Панядзелак, 13 Люты 2017 09:53

30 жніўня 2017 г. – 175 гадоў з дня адкрыцця Аляксандраўскага Брэсцкага кадэцкага корпуса (1842), сярэдняй ваенна-вучэбнай установы закрытага тыпу

Дваранства заходніх губерняў Расійскай імперыі хадатайнічала аб адкрыцці сваёй ваенна-вучэбнай установы. Мікалай І у час навадвення будаўніцтва Брэст-Літоўскай крэпасці ў жніўні 1840 года прыняў рашэнне аб стварэнні тут кадэцкага корпуса. Указ аб яго стварэнні падпісаны 16 красавіка 1841 года.

У лютым 1842 года былі зацверджаны палажэнне Аляксандраўскага Брэсцкага кадэцкага корпуса, штат і табель, па якім было вызначана ўтрымліваць 400 выхаванцаў. Імя Аляксандра корпус атрымаў у гонар наследніка прастола — будучага імператара Аляксандра ІІ. 30 жніўня 1942 года адбылося ўрачыстае адкрыццё корпуса — сярэдняй ваенна-вучэбнай установы закрытага тыпу для падрыхтоўкі дваранскіх дзяцей да ваеннай службы. Ва ўрачыстасці прыняў удзел архіепіскап Літоўскі і Віленскі Іосіф Сямашка.

 

Размяшчаўся кадэцкі корпус у нядаўна пабудаванай Брэст-Літоўскай крэпасці, у перабудаваных кляштарах бернардзінцаў і бернардзінак. У корпус прымаліся ў асноўным дзеці ваеннаслужачых ва ўзросце 10–12 год, якія вытрымалі ўступныя экзамены. Тут вучыліся дзеці дваран з Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губерній, Беластоцкай вобласці і Царства Польскага. У першы год прынялі 100 чалавек, потым кожны год па столькі ж, пакуль агульная лічба выхаванцаў дасягнула 400. Для абслугоўвання патрэб кадэтаў была прыдадзена служыцельская рота (160 радавых, 10 унтэр-афіцэраў пад камандай афіцэра).

У першае дзесяцігоддзе корпус узначальваў генерал-лейтэнант Аляксандр Пятровiч Гельмерсен. Корпус дзяліўся на 4 роты, у кожнай па 100 чалавек. На чале роты стаялі камандзіры ў званні капітана, ім дапамагалі штабс-капітан і тры паручыкі – камандзіры аддзяленняў. Роты складалі батальён, якім камандаваў палкоўнік, які фактычна быў намеснікам дырэктара корпуса па ваенна-страявой частцы. Праступкі кадэтаў караліся сурова: астаўлялі без абеду, ставілі ў вугал, лішалі ўвальніцельнай альбо сустрэчы з бацькамі, наказвалі розгамі.

Кадэты вывучалі агульнаадукацыйныя прадметы па курсе гімназіі, а таксама авалодвалі навыкамі страявой падрыхтоўкі, верхавой язды, стральбы, фехтавання, гімнастыкі, плавання, музыкі і танцаў. Вучэбныя праграмы былі абшырныя, часам яны былі не па сілах кадэтам. Найбольшая праблема была ў кваліфікаваных кадрах педагогаў, якіх неставала ў горадзе, аддаленым ад навуковых і культурных цэнтраў Расіі. 90 % кадраў корпуса не мела вопыту педагагічнай работы.

Падрыхтоўка навучэнцаў насіла ярка выражаны русіфікатарскі характар. Ад выхаванцаў патрабавалi размаўляць між сабою толькі па-руску, бо рускай мовай не валодала большасць выхадцаў з Літвы і Польшчы. Па заканчэнні вучобы ўсе валодалі літаратурнай рускай мовай. Спачатку многія кадэты на летнія канікулы ездзілі дадому. З 1845 года пасля гадавых экзаменаў кадэтаў вывозілі ў лагер, які быў арганізаваны сярод лесу за 10 вёрст ад крэпасці, у раёне вёскі Скокі.

