Панядзелак, 27 Люты 2017 09:57

23 снежня 2016 г. — 220 гадоў з дня нараджэння Віктара Гельтмана (1796–1874), удзельніка паўстання 1830–1831 гг.

Віктар Гельтман нарадзіўся 23 снежня 1796 года ў вёсцы Вярховічы Брэсцкага павета Слонімскай губерні (цяпер Камянецкі раён Брэсцкай вобласці), дзе яго бацька служыў адміністратарам маёнтка графа Аляксандра Хадкевіча. Граф не толькі фінансава дапамог Віктару скончыць Свіслацкую гімназію (1810–1815), але і ўзяў да сябе на працу бібліятэкарам і захавальнікам мінералагічнага і нумізматычнага кабінетаў.

 

Вучыўся ў Вільні, затым на факультэце права Варшаўскага ўніверсітэта. У 1817 годзе В. Гельтман заснаваў таемнае таварыства сярод варшаўскай моладзі, мэтай якога была барацьба супраць дэспатызму. У 1819 годзе ён уступіў у рэвалюцыйную студэнцкую арганізацыю «Саюз вольных палякаў» і стаў рэдактарам яго друкаванага органа «DekadePolska» («Польская дэкада»), на матэрыялах якога выхоўвалася польская моладзь. Таксама быў адным з ініцыятараў стварэння ў Свіслацкай гімназіі Гродзенскай губерні тайнага грамадства.

У 1823 годзе В. Гельтмана арыштавалі ў Варшаве за рэвалюцыйную дзейнасць і ў пакаранне адправілі служыць радавым у Шарашова ў 1-ю артылерыйскую брыгаду Асобнага Літоўскага корпуса. У 1827 годзе ён даслужыўся да афіцэра і стаў кіраўніком ваеннай школы для непісьменных салдат.

У 1830–1831 гадах В. Гельтман удзельнічаў у паўстанні ў Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Пасля разгрому паўстання эміграваў у Францыю, дзе стаў членам рэвалюцыйнай арганізацыі Польскае Дэмакратычнае Таварыства. У 1834 годзе яго арыштавалі ў Тулузе за кантакты з карбанарыямі. З 1836 года Віктар Гельтман стаў галоўным ідэолагам Дэмакратычнага Таварыства.

Прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Кракаўскага паўстання 1846 года, у рэвалюцыйных падзеях у Галіцыі ў 1848 годзе. У час рэвалюцыі 1848–1849 гадоў у Германіі В. Гельтман быў кіраўніком абароны Дрэздэна, вёў перамовы аб стварэнні там польскага легіёна. У чэрвені 1849 года ён змагаўся ў шэрагах польскага легіёна ў Франкфурце-на-Майне.

Пасля паражэння рэвалюцыі В. Гельтман адышоў ад палітыкі, працаваў чарцёжнікам. Працягваў займацца публіцыстычнай дзейнасцю. Ён аўтар Маніфеста Польскага Дэмакратычнага Таварыства, кнігі «Божае слова для польскага народа» (1846, сумесна з Леонам Зянкевічам), шматлікіх артыкулаў. Віктар Гельтман лічыў неабходным аб’яднаць барацьбу за незалежнасць Польшчы з барацьбой за ліквідацыю феадальна-прыгонніцкіх адносін рэвалюцыйным шляхам.

У 1858 годзе Віктар Гельтман пасяліўся ў Бруселі, дзе 16 жніўня 1874 года памёр.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Гельтман Віктар // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 145.

  2. Гельтман Віктар // Асветнікі зямлі Беларускай : энцыкл. даведнік. Мінск, 2001. С. 116.

  3. Гельтман Віктар // Мысліцелі і асветнікі Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1995. С. 394.

  4. Гельтман (Heltman) Віктар // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 504.

  5. Гельтман Віктар // Удзельнікі паўстання 1830–1831 гг. на Беларусі : біябібліягр. слоўнік / В. В. Гарбачова ; навук. рэд. У. І. Навіцкі. Мінск, 2006. С. 106.

  6. Горбачева, О. В. Восстание 1830–1831 гг. на Беларуси : автореферат диссертации… кандидата исторических наук : 07.00.02 / Горбачева Ольга Васильевна. – Минск, 1995. – 24 с.

  7. Некрашэвіч, П. А. Асобны Літоўскі корпус: стварэнне, дзейнасць, уплыў на грамадска-палітычнае жыццё ў беларускіх губернях (1817–1831 гг.) / Піліп Некрашэвіч // Беларускі гістарычны часопіс. 2015. № 12. С. 23–30.

  8. Ильин, А. Александр Ходкевич и Виктор Гельтман / Александр Ильин // Гістарычная брама. 2001. № 1 (18). С. 28–29.

  9. Мусевіч, Г. Ці толькі Траўгут? : [Гельтман, Мераслаўскі і інш.; Брэсцка-Камянецкія загаворшчыкі (паўстанні 1831, 1846, 1848, 1863 гг.)] / Георгій Мусевіч // Навiны Камянеччыны. 2003. 12 ліпеня.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1547 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Ліпень 2020 15:45