Панядзелак, 06 Люты 2017 09:37

6 студзеня 2016 г. – 95 гадоў з дня нараджэння Фёдара Канстанцінавіча Валасюка (1921–2000), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, гаспадарчага дзеяча, Героя Сацыялістычнай Працы (1966)

Фёдар Канстанцінавіч Валасюк нарадзіўся 6 студзеня 1921 года ў вёсцы Багуславічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (з 1972 г. Залуззе Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Працаваць пачаў з пятнаццаці год.

 

У час Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Валасюк жыў у роднай вёсцы, дапамагаў партызанам, а затым быў байцом партызанскага атрада імя Фрунзэ Брэсцкага злучэння. У 1944 годзе прызваны ў Чырвоную армію, вызваляў Польшчу, пад Варшавай быў паранены. Пасля шпіталя накіраваны ў органы МУС БССР, служыў у Брэсце, потым старшым упаўнаважаным аддзела барацьбы з крадзяжом сацыялістычнай уласнасці і спекуляцыяй Кобрынскага раённага аддзела міліцыі. Гэтай няпростай справе аддаў 14 гадоў 7 месяцаў.

11 лістапада 1958 года Ф. К. Валасюк абраны старшынёй праўлення сельскагаспадарчай арцелі імя Сталіна з цэнтральнай сядзібай у вёсцы Пескі Пескаўскага сельсавета Кобрынскага раёна. Гаспадарка была слабай, але пад новым кіраўніцтвам праз некалькі гадоў пераўтварылася ў перадавую. Новы старшыня падабраў надзейныя кадры, зрабіў стаўку на жывёлагадоўлю. Завялі добрых кароў, была створана племянная ферма пад кіраўніцтвам заатэхніка Веры Іванаўны Семянюк. Надоі малака павысіліся ў два разы: больш за 3000 кг малака за год ад кожнай каровы. Даход гаспадаркі павялічыўся ў тры разы, а аплата чалавека-дня – у 6 разоў.

У 1959 годзе арцель перайменавана ў калгас імя ХХІ з’езда КПСС (у 1991–2003 гг. – калгас «Беларусь»; з 2003 г. – СВК «Вербнае»). Першым у раёне калгас пачаў будаваць жылыя дамы для сваіх работнікаў, былі ўведзены аб’екты сацкультбыту. Адным з першых у раёне ў Песках з’явіўся прыродны газ. Актыўна вялася дрэнажная меліярацыя, што дабавіла сотні гектараў прыдатнай зямлі. За дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэння вытворчасці мяса і малака 22 сакавіка 1966 года Ф. К. Валасюку прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

У 1970 годзе Фёдар Канстанцінавіч закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці аграном. Кіраўнік ён быў патрабавальны, але справядлівы, цаніў людзей працавітых, дбайных і клапаціўся пра іх. Для лепшых працаўнікоў за кошт калгаса арганізоўваліся паездкі ў Маскву, Ленінград, на Чорнае мора, у Прыбалтыку. Фінансавае становішча калгаса было стабільным, за 27 гадоў працы ў калгасе Ф. К. Валасюк ні разу не браў банкаўскія крэдыты. У 1980 годзе да гаспадаркі далучылі калгас «Савецкая Беларусь», які меў даўгі 700 тыс. рублёў, але старшыня здолеў пагасіць запазычанасць. У 1986 годзе Фёдар Канстанцінавіч выйшаў на пенсію.

Ф. К. Валасюк за ваенную і працоўную дзейнасць узнагароджаны ордэнамі Леніна (1966), Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені (1985), медалямі (у т. л. сярэбранай і двума бронзавымі медалямі ВДНГ СССР: 1969, 1974, 1976), граматамі.

Фёдар Канстанцінавіч Валасюк памёр 23 чэрвеня 2000 года.

1 мая 2007 года на будынку СВК «Вербнае» адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Ф. К. Валасюка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Волосюк Федор Константинович // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда. Минск, 2014. С. 65.