У 1853 годзе дырэктарам корпуса быў назначаны генерал-маёр Уладзімір Мікалаевіч Назімаў. Ён любіў кадэтаў і імкнуўся ўсё зрабіць для іх правільнага навучання і выхавання. Пры новым дырэктары большай павагай сталі карыстацца настаўнікі гуманныя і адукаваныя, а выкладчыкі, вядомыя салдафонствам, адышлі на другі план.

У царстваванне Мікалая І на першы план выйшла страявая падрыхтоўка. Дзякуючы палкоўніку Фёдару Васільевічу Устругаву кадэты добра валодалі пастраеннямі і іншымі формамі руху. Мікалай І быў задаволены поспехамі навучэнцаў, калі пабываў на страявым аглядзе ў верасні 1853 года. Зводная рота кадэтаў была накіравана ў Варшаву, дзе праходзіла сустрэча трох манархаў: імператараў Расійскай і Аўстра-Венгерскай імперый і караля Прускага. Кадэты паехалі на дыліжансах, гасцілі тыдзень, удзельнічалі ў разводах і каравулах, іх вадзілі па тэатрах і палацах. Цар даў кожнаму па рублю срэбрам і цукеркі.

Летам 1854 года Аляксандраўскі Брэсцкі корпус быў пераведзены ў Маскву ў сувязі з вайной з Турцыяй. У 1857 годзе былі створаны два класы, каб выпускаць афіцэраў, праз два гады адбыўся першы іх выпуск – 50 чалавек. У 1859 годзе корпус у сваёй назве страціў найменне Брэсцкі. У 1860 годзе – пераведзены ў Вільню.

1 чэрвеня 1863 года Аляксандраўскі кадэцкі корпус быў расфарміраваны ў сувязі з рэформай навучальных устаноў, стварэннем ваенных гімназій. Навучэнцы і афіцэры былі адпраўлены ў Санкт-Пецярбург, маёмасць спешна прададзена, рэліквіі (сцяг, абраз Аляксандра Неўскага, Евангелле, памятныя медалі і інш.) перададзены ў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча (пасля 1917 года лёс рэліквій невядомы).

Выпускнікі кадэцкага корпуса паступалі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. У Брэсцкім корпусе вучыліся шмат вядомых асоб: публіцыст-дэмакрат Мікалай Васільевіч Сакалоў, мастак Апалінарый Гіляровіч Гараўскі, генерал-лейтэнант Якаў Фёдаравіч Барабаш, галоўнакамандуючы войскам Парыжскай Камуны Яраслаў Дамброўскі, вучоны-хімік Аляксей Раманавіч Шулячэнка. Многія выхаванцы потым сталі актыўнымі ўдзельнікамі рэвалюцыйнага руху ў Расіі, кіраўнікамі паўстання 1863–1864 гадоў у Беларусі і Польшчы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Бекцінееў, Ш. І. Брэсцкі кадэцкі корпус / Ш. І. Бекцінееў, Н. М. Кірылава // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 295.

  2. Бекцінееў, Ш. І. Брэсцкі кадэцкі корпус / Ш. І. Бекцінееў, Н. М. Кірылава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 101.

  3. Бригадин, П. И. Мятежный корпус : из истории Александровского Брестского кадетского корпуса (1842–1863) / П. И. Бригадин, А. М. Лукашевич. – Минск : ГИУСТ БГУ, 2007. – 182 с. : ил.

  4. Бригадин, П. И. Военная школа в Беларуси, XVIII – первая четверть XIX в. : [в т. ч. Брестский кадетский корпус] / П. И. Бригадин, А. М. Лукашевич. –Минск : БГУ, 2004. – 120 с. : ил., карт. – (Scriptor universitatis). – Из содерж.: Брестский кадетский корпус. С. 81–84.

  5. Дьяков, В. Ярослав Домбровский / Владимир Дьяков. – Москва : Молодая гвардия, 1969. – 240 с. – (Жизнь замечательных людей). – Из содерж.: Брестский кадетский корпус. С. 12–26.

