Панядзелак, 06 Люты 2017 09:49

5 красавiка 2017 г. – 130 гадоў з дня нараджэння Пятра Фёдаравіча Папковіча (1887–1946), расійскага вучонага-караблебудаўніка, інжынер-контр-адмірала, члена-карэспандэнта АН СССР

Пётр Фёдаравiч Папковіч нарадзіўся 5 красавіка 1887 года ў г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні (цяпер Брэст) у сям’і інжынера. Маці, Варвара Сцяпанаўна (Булах), была дачкой павятовага ўрача. Бацька працаваў на будаўніцтве Палескіх чыгуначных дарог, сям’я часта пераязджала. Так здарылася, што Пётр Папковіч пачаў вучыцца ў гімназіі ў Ашхабадзе, а ў 1905 годзе закончыў з залатым медалём гімназію ў Самары.

 

Паступіў на суднабудаўнічае аддзяленне Пецярбургскага палітэхнічнага інстытута імя Пятра Вялікага. У 1911 годзе Пётр Папковіч праходзіў службу на крэйсеры «Баян», у канцы года абараніў дыплом і атрымаў кваліфікацыю марскога інжынера. У 1912 годзе яму прысвоены чын падпаручыка корпуса карабельных інжынераў. Быў назначаны асістэнтам канструктара на Адміралцейскі суднабудаўнічы завод. Займаў пасады памочніка загадчыка тэхнічнага бюро, загадчыка бюро. Прымаў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве лінкораў тыпу «Севастопаль», лінейных крэйсераў тыпу «Измаил». У 1916 годзе атрымаў чын штабс-капітана корпуса карабельных інжынераў.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі П. Ф. Папковіч перайшоў на бок Савецкай улады. З 1918 года служыў у Ваенна-марскім флоце. Быў начальнікам артылерыйскага бюро (1918–1922), працаваў у канструктарскім бюро падводнага плавання (1922–1924), кіраваў праектаваннем першых савецкіх лесавозаў і цеплаходаў у суднабудаўнічым канструктарскім бюро і працаваў у Рэгістры СССР (1924–1929).

Паралельна працоўнай дзейнасці з 1916 года П. Ф. Папковіч чытаў лекцыі па будаўнічай механіцы ў Палітэхнічным інстытуце (у 1925–1930 як прафесар). У 1934–1940 гадах – прафесар Ленінградскага суднабудаўнічага інстытута, з 1934 года – у Ваенна-марской акадэміі. 13 чэрвеня 1939 года яму прысвоена званне інжынер-флагмана 2-га рангу, а 4 чэрвеня 1940 года –інжынер-контр-адмірала. У 1933 годзе – член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР, з 1935 года – доктар тэхнічных навук. У апошні год жыцця загадваў таксама кафедрай супраціўлення матэрыялаў у Ленінградскім ваенна-механічным інстытуце.

Апублікавана больш за 150 навуковых работ П. Ф. Папковіча, большасць з якіх адносяцца да найбольш важных пытанняў практыкі суднабудаўніцтва. Сярод іх манаграфіі «Техника измерений деформаций судовых корпусов» (1932), «Вибрации корабля» (1932), «Теория упругости» (1939), «Строительная механика корабля» (в 2 т.; 1945, 1947).

За навуковую працу П. Ф. Папковіч у 1946 годзе ўдастоены Сталінскай прэміі І ступені. Узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава ІІІ ступені (1916), двума ордэнамі Леніна (1945), ордэнамі Чырвонага Сцяга (1944), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1943), медалямі. У 1944 годзе яму прысвоена званне Заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі РСФСР.

Пётр Фёдаравiч Папковіч памёр 3 красавіка 1946 года, пахаваны ў Ленінградзе на Літаратарскіх мастках Волкаўскіх праваслаўных могілак. На доме, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка (вул. Мічурынская, 1), яго імем былі названы два караблі ВМФ СССР – марскi тральшчык «Пётр Папкович» (1952), цеплаход «Профессор Папкович» (1985).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Папкович Пётр Фёдорович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 5. С. 698.

  2. Папкович Пётр Фёдорович // Адмиралы земли белорусской / Б. Д. Долготович. Минск, 2009. С. 31–34.

  3. Папкович Пётр Фёдорович // Военачальники земли белорусской / Б. Д. Долготович. Минск, 2005. С. 95–97.

  4. Папкович Пётр Фёдорович // Большая Советская Энциклопедия : [в 30 т.]. Изд. 3-е. Москва, 1975. Т. 19. С. 160.

  5. Слепов, Б. И. Пётр Фёдорович Папкович, 1887–1946 / Борис Иванович Слепов ; отв. ред. В. В. Навожилов. – Ленинград : Наука, Ленинградское отделение, 1991. – 192 с. – (Научно-биографическая серия).

  6. Пётр Фёдорович Папкович : 1887–1946 / вступ. ст. Ф. В. Мигачевой ; библиогр. сост. Р. И. Кузьменко, Ф. В. Мигачевой ; отв. ред. А. В. Виноградов, Е. С. Лихтенштейн. – Москва : Наука, 1987. – 96 с. – (Материалы к биобиблиографии ученых СССР : Серия Технических наук. Механика ; вып. 18).

  7. Папкович, П. Ф. Труды по прочности корабля / П. Ф. Папкович. – Ленинград : Государственное союзное издательство судостроительной промышленности, 1956. – 679 с.

  8. Папкович, П. Ф. Строительная механика корабля / П. Ф. Папкович. – Москва : Морской транспорт, 1947. – 815 с.

  9. Абрамян, К. Г. Дело жизни — строительство кораблей : к 110-летию со дня рождения П. Ф. Папковича / К. Г. Абрамян // Вестник Российской Академии наук. 1997. Т. 67, № 8. С. 749–750.

  10. Булах, Г. Мгновения жизни строительной : записки инженера, часть четвертая / Глеб Булах. – Санкт-Петербург : Стратегия будущего, 2008. – 96 с.

  11. Очерки истории науки и культуры Беларуси IX – начала XX в. / П. Т. Петриков [и др.]. – Минск, 1996. – 527 с. – Из содерж.: [П. Ф. Папкович]. – С. 355, 356, 364, 365.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1231 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 11:10