Панядзелак, 27 Люты 2017 10:06

12 снежня 2014 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Яраслава Захаравіча Шырнюка (1914–2011), інжынера-будаўніка аўтамабільных дарог

Яраслаў Захаравіч Шырнюк нарадзіўся 12 снежня 1914 года ў вёсцы Няневічы Турнянскай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Чарнаўчыцкага сельсавета Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Сям’я была ў бежанцах у сувязі з надышоўшым фронтам Першай сусветнай вайны. Вярнуліся яны ў 1919 годзе, вёска была спалена, давялося з нуля аднаўляць гаспадарку.

 

Дзяцінства і маладосць Яраслава Шырнюка прыйшліся на польскі перыяд Заходняй Беларусі. У 1929 годзе ён на выдатна закончыў польскую сямігадовую школу ў Чарнаўчыцах, куды хадзіў за 7 км. Паступіў на дарожна-будаўнічы факультэт Школы тэхнічнай (палітэхнічны тэхнікум) у Брэсце-над-Бугам. У тым жа годзе памёр бацька, ва ўзросце 38 год, і Яраславу давялося шмат дапамагаць па гаспадарцы. Яго будучая жонка Рая (Раіса Андрэеўна Васілюк) вучылася ў рускай гімназіі, таму Яраслаў часта бываў у коле гуманітарыяў з іх канцэртамі, спектаклямі, дэкламацыяй Пушкіна, Фета, Талстога.

Вучыўся на выдатна, у маі 1934 года атрымаў дыплом будаўніка дарог. Уладкавацца на працу праваслаўнаму было няпроста, нарэшце восенню па пратэкцыі Яраслава Шырнюка ўзялі на будаўніцтва маста праз Буг. Потым быў яшчэ адзін мост — трохпралётны цераз Каралеўскі (цяпер Дняпроўска-Бугскі) канал у в. Кужалічын Пінскага павета, будаўніцтва дарогі Кобрын – Пінск. Восенню 1937 года яго прызвалі ў польскае войска, служыў адзін год ў г. Седльцэ. У сакавіку 1939 года яго зноў мабілізавалі, але ў жніўні прыехаў у Брэст для здачы экзаменаў на атэстат сталасці, паспяхова здаў іх, марыў паступіць у ВНУ. Раіса і Яраслаў пажаніліся ў 1939 г., пачалася Другая сусветнай вайна.

22 верасня 1939 года Яраслаў Шырнюк сярод iншых гараджан назіраў за шэсцем германскіх і савецкіх войск. Савецкая ўлада мабілізавала Яраслава Шырнюка на будаўніцтва Сувораўскага маста ў Брэсце, які ўзарвалі яшчэ ў Першую сусветную. У час нямецка-фашысцкай акупацыі быў у Брэсце. З жонкай, якая атрымала спецыяльнасць стаматолага ў Варшаве, адкрылі зубны кабінет. Пасля вызвалення Брэста вярнуўся ў любiмую прафесію, займаўся аднаўленнем дарог і мастоў, эксплуатаваў пуцеправоды, будаваў новыя.

У 1956 годзе закончыў завочнае аддзяленне Харкаўскага аўтадарожнага інстытута, а затым аспірантуру. Тэма кандыдацкай дысертацыі: «Исследование прочности дорожных покрытий в условиях избыточного увлажнения Брестской области». Многія гады быў галоўным інжынерам дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення № 848 (1945–1960) і дарожна-будаўнічага раёна № 15 (1960–1970), намеснікам кіраўніка дарожна-будаўнічага трэста № 4 г. Брэста (1970–1978). ДБТ-4 створаны 20 сакавіка 1970 года, Яраслаў Захаравіч быў адным з тых, хто першымі наладжваў дзейнасць новай арганізацыі. Паралельна ў 1970–1973 гадах выкладаў дысцыпліну «Праектаванне, будаўніцтва і рамонт сельскагаспадарчых дарог» у Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце. У 1978–1987 гадах працаваў майстрам па вытворчаму навучанню вучэбнага пункта ДБТ-4.