  2. Валасюк Фёдар Канстанцінавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 426.

  3. Волосюк Федор Константинович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 123.

  4. Валасюк Фёдар Канстанцінавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 110.

  5. Валасюк Фёдар Канстанцінавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 568.

  6. Багуславічы : [вёска, у якой нарадзіўся Ф. К. Валасюк] // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 484.

  7. Адамович, А. Земля отцов / А. Адамович // Земные звёзды : [очерки] / сост.: П. П. Сутько, В. И. Хомич, Е. В. Шилаев. Минск, 1978. С. 63–69.

  8. Ромма, Ф. Мужала молодость в боях : записки секретаря подпольного обкома комсомола / Федор Дмитриевич Ромма ; лит. обраб. Н. Грицана. – Минск : Беларусь, 1974. – 286 с.: ил. – Из содерж.: Ф. К. Волосюк. – С. 275.

  9. Сяло маё роднае. – Мінск : Ураджай, 1968. – 272 с.: іл. – Са зместу: Ф. К. Валасюк. – С. 163–166.

  10. Бугаревич, В. С. Распределение доходов в колхозе : опыт колхоза «ХХI съезд КПСС» : [Кобринский район] / Виктор Спиридонович Бугаревич, Федор Константинович Волосюк. – Минск : Урожай, 1966. – 52 с. – (Решения XXIII съезда КПСС в жизнь!).

  11. Дубина, Л. Всю жизнь служил народу : [к 95-летию со дня рождения Ф. К. Волосюка] / Людмила Дубина // Кобрынскi веснiк. 2016. 19 января.

  12. На свята працы — гонар Герою : [аб адкрыцці мемарыяльнай дошкі ў гонар Ф. К. Валасюка на будынку СВК «Вербнае»] //Кобрынскi веснiк. 2007. 5 мая. С. 1.

  13. Сацук, А. Золотая Звезда Фёдора Волосюка : [к 85-летию со дня рождения] / Алексей Сацук // Кобрынскi веснiк. 2006. 18 студзеня. С. 2.

  14. Хільчук, М. Вяртаючыся ў мінулае : 18 студзеня Ф. К. Валасюку споўнілася б 80 гадоў / М. Хільчук // Кобрынскi веснiк. 2001. 17 студзеня. С. 2.

  15. Волосюк Фёдор Константинович : [некролог]/ Ашмянцев С. Д. [и др.] // Кобрынскi веснiк. 2000. 1 лiпеня. С. 4.

  16. Хільчук, М. Старшынёва Зорка / М. Хільчук // Кобрынскі веснік. 1998. 28 кастрычніка. С. 2.

  17. Валасюк, Ф. Здзяйсненне нашай мары / Ф. Валасюк // Камуністычная праца. Кобрын, 1978. 26 жніўня.

  18. Камяндант, С. На светлым шляху : [з гісторыі калгаса «ХХI з’езд КПСС»] / С. Камяндант // Камуністычная праца. Кобрын, 1974. 17 жніўня.

  19. Примачук, Н. Смотр сил : [о коммунистах колхоза «ХХI съезд КПСС»] / Н. Примачук // Сельская газета. 1974. 23 января.

  20. Пищик, В. Сеятель : [очерк про Ф. К. Волосюка] / В. Пищик // Сельская газета. 1967. 26 ноября.

  21. Калгас «ХХI з’езд КПСС» : [нумар прысвечаны калгасу] // Камуністычная праца. Кобрын, 1967. 16 лютага.

  22. Волосюк, Ф. К. Помогаем соседям преодолеть отставание : [рассказывает председатель колхоза «ХХI съезд КПСС» Кобринского района] / Ф. К. Волосюк ; записал П. Спиридонов // Сельское хозяйство Белоруссии. 1959. № 12. С. 7.

 

 

Чытаць 1647 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Чэрвень 2020 10:04