Панядзелак, 13 Люты 2017 09:44

7 снежня 2017 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Васіля Дзмітрыевіча Ліцьвінкі (1941–2007), беларускага фалькларыста

Васіль Дзмітрыевіч Ліцьвінка нарадзіўся 7 снежня 1941 года ў вёсцы Верхні Церабяжоў Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1958 годзе выкладаў беларускую мову, літаратуру і спевы ў сямігодцы вёскі Лука. У 1960–1964 гадах служыў на Ваенна-марскім флоце СССР: радыёсувязістам на крэйсеры «Дзяржынскі» Чарнаморскага флоту.

 

У 1964–1970 гадах Васіль Ліцьвінка вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Узначальваў студэнцкі клуб, ладзіў канцэрты самадзейных калектываў БДУ (харавая капэла, аркестр народных інструментаў, танцавальны калектыў «Крыжачок», эстрадны і духавы аркестры, драматычны гурток), гастролі вакальна-інструментальных ансамбляў ва ўніверсітэце. Пад кіраўніцтвам В. Д. Ліцьвінкі студэнцкія калектывы мастацкай самадзейнасці выступалі ў Маскве, Кіеве, Калінінградзе, Адэсе, Рызе, Вільнюсе, Тарту, Гомелі і інш. гарадах, на фестывалях займалі прызавыя месцы.

У 1971 годзе В. Д. Ліцьвінка стварыў на філфаку БДУ лінгафонную лабараторыю. З верасня 1975 года перайшоў на выкладчыцкую працу на кафедры рускай савецкай літаратуры, дзе выкладаў фальклор. Намаганнямі Васіля Ліцьвінкі і яго калег у 1981 годзе на філфаку БДУ была створана навукова-даследчая лабараторыя беларускага фальклору, якой ён кіраваў да выхаду на пенсію (2005).

У розныя гады чытаў Васіль Дзмітрыевіч лекцыі па фальклоры ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка, Беларускай акадэміі мастацтваў, Беларускім універсітэце культуры, Інстытуце ўдасканалення кваліфікацыі, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы.

Кандыдацкую дысертацыю на тэму «Рыгор Раманавіч Шырма – фалькларыст» абараніў у 1983 годзе. Абраў гэту тэму таму, што асабіста быў знаёмы з выдатным дзеячам беларускай культуры, які сваім прыкладам натхніў яго на пачэсную справу захавання і адраджэння беларускага фальклору.

В. Д. Ліцьвінка распрацаваў канцэпцыю, арыентаваную на захаванне фальклорных і этнаграфічных першакрыніц у галіне фалькларызму, прынцыпы і метады выкарыстання фальклорнай спадчыны ў аматарскай дзейнасці фальклорных калектываў і інш. Займаўся збіраннем, даследаваннем рэгіянальнай спецыфікі, выданнем і папулярызацыяй фальклору, абрадава-святочнай і этнічнай культуры беларускага народа. Пераважна на Палессі ім зроблены каля 200 тысяч тэкставых і 50 тысяч аўдыёзапісаў фальклору і матэрыялаў традыцыйнай культуры.

У 1985–2002 гадах Васіль Дзмітрыевіч – аўтар і вядучы тэлепраграмы «Запрашаем на вячоркі». Падчас супрацоўніцтва з тэлебачаннем былі зроблены 246 відэафільмаў абрадава-святочнай культуры.

Аўтар і складальнік 20 кніг і зборнікаў фальклору, больш за 380 навуковых, вучэбна-метадычных і навукова-папулярных друкаваных работ. Пад яго кіраўніцтвам былі выкананы навукова-даследчыя праекты «Фальклор Беларускага Палесся», «Рэгіянальная спецыфіка беларускага фальклору», «Інтэрпрэтацыя і выкарыстанне фальклору ў вучэбна-выхваўчым працэсе ВНУ», «Фальклор запаведных і памежных з Расіяй, Украінай, Польшчай і Літвой рэгіёнаў».

Шмат займаўся грамадскімі справамі. Абіраўся старшынёй Беларускага саюза фалькларыстаў на першым і другім з’ездах у 1992 і 1995 гадах. Быў намеснікам старшыні Таварыства беларускай школы.

Васіль Дзмітрыевіч Ліцьвінка заўчасна памёр 12 ліпеня 2007 года ў Мінску, пахаваны ў роднай вёсцы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Працы В. Д. Ліцьвінкі

  1. Крыніца народнай мудрасці : з літаратурнайспадчыны / Васіль Ліцьвінка ; [укл. Н. М. Ліцьвінка] ; НАН Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. – Мінск : Беларуская навука, 2012. – 462 с., [4] л. партр., каляр. фат. : карты, ноты.