Пасля выхаду на пенсію Яраслаў Захаравіч пастаянна цікавіўся дарожным будаўніцтвам, пісаў артыкулы ў газету «Транспортный вестник», удзельнічаў у стварэнні Музея гісторыі дарожнай гаспадаркі пры «Белдарбуд» (адкрыты 21 студзеня 2004 г.). З’явілася яго кніга ўспамінаў «Страницы жизни дорожника» (1997), дзе Яраслаў Захаравіч расказвае пра гісторыю дарожнага будаўніцтва Брэстчыны, пра калег-дарожнікаў. Прэзентацыя кнігі прайшла ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А. С. Пушкіна 24 снежня 1997 года.

Я. З. Шырнюк памёр 30 верасня 2011 года. Пахаваны на гарадскіх могілках «Плоска» (сектар 47).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Ширнюк, Я. З. Страницы жизни дорожника : воспоминания / Ярослав Захарович Ширнюк. – 2-е изд., испр., доп. – Брест : Областная типография, 1997. – 96 с.

  2. Ширнюк, Я. Из истории строительства автодороги Москва – Варшава в районе г. Бреста / Я. Ширнюк, Г. Сушицкий // Транспортный вестник. 2004. 3 апреля. С. 11.

  3. Ширнюк, Я. З. Бездорожье в стране безнравственно! / Я. З. Ширнюк ; интервью провел В. Карпик // Транспортный вестник. 2003. 10 сентября. С. 8.

  4. Ширнюк, Я. Рейки, колышки и нивелир… : [о дорожном строительстве в 1930-е годы] / Я. Ширнюк // Транспортный вестник. 1998. 11 февраля (№ 10). С. 9.

  5. Ширнюк, Я. З. Дорожники Брестчины соревнуются / Я. З. Ширнюк // Автомобильные дороги. 1973. № 7. 3-я с. обл.

  6. Сарычев, В. Ярослав Ширнюк // В поисках утраченного времени / Василий Сарычев. Брест : Брестская типография, 2006. Кн. 1. С. 85–84.

  7. Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Кн. 2 / Василий Сарычев. – Брест : Брестская типография, 2007. – 309 с. – Из содерж.: Раиса и Ярослав Ширнюк вспоминают 22 сентября 1939 г. – С. 97.

  8. Сарычев, В. В конце прошлой недели исполнилось бы сто лет Ярославу Захаровичу Ширнюку/ Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2014. 19 декабря.

  9. Сарычев, В. Памяти Ярослава Ширнюка / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2011. 6 октября.

  10. Благодарим за то, что были рядом… : Письмо в редакцию / Таисия Лагутина и Александра Ширнюк // Транспортный вестник. 2011. 3 ноября (№ 44). С. 5.

  11. 30 сентября ушел из жизни : [Ширнюк Ярослав Захарович : некролог] / Республиканское общественное объединение ветеранов дорожного хозяйства, Коллектив редакции «ТВ» // Транспортный вестник. 2011. 6 октября (№ 40). С. 11.

  12. Сухапар, У. «Сумленне маё чыстае…» : [аб прэзентацыі кнігі Я. З. Шырнюка «Страницы жизни дорожника» ў Брэсцкай ЦГБ імя А. С. Пушкіна] / Уладзімір Сухапар // Книга и мы. Минск, 1998. 16–22 января (№ 2). С. 1.

  13. Сухапар, У. «Сумленне маё чыстае…» : [аб прэзентацыі кнігі Я. З. Шырнюка «Страницы жизни дорожника» ў Брэсцкай ЦГБ імя А. С. Пушкіна] / Уладзімір Сухапар // Народная трыбуна. 1998. 10 студзеня.

  14. Яромчик, В. На «трилинках» шины не шуршат : [о книге Я. З. Ширнюка «Страницы жизни дорожника» ] / В. Яромчик // Транспортный вестник. 1997. 6 августа. С. 10.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1929 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Ліпень 2020 15:28