  6. Куль-Сяльвярстава, С. Брэсцкі кадэцкі корпус / С. Куль-Сяльвярстава // Беларускі гістарычны часопіс. 1998. № 3. С. 48–53.

  7. Пенза, В. Н. Брестским кадетам – 175! : [беседа с подполковником запаса, инициатором возрождения кадетского движения в г. Бресте; о кадетском движении, кадетском образовании; в т. ч. история Александровского Брестского кадетского корпуса] / Виктор Николаевич Пенза ; беседовал Олег Гребенников // Заря. 2016. 12 мая. С. 7.

  8. Рубашевский , Ю. «Отец» русского цемента : [биография ученого-химика Алексея Романовича Шуляченко (1841–1903); первое образование получил в Брестском кадетском корпусе] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2015. 10 июня. С. 8.

  9. Глазов, В. Картограф Эдуард Коверский — выпускник Александровского Брестского кадетского корпуса : [(1837–1916); фото] / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2015. 12 ноября (№ 46). С. 22.

  10. Глазов, В. Людвик Млокосевич : вершины ученика Брестского Александровского кадетного корпуса : [(1831–1909); основоположник Лагодехского заповедника в Грузии; фото] / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2014. 11 сентября (№ 37). С. 20.

  11. Глазов, В. Антон Иванович Лакс — преподаватель в Брест-Литовске, издатель, жандарм, губернатор : [(1825–1888)] / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2014. 6 февраля (№ 6). С. 20.

  12. Александров, Н. Тришинское кладбище в Бресте : наиболее значимые захоронения : [похоронен директор кадетского корпуса А. П. Гельмерсен] / Николай Александров // Брестский курьер. 2013. 25 июля (№ 30). С. 21.

  13. Рубашевский, Ю. Парижский генерал брестской выучки : [биография выпускника Брестского кадетского корпуса, одного из руководителей восстания 18631864 гг., участника действий Парижской коммуны, офицера русской армии Ярослава Домбровского (18361871)] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2013. 20 февраля (№ 15). С. 10.

  14. Рубашевский, Ю. От пенсионера до комиссионера : кадет из Бреста помог создать Третьяковскую галерею / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2013. 17 апреля. С. 11.

  15. Рубашевский, Ю. Генерал с добрыми глазами : [биография второго директора Александровского Брестского кадетского корпуса Владимира Николаевича Назимова (1806–1887); об организации учебного процесса в кадетском корпусе] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2013. 16 октября. С. 6.

  16. Крэпак, Б. А. «Адзіным прафесарам маім быў закон прыроды...» : [пра Апалінара Гіляровіча Гараўскага (1833–1900), які вучыўся ў Брэсцкім кадэцкім корпусе] // Вяртанне імёнаў : нарысы пра мастакоў / Барыс Крэпак. Мінск, 2013. Кн. 1. С. 275–282.

  17. Глазов, В. «Цементный человек» Алексей Шуляченко выпускник Александровского Брестского кадетского корпуса : [(1841–1903); ученый-химик] / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2013. 27 июня (№ 26). С. 20.

  18. Даценко, М. Кто вы, генерал Гельмерсен? : [Александр Петрович Гельмерсен (1797–1852), директор кадетского корпуса в Брест-Литовске в 1841–1852 гг.; похоронен на Тришинском кладбище] / Михаил Даценко ; фото В. Короля // Заря. 2008. 22 марта. С. 9.

  19. Шунейка, Я. Зямля і неба Фердынанда Рушчыца : [бацька мастака Эдвард Рушчыц (1830–1910) закончыў Брэсцкі кадэцкі корпус] / Я. Шунейка // Беларускi гiстарычны часопiс. 2007. № 10. С. 29.

  20. Мальцев, В. Такая вот история : [Брестский кадетский корпус, 1842–1856 гг.] / В. Мальцев // Брестский курьер. 2005. 18 августа. С. 22.

  21. Ильин, А. Брестский заговор 1846 года : [о связи кадетов Брестского корпуса с тайной организацией Л. Мерославского] / Александр Ильин // Брэсцкая Брама. 2003. № 3/4. С. 49–52.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1508 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 11:14