 жніўня 1975 года. У 1978 годзе на магіле ўстаноўлены помнік.

Імем І. А. Паліўкі названа вуліца ў г. Іванава Брэсцкай вобласці. На будныку Iванаўскага БМУ устаноўлена мемарыяльная дошка: «Здесь, в Ивановском СМУ, с 1952 по 1974 год работал старший машинист одноковшового экскаватора Герой Социалистического Труда Иван Андреевич Поливко». Яго імя занесена ў Кнігу народнай славы Іванаўскага раёна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Поливко Иван Андреевич // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник / сост. И. К. Кулан [и др.]. Минск, 2014. С. 182.

  2. Паліўка Іван Андрэевіч ; Мастак зямлі / У. Тураў // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : БЕЛТА, 2000. С. 474–475.

  3. Поливко Иван Андреевич // Их именами названы… : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 490.

  4. Герой Социалистического Труда. Поливко Иван Андреевич // Мелиорация : энциклопедический справочник. Минск, 1984. С. 109.

  5. Паліўка Іван Андрэевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 461.

  6. Паліўка Іван Андрэевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 60.

  7. Могила Паливки Ивана Андреевича : [в д. Переруб Рудского сельсовета] / А. Г. Щербатов // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 198.

  8. Магіла Паліўкі Івана Андрэевіча / А. Г. Шчарбатаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 176.

  9. Лукашик, П. И. История мелиорации земель Брестчины : [монография] / Пётр Иосифович Лукашик. – Брест : Облтипография, 1998. – 180 с. : ил. – Из содерж.: И. А. Поливко. – С. 98, 127.

  10. Ситуха, В. Полесская эстафета : [о И. А. Поливко] // Ситуха, В. Автограф на ниве / В. Ситуха. Минск, 1986. С. 11–20.

  11. Самович, В.П. Решающий фактор : из опыта работы компартии Белоруссии по улучшению качественного состава своих рядов и воспитанию молодых коммунистов (1966–1970 гг.) / В. П. Самович. – Минск : Беларусь, 1979. – 111 с. – Из содерж.: И. А. Поливко. – С. 92–93.

  12. Спірыдонаў, П. Экзамен на майстэрства / П. Спірыдонаў, У. Тураў // Сцяганосцы новага, перадавога. Мінск : Ураджай, 1967. С. 230–237.

  13. Аграновский, И. Гордость Полесья: [И. А. Поливко] / И. Аграновский, А. Максимович // Земные звёзды : очерки / сост. П. П. Сутько. Минск : Беларусь, 1978. С. 260–267.

  14. Дуброўскі, І. Гамоніць Палессе / І. Дуброўскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1977. – 288 с. – (Рэспубліка, час, людзі). – Са зместу: І. А. Паліўка. – С. 169–178.

  15. Іван Андрэевіч Паліўка : [некралог] / В. В. Ярмоленка, Б. А. Скарадумаў, У. Я. Катаржэўскі, І. К. Хлапіцкі [і інш.] // Звязда на меліярацыі Палесся. 1975. 21 жніўня. С. 3.

  16. Иван Андреевич Поливко : [некролог] / П. М. Машеров, Т. Я. Киселёв, Ф. А. Сурганов, А. Н. Аксёнов, В. С. Шевелуха, В. Ф. Мицкевич [и др.] // Заря. 1975. 20 августа. С. 3.

  17. Маславец, І. Памяці Героя Сацыялістычнай Працы меліяратара І. А. Паліўкі : [верш] / І. Маславец // Чырвоная звязда. Іванава, 1982. 18 снежня.

  18. Мікалайчук, М. Герой Зямлі палескай : [пра І. А. Паліўку] / М. Мікалайчук // Звязда. 1977. 9 чэрвеня.

  19. Міхальчук, В. Сын Героя : [пра Андрэя Іванавіча Паліўку] / В. Міхальчук // Чырвоная звязда. Іванава, 1976. 11 верасня.

  20. Дуброўскі, І. Прызнанне як запавет… : нарыс : [пра І. А. Паліўку і нам. Міністра меліярацыі М. Н. Кананчука] / Ігнат Дуброўскі // Маладосць. 1976. № 9. С. 135–143.

  21. Козлович, А. Рукам работа – душе праздник : [И. А. Поливко] / А. Козлович // Нёман. 1976. № 3. С. 126–127.

  22. Шнитова, Н. Заслуженный мелиоратор республики : [И. А. Поливко] / Н. Шнитова // Сельский механизатор. 1973. № 10. С. 44–45.

  23. Аграновский, И. Земли полесской человек : [И. А. Поливко] / И. Аграновский, А. Максимович // Заря. 1970. 5 августа.

  24. Глинский, Ф. Твердый сплав : [И. А. Поливко] / Ф. Глинский // Заря. 1970. 20 мая.

  25. Козлович, А. Так рождается речка : [И. А. Поливко] / А. Козлович // Сельская газета. 1969. 19 апреля.

  26. Матусевич, А. Сын Полесья : [И. А. Поливко] / А. Матусевич // Сельское хозяйство Белоруссии. 1966. № 13. С. 10–12.

  27. Спиридонов, П. Покорители полесской целины : [о мелиораторах Ивановского СМУ, в т. ч. о И. А. Поливко] / П. Спиридонов, В. Туров // Заря. 1966. 24 мая. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1785 разоў Апошняя змена Серада, 10 Чэрвень 2020 09:17