Панядзелак, 27 Люты 2017 10:28

3 снежня 2016 г. 225 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Лявонавіча Гамаліцкага (1791–1861), беларускага ўрача, гісторыка, літаратара

Міхаіл Лявонавіч Гамаліцкі нарадзіўся 3 снежня 1791 года ў вёсцы Бялавічы Слонімскага павета (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і ўніяцкага святара. Вучыўся ў Жыровіцкай базыльянскай павятовай школе. У 1808–1815 гадах вучыўся на медыцынскім факультэце Віленскага ўніверсітэта.

 

У 1816–1827 гадах М. Л. Гамаліцкі выкладаў тэарэтычную хірургію ў Віленскім універсітэце. З 1816 года быў сакратаром медыцынскага факультэта, з 1819 года – ад’юнктам. З 1815 года – член Віленскага лекарскага таварыства, пазней быў яго сакратаром, рэдактарам яго выданняў. У 1824 годзе стаў прафесарам кафедры фізіялогіі. Шырока праводзіў вопыты на жывёлах, вывучаў пытанні пералівання крыві. У медыцынскіх колах гэта была яркая фігура, але быццам з-за хваробы пакінуў універсітэт, перастаў займацца медыцынай.

М. Л. Гамаліцкі з 1828 года цалкам аддаецца філалогіі і гісторыі. Збіраў даўнія рукапісы, камплектаваў багатую гісторыка-філалагічную бібліятэку. З 1830-х гадоў даследаваў помнікі палеаграфіі. Даследаваў гісторыю Вільні, яе касцёлаў і цэркваў, жыццё святога Казіміра, гісторыю заходніх зямель Беларусі, беларускую філалогію і археалогію, займаўся літаратурнай дзейнасцю. Калі выйшла ў свет «Гісторыя Вільні» Міхаіла Балінскага (Т. 1–3, Вільня, 1836–1837), М. Л. Гамаліцкі змясціў на яе рэцэнзію з істотнымі папраўкамі і дапаўненнямі, якія значна ўзбагацілі змест твора.

Член Віленскай археалагічнай камісіі з 1857 года. Сабраныя матэрыялы паслужылі М. Л. Гамаліцкаму для напісання працы пра жыццё і дзейнасць вялікага князя ВКЛ Вітаўта «FragmentaWitoldowe», якая засталася ненадрукаванай. Апекаваўся маладым даследчыкам літоўскіх і беларускіх старажытнасцей Адамам Кіркорам (1818–1886), дапамагаў яму ў арганізацыі і прымаў удзел у яго археалагічных экспедыцыях, збіранні археалагічных матэрыялаў. Працаваў плённа, шмат яго матэрыялаў асталіся ў рукапісах, якія трапілі пасля ў архіў А. Кіркора.

М. Л. Гамаліцкі памёр 2 лютага 1861 года ў Вільні. Пасля смерці яго бібліятэка паступіла ў Віленскі музей старажытнасцей. Да 200-годдзя з дня нараджэння земляка ў в. Бялавічы паставілі памятны знак – валун з мемарыяльнай дошкай.

Малодшы брат, Іпаліт (Фердзінанд Лявонавіч) Гамаліцкі (1804–1846), стаў уніяцкім святаром, доктарам багаслоўя. Закончыў Галоўную духоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце (1827). З 1828 года быў інспектарам, а з 1836 года выконваў абавязкі рэктара, з 1839 года стаў рэктарам Літоўскай уніяцкай семінарыі ў Жыровічах. Пасля пераводу семінарыі ў Вільню ў снежні 1844 года быў назначаны настаяцелем Віленскага кафедральнага сабора. Узнагароджаны ордэнамі св. Анны ІІІ ступені (1838), св. Уладзіміра ІV ступені (1840), св. Анны ІІ ступені (1843) і інш. адзнакамі.

Другі брат М. Л. Гамаліцкага, Ігнацій, таксама стаў святаром, служыў канонікам (пратаіерэем) у Брэст-Літоўску.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Гомолицкий Михаил Леонтьевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1 : Брестская область, кн. 2. С. 284–285.

  2. Гамаліцкі Міхаіл Лявонавіч // Вялікае княста Літоўскае : энцыклапедыя : у [3] т. Мінск, 2010. Т. 3. С. 152–153.

  3. Гамаліцкі Міхаіл Лявонавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 363.

  4. Гамаліцкі Міхаіл Лявонавіч / Г. А. Каханоўскі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 9.

  5. Гамаліцкі Міхаіл Лявонавіч // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 64.

  6. Гамаліцкі Міхаіл Лявонавіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1995. С. 389.

  7. Гамаліцкі Міхаіл Лявонавіч // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 154.

  8. Грицкевич, В. П. С факелом Гиппократа : из истории белорусской медицины / В. П. Грицкевич ; [науч. ред. Е. Ф. Селиванов]. – Минск : Наука и техника, 1987. – 270 с., [16] л. ил.

  9. Каханоўскі, Г. Адчыніся, таямніца часу : гіст.-літ. нарысы / Генадзь Каханоўскі. – Мінск : Мастацкая літараутра, 1984. – 199 с., [8] л. іл. – Са зместу: М. Гамаліцкі. С. 21–22.

  10. Каханоўскі, Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI–ХІХ стст. / Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі. – Мінск : Навука і тэхніка, 1984. – 120 с.: іл.

  11. Янковский, П. Г. Записки сельского священника / Плакид Гаврилович Янковский ; вступ. ст. В. Киселева. – Минск, 2004. – 376 с. – Из содерж.: Виленский кафедральный протоиерей Ипполит Гомолицкий. Упоминается Михаил Гомолицкий. С. 297–319.

  12. Каханоўскі, Г. Львоўскае рэха : [пра паездку ў г. Львоў, яго старажытнасці] / Генадзь Каханоўскі // Полымя. 1971. № 11. С. 214–225. Са зместу: Міхаіл Гамаліцкі. С. 217–218.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1773 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Ліпень 2020 10:01