  2. Фальклор і этнакультура Чарнобыля : з нагоды 20-годдзя сусветнай катастрофы : манаграфія / В. Д. Ліцьвінка. – Мінск : БДУ, 2006. – 256 с. : іл.

  3. Святы і абрады беларусаў / Васіль Ліцьвінка. – 3-е выд. – Мінск : Беларусь, 2001. – 190 с. : іл.

  4. Святы і абрады беларусаў / Васіль Ліцьвінка. – Мінск : Беларусь, 1997. – 190 с. : іл.

  5. Веснавыя святы і абрады / В. Д. Ліцьвінка ; Цэнтр адраджэння і развіцця беларускай культуры Упраўлення культуры Мінгарвыканкама, Беларускі саюз фалькларыстаў. – Мінск : [б. в.], 1995. – 52 с.

  6. Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць / укл. В. Ліцьвінка. – Мінск : Універсітэцкае, 1995. – 450 с.

  7. Слова мiма не ляцiць : беларускія народныя прыказкі і прымаўкі / В. Д. Ліцвінка, Л. А. Царанкоў ; навук. рэд. А. С. Фядосік. – Мінск : Універсітэцкае, 1985. – 149 с.

  8. Г. Р. Ширма — фольклорист : автореферат диссертации… кандидата филологических наук : 10.01.09 / Литвинко Василий Дмитриевич ; Академия наук Белорусской ССР, Институт искусствоведения, этнографии и фольклора. – Минск, 1984. – 21 с.

  9. Невычэрпная крыніца фальклору / Васіль Ліцьвінка // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 571–587.

  10. Фальклор як крыніца аптымізму, маральнай чысціні, здароўя і цвярозасці народа / Васіль Ліцьвінка // Янка Купала і праблемы беларускага самапазнання : V Міжнар. Купалаўскія чытанні – навук. канф, Мінск, 7–8 снеж. 2000 г. / уклад. А. Бурбоўская. Мінск, 2002. С. 204–207.

  11. Традыцыйны светапогляд беларусаў на мяжы тысячагоддзяў / Васіль Ліцьвінка // Славянское Вече: материалы Междунар. науч.-практ. конф., 13–19 дек. 2000 г. Мінск, 2002. С. 26–28.

  12. Бацька Генадзь : да 90-годдзя Г. Цітовіча / Васіль Ліцьвінка // Народная газета. 2000. 26 ліпеня.

  13. Беларускі фальклор. Праграма для навучальных устаноў культуры і адукацыі / Васіль Ліцьвінка // Роднае слова. 1998. № 7. С. 205–216 ;  8. С. 204–215.

  14. Сімволіка пояса ў беларускім фальклоры / Васіль Ліцьвінка // Народныя паясы — мастацтва і рамяство : матэрыялы навук.-практ. канф., 10–11 снеж. 1992 г. / уклад. В. А. Лабачэўская. Мінск, 1994. С. 15–19.

 

Аб жыцці і дзейнасці В. Д. Ліцьвінкі

  1. Аляхновіч, А. М. Ліцьвінка Васіль Дзмітрыевіч / А. М. Аляхновіч // Культура Беларусі : у 6 т. Мінск, 2014. Т. 5. С. 129.

  2. Ліцьвінка Васіль Дзмітрыевіч // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2006. Т. 2. С. 44–45.

  3. Ліцьвінка Васіль Дзмітрыевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 507.

  4. Ліцьвінка, В. Д. «Запрашаем на вячоркі» / В. Д. Ліцьвінка // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 523–524.

  5. Котаў, М. Мой сябра : да 75-годдзя Васіля Ліцьвінкі / М. Котаў // Краязначая газета. 2016. № 46. С. 3.

  6. Котаў, М. Пра сябра : [да 75-годдзя з дня нараджэння В. Д. Ліцьвінкі] / М. Котаў // ЛіМ. 2016. 2 снежня. С. 11.

  7. Гашчук, Г. Вечарына памяцi Васiля Лiцвiнкi : [пра вечар памяці фалькларыста ў раённым краязнаўчым музеі] / Галіна Гашчук // Навiны Палесся. Столiн, 2011. 27 снежня. С. 4.

  8. Антропаў, М. Васіль Ліцьвінка — беларускі фалькларыст / Мікола Антропаў // Гiстарычная брама. 2009. № 1. С. 117–118.

  9. Літвіновіч, А. Ён застанецца ў памяці многіх: Васіль Ліцьвінка / А. Літвіновіч // Роднае слова. 2007. № 9. С. 84–85.

  10. Суднік, С. Пайшоў Васіль Ліцьвінка / С. Суднік // Наша слова. 2007. 15 жніўня. С. 10–11.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2068 разоў Апошняя змена Чацвер, 09 Ліпень 2020 11